КУЧЫНСКІ Эдуард Віктаравіч

№ 40 (1114) 05.10.2013 - 11.10.2013 г

25 верасня 2013 г. пайшоў з жыцця заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, прафесар, адзін з самых вопытных педагогаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, які зрабіў значны ўнёсак у развіццё беларускай скрыпічнай школы, КУЧЫНСКІ Эдуард Віктаравіч.

Валодаючы высокім педагагічным майстэрствам, Кучынскі Э.В. падрыхтаваў плеяду яркіх музыкантаў-выканаўцаў. Выпускнікі яго класа паспяхова працуюць у самых вядомых аркестравых калектывах у нашай краіне і за мяжой. Валодаючы арыгінальнай методыкай навучання, заснаванай на лепшых прынцыпах савецкай скрыпічнай школы і ўзбагачанай уласным педагагічным вопытам, Кучынскі Э.В. праводзіў вялікую працу па прапагандзе дасягненняў музычнага мастацтва Беларусі як у нашай краіне, так і за мяжой. Разам са сваімі выхаванцамі ён прымаў удзел у розных конкурсах і фестывалях, праводзіў майстар-класы і адкрытыя ўрокі, выступаў з дакладамі, арганізоўваў канцэрты. Неаднаразова прымаў удзел у працы журы міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў выканаўцаў. Цягам многіх гадоў з’яўляўся членам экспертна-мастацкай камісіі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Больш за 50 разоў яго выхаванцы ўдастойваліся самых высокіх узнагарод на прэстыжных міжнародных конкурсах.

Сваёй высокапрафесійнай дзейнасцю Кучынскі Э.В. актыўна садзейнічаў плённаму развіццю мастацкай адукацыі і мастацтва Рэспублікі Беларусь.

Творчыя дасягненні Кучынскага Э.В. неаднаразова адзначаліся высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, яму прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь”.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, калектывы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі глыбока смуткуюць у сувязі са смерцю Кучынскага Э.В. і выказваюць спачуванні яго родным і блізкім.

Светлая памяць аб Эдуардзе Віктаравічы Кучынскім назаўсёды захаваецца ў сэрцах яго родных, блізкіх, вучняў і калег.