АРЛЕН КАШКУРЭВІЧ: ПРАЙШОЎ ПРАЗ ВЕРНАСЦЬ

№ 35 (1109) 31.08.2013 - 07.09.2013 г

"У мастацтве нельга расказаць усё словамі… У мастацтве павінна прысутнічаць тайна… Зорнае неба, сусвет, космас — заўсёды тайна. А тайну хочацца разгадаць…" Арлен КАШКУРЭВІЧ (1929 — 2013)

Смерці не будзе…

/i/content/pi/cult/443/9231/6-7.jpeg

Фота Юрыя ІВАНОВА. 2008 г.

Я невыпадкова назваў так сваё развітальнае слова пра мастака, імя якога ўжо даўно ўвайшло ў класіку сучаснага выяўленчага мастацтва. У Арлена КАШКУРЭВІЧА, сапраўды, смерці не будзе, бо ён пакінуў найяскравейшы след у нацыянальнай культуры Беларусі, а тым самым у еўрапейскай культурнай прасторы. Ён быў маім суседам: тут, на Сурганава, 42, мы побач пражылі шмат гадоў. І шмат гутарылі ды дыскутавалі пра жыццё і мастацтва, пра што я неаднойчы пісаў у СМІ…

/i/content/pi/cult/443/9231/1-1.jpeg

Ілюстрацыя да аповесці

"Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча.

Я сустракаўся з ім амаль кожны дзень і проста, калі мастак на ліфце з пятага паверха падымаўся на дзявяты — у сваю майстэрню, свой другі “дом”, і назад. І ў гэтай майстэрні ён тварыў цуд: тут нараджаліся яскравыя выяўленчыя вобразы герояў Купалы, Караткевіча, Быкава, Адамовіча, Гусоўскага, Гётэ і Новага Запавету; тут з’явіліся графічныя карціны-серыі “Евангелле паводле Лукі” і “Апакаліпсіс”, “Асветнікі святыя зямлі Беларускай” і “Найвышэйшая песня Саламонава”, напоўненыя пранізлівай асобаснай філасофіяй, уласным поглядам на складаны свет і чалавека ў ім. А яшчэ раней — “Купаліяна”, “Майстры”, “Партызаны”, “Блакада”, “Спрадвечнае”…

Ён быў бязмерна таленавітым творцам, пасіянарнай асобай, інтэлігентам у самым высокім сэнсе слова, рыцарам прафесіі, якой служыў бескарысліва і радасна, мастаком, побач з якім мы станавіліся разумнейшымі, больш добрымі, лепшымі. Дзякаваць богу, што ён быў, ёсць і — будзе!..

"Свеча горела на столе, / Свеча сгорела..." Свечка згарэла 26 жніўня… Але яркае святло ад яе — засталося. Святло душы мастака. Святло чалавека, які будзе заўсёды прыцягваць нас сваёй душэўнай цеплынёй, мудрасцю і чалавечай спагадлівасцю…

Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс КРЭПАК


***
/i/content/pi/cult/443/9231/6-1.jpeg
"Слухаючы Баха".

— Твой малюнак тушшу “Збіральнік зорак”… Хто гэты босы дзівак з покрывам у руках, які ўглядаецца ў зорнае неба?

— У мастацтве нельга расказаць усё словамі… У мастацтве павінна прысутнічаць тайна… Ну, што да майго “дзівака”, дык ён імкнецца адшукаць ісціну, адкрыць нешта незвычайнае, неспасцігнутае. Бо зорнае неба, сусвет, космас — заўсёды тайна. А тайну хочацца разгадаць…

— Як узнікла задума ілюстраваць, дакладней, інтэрпрэтаваць Новы Запавет? Гэта была замова, або ты сам падспудна ўвайшоў у кола адвечных агульначалавечых праблем?

/i/content/pi/cult/443/9231/6-3.jpeg

"Радаўніца".

— Ілюстраванне Евангелля — гэта мой “унутраны” заказ. Я да яго даўно рыхтаваўся. Але, безумоўна, тут адыграла ролю маё сяброўства з Мітрапалітам Антоніем, папярэднікам Уладыкі Філарэта, з якім мяне пазнаёміў Уладзімір Караткевіч. Антоній быў цікавым чалавекам, мецэнатам, эстэтам, які глыбока разумеў і любіў мастацтва. Памятаю ў яго хатняй царкве ля абразоў стаялі дзівосныя ружы… Менавіта ён першым падарыў мне Біблію, якую я захоўваю як каштоўную рэліквію…

/i/content/pi/cult/443/9231/6-2.jpeg

"Легенда".

— Той Чалавек у ліфце, нібыта ў камеры-адзіночцы… Вельмі яскравы вобраз. Мне яшчэ запаў у душу твой ліст “Легенда” — дыялог старой і гругана… Як ён нарадзіўся?

— Мне цяжка адказаць на гэтае пытанне: задума ўзнікла дзіўным чынам, нібы нечакана, сама па сабе, без бачнага штуршка або пэўнай матывацыі. Так, гэта сапраўды дыялог. Пра вечнасць. Я наогул люблю маляваць старых жанчын: на іх ёсць асаблівы адбітак лёсу. І ўпершыню я гэты вобраз увасобіў у даўнім аркушы пра партызанскіх маці, якія заскарузлымі пальцамі набіваюць патронамі аўтаматныя дыскі і кулямётныя стужкі. З таго часу шмат рысаваў з натуры пажылых кабет… А груган у “Легендзе” сімвалізуе мудрасць і вечнасць.

— Як ставішся да сённяшняй беларускай графікі?

— Вось трапіў сёлета на прагляд дыпломных работ у Акадэміі мастацтваў. І ведаеш, што ўразіла? Рамяство ў маладых высокае, а мысліць яны не ўмеюць… Гэта значыць, што для іх перш-наперш — форма, пластычныя задачы. І — вельмі шмат кан’юнктуры. Хлопцы адораныя, але арыентаваныя нібы на заходняга гледача. Для іх мастацтва — больш гульня. А для мяне — місія…

/i/content/pi/cult/443/9231/6-4.jpeg

"Узнясенне Фаўста".

— Што цябе сёння найбольш хвалюе ў нашай выяўленчай культуры?

— Усяго не пералічыць. Але найбольш — заняпад беларускай кніжнай графікі, якая калісьці была ў авангардзе лепшых узораў савецкага кніжнага афармлення. Гэта нават не праблема, а трагедыя нацыянальнага кніжнага мастацтва. А мастацтва не можа існаваць без падтрымкі дзяржавы. Але дзяржава пакуль маўчыць…

(З інтэрв'ю Барысу Крэпаку для газеты "Культура" ў 1999 годзе.)


***

— Арлен Міхайлавіч, ні для каго не сакрэт, што вы — мастак-філосаф, якому вельмі блізкія пытанні чалавечага быцця, вы ў сваёй творчасці ставіце экзістэнцыяльныя пытанні. Як вам пачувалася ў ролі мастака-ілюстратара “Найвышэйшай песні” — як вы самі адзначылі, самай палымянай з кніг Старога Запавету?

/i/content/pi/cult/443/9231/6-5.jpeg

З серыі "Concerto grosso".

— Вы маеце рацыю. Мне блізкае выслоўе Мікалая Забалоцкага: “Мастацтва — гэта не ўрач, а боль”. Мне не цікава працаваць над такімі рэчамі, якія цешаць вока, упрыгожваючы інтэр’ер, хоць я і не адмаўляю такога мастацтва. Так склалася, што ў мяне іншыя погляды: цікава ставіць складаныя задачы як у кніжнай ілюстрацыі, так і ў станковай графіцы. Але часам з’яўляецца штосьці такое. Вось “Найвышэйшая песня” і сталася такой нечаканай аддушынай. Трэба калісьці і адпачываць ад складаных пытанняў.

— Наколькі важнай была для вас праца над гэтай кнігай?

— Разумееце, пытанне не такое простае. З аднаго боку, мне было вельмі радасна зноў узяцца менавіта за гэтую паэму, з іншага ж — узяцца проста за кніжную ілюстрацыю, адчуць радасць творчасці ў афармленні кнігі. Я ўжо неаднойчы казаў пра тое, што кніжная ілюстрацыя знаходзіцца ў крызісе. Мы бачым на паліцах крамаў тоны танных кніжак у тонкіх, як кажуць зараз, глянцавых вокладках. Усё: на гэтым вычэрпваецца ўся ілюстрацыя. Даўно ўжо не ілюструюцца творы класічнай літаратуры. Дзякаваць богу, сярод выданняў для дзяцей можна знайсці цудоўныя.

Але цэлы пласт кніжнай выяўленчай культуры сыходзіць — даўно нельга знайсці зборнік вершаў з паэтычнымі малюнкамі. Апошняя кніга, якая мяне парадавала, памятаю, была “Слова аб палку Ігаравым”, праілюстраваная Паўлам Татарнікавым.

— Але беларускія выдавецтвы выдаюць зусім неблагія кнігі...

/i/content/pi/cult/443/9231/6-6.jpeg

"Восеньская песня Анёла".

— Разумееце, гаворка тут ідзе не зусім пра якасць кніжнай прадукцыі — яна зараз на высокім тэхналагічным узроўні. Я кажу менавіта пра кніжную ілюстрацыю, якая паступова сыходзіць у нябыт. А ў мностве кніг з глянцавымі вокладкамі душы няма. Няма аўры кнігі, калі дакранаешся да яе старонак — і сэрца замірае... Магчыма, гэта мая думка, але стаўленне да кнігі для мяне — вельмі асабістая рэч. Для мяне кніга — частка маёй экзістэнцыі. Памятаю, у дзяцінстве я не мог заснуць без кніжкі, не паглядзеўшы перад сном яе карцінак. Пад час вайны, калі нават было няма чаго есці, абмяняў стакан проса на кніжку Аляксандра Дзюма... Справа ў тым, што для мяне важны не толькі змест кнігі, але і прыгажосць, тое, як яна зроблена, якія ў ёй ілюстрацыі. І мне зараз становіцца вельмі сумна ад таго, што не знаходжу, не бачу дасканалых і сапраўдных кніг.

— Мо прыкмета часу — людзям патрэбна інфармацыя, астатняе застаецца “за бортам”?

— Я ведаю, што ў Вялікабрытаніі, Германіі кнігі ўжо даўно не ілюструюцца. Мо кніжная ілюстрацыя яшчэ жывая ў Чэхіі. Мы паступова таксама набліжаемся да цудоўна выдадзеных, але “глухіх” кніжак. Прыкмета часу, кажаце... Ведаеце, прагрэс — гэта, з іншага боку, і рэгрэс: побач з інфармацыйнымі тэхналогіямі штосьці няўмольна памірае, не толькі кніжная ілюстрацыя. Ды і мы самі, набываючы ўсё больш “наварочаныя” сродкі сувязі, становімся ўсё больш і больш адзінокімі. Хоць і не ведаю: магчыма, самі і прагнем адзіноцтва?..

(З інтэрв'ю Дар'і Амяльковіч для газеты "Культура" ў 2008 годзе.)

 

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь глыбока смуткуе з прычыны смерці КАШКУРЭВІЧА Арлена Міхайлавіча — народнага мастака Беларусі — і выказвае спачуванні родным і блізкім мастака. Светлая памяць пра Кашкурэвіча Арлена Міхайлавіча назаўсёды застанецца ў сэрцах родных, блізкіх, калег і сяброў.


Беларускі саюз мастакоў смуткуе ў сувязі са смерцю КАШКУРЭВІЧА Арлена Міхайлавіча, вядомага мастака, члена грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”, народнага мастака Беларусі, які ўнёс вялікі ўклад у развіццё і прапаганду беларускага выяўленчага мастацтва. Рада ГА “БСМ” выказвае спачуванне родным і блізкім у сувязі з напаткаўшым іх вялікім горам.