Дзіўна, але ў кнігарнях 80-х менавіта ў такіх скрынках (хто памятае?) прадаваліся вершаваныя зборнікі кішэннага фармату. Мы называлі іх "брацкімі могілкамі" і куплялі-ратавалі адтуль “нефарматных” Акуджаву, Самойлава, Ваншэнкіна, Друніну, Каржавіна... Але гэтыя скрынкі — зусім іншага кшталту. Яны самі па сабе — Свет...
Прайшлі гады. Зніклі скрынкі. Але бібліятэчныя дагматы засталіся. Так, яны — іншыя. Але ад іх па-ранейшаму, даруйце, "патыхае пылам". Скрыняў няма, усё дазволена, аднак няма галоўнага — “прафесійных” чытачоў. Як можа прывіць павагу і любоў да Слова чалавек, які сам яго не любіць? Часу няма: каталагізацыя, улік, спісанне... Да павуціння паміж стэлажамі яшчэ не дайшло, але дзяцей цяпер і пугай да кніг не падгоніш (калі гэта, натуральна, не праграмная літаратура). Легендарная “Вёска” Андрэя Федарэнкі стаіць на вясковых стэлажах некранутай...
Безумоўна, пугай не варта — толькі любоўю і павагай. Але гэтаму на бібліятэчных факультэтах не вучаць. Тым больш, калі ты прыйшоў працаваць бібліятэкарам з фермы, бытавога абслугоўвання ці з крамы. Адна з нашых сельскіх бібліятэкарак прызналася не для друку: самыя актыўныя чытачы — пастухі і начныя вартаўнікі мясцовага СВК. Менавіта яны наведваюць бібліятэку штотыднёва. Школьнікі ж гэта робяць пад прымусам праграмы. Пенсіянеры збольшага чытаюць толькі газеты. А чытацкая “павальная” актыўнасць — толькі “фармулярная”.
Так, у сельскіх бібліятэках нецікава. Сябра-журналіст, заўзяты чытач, пасля некалькіх дзён сумеснай камандзіроўкі катэгарычна адмаўляецца заходзіць у сельскія бібліятэкі: маўляў, паўсюль адно і тое ж. І ён мае рацыю. Я таксама хачу заходзіць у бібліятэку, дзе мяне чакаюць сябры ды аднадумцы...
Знаёмая супрацоўніца мінскай бібліятэкі выкарыстала прэмію для паездкі да маскоўскіх калег. Расказвала, як да чытачоў прыходзяць папулярныя літаратары кшталту Захара Прылепіна ці Уладзіміра Сарокіна, якія дэбаты вядуцца пра будучыню расійскай славеснасці, як гэта ўсё цікава і змястоўна...
Так нашым бібліятэкам не стае дзеі. Не сумных гутарак з графаманамі, не безнадзейных выставак антыалкагольнай літаратуры, а ўчынкаў, акцый, праектаў, словам, — выхадаў у народ... Я вельмі хачу пабываць у рыжскай бібліятэцы, якую адкрыў Міхаіл Задорнаў. Кажуць, кожная паліца ўстановы мае ўказальнік, што менавіта гэтыя кнігі чытае канкрэтны сябар сатырыка: артыст, літаратар, палітык... Лепшай рэкламы для ўласнага чытання не прыгадаць. Мы неаднаразова прапаноўвалі беларускім сельскім бібліятэкарам выкарыстаць ідэю і пазначыць на стэлажы: “Мае любімыя кнігі”. Ніхто не спяшаецца. Як вы думаеце, чаму?..