У рамках VIII Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета Ганаровай граматай Савета Міністраў за плённую творчую і культурную дзейнасць, значны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры Беларусі быў адзначаны сустаршыня Рэспубліканскага аргкамітэта, мастацкі кіраўнік фестывалю, лаўрэат міжнародных конкурсаў Расціслаў Крымер, які ў другім аддзяленні канцэрта саліраваў разам з Ксеніяй Башмет.
Юрый Башмет трапіў на сцэну літаральна з аэрапорта — і адразу паўстаў перад слухачамі ў дзвюх сваіх іпастасях: спачатку — легендарнага альтыста, потым — дырыжора Камернага ансамбля “Салісты Масквы”. Менавіта ў такім парадку былі размеркаваны яго “ролі” ў прысвечаным яму Адажыа “Настальгія” грузінскага кампазітара Э.Лалашвілі. “Разыначкай” канцэрта стала літаратурна-музычная кампазіцыя, дзе чытанне Канстанцінам Хабенскім паэмы У.Маякоўскага “Воблака ў штанах” чаргавалася з пералажэннямі фартэпіянных мініяцюр С.Пракоф’ева.
√
Фестываль, напоўнены адметнымі канцэртамі, шматлікімі майстар-класамі і аздоблены выстаўкай лепшых карцін сучасных беларускіх мастакоў, працягнецца да 12 кастрычніка. А заўтра на ім — сусветная прэм’ера твора “Архітэктон” беларускага кампазітара Валерыя Воранава, які апошнім часам “вандруе” паміж Беларуссю і Германіяй. Найскладаную партытуру прадставяць публіцы нашы выканаўцы, у тым ліку Маладзёжны сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, за дырыжорскім пультам якога ў гэты вечар будзе Алпаслан Эрцюнгеалп (Турцыя) — асістэнт самога Клаўдзіа Абада.
— Ідэя гэтага твора, — распавёў “К” у час рэпетыцыі Валерый Воранаў, — выспявала паступова. Некалькі гадоў таму я натхніўся майстэрствам салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі Таццяны Котавай і Валерыя Баравікова ды напісаў для фестывалю фартэпіянных дуэтаў, які яны ладзяць, ансамблевы твор. Але тое супрацоўніцтва хацелася прадоўжыць, і я стаў думаць над нейкім новым творам, дзе можна было б з’яднаць чатырох піяністаў. Паралельна гэтаму, была ў мяне калісьці ідэя, ініцыяваная адным вядомым беларускім пісьменнікам: напісаць оперу пра Казіміра Малевіча і, шырэй, Віцебск 1920-х, калі тут нараджалася новае мастацтва, названае супрэматызмам і архітэктонамі. І калі на пачатку года да мяне звярнуўся Расціслаў Крымер з прапановай напісаць штосьці для Фестывалю Юрыя Башмета, абедзве колішнія задумкі натуральна з’ядналіся разам. Ну а верш “Звярынец”, напісаны Велімірам Хлебнікавым у 1911-м як прадчуванне будучых войнаў і катастроф чалавецтва, я ўпершыню прачытаў яшчэ ў 1986-м, калі мне было шаснаццаць, і з таго часу ён мяне, што называецца, не адпускаў. Твор паводле яго спачатку хацеў назваць Канцэртам для харызмы з аркестрам, бо адразу вырашыў, што ў якасці чытальніка павінен выступіць вядомы беларускі рокер Міхей Насарогаў. Але назва “Архітэктон”, быццам бы не звязаная з вершам, невыпадкова адсылае слухача да мастацкіх ідэй Малевіча, бо яны знайшлі ўвасабленне ў маёй музыцы…
Фота Сяргея ЖДАНОВІЧА
Каментарыі: