Разбурыць маёнтак... Каму гэта выгадна? + спасылкі на ўсе артыкулы аўтапрабега па Віцебшчыне і Магілёўшчыне

№ 33 (1107) 17.08.2013 - 23.08.2013 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі / Культурная інфраструктура і яе адсутнасць

На спідометры — 353 кіламетры нашай экспедыцыі, на гадзінніку — 15.20. Самы час працягваць паглыбленае знаёмства з сельскімі брэндамі. Яшчэ ў Мінску, плануючы маршрут і выбіраючы аб’ект нашай увагі ў Чашніцкім раёне, спыніліся на Іванску: як-ніяк, гэтае месца звязана з даволі вядомым на Беларусі родам Валадковічаў. Менавіта ў ваколіцах Іванска ў гэтых беларускіх шляхцічаў размяшчаўся велічны палац, а ў ім — галерэя ды бібліятэка, якой маглі карыстацца і мясцовыя жыхары. Сёння замест палаца — рэшткі адной са сцен... Тым не менш, досыць добра захаваліся службовыя сядзібныя збудаванні, паўнавартаснымі гаспадарамі якіх сябе лічаць буслы. А што ж людзі?

/i/content/pi/cult/441/9181/10-1.jpeg

Як адзначылі ў сельсавеце, колькі гадоў таму адзін інвестар выкупіў захаваныя збудаванні шляхецкага маёнтка, пачаў ужо рабіць рэстаўрацыю, але раптоўна памёр… Таму цяпер мясцовыя ўлады, чакаючы новага гаспадара, па меры магчымасці даглядаюць аб’ект, які, на вялікі жаль, не ўваходзіць у Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей нашай краіны. І гэта прытым, што ў Чашніцкім раёне, за выключэннем Троіцкай (Белай) царквы ў аднайменнай вёсцы, астатнія помнікі — брацкая магіла, гарадзішчы, курганныя могільнікі. Як жа тады прывабіць турыста, не выкарыстоўваючы існуючыя (пакуль!) помнікі архітэктуры?

Магчыма, фальклорам. Як аказалася, Іванск мае яшчэ адну адметнасць. Гэтым разам на карце ўстаноў культуры краіны мы ўпершыню за час нашай вандроўкі сустрэлі не проста Дом культуры або сельскі клуб, а Дом фальклору.

/i/content/pi/cult/441/9181/10-2.jpeg

У гэтым будынку, што ў вёсцы Пламя, працаваў Янка Купала.

Надзея на цікавае знаёмства з установай новага тыпу трохі азмрочылася неспадзеўкай: нягледзячы на расклад працы, дзверы ў Дом фальклору былі зачынены. Тым не менш, вырашылі не спяшацца з высновамі, разнастаіўшы чаканне дэгустацыяй марожанага ў мясцовай краме. Як аказалася — зусім не дарэмна: прайшло літаральна дзесяць хвілін, а ў Доме фальклору ўжо не тое што дзверы былі адчынены — поўнай хадой ішла рэпетыцыя. Адсутнасць жа на працы тлумачылася выступленнем на свяце вуліцы.

У адсутнасць дырэктара ўстановы (яна паехала па аргпытаннях у райцэнтр) пазнаёміліся з актывам, а таксама з мясцовым кіраўніком, старшынёй Іванскага сельвыканкама Людмілай Марозавай, якая кінула ўсе клопаты і цягам некалькіх гадзін суправаджала нас. (Было бачна, што не толькі з-за хвалявання ад нечаканага візіту сталічных журналістаў, а з-за шчырай цікавасці, неабыякавасці да роднай культуры.) Па яе словах, установа ў мінулым годзе зарабіла больш за тры мільёны рублёў, у тым ліку за кошт шматлікіх канцэртаў у вёсках ды аграсядзібах.

Адметнасць Дома фальклору — не толькі ў перыядычным выкананні народных песень, але і ў іх назапашванні. Акампаніятар установы Аляксандр Мінчукоў адзначыў: фальклор збіраецца пад час штогадовых экспедыцый па вёсках сельсавета. Акрамя таго, супрацоўнікі Дома фальклору вывучаюць і ставяць мясцовыя абрады. Тыя ж Юр’е, “Жаніцьба Цярэшкі”, зажынкі і нават Каляды маюць сваю спецыфіку.

/i/content/pi/cult/441/9181/10-4.jpeg

Віталія Бурэц з Іванска — не спецыяліст у сферы культуры, але збіраецца сёлета паступаць у БДУКіМ.

Важны аспект: мясцовая моладзь, дзеці з задавальненнем прыходзяць займацца цікавай справай у гурткі ўстановы. А чаму б і не пайсці, калі ва ўстанове працуе Віталія Бурэц? Сімпатычная дзяўчына вядзе тры гурткі: фальклорны, драматычны, саломкапляцення. Цікава, што па адукацыі яна — аграном, але са школы цікавіцца культурай, фальклорам. Не выпадкова сёлета Віталія плануе паступаць на завочнае аддзяленне БДУКіМ і авалодаць рэжысурай народных святаў. Але, акрамя намаганняў Віталіі Бурэц, на майстар-класы для дзетак старэйшага ўзросту рэгулярна запрашаюцца народныя майстры, рамеснікі. Усяго за некалькі гадзін можна ўбачыць, як ствараецца сапраўднае мастацтва рукамі разьбяроў па дрэве, ці пазнаёміцца, а то і авалодаць азамі бондарства. Думаецца, калі б супрацоўнікі Дома фальклору здымалі на відэа ўвесь працэс майстар-класаў, то іх фільмы абавязкова былі б запатрабаваны.

Відавочна, што Дом фальклору — гэта не толькі шыльда з назвай установы новага тыпу, але і цікавыя праекты, вялікі аб’ём працы па спазнанні і папулярызацыі народнай культуры.

Якім жа было наша здзіўленне, калі даведаліся, што зусім побач з Іванскім домам фальклору дзейнічае яшчэ адзін — у вёсцы Сялец (паказанні бартавых прыбораў: 360 км, 16.00), да слова, на тэрыторыі таго ж сельсавета. Яго адметнасць (вядома ж, не галоўная) — у невялікай музейнай экспазіцыі. Асноўная ж функцыя ўстановы, з якой яна спраўляецца, — захаванне народных спеўных і этнаграфічных традыцый, а таксама правядзенне святочных мерапрыемстваў. Вёска — маленькая, а таму кіраўніку Дома фальклору часам даводзіцца абыходзіць ці не ўсе двары — асабіста запрашаючы мясцовых жыхароў на тое або іншае свята. А для патэнцыйных турыстаў, дачнікаў дый проста цікаўных жыхароў іншых вёсак перад правядзеннем таго або іншага мерапрыемства абавязкова праводзіцца рэкламная кампанія… у выглядзе абвестак у мясцовай краме. Чым не прыклад плённага супрацоўніцтва ды ўзаемападтрымкі сельскіх устаноў?

/i/content/pi/cult/441/9181/10-5.jpeg

Апошні фрагмент палаца Валадковічаў аблюбавалі буслы.

Я быў у Сяльцы гадоў пяць таму. Баюся памыліцца, але менавіта тут, не без падачы тагачаснага начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалая Пашынскага, было праведзена адно з першых святаў беларускай вёскі. Як важна быць першым у творчай справе! Як важна адчуваць сябе першаадкрывальнікам і ведаць, што ўсе наступныя — толькі паслядоўнікі... Мне расказвалі, што свята вёскі ў Сяльцы было не толькі вясёлым ды яркім, але і карысным для сельсавета: конкурс вады за год да мерапрыемства прымусіў пачысціць ды аздобіць усе вясковыя калодзежы. І гэта быў сапраўдны крэатыў!..


Заўжды новы музей

На спідометры — 370 кіламетраў. І мы зноў — у раённым цэнтры. Чашнікі ўражваюць новымі, нядаўна здадзенымі жылымі будынкамі. І зноў — новае знаёмства. Аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі кіруе Таццяна Пчолкіна — жвавая, актыўная ды няўрымслівая. А намеснікам у яе — даўняя знаёмая “К” Вольга Яскевіч, дасведачаная ва ўсіх “драбніцах” раённых культурных спраў. Разам з імі мы наведвалі мясцовы краязнаўчы музей, які, да слова, чакае рамонту.

Не спыняючыся на экспазіцыі, хочацца адзначыць відавочныя перавагі музея. Гэта і само памяшканне (прыгожы будынак ХІХ стагоддзя ў цэнтры горада), і інтэрактыўныя магчымасці (да некаторых прадметаў можна не толькі дакрануцца, але і, скажам, узяць у рукі — як той жа цэп для збожжа). Нельга не адзначыць і пастаяннае абнаўленне экспазіцыі. Напрыклад, зусім нядаўна ў музеі з’явілася аўтэнтычная крама ХІХ стагоддзя. Як вынік — нават мясцовыя жыхары з задавальненнем наведваюць установу. Дарэчы, рэкламную абвестку музея, якая, праўда, на рускай мове (відаць, з арыентацыяй на расійскіх гасцей Чашнікаў?), мы ўбачылі ці не самым багатым на турыстаў месцы — у мясцовым гатэлі.

“Традыцыйная” праблема з сувенірамі. Улічваючы маштабы Раённага дома рамёстваў, прадстаўлены асартымент выглядае надта ўжо сціплым. А дзе ж купіць вырабы майстроў, як не ў музеі? Праўда, у Чашніках можа неўзабаве з’явіцца адмысловая сувенірная крама: такая ідэя маецца ў начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Таццяны Пчолкінай. (Дыскусія адносна падтрымкі народных майстроў ды мэтазгоднасці стварэння сувенірных крам у раённым цэнтры — у адным з наступных нумароў “К”.)

Пакідаючы ранкам Чашніцкі раён, які ў чарговы раз па-добраму здзівіў — найперш, адказным стаўленнем да спадчыны, традыцыйнай культуры, — накіроўваемся далей на ўсход, у Сенненскі раён.


На варце — баршчавік

У вёсцы Пламя Сенненскага раёна “К” — не ўпершыню. Наша газета шмат пісала пра палац, у якім у 1903 — 1904 гг. працаваў народны паэт Янка Купала, пра грамадскія і прамысловыя пабудовы. Цікавым аказаўся і чарговы прыезд у колішнюю вёску Старая Беліца ў апошні дзень аўтавандроўкі (399 км). Нягледзячы на тое, што на гадзінніку было 12.00, мясцовы Дом культуры быў на замку: згодна з графікам, у пятніцу ён пачынае сваю працу на гадзіну пазней. Не марнуючы часу, вырашылі наведаць колішнія велічныя муры. Будынак вінакурні, узведзены ў ХІХ стагоддзі, па сваіх маштабах і тэхнічным аснашчэнні не меў аналагаў на тэрыторыі колішняга Паўночна-Заходняга краю. Ён і зараз прымушае задумацца над тэхналогіямі нашых продкаў. Вось толькі сучаснікі, якія валодаюць унікальнымі камп’ютарнымі тэхналогіямі, пакуль не вынайшлі, як змагацца з галаўным болем нашага часу — баршчавіком, які ўздоўж вінакурні вымахаў у рост чалавека, калі не вышэй.

Праўда, старшыня Беліцкага сельсавета Сяргей Галынчык, якога мы напаткалі побач з вінакурняй, запэўнівае, што баршчавік ля старадаўняй спіртоўні яе ўласнік-прыватнік знішчыць калі не сёння, дык дакладна — заўтра. З іншага боку, нам прыйшла і такая думка: можа, вакол старадаўніх занядбаных сядзіб, а то і на іх тэрыторыі, не трэба знішчаць атрутную расліну? Хай гэта будзе прыродным сродкам абароны ад вандалаў ды аматараў нажывы!..

Кажа Сяргей Галынчык і пра тое, што прэтэнзій да работы ўстаноў культуры ў яго няма: працуюць добра. А вось мясцовыя жыхары з ім не зусім згодны. Скаргі абуранага насельніцтва, якія мы пачулі ў мясцовай краме, зводзяцца да аднаго: мясцовы клуб працуе неэфектыўна. У першую чаргу, з-за новага памяшкання (стары СДК — будынак ХІХ стагоддзя — зараз у паўразбураным стане), зусім не прыдатнага для правядзення мерапрыемстваў, тых жа дыскатэк. На жаль, праверыць словы мясцовых жыхароў не атрымалася: і а 13-й Дом культуры не адчыніў свае дзверы. Па ўсёй верагоднасці, яго супрацоўнікі на той час былі ў адпачынку.


Як стварыць аграсядзібу?

Трэці дзень. У старадаўні Друцк Талачынскага раёна вырашылі не завітваць. Тым не менш, не маглі не спыніцца на шляху ў Магілёўшчыну каля воднага млына, які самотна стаіць занядбаны побач з трасай. Хто ведае, можа, праз колькі гадоў пад час нашага чарговага падарожжа ён займее руплівага гаспадара і стане цікавым культурна-забаўляльным аб’ектам Талачынскага краю…

/i/content/pi/cult/441/9181/10-6.jpeg

Дырэктар клуба ў Ракушаве Надзея Лепешава.

498 кіламетраў шляху, 14-я гадзіна, і вось нарэшце — Магілёўшчына. Круглянскі раён запамінаецца вёскай Ракушава (14.00). Менавіта тут дзейнічае клуб культурна-сацыяльных паслуг. А кіруе ім Надзея Лепешава. Вельмі цікава, што адначасова з’яўляецца яна і гаспадаром аграсядзібы (што адметна, з вялікай радасцю прымае жанчын з дзецьмі, інвалідаў). Размаўляючы пра асаблівасці клуба, мерапрыемствы, надзённыя клопаты жанчына прызналася, што літаральна ў жніўні збіраецца звальняцца. Сітуацыя, з якой сутыкнулася Надзея Лепешава, наступная: праца ёсць — умоў няма. Да стану будынка клуба прэтэнзій няма, чаго не скажаш пра вясковую інфраструктуру. Дабірацца ўначы (пасля правядзення пятнічных і суботніх дыскатэк) дадому па вуліцах без асвятлення — справа не з простых. У выніку клуб можа застацца без кіраўніка, а разам з гэтым — і адзінага супрацоўніка, мясцовыя ж жыхары — без мерапрыемстваў…

У час аўтападарожжаў на нашым шляху трапляліся разнастайныя вёскі, мястэчкі і гарады — з адпаведнай інфраструктурай ці яе адсутнасцю. Здавалася б, згодна са статусам, райцэнтр павінен мець нават не адну ці дзве кавярні, шмат разнастайных крам, зрэшты, добрыя месцы адпачынку. Помніцца, у Васілішках — вёсцы ў Шчучынскім раёне — у краме можна было паласавацца і свежай выпечкай ды кавай. Праязджаючы Круглае (няхай сабе райцэнтр мае статус гарадскога пасёлка) спадзяваліся таксама на гасціннасць. На жаль, кавярню, што працуе, нягледзячы на намаганні, так і не знайшлі. А калі няма такой элементарнай інфраструктуры, пра якую ж прывабнасць у турыстаў можна казаць? Можа, калі няма кавярняў у крамах, выкарыстоўваць для гэтых мэт музеі? Чым не тэма для дыскусіі?..


Інавацыя і галоўнае свята аграгарадка

На парадку дня — Бялыніцкі раён. СДК у вёсцы Галоўчын мы шукалі доўга.

Справа ў тым, што ў вёсцы — два дамы культуры. Адзін — дзеючы, а іншы — ці то былы, ці то будучы. Мясцовыя жыхары сваімі падказкамі канчаткова заблыталі нас, і мы зноў задумаліся над тым, чаму ў буйных вёсках на галоўных плошчах адсутнічае рэклама, ва ўсіх яе іпастасях, дзейнасці мясцовых культурных устаноў. У выніку знайшлі ўстанову культуры толькі ў 15.05. Пяць хвілін таму СДК зачыніўся на абедзенны перапынак... Бібліятэкары ж папярэдзілі абвесткай, што з’ехалі ў зону абслугоўвання. А шкада, вельмі хацелася б пазнаёміцца і з мясцовай дзіцячай школай мастацтваў ды музеем…

Віцебшчына была першай у стварэнні сеткі раённых дамоў рамёстваў. Магілёўшчына, на мой погляд, першай пачала паглыбляць дадзеную ідэю да масавага практычнага навучання дзяцей тым традыцыйным рамёствам, якімі вольна валодалі іх дзяды і прадзеды. Адна з першых школ рамёстваў узнікла ў Горках... Вось і ў Галоўчыне пачаў дзейнічаць рамесніцкі клас... Кажуць, традыцыя — невынішчальная. Не магу з гэтым пагадзіцца. Бацька распавядаў мне калісьці пра старадаўняе мастацтва рэзкі шкла ў вадзе, пра стральбу праз рэчку (шрот адскоквае ад вады рыкашэтам і трапляе ў нябачную для стралка цэль; згадкі пра гэта ёсць і ў Караткевіча). Але я быў малы і нічога не занатоўваў. Шкада... А вось дзецям у Галоўчыне, відаць, сумаваць па забытай традыцыі не давядзецца.
/i/content/pi/cult/441/9181/10-3.jpeg

Далёка не ў кожным сельскім паселішчы сустрэнеш такі амфітэатр, як у Вішове.

А вось у Вішове (15.25, 567 км) нам пашанцавала. Здавалася б, зачынены і клуб, і бібліятэка. Але, як высветлілася, і бібліятэкары, і клубнікі ладзілі ў тую пятніцу ці не самае галоўнае гадавое мерапрыемства — духоўнае свята ў гонар апосталаў Пятра і Паўла, на якое, што вельмі паказальна, падвозілі ветэранаў працы з навакольных вёсак. Абмінуць такую падзею і не ацаніць творчы патэнцыял раёна мы не маглі, балазе калектывы выступалі не толькі вішоўскія, але і з іншых дамоў культуры раёна, а таксама з Мінска. Як расказала рэжысёр Вішоўскага СДК Валянціна Паўловіч, мясцовы амфітэатр, якому ўжо пяць гадоў, актыўна выкарыстоўваецца для канцэртаў, правядзення народных абрадаў: маёвак, Масленкі, дажынак, Купалля. Вялікую дапамогу, у тым ліку з набыццём касцюмаў, апаратуры, аказвае мясцовая гаспадарка.

/i/content/pi/cult/441/9181/10-7.jpeg

Стылізаваная музейная крама купца Гурэвіча.

Валянціна Паўловіч падзялілася клопатам: маладых спецыялістаў не хапае, маюцца вакансіі. Гэта, у сваю чаргу, адмоўна адбіваецца на працы Дома культуры. Сумны прыклад. Колькі гадоў у аграгарадку плённа працаваў фальклорны дзіцячы калектыў. Цяпер яго кіраўнік — у дэкрэтным адпачынку, а ўдзельнікі ансамбля вымушана займаюцца эстраднай музыкай...

Тры дні падарожжа. За гэты час мы зноў праехалі ці не 800 кіламетраў, завіталі ва ўстановы культуры васьмі раёнаў... Пабачылі шмат станоўчага, але хапіла і адмоўнага. Якія толькі брэнды ні трапілі ў нашу журналісцкую калекцыю! Безумоўна, за час кароткачасовых візітаў зразумець усю паўнату сітуацыі ў рэгіянальнай культуры вельмі цяжка. Тым не менш, мы ўбачылі і захаванне фальклорнай аўтэнтыкі, і адносіны да архітэктурнай спадчыны, і рознае стаўленне да сваёй працы. Але ці не самае галоўнае — у чарговы раз пераканаліся: кожны з гэтых васьмі раёнаў мае сваю адметную рэгіянальную культуру. Гэта дарагога каштуе. Але ж нястача прафесійных кадраў даецца ў знакі. І ў што яна з цягам часу выльецца — пакуль не зразумела...

Мінск — Віцебская вобласць — Магілёўская вобласць — Мінск

Фота аўтараў


Чытайце таксама першыя часткі аўтапраекта "К":

Частка І / Фестываль, што сумуе па арганізатары

Частка ІІ / А гібеюць не толькі вёскі...

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"