GBOB з гарохам? Пакуль — з рызыкай…

№ 47 (1121) 23.11.2013 - 29.11.2013 г

Кансістэнцыя рок-музыкі па-за Мінскам
На міжнародным конкурсе “The Global Battle of the Bands” (GBOB), які пройдзе ў студзені ў горадзе Чыангмай (Тайланд), нашу краіну будзе прадстаўляць мінскі англамоўны гурт “Inomarki”. Сам фестываль, заточаны пад музыку па большай частцы альтэрнатыўную (ніякай эстрады, што вы!), вядзе адлік з 1979 года і вандруе з дзяржавы ў дзяржаву, незалежна ад таго, прадстаўнік якой краіны перамог на папярэднім форуме. Пераможцы належыць у якасці ўзнагароды тытул “Лепшая сусветная новая група”, залатая статуэтка ды 100 000 долараў на запіс песень у прэстыжнай студыі, планетарны тур і дробныя выдаткі.

Айчынныя артысты паспрабуюць сваё шчасце на фэсце ў трэці раз. Першапраходцам у 2007-м быў сталічны “Svet Boogie Band”, які выконваў аўтарскі блюзавы мэйнстрым і набыў павагу з боку арганізатараў, але пры гэтым... не трапіў у фармат мерапрыемства (так-так, аказваецца, такое паняцце існуе і на “іхнім Захадзе”!), што праводзілася тады ў Лондане. Наступным годам у той жа сталіцы Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі адважыўся пастаяць за Сінявокую мінскі дуэт з акардэаніста і барабаншчыка “Gurzuf”. Тандэм нават прайшоў у другі тур “спаборніцтва”, але выйгрышных грошай, на жаль, так і не ўварваў. Затым праваўладальнікі брэнда на тэрыторыі Беларусі ўзялі тайм-аўт, каб у 2013-м ужо іншыя арганізатары адборачных тураў увязаліся ў “бойку”. Улетку апошнія і адбыліся, а ў мінулым месяцы ў фінале, што прайшоў у Мінску, вызначыўся той, хто паедзе ў Тайланд, — уласна, “Inomarki”, якія граюць даволі цяжкі поп-рок ды асучасненыя стылізацыі пад “залатое стагоддзе” рок-н-ролу: канец 60-х — пачатак-сярэдзіну 70-х.

Наконт “іншамарак” адразу ж пасля аб’явы групы пераможцай разгарэліся хай і не на жарт, але жарсці. Непрыхільнікі калектыву і асабліва падкаваныя журналісты абураліся, што ад Беларусі на конкурсе выступіць каманда, якая спецыялізуецца на кавер-версіях вядомых песень. Маўляў, у ансамблі, што спрактыкаваўся на выкананні чужога, выкарыстоўвае ў ігры прыёмы ды знаходкі іншых, нічога свайго быць не можа апрыёры. Але крытыкі забыліся на тое, што, пачынаючы сапраўды як кавер-бэнд, гурт затым стаў уключаць у праграмы і ўласныя творы, а на GBOB якраз павінны гучаць кампазіцыі выключна, што называецца, родныя, якія належаць самім музыкантам або напісаны для іх. Ды і на адборачных батлах “Inomarki” (як і іншыя прэтэндэнты) гралі сваё. Смешнае ж ва ўсім гэтым вось у чым: адышоўшы ад эйфарыі, удзельнікі каманды ўпалі ў лёгкую паніку, “тэрарызуючы” некаторых членаў мінскага журы пытаннем, наколькі яны могуць быць добрыя як... кавер-бэнд на не... кавер-фестывалі!..

Асноўную канкурэнцыю “іншамаркам” у фінале склалі сталічныя гурты “Bloodlust” (дэт-метал), “Fake lab” (панк), шыкоўная, стадыённая “North Aurora” з Гомеля і не менш шыкоўны магілёўскі састаў “Nizkiz”. Скажу па сакрэце, маючы непасрэднае дачыненне да журы, менавіта гэтую каманду яно і адправіла б у Чыангмай, калі яна выконвала б свае хіты на англійскай мове. А з рускай, на якой спявае ансамбль, канкурыраваць з сапернікамі на фэсце будзе немагчыма: такія рэаліі. Урэшце, на несталічных камандах мне і хацелася б спыніцца крыху падрабязней.

З боку іх калег-мінчан, нават толькі пачынаючых працоўны шлях у клубах сярэдняй рукі, у адносінах да каманд, якія ўтварыліся за кальцавой, па-ранейшаму назіраецца паблажлівасць, што старанна прыхоўваецца. Маўляў, сапраўдны музон граецца толькі ў Мінску, а ўсё, што нарадзілася не ў ім, — перыферыйная перыферыя. Выключэнні здараюцца, але іх можна пералічыць па пальцах. Так “браты па зброі”, быццам з задавальненнем пры сустрэчы ляскаюць адно аднаго па спінах, але ў мінчан удар — абыякавы і больш далікатны, клопат яны праяўляюць — не "прыбіць" бы рокераў раённых ды астатніх абласных канчаткова. І як бы ні ўспыхвала каметай гомельская “ТТ-34”, як бы ні працягвала рваць струны брэсцкая, перадпенсійная ўжо, “Дай дарогу!”, сапраўднае рок-мастацтва расце менавіта ў горадзе будучага Чэмпіянату свету па хакеі, думаюць гараджане “ў тэме”.

Дык вось. Усяго ў адборачных турах узялі ўдзел 30 гуртоў. Акрамя ўжо названых мной фіналістаў-немінчан, іншыя рэгіёны краіны прадстаўлялі “Lifebit” (Гродна), “PS” (Лагойск), “Сны ОпоСсума” (Віцебск), “Freelite” (Наваполацк), “Evil Fish” (Бабруйск) і “TweeD” (Ліда). Дзве апошнія брыгады гналі брутальшчыну і працяглага смаку па сабе не пакінулі. (Наогул, усе калектывы, якія гралі ў адборы цяжка і яшчэ цяжэй, не беручы ў разлік жахліва архаічных, але такіх шчырых ды мілых у сваёй любові да абранага кірунку “Bloodlust”, асаблівага ўражання не зрабілі.) Як і “PS” з “Freelite”, якія выконвалі рознай кансістэнцыі рок. А “Lifebit” прадставіў разумны мікс з электроншчыны ды гітарнага року, і, мушу вас запэўніць, у Мінску нешта падобна якаснае граюць каманды тры. “Сны ОпоСсума” ўразілі мінімалістычна тэатралізаванымі сюррэалістычнымі песеннымі нумарамі. І выступаючы ў Мінску рэгулярна, яны цалкам маглі б адціснуць пяткі мясцовым фрык-суполкам.

Ну і яшчэ абзац пра “Nizkiz” ды “North Aurora”. Першыя развеялі міф пра тое, што ў Магілёве ўсе пагалоўна загразлі ў “рускім року”. Калі перакласці рускія тэксты групы на англійскую мову і праспяваць іх у легкатраўным выглядзе, дык на разагрэў якой-небудзь заезджай у Беларусь імпартнай лакальнай рок-зорцы ансамбль спатрэбіўся б дакладна. “North Aurora” і ўвогуле ў дадзены момант ужо гатова да выступлення на еўрапейскім open-фестывалі больш-менш прымальнага ўзроўню: разварушваюць публіку музыканты на “раз-два-тры”!

Увогуле, чуткі аб гегемоніі Мінска ў галіне альтэрнатыўнай музыкі перабольшаны. Праедзьцеся па краіне і пераканайцеся ў гэтым самі. Ці запрасіце на гастролі ў сталіцу хаця б каго-небудзь з тых артыстаў, пра якіх напісана вышэй. І такія арганізатары канцэртаў знаходзяцца. Хочацца, каб іх было больш — саміх выступленняў і тых, хто забяспечваў бы правядзенне мерапрыемстваў. Рызыкаваў, па вялікім рахунку…

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"