Знаёмства з Інтэрнэтам адбылося на пачатку тысячагоддзя. Цяпер магу з упэўненасцю сцвярджаць, што Сеціва — атрыбут сучасніка, які не саступае наяўнасці ў чалавека мабільніка ці пральнай машыны.
1. Выдатны сродак інфармацыі
Радыё саступае Інтэрнэту ў мабільнасці, паколькі там выпускі навін гучаць у канкрэтныя часавыя прамежкі. Інфармацыя ж у Сеціве можа з’явіцца ў любы момант. Прычым захоўваецца яна там колькі заўгодна, што зручна пад час пошуку падзей і фактаў. Сёння радыё не існуе без Інтэрнэту, бо калі вярстаецца выпуск навін, рэдактары адсочваюць цікавае і актуальнае на сайтах устаноў-партнёраў альбо на старонках інфармагенцтваў. Зразумела, рэдакцыя атрымлівае паведамленні і па тэлефоне, але ж на першым месцы — усё адно электронная пошта ды сайты.
2. Крыніца звестак пра творцаў
Менавіта ў Інтэрнэце ўтрымліваецца багатая музычная база, і калі добра ў ёй “пакорпацца”, можна знайсці даволі рэдкія запісы, якія часта ўпрыгожваюць эфіры. Сеціва сцірае межы паміж краінамі — маю на ўвазе перш за ўсё культурныя праекты. Дастаткова знайсці запісы спектакляў, канцэртаў ці фільмаў, каб быць у курсе навінак, традыцый ці почырку творцы. Да таго ж, не выходзячы з дому, можна трапіць на прамыя трансляцыі з Метраполітэн-оперы ці паслухаць выступленне Даліды ў “Алімпіі”.
3. Магчымасць прэзентаваць сябе
Любая кампанія, зацікаўленая ў продажы сваёй прадукцыі, проста абавязана мець сайт, дзе патэнцыйныя пакупнікі могуць знайсці інфармацыю з апісаннем тавараў. Папулярныя старонкі ў ЖЖ ці ў сацыяльных сетках — гэта таксама самапрэзентацыі. На старонках мы размяшчаем улюбёную музыку, упадабаныя відэазапісы, дзелімся думкамі, каментуем… І тым самым адкрываем сябе, свой унутраны свет іншым карыстальнікам.
4. Эканомія часу
Інтэрнэт — гэта энцыклапедыя на розныя тэмы, матэрыял якой непадуладны разбурэнню ад знешніх фактараў.
5. Магчымасць размаўляць з усёй планетай
Наяўнасць сацыяльных сетак, відэасувязі, электроннай пошты — просты спосаб падзяліцца з госцем праграмай, што атрымалася пасля мантажу. Гэта просты спосаб наладжваць “культурныя масты” з калегамі з іншых краін. Хаця — ніякі камп’ютар не заменіць жывых зносін…
Фота Максіма КАРАСЦЯЛЁВА