Юліян Фалат і яго Беларусь

№ 31 (1105) 03.08.2013 - 09.08.2013 г

“Бог цябе сюды паслаў — любі Нясвіж, як Нясвіж цябе палюбіў…”

Гэтыя словы належаць князю Мацею Ёзафу Радзівілу. Яны былі адрасаваны выдатнаму польскаму мастаку Юліяну Фалату перад яго чарговым вяртаннем з Беларусі ў Варшаву напрыканцы 80-х гадоў пазамінулага стагоддзя…

/i/content/pi/cult/438/9134/15-1.jpeg

Ю.Фалат. Аўтапартрэт. 1896 г.

…У маі 2009 года князь Мацей Радзівіл (таксама Мацей, адзін з яго сваякоў-нашчадкаў) прыбыў у Мінск разам з цёткай Альжбетай Радзівіл, дачкой апошняга, шаснаццатага, нясвіжскага ардыната Альбрэхта Антонія Радзівіла і брытанкі Дораці Паркер-Дзікан. (Для даведкі: ардынатамі называлі магнатаў у Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім; ардынацыя — форма маярату, пры якой зямельныя ўладанні магната пасля яго смерці пераходзілі да старэйшага сына як недзялімая і неадчужальная маёмасць. У межах сваёй ардынацыі галава сям’і быў паўнаўладным гаспадаром.)

У адным з інтэрв’ю пасля прыезду ў Мінск, 26 мая 2009 г., Мацей Радзівіл сказаў наступнае: “Калі я першым разам быў у Літве, адзін літовец спытаў мяне, ці ліцвін я. Я адказаў, што я — грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага. Як кожны з нас, спачатку сказаў, а потым стаў думаць… Справа ў тым, што ВКЛ было вельмі прыязнай дзяржавай, куды прыязджалі людзі з розных краін. Там жылі побач пратэстанты, праваслаўныя, іудзеі, каталікі. Тая дзяржава, канешне ж, сёння не магла б быць прыкладам для іншых краін, але тады, 300 — 500 гадоў таму, з’яўлялася прыкладам для ўсіх, бо была вельмі талерантнай. Да таго ж, там было мала падаткаў. Гэта была дзяржава, што не нападала на іншыя краіны. Наша сям’я жыла і ў Літве, і ва Украіне, і ў Беларусі, і ў частцы Польшчы, якая ўваходзіла ў склад ВКЛ. Я ведаю, што цяпер людзі шмат дыскутуюць: ці ж Літва з’яўляецца “сэрцам” Вялікага Княства Літоўскага? А мне здаецца, цэнтр Вялікага Княства — гэта Беларусь. Дыскусія не мае сэнсу, таму што сэрца Княства б’ецца тут, у кожным чалавеку, які марыць імігрыраваць у тую легендарную краіну…”

/i/content/pi/cult/438/9134/15-2.jpeg

 

Ю.Фалат. "Паляванне ў Нясвіжы". 1891 г.

Я невыпадкова прывёў гэты фрагмент разважанняў нашага земляка-сучасніка, спадара Мацея Радзівіла, таму што сэнс яго думак непасрэдна звязаны з жыццём нашага героя — Юліяна Фалата, для каго Нясвіж і Палессе сталіся ў біяграфіі нейкімі “знакавымі меткамі” высокай творчасці, у якой гісторыка-дакументальная аснова карцін, акварэлей, гуашы і алоўкавых накідаў арганічна знітавана з бліскучым мастакоўскім майстэрствам “кампазітара”, каларыста і псіхолага.

Фалат бываў у Беларусі з перапынкамі неаднойчы: гэта — 80-я — пачатак 90-х гадоў ХIX стагоддзя. Падоўгу жыў у Нясвіжы, папаездзіў па ўсёй Гродзеншчыне, разам з членамі сям’і Радзівілаў ды высокімі гасцямі з Еўропы, не выпускаючы з рук алоўка і пэндзля, прымаў удзел у паляваннях на Палессі… Сэрца Фалата скарыла не толькі дзівосная спрадвечная беларуская прырода зімовага Палесся, але і людзі: простыя жыхары вёсак, паляўнічыя, земляробы, леснікі…

Вось як пра гэта піша Фалат у сваіх успамінах, што ўпершыню былі надрукаваны ў 1935-м — праз шэсць гадоў пасля смерці мастака: “…Удзень 13 сакавіка, выправіўшыся дадому, я пакідаў Нясвіж. Чатыры тыдні ў пушчы, занесенай глыбокім снегам, сярод маразоў, якія дасягалі васямнаццаці градусаў, адстрэлена васямнаццаць мядзведзяў; сярод сцэнічных дэкарацый, што ўвесь час змяняліся, маляўнічых лясоў, натоўпы загоншчыкаў, мноства паляўнічых, характэрных нязвыклых фігур — усё гэта ўвасобілася ў маіх карцінах, накідах, у якіх я паказаў свой поўны размах… Месяц таму я быў у Нясвіжы чужым чалавекам, якога аглядалі, як мне потым распавядаў пан Абламовіч (кіраўнік палацава-паркавага ансамбля ў Нясвіжы. — Б.К.), з падазронасцю; цяпер жа пры ад’ездзе развітваліся са мной, як са старым сябрам, выпіваючы за маё здароўе не адзін кілішак высакаградуснай старкі. А князь Мацей развітаўся са мной словамі: “Любы пане Юліяне, Бог цябе сюды паслаў — любі Нясвіж, як Нясвіж цябе палюбіў…”. Я вярнуўся ў Варшаву іншым мастаком… Тымі гадамі навучання жыву да дня сённяшняга, засвойваючы і апрацоўваючы ўвесь час наноў невычарпальныя тэмы — уражанні ад краіны, якая мне ўпадабалася…”

Можна з упэўненасцю сказаць, што Фалат не толькі знайшоў свой стыль на доўгія гады менавіта тут, у палескай глушы, і сваю “паляўнічую” тэматыку ў жывапісе ды графіцы, але і прадэманстраваў усёй Еўропе, які цудоўны і своеасаблівы ёсць край на зямлі — беларускае Палессе. Пра Нясвіж я ўжо і не кажу: для Фалата ён стаў да канца жыцця, кажучы высокім пушкінскім стылем, “приютом спокойствия, трудов и вдохновенья”.

Тут, у Нясвіжы, ён сябраваў з чатырнаццатым ардынатам Антоніем Вільгельмам Радзівілам, аўтарам шыкоўнага Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля, і ягонай жонкай, княгіняй Марыяй Даратэяй Радзівіл (у дзявоцтве — маркіза дэ Кастэлян), што была ўнікальнай жанчынай свайго часу. Ейны дзядуля — маршал Францыі, бабуля — знакамітая княгіня Дзіно, жонка брата вядомага ў свеце Талейрана. Маркіза Марыя Даратэя рана выйшла замуж за князя Антонія Вільгельма Радзівіла — генерал-ад’ютанта прускіх імператараў Вільгельма I і Фрыдрыха III. Удзельнік пруска-аўстрыйскай і пруска-французскай кампаній, ён быў уладальнікам вялізных земляў у тагачаснай Прусіі і на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы ды Польшчы.

У сваіх успамінах княгіня Марыя Радзівіл піша: “…Я прамаўляю слова “Нясвіж”, з якім звязана так шмат у маім жыцці, як нешта, пакрытае арэолам магіі… Гэты замак, кожны камень якога, вобразна кажучы, можа распавесці гісторыю сваёй краіны, а сама краіна мае нашмат больш развітую культуру, чым Прусія, і нагадвае мне маю Францыю…” Дзіўныя словы, пад якімі мог бы падпісацца і Юліян Фалат, і ўсе тыя, хто так ці інакш сутыкаўся з гэтым казачным Нясвіжам. 70-гадовы Антоній Вільгельм Радзівіл памёр у 1904-м, а яго верная Марыя перажыла мужа роўна на дзесяць гадоў і пайшла з жыцця, калі ёй было трошкі за пяцьдзясят.

…У 1886-м у Берліне выйшаў альбом рэпрадукцый 11 фалатаўскіх твораў, які быў адразу заўважаны грамадскасцю. На яго звярнуў увагу прускі князь Вільгельм, які праз два гады стане імператарам (кайзерам) Германскай імперыі Вільгельмам II. Фалата ён запрасіў да сябе і ласкава прыняў яго ў форме палкоўніка гусарскага палка (праз год ён стане брыгадным генерал-маёрам).

Дарэчы, Вільгельм, сын прынца Фрыдрыха Прускага (будучага імператара Фрыдрыха III), быў далёкім сваяком рускіх цароў Аляксандра III і Мікалая II. У маладосці вельмі захапляўся паляваннем з сабакамі адной пароды — караткашэрснымі таксамі — і на гэтай глебе сябраваў з нясвіжскім Антоніем Радзівілам, вялікім спецыялістам па зімовым паляванні на Палессі. Ну а Фалат таксама стаў сябрам будучага кайзера і, можна сказаць, нейкім “прыдворным мастаком” яго, бо лепш за Фалата ніхто не мог тады так цудоўна весці выяўленчы “летапіс” сцэн палявання і ўсяго таго, што з гэтым паляваннем было звязана. У яго нават была пастаянная майстэрня ў замку Губертусшток пад Патсдамам.

І вось Юліян Фалат атрымаў афіцыйнае запрашэнне Вільгельма разам адправіцца ў Беларусь, каб прыняць удзел у паляванні на Палессі...

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"