Жывапіс звернуты не да гледача, а да самога сябе, свайго ўнутранага “Я”; гэта жывы след штодзённых разважанняў з пэндзлем…
У кожнага творцы ёсць тэмы, звяртаючыся да якіх ён з найбольшай адкрытасцю ды яснасцю выказвае сваё стаўленне да свету, свае філасофскія і эстэтычныя погляды. Вячаслава Захарынскага можна назваць “шматслоўным”: любая тэма распрацоўваецца ў дзясятках варыянтаў, таму з’явіліся цэлыя жывапісныя цыклы.
Можа падацца, што ў іх няма нічога агульнага: настолькі непадобныя яны. Спачатку з’явіліся палотны, дзе смелая фантазія аўтара пранікае ў душу чалавека. Цыклы “Пацукі”, “Фарысеі”, “Грэшнікі” і “Святыя” імкнуцца да разважання і даюць уяўленне пра “чорнае” і “белае”, пра тое, што яно нікуды не знікае і жыве побач з намі, — значная рыса светаўспрымання мастака. Гэта адчуванне, пабудаванае на падсвядомасці, але не надуманае, гэта — спосаб існавання ў мастацтве.
Пазней нарадзіліся іншыя цыклы. Некаторае падабенства з рэстаўрацыйнымі працэсамі раскрыцця жывапісных пластоў можна ўбачыць у серыі “Времён связующая нить…”. Задачы прадвызначаюць і кампазіцыйную пабудову, дынамічную, беглую, што пагарджае дэталямі (цыкл “Лэдзі”). Партрэтны жывапіс у большасці выпадкаў — гэта зборны вобраз. Мастак свабодна ўзаемадзейнічае з мадэллю, зыходзячы з уласнага ідэалу (“Незнаёмая знаёмая”, “Эвелін Обэйт, народжаная прыгажосцю”).
√
Вячаслава Захарынскага ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, дзе ён шмат выстаўляўся. З 1993 па 1996 год мастак з’яўляўся візітарным прафесарам Еўрапейскай Акадэміі мастацтваў у Варшаве (Польшча) і яе афіцыйным прадстаўніком у Беларусі. У 2012-м быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.
Работы розных гадоў аб’ядноўваюць рысы, абумоўленыя ўласцівасцямі натуры аўтара. Тэмперамент і індывідуалістычныя асаблівасці мастака, уменне мысліць філасофскімі катэгорыямі даюць магчымасць пераасэнсоўваць ды сінтэзаваць у сваёй творчасці розныя стылі і традыцыі. Творчасць Захарынскага знаходзіцца ў працэсе развіцця і дае ўяўленне пра некаторыя канцэпцыі ў беларускім жывапісе на мяжы ХХ — ХХI
стагоддзяў.
Марына МАЛЬГІНА, загадчык аддзела выставачнай дзейнасці і рэкламы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь