Фестываль, што сумуе па арганізатары

№ 30 (1104) 27.07.2013 - 02.08.2013 г

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі

Ініцыятыва аднаго заўжды вынікае з апатыі другога

Другі маршрут нашага трохдзённага аўтапрабегу мы вырашылі пракласці па ўстановах культуры Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Мэта яго заставалася ранейшай: вышукванне вясковых брэндаў, аналіз іх выкарыстання для клубаў, бібліятэк, музеяў. Адрозненне ад першага аўтатура (а ён, як вы памятаеце, ахапіў пэўныя паселішчы Мінскай, Брэсцкай ды Гродзенскай абласцей) у тым, што гэтым разам мы наведалі і асобныя райцэнтры. Карцела даведацца пра структуру ды праграму першачарговай дзейнасці новаўтвораных аддзелаў ідэалогіі, культуры і па справах моладзі.

 

/i/content/pi/cult/437/9098/10-1.jpeg

Мужчыны Параф’янава

 

Для большай, так бы мовіць, дакументальнасці вырашылі кожны наш прыпынак на канкрэтным аб’екце пазначаць “наматаным” кіламетражом, часам прыбыцця і, па магчымасці, статыстычнай колькасцю жыхароў. Сказана — зроблена: 111 км ад Мінска, аграгарадок “Параф’янава” Докшыцкага раёна, 12 гадзін апоўдні.

Вёска — знаёмая. Некалькі гадоў таму мы пісалі пра тое, што ў мясцовым СДК працуюць (што само па сабе ўнікальна, што само па сабе — брэнд!) аж трое мужчын: дырэктар Вікенцій Скараход, мастацкі кіраўнік Віктар Арлоўскі, кіраўнік знакамітага народнага фальклорнага ансамбля “Землякі” Алег Каляга... Парадаваліся, што ніводзін не змяніў абранай прафесіі. Брэнд застаўся брэндам і выдае на-гара неблагі, як нам падалося, вынік.

У СДК — восем калектываў, у тым ліку — драмтэатр, клуб аматараў спорту. Да дзейнасці клубных фарміраванняў прыцягнута ці не ўсё “творчаздольнае” насельніцтва: ад участковага да вочнікаў-завочнікаў БДУКіМ. Віктар Арлоўскі распавядае, што за абслугоўванне аддаленых вёсак клуб узнагароджаны газонакасілкай, а сам мастацкі кіраўнік прызнаны адным з лепшых культработнікаў Докшыччыны. Так са сваімі “Оскарамі” мясцовага значэння і сфатаграфаваўся для “К”...

/i/content/pi/cult/437/9098/10-4.jpeg

Віктар Арлоўскі з Параф’янава са сваімі “Оскарамі”.

За “тэхналогію” абслугоўвання аддаленых і маланаселеных вёсак мы, шчыра кажучы, абедзвюма рукамі ўхапіліся. Пад час мінулага ваяжу з прыкрасцю давялося канстатаваць: там-сям на Гродзеншчыне такое абслугоўванне (нават з улікам працы аўтаклуба) зводзілася да аднаго візіту ў асобна ўзятую вёску... Дык вось, газонакасілка параф’янаўскім мужчынам дасталася не дарэмна. Мастацкі кіраўнік установы распавёў, што ў іхняй зоне клопату знаходзіцца адзінаццаць вёсак. Жыхар кожнай не пачувае сябе абдзеленым, бо брыгада з СДК свае маршруты будуе, калі так можна сказаць, аптымізаваным чынам. Мураўшчына — нежылая, у Ашунаве — адзін жыхар, у вёсцы Іванова — двое (і тое — пад час дачнага сезона). І калі параф’янаўскія артысты скіроўваюцца ў, скажам, Грынеўшчыну, дзе аж сорак вяскоўцаў, ці ў больш-менш дэмаграфічна бяспечную Хілаўшчыну, дык па дарозе збіраюць яны адзінкавых жыхароў з маланаселеных паселішчаў. У выніку кожнае абслугоўваюць канцэртамі па тры-чатыры разы за год.

А транспартам для такіх маштабных раз’ездаў забяспечвае клубнікаў старшыня Параф’янаўскага сельсавета Галіна Азарэвіч. Такім чынам, дарэчы, адзначаюцца не толькі святы вёсак, але і юбілеі іх насельнікаў. План па аказанні платных паслуг выконваецца...

Ёсць у Параф’янаве яшчэ адзін брэнд: шыкоўны касцёл. Ля яго мясцовыя артысты выступаюць пад час каталіцкіх святаў. А якія яшчэ магчымасці open-air выкарыстоўваюць? Аказваецца, пакуль ніякіх. Па словах Віктара Арлоўскага, была калісьці ў вёсцы летняя эстрада ды састарэла, у непрыгоднасць прыйшла. Таму ўсе дыскатэкі летам — у памяшканні, дзіцячы білет — пяць тысяч рублёў, дарослы — дзесяць...

А ў адной з гасцініц камандзіровачнымі днямі давялося пабачыць па TБ цікавы сюжэт: у Яраслаўлі рэзка ўпала наведвальнасць устаноў культуры: спякота — людзей цягне ў паркавую прахалоду. Тамтэйшыя работнікі культуры імгненна адрэагавалі на надвор’е крэатывам. Філарманічныя канцэрты, кінасеансы, музейныя выстаўкі і бібліятэчныя імпрэзы пачалі ладзіць ці ў дзённай засені гарадскіх сквераў, ці ў вячэрняй свежасці на... дахах дамоў. Фармат адкрытага паветра забяспечыў аншлагавасць мерапрыемстваў. Менавіта такога фармату, я перакананы, не стае нашым сельскім установам, ля якіх — старажытныя паркі, паплавы і поймы. Антураж — ёсць, жадання — бракуе, а грошы ад нестандартных платных паслуг застаюцца апалым ад спякоты лісцем пад нагамі... Шкада.

 

Скарб Дамейкаў

 

Якіх восем кіламетраў і мы — у аграгарадку “Сітцы”. 13. 20. Тут — 700 жыхароў. Раён той жа — Докшыцкі. А антураж абсалютна іншы: былы парк ды маёнтак Дамейкаў. І ўсё гэта — несумненны вясковы брэнд, які, на жаль, ніяк пакуль не выкарыстоўваецца. Пра гэта нам распавялі загадчык мясцовай бібліятэкі Алена Карповіч і акампаніятар СДК Валерый Войцік. Мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя за савецкім часам была больш чым заможнай, таму і ўзвяла гмах Дома культуры, які цяпер нагадвае палац. І ўзвяла не абы-дзе, а ў старасвецкім парку Дамейкаў — таямнічым і незвычайным па наборы дрэў ды расліннасці. Раней на перыядычнае добраўпарадкаванне парку прыцягвалі нават салдат. Цяпер парк гібее... Як, зрэшты, і сам маёнтак, ад якога засталіся брама ды каланада, што папярэднічала галоўнаму ўваходу ў сядзібны дом. Раней на гэтым “калонным” пятачку ладзіліся летнія танцы, зараз — буяе хмызняк…

/i/content/pi/cult/437/9098/10-5.jpeg

Брама маёнтка ў Сітцах ці не штодня губляе цэглу.

Але, пры ўмове добраўпарадкавання тэрыторыі, кансервавання брамы, якая руйнуецца літаральна на вачах, турысту ўсё яшчэ ёсць што паказаць. І гэтыя стыхійныя турысты раз-пораз Сітцы наведваюць, просяць школьных краязнаўцаў правесці экскурсію. На тэрыторыі парку застаўся закінуты жылы будынак — тут можна размясціць музей роду Дамейкаў. Да месца і сайт спецыяльны зрабіць, і саму вёску ды пад’язныя шляхі да яе “насыціць” рэкламнымі ўказальнікамі. І яшчэ адна ідэя, што належыць акампаніятару СДК: арганізаваць фальклорны фестываль пад адкрытым небам і рэгулярна ладзіць яго разам з работнікамі культуры Параф’янава. Ідэя — ёсць, арганізатара ж пакуль няма...

Дамейкі пакінулі пасля сябе не толькі высакародную родавую славу, але і самы сапраўдны ландшафтна-архітэктурны скарб. Да нас дайшлі яго рэшткі, але і яны пераконваюць у тым, наколькі магутнымі ў творчым волевыяўленні былі нашы пашанотныя продкі. Нам, нашчадкам, ніяк нельга гэтую славу зганьбіць. Кажуць, векавы дуб (адзінае, што дайшло да нас ад Дамейкаў у добра захаваным выглядзе) мае гаючыя ўласцівасці. Дуб мы, канешне ж, памацалі і з новымі сіламі рушылі далей...

Ці не самы галоўны клопат для ўстаноў культуры нашай краіны — выкананне плана платных паслуг. Для прыцягнення наведвальнікаў і, адпаведна, сродкаў культасветработнікі што толькі ні прыдумляюць: і расаду разводзяць па вясне, і бліны выпякаюць на Масленку... І пры гэтым часам не выкарыстоўваюць відавочныя магчымасці. Скажам, чаму б таму ж вясковаму бібліятэкару ці работніку клуба не праводзіць экскурсіі па мясцовых славутасцях? Відавочна, у выйгрышы будуць усе: і турысты, у тым ліку выпадковыя, і ўстановы культуры, у якіх з’явіцца чарговая графа фінансавых паступленняў.

 

Івесь — як кніга

 

У аграгарадок “Івесь” Глыбоцкага раёна мы прыбылі а 16-й гадзіне. На спідометры — 211 км. Як сведчыла інфармацыя на стэндзе, населены пункт налічвае ўсяго 163 жыхары. “К” шмат разоў пісала пра мясцовыя платныя паслугі, дзякуючы якім і адпачыць у азёрным кутку можна, і да мясцовай культуры з гісторыяй далучыцца. Гэтым разам мы вырашылі спыніцца на бібліятэчнай дзейнасці.

А ёю ў Івесі кіруе Таццяна Місевіч. Таццяна Уладзіміраўна нядаўна апублікавалася ў нас пад рубрыкай “Рэйтынг ідэй з інтэрнэт-прасторы”. Наогул, камп’ютар у бібліятэцы прысутнічае не для інтэр’ера, а для штодзённай працы па вышукванні крэатыву. У бібліятэцы — 380 чытачоў (з улікам не толькі мясцовых жыхароў). І гэта — сапраўдныя чытачы. Бо будні насычаны не адно кнігавыдачай, але і “калякніжнымі” справамі, у тым ліку ўдзелам у міжнародных культурных праектах.

Паплюхаўшыся ў мясцовым возеры і прачытаўшы маляўнічую Івесь, як непаўторную па стылі і афармленні кнігу, рушым далей...

 

У госці да Быкава праз арыгамі

 

Мы — ва Ушацкім раёне. Да Бычкоў, дзе нарадзіўся Васіль Быкаў, — пару кіламетраў. Там мы былі шмат разоў. Таму ў 16.35 спыніліся ў Кублічах (324 жыхары) і... аслупянелі: сельская бібліятэка носіць імя славутага празаіка. Ці шмат такіх пашанотных устаноў на Беларусі? Любы турыст падобную цікавостку ніколі не абміне. Ці ёсць у бібліятэцы кнігі народнага пісьменніка з ягонымі аўтографамі? Ці завітваў сюды сам Быкаў? Што цікавага з жыцця ды творчасці празаіка нам распавядуць ва ўстанове?

На жаль, на большасць нашых пытанняў бібліятэкар Вольга Жаваранак адказаць не здолела. І справа не толькі ў тым, што чалавек практычна не валодае беларускай мовай (ці ж гэта дзіва для Беларусі!). Проста, Вольга Мікалаеўна працавала дагэтуль у бытавым абслугоўванні і не мае спецыяльнай адукацыі. Магчыма, з-за гэтага і не мае імпэту для “запальвання” чытацкіх душ... З іншага боку, нельга не адзначыць: бібліятэка карыстаецца папулярнасцю ў мясцовых жыхароў. Пад час нашага візіту некалькі чалавек выбіралі літаратуру…

Праз дарогу ад бібліятэкі — СДК у адмысловым памяшканні. Уражанне такое, што тут калісьці быў панскі маёнтак. Шыбуем у клуб і сутыкаемся з вялізным валуном, на якім пазначана, што ў Кублічах нарадзіўся Арцём Вярыга-Дарэўскі — пісьменнік, публіцыст, фалькларыст і пачынальнік новай беларускай літаратуры. Пытаемся ў мясцовых школьніц: “Ці ведаеце свайго земляка?” “Не-е-е”, — саромеюцца тыя.

У СДК — чарговае расчараванне. Кіраўнік установы Раіса Пабойнева (у адрозненне ад Вярыгі-Дарэўскага) мясцовым фальклорам не займаецца. Быў тут фальклорны калектыў “Валошкі”, але некалькі гадоў як ужо знік. Замест гэтага ў СДК — гурткі арыгамі, бісерапляцення, усходняга танца... І гэта ў асяродку, дзе зараджалася і буяла нацыянальная айчынная літаратура... Дарога на Бычкі для турыста, знаёмага з нашай спаконвечнай спадчынай, пакуль не вельмі радасная на знаходкі ды адкрыцці. Брэндаў шмат, аднак замест іхняй раскруткі — арыгамі з бісерам пад усходні акампанемент…

Дарэчы, што за будынак выкарыстоўваецца пад СДК, мы так і не высветлілі. Кажуць, нібыта маёнтак пана Маліноўскага, але доказаў клубныя краязнаўцы не маюць...

 

Новая структура — новыя памкненні?


Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ушацкага райвыканкама кіруе Вольга Захаранка (былы раённы ідэолаг), яе намеснік — Марыя Шаўчэнка (колішні галоўны спецыяліст аддзела культуры), за справы моладзі адказвае спецыяліст Надзея Гардзіёнак... Мы паведамілі Вользе Захаранка пра свае ўражанні ад убачанага ў Кублічах — знайшлі поўнае ўзаемаразуменне. Так, сітуацыю варта змяняць. Так, кадравая праблема мае месца.

Мы разгаварыліся пра неадкладны аддзелаўскі клопат. Па меркаванні Вольгі Захаранка, быкаўскія мясціны проста заклікаюць мясцовых работнікаў культуры стварыць літаратурны фестываль! Ідэя ж пакуль гэтым жаданнем і абмяжоўваецца. Яшчэ адзін фестываль, што сумуе па адмысловым арганізатары…

Кіраўнік новага аддзела пераканана: з гаспадарчых спраў неадкладнымі лічыць варта рамонт ДШМ і Музея народнай славы. Мы, у сваю чаргу, дадалі б у гэты спіс райцэнтраўскіх культурных першазадач і Раённы дом рамёстваў. Справа ў тым, што, па словах кіраўніка рамесніцкай установы Міхаіла Багдановіча, размовы пра якасную рэканструкцыю РДР не сціхаюць які ўжо год, але ж сітуацыя не змяняецца. Хоць і прадстаўлены тут усе мясцовыя рамёствы, умоў для іх пераемнасці — аніякіх. З-за цеснаты і колькасць дзяцей-гурткоўцаў невялікая. Між тым, менавіта Віцебшчына — заканадаўца моды ў станаўленні ды развіцці традыцыйнага рамесніцкага мастацтва...

/i/content/pi/cult/437/9098/10-3.jpeg

Дырэктар РДР з Ушачаў Міхаіл Багдановіч.

Карацей, спраў у новага аддзела — не менш, чым у старога.

 

Нястомны Пётр


Дванаццаць выездаў у месяц! Менавіта столькі робіць ушацкі аўтаклуб, якім кіруе Пётр Алексяёнак. У выніку кожную з паўсотні вёсак, што знаходзяцца ў зоне мабільнага абслугоўвання, наведваюць цягам года мінімум па тры разы. Мы толькі пабачылі Пятра, як адразу зразумелі: гутарка будзе доўгай і дужа карыснай для тых чытачоў, чые аўтаклубы, нібы міражы ў пустыні, блукаюць, дзе заўгодна, ды толькі не скіроўваюцца ў бок маланаселеных і аддаленых вёсак...

/i/content/pi/cult/437/9098/10-2.jpeg

Дырэктар аўтаклуба з Ушачаў Пётр Алексяёнак збіраецца ў чарговы рэйс.

Значыць, так, Пётр — малады і нежанаты. Паспявае выконваць функцыі не толькі дырэктара ды вадзіцеля аўтаклуба, але і мастацкага кіраўніка клуба ў Дольцах. Дагэтуль жа там ніводнага калектыву не было. А цяпер — унікальны ансамбль побытавага танца, актыўны ветэранскі ансамбль. Сам валіць валёнкі, робіць кашы для грыбоў і бульбы, грае на гармоніку, упэўнены карыстальнік камп’ютара. Сумуе, што няма рэспубліканскіх нарад ды семінараў для дырэктараў аўтаклубаў. А яму ёсць што сказаць на такіх семінарах. Да прыкладу: “А давайце зладзім абменныя міжраённыя і міжабласныя абменныя канцэрты аўтаклубаў!” Ці яшчэ: “А чаму б у Інстытуце культуры Беларусі не вучыць кіраўнікоў аўтаклубаў арыгінальнаму ды нестандартнаму стаўленню да працы?!” Карацей, побач з Пятром нязменна трапляеш у вір ідэй, прапаноў і невынішчальнай прагі творчага самавыяўлення. Хто запярэчыць, што дырэктар аўтаклуба — не брэнд Ушацкага раёна?..

За ўсе тры дні вандроўкі ўстановы культуры, якія мы наведалі, працавалі ў строгай адпаведнасці з працоўным графікам. Мы парадаваліся. І праца гэтая, за рэдкім выключэннем, падалася нам разнастайнай ды нясумнай. Адзін толькі Пётр Алексяёнак чаго варты! Проста, незразумела, чаму ён дасюль халасты... І куды толькі вясковыя дзяўчаты глядзяць!..

Яўген РАГІН і Кастусь АНТАНОВІЧ,

нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Віцебская вобласць —

Магілёўская вобласць — Мінск

Фота аўтараў