Профі старэюць, замены ім няма…

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

Аляксандр ТРОНЬКІН, Міёрскі райвыканкам
На Міёршчыне даўно прыжыліся і паспяхова развіваюцца розныя творчыя праекты, генерыруюць і ажыццяўляюць якія мясцовыя работнікі культуры. Але гаворка гэтым разам закране іншы, не менш важны — праблемны — аспект сённяшняй дзейнасці аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

/i/content/pi/cult/456/9632/12-1.jpg

— Адна з важных праблем галіны, я проста перакананы, у тым, што мы працуем па даўно састарэлым штатным раскладзе. А за дзясяткі гадоў як рэаліі змяніліся! Больш за тое: на гэтую праблему накладваецца яшчэ і кадравая, звязаная з дэмаграфічнай сітуацыяй…

Але спачатку — пра штаты. Я далёка не першы, хто нагадвае пра немагчымасць узяць на працу праграміста. І гэта прытым, што камп’ютарызацыя прыйшла практычна ва ўсе бібліятэкі і ў большасць клубных устаноў. Ужо не кажу пра музеі, музычныя школы ды апарат аддзела. Не можам займець і гукааператара ў РДК. Няма такіх адзінак у сённяшнім раскладзе!

Самыя трывалыя творчыя (і не толькі!) стасункі наладжаны ў нас з Латвіяй, Літвой, Расіяй. Выступаем там з канцэртамі рэгулярна, а спецыяліста па замежных эканамічна-палітычных сувязях, зноў-такі, не маем. Ведаю, такіх рыхтуюць у БДУКіМ, але ж працаўладкаваць па спецыяльнасці мы іх не можам па вышэйназванай прычыне… І падобныя прыклады, так бы мовіць, кадравай недасканаласці можна доўжыць.

Кадравая праблема асабліва адчувальная на сяле. Многія нашы спецыялісты перадпенсійнага ўзросту не маюць замены. Бягучы год — першы з дзесяці апошніх — характэрны тым, што ў нас няма ніводнага мэтавіка, які паступіў бы па накіраванні ў ССНУ ці ВНУ. Можна назваць гэта і нашай недапрацоўкай, але ёсць на тое і аб’ектыўныя прычыны. Ды, проста, іншым разам няма ўжо каго накіроўваць. А той, хто застаўся і мае здольнасці да творчай працы, не хоча прысвячаць жыццё культуры, бо бачыць, як напружана працуюць нашы спецыялісты і колькі яны зарабляюць штомесяц.

Па гэтай прычыне ў нас на сёння — чатыры вакансіі. Але праз год-два-тры іх колькасць значна павялічыцца. А маладыя спецыялісты, якія прыязджаюць у раён па размеркаванні, адпрацоўваюць на сяле два гады, назапашваюць практычны досвед — і сыходзяць на працу ў абсалютна іншыя сферы…

Яшчэ нядаўна неблагім кадравым задзелам заставаліся тыя, хто нарадзіўся на Міёршчыне, мае тут бацькоў і жыллё. Зараз гэты задзел практычна цалкам вычарпаны.

Пасля ўтварэння аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі начальнікам даводзіцца займацца невядомым раней клопатам. Маю на ўвазе ўласна ідэалагічную дзейнасць, работу ў працоўных калектывах, падпіску, выбарчыя кампаніі, маладзёжную палітыку. Унікаю і імкнуся адпавядаць ускладзенай адказнасці. Лічу, што пашанцавала, бо я пяць гадоў кіраваў аддзелам культуры і ведаю яго шматлікія клопаты ды праблемы. Маім сённяшнім калегам, якія прыйшлі на аддзелы з ідэалагічнай работы, значна цяжэй.

Пытанне з паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы не лічу праблемным. Працавалі ў гэтым кірунку, працуем і будзем працаваць, тым больш, што Міёрам у 2014-м спаўняецца 500 гадоў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"