Макасіны з XII стагоддзя

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Якія поршні ёсць у Брэсце?
Макасіны — упадабаная мадэль абутку мужчын і жанчын. У залежнасці ад аздаблення, колеру і стылістычнага афармлення, іх можна апранаць на прыём, на пляж, на шпацыр па крамах, на экскурсію па горадзе ці на дзелавую сустрэчу.

/i/content/pi/cult/456/9635/14-1.jpg

Першыя макасіны з’явіліся ў індзейцаў. Першапачаткова матэрыялам для такога абутку служыла скура аленя або бізона, а галоўнай яе мэтай з’яўлялася абарона ног ад холаду, ран, натоптышаў, пухіроў. Незаменнымі макасіны былі і на паляванні, прыглушаючы гук чалавечых крокаў. Існавалі два іх віды: суцэльнакроеныя, у якіх верх і падэшва кроіліся адным палатном з пярэднім і заднім швамі, а таксама тыя, у якіх на падэшве выкарыстоўвалася сырамятная скура, а зверху — замша.

Пра абутак індзейцаў — макасіны, як гэта ні дзіўна, ведаюць усе, а вось пра абутак славян — поршні, якія з’яўляюцца аналагам макасінаў, чулі нямногія. Хаця і па сёння, каб прыспешыць каго-небудзь, мы часта выкарыстоўваем старажытную прыказку “Варушы поршнямі!”.

У пісьмовых крыніцах слова “поршань” упершыню сустракаецца ў Ніканаўскім летапісе пад 1074 годам: “Егда же приспеаше зима і мрази лютый, стояше въ поръшьныхъ въ протоптанных”. Само слова “поршні” перакладаецца са старажытнарускай як “шматок” ці “рыхлы”.

Пад час раскопак на тэрыторыі гарадзішча Бярэсця археолагі выявілі больш за 500 фрагментаў мяккага скуранога, без абцасаў, абутку. Сярод іх былі даволі зручныя ў нашэнні туфлі — поршні.

Шырока распаўсюджанымі поршні рабілі прастата вырабу і зручнасць. Іх насілі галоўным чынам гараджане, бо на драўляных маставых сярэднявечных гарадоў лапці, сплеценыя з лыку, зношваліся вельмі хутка.

Як паказваюць матэрыялы раскопак, поршні першапачаткова ўяўлялі з сябе адзіны кавалак сырамятнай скуры, выразаны па форме ступні, загнуты ўверх і сцягнуты праз прарэзы тонкім скураным раменьчыкам падобна да мяшэчка. Яны нагадвалі своеасаблівае скураное карытца, што паспяхова абараняла нагу ад вільгаці, пылу... Аднак грубыя зморшчыны, якія атрымліваліся пры такім спосабе вырабу поршняў, прыносілі даволі шмат нязручнасцей гаспадару абутку. Яго даводзілася даволі доўга насіць, каб ён прыняў больш-менш зручную для ступні форму. Да таго часу скура ўжо паспявала знасіцца ды працерціся. Пазней самыя грубыя зморшчыны наска і пяткі пачалі выразаць.

Наступны крок на шляху ўдасканалення поршняў — зніжэнне колькасці зморшчын за кошт арыгінальнага крою. Кавалак скуры сталі выразаць не па форме ступні з прыпускамі, а выкройваць прамавугольныя або трапецыяпадобныя нарыхтоўкі, па баках якіх рабіўся шэраг прарэзаў для скуранога раменьчыка. Гэта самы распаўсюджаны тып, названы “простыя поршні”.

Акрамя простых поршняў вядомы так званыя ажурныя поршні. Яны сустракаліся значна радзей, паколькі выконвалі функцыю параднага абутку і вырабляліся ў меншай колькасці. Акрамя таго, ажурныя поршні горш захоўваліся з-за мноства прарэзаў, якія рабілі іх менш зносаўстойлівымі. Некаторыя віды поршняў у шкарпэтцы шнураваліся. Пры гэтым фігурныя прарэзы для шнуркоў адначасова служылі і ўпрыгожаннем.

Майстры-гарбары скуру (конскую, свіную) для поршняў не дубілі, а толькі разміналі і насычалі тлушчам. Яна была вельмі трывалай, толькі хутка намакала пад час дажджу. Для вырабу поршняў выкарыстоўвалі драўляныя калодкі-правілы. Шылі скураны абутак аднолькава на правую і левую ногі, а ўжо потым уладальнік пары абутку разношваў яе, як хацеў.

Памеры поршняў, знойдзеных археолагамі пад час раскопак у Бярэсці, самыя розныя. Абутак мае даўжыню ад 18 да 32 см пры шырыні ад 10 да 17 см. Простыя поршні сустракаюцца ў Бярэсці ў культурным пласце ХII — XIV стст. Ажурныя выяўлены ў пласце XIII — пачатку XIV стагоддзя.

Так, дзякуючы археалагічным пошукам, у музеі “Бярэсце” можна знайсці пацвярджэнне вядомай ісціны, што мода паўтараецца. Калекцыя сярэднявечнага абутку, сярод якой асабліва вылучаюцца поршні — макасіны XIII стагоддзя, — прадстаўлена ў адной з экспазіцыйных залаў.

Святлана ШЧЭРБА, загадчык філіяла “Археалагічны музей “Бярэсце” Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея