У Вяляцічах перанеслі свячу

№ 48 (1122) 30.11.2013 - 06.12.2013 г

21 лістапада, на дзень святога Міхайлы, у вёсцы Вяляцічы Барысаўскага раёна прайшоў абрад пераносу Свячы. Гэты дзень вяскоўцы называюць “сьвятам бажэсьцьвенным”, таму на яго з’язджаюцца ці не ўсе родзічы.

/i/content/pi/cult/456/9629/11-3.JPG

Асноўная абрадная дзея — перанос Міхайлаўскай свячы з хаты ў хату. “Свяча” — гэта комплекс рытуальных прадметаў, што складаецца са свечкі, абраза святога Міхаіла і ручніка, якім накрыты абраз. У апошнія гады да абраднага комплексу дадаўся вялікі драўляны крыж.

Свяча захоўваецца ў адной хаце цягам года, потым яе пераносяць у наступную. Фактычна яна “ходзіць” сёння паміж сямі хат найстарэйшых жыхароў вясковай вуліцы Цэнтральнай. З 2010-га гаспадыня, якая выпраўляе Свячу, загадзя купляе ў царкве тры свечкі. (Даўней іх рабілі самі ўвечары 20 лістапада.) Адна са свечак застаецца ў царкве, другая — у гаспадыні, што выпраўляе Свячу, і трэцяя — у той, якая прымае…

21 лістапада свята распачалося ранішнім набажэнствам у гонар святога Міхайлы. Потым бацюшка Іаан у хаце Ніны Кузмінічны Коба, якая сёлета выпраўляла Свячу, адслужыў малебен. Пасля быў святочны абед з традыцыйнымі абрадавымі стравамі: юшкай, крупеняй і кашай. Сэнсам застолля з’яўляюцца праводзіны Свячы, яе як бы хаваюць, што пацвярджаецца аднолькавасцю абрадавых страў на провады свячы і на Дзяды, памінкі.

Рэгіна Савельеўна Жукоўская, што прымае Свячу, прыспешвае, каб неслі яе хутчэй, сама раней за ўсіх збіраецца дадому: “Свячу сустракаць”. А Ніна Кузмінічна Коба хоча, каб Свяча ў яе пастаяла як мага даўжэй.

Абраз святога Міхаіла пераносіць абавязкова мужчына (гэта можа быць сам гаспадар хаты, ягоны сын ці ўнук), а гаспадыня нясе на падносе, накрытым ручніком, свечку ў слоіку з жытам, бохан хлеба і пляшку гарэлкі. Рэгіна Савельеўна чакае працэсію з тым жа наборам, што і Ніна Кузмінічна.

На двары, дзе прымаюць Свячу, сцеляць дыван. Даўней прастору паміж ганкам і брамай засцілалі даматканым палатном, абавязкова нярэзаным (сцялілі цэлы сувой, які захоўваўся пасля вытыкання). Прыняць абраз павінен мужчына. Калі гаспадар хаты памёр, за яго гэта робіць сын ці ўнук.

Ніна Кузмінічна і Рэгіна Савельеўна мяняюцца хлебам. “Памінальных” абрадных страў на стол ужо не выстаўляюць. Даследчык свячных рытуалаў Гомельшчыны Генадзь Лапацін выказвае думку, што провады Свячы структуруюцца як пахавальны абрад, а перанос і прыняцце ў новай хаце — як вясельны. І сапраўды, для Рэгіны Савельеўны свяча ў хаце — гэта вялікая радасць.

А Ніна Кузмінічна расказвае, што чула ад сваёй маці ды іншых старэйшых людзей, быццам да Другой сусветнай вайны на Вяляціцкіх могілках стаяла царква, якую называлі “Манастырок”. З яе дванаццаць абразоў раздалі па дванаццаці пасёлках, на якія ўмоўна падзяляецца вёска Вяляцічы. Царкву, нібыта, разбурылі камуністы. Пасля вайны з дванаццаці свеч у Вяляцічах засталося толькі дзве: Міхайлаўская і Юр’еўская. Юр’еўская свяча не пераносіцца з 1991 года.

Пад час вайны цягам чатырох гадоў Міхайлаўскую свячу не пераносілі — яна захоўвалася ў адной хаце. Пасля ж традыцыя не перарывалася, адно пераносілі ў прыцемках, бо савецкая ўлада ставілася да народных абрадаў у лепшым выпадку нейтральна. Пасля перабудовы абрад пераносу Свячы зноў сталі праводзіць удзень, як гэта было даўней.

У апошнія гады Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці і Барысаўскі раённы цэнтр традыцыйнай культуры вядуць падрыхтоўку дакументаў для надання абраду статуса элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.

Алена ЛЯШКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці

Фота аўтара