Вера САВІНА, кінасцэнарыст, журналіст, актывіст Клуба-музея Чэслава Нэмэна ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна
1. Нэтворкінг
Узнікла вялікая сетка кантактаў, што прывяло да стварэння супольнасці сяброў Музея Чэслава Нэмэна ў “Фэйсбуку”. Цяпер іх — больш за 130 чалавек. Пачаўся абмен думкамі, прапановамі, унікальнымі матэрыяламі як з розных сайтаў, так і з асабістых архіваў. Завязаліся цікавыя знаёмствы з людзьмі, тымі, што любяць гэтага вялікага музыканта, тымі, хто неабыякавы да лёсу яго дома і музея.
2. Сайт музея ў Старых Васілішках
Рэсурс http://niemen-muzey.by/ таксама прыцягнуў увагу да ўстановы. Сталі прыходзіць водгукі, прапановы супрацоўніцтва, дапамогі Клубу-музею не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Радуе, што некаторыя з іх выліліся ў цалкам канкрэтныя справы.
3. Насычэнне для канцэпцыі
Калі стварала праект канцэпцыі развіцця Музея Нэмэна, знайшла шмат цікавай інфармацыі ў Інтэрнэце: пра тое, як існуюць, як жывуць ды выжываюць маленькія рэгіянальныя музеі ў нас і за мяжой. Цікавы ды карысны вопыт! Рэкамендую звярнуцца па яго і нашым музейшчыкам.
4. Перапіска
Стала вяду перапіску з рознымі дзяржаўнымі ўстановамі ды інстанцыямі, ад якіх у вялікай ступені залежыць, як будзе развівацца музей і ці ўдасканаляцца формы дзейнасці. Тое, на што раней патрабаваліся б тыдні, цяпер адбываецца за некалькі секунд: і лісты, і выяўленчыя матэрыялы, і макеты прапаноў.
5. Слоўнікі
Безумоўна, часта карыстаюся замежнымі энцыклапедычнымі інтэрнэт-слоўнікамі, бо яны сапраўды вельмі эканомяць час. Хоць бывае, што інфармацыю трэба неаднаразова пераправяраць ды спраўджваць па іншых крыніцах. На шчасце, усё тое можна зрабіць у Інтэрнэце.