Кошт сацыяльнага сяброўства

№ 29 (1103) 20.07.2013 - 27.07.2013 г

Праблемы раённай ДШМ вырашаюцца аўтарытэтам кіраўніка

Яўген ЯСЬКОЎ — дырэктар Абухаўскай дзіцячай школы мастацтваў, чалавек, для якога прафесійнае рэнамэ заўжды вышэй за велічыню заробку. Дзясяткі гадоў таму ведаў, на што ішоў. З таго часу прэстыж работніка культуры ў грашовым вылічэнні не павялічыўся. Урэшце, павінна ж быць хоць нешта стабільнае ў свеце...

А вось аўтарытэт Яўгена Яськова ад узроўню зарплаты не залежыць. У Гродзенскім раёне ягоная школа — адна з лепшых. Заўжды побач — жонка Ніна, аднадумца і выкладчыца Абухаўскай ДШМ. У Мінску — сын Канстанцін, вядомы ўжо кампазітар ды лаўрэат міжнародных конкурсаў. “Тылы”, як кажуць, — забяспечаны. А дабрабыт збольшага замяняюць хатняя ўтульнасць і ўпэўненасць у тым, што ўсе Яськовы робяць справу, без якой свет быў бы шэрым...

Мы знаёмы ўсё жыццё, бо нарадзіліся ў Ветцы. Там ён таксама кіраваў музычнай школай. А на Гродзеншчыну прыехаў у 1991-м. У Абухаўскай ДШМ пад час майго прыезду распачынаўся бягучы рамонт…

/i/content/pi/cult/436/9074/1-1.jpeg

— Працаваў дырэктарам ДШМ у Сапоцкіне, — распавядае Яўген, — праз пятнаццаць гадоў перавялі ў Абухава...

— Наколькі я ведаю, тут была выключна складаная абстаноўка і з кадрамі, і з матэрыяльна-тэхнічнай базай. Музычную школу ў Абухаве ўвогуле хацелі закрыць...

— Прыкладна гэтак усё і было. Кіраўніцтва сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву былі настроена на тое, каб менавіта такім чынам ліквідаваць праблему. У наш будынак нават меркавалася падсяліць амбулаторыю. Не хачу спыняцца на сутнасці тагачаснай праблемы... Заўважу толькі, што мне пашанцавала: у гэты ж год змянілася кіраўніцтва і райвыканкама, і аддзела культуры. Старшынёй стаў Ян Васілеўскі, а начальнікам — Ігар Лябецкі. З гэтага ўсё і пачалося. Лябецкі вырашыў будынак “адбіць”. За кошт аддзела культура адразу распачалі рамонт. Уклалі каля 600 мільёнаў. Мэблю ў кожны клас рабілі па індывідуальнай замове. А старшыня мясцовага СВК Ілья Сінько дапамог з дахам (паркет на паверхах гніў ад дажджу), потым — з фасадам. Навакольная тэрыторыя добраўпарадкавана пры ягонай непасрэднай падтрымцы.

— Як навучыцца сябраваць з начальствам? Не “заляцацца”, а — менавіта сябраваць.

— Уся справа — у сур’ёзнасці намераў. Калі кіраўнік бачыць, што я ў Абухаве — усур’ёз і надоўга, калі адчувае, што словы мае не разыходзяцца са справамі, дык і стаўленне да мяне — адпаведнае. З такога ўзаемаразумення і пачынаецца калі і не сяброўства, дык сацыяльнае партнёрства — абавязкова... Але сур’ёзнасць намераў неабходна пацвярджаць штодзённа. Вось такі ўніверсальны “рэцэпт” узаемакарыснага ўзаемадзеяння з уладамі...

— Колькі на пачатку твайго дырэктарства было вучняў?

— Каля сямідзесяці. Было шмат “мёртвых душ”: лічыліся, але не вучыліся. Пачаў з адсеву такіх школьнікаў... На сёння ў нас — без малога 130 дзяцей, якія праходзяць навучанне на музычным і выяўленчым аддзяленнях. Дарэчы, непаўторны мастацкі роспіс нашых памяшканняў — справа рук менавіта нашых школьных мастакоў...

— А што цяпер замінае ў працы вам, дырэктарам ДШМ?

— Заканадаўчыя нюансы не замінаюць. Новыя навучальныя планы — дастаткова “гнуткія”. Прынамсі, можна выкарыстаць шмат дадатковых гадзін за кошт прадметаў па выбары. Але ёсць пытанні па праграмах для музычных школ, асабліва — сельскіх. Тэхнічную базу гарадскіх устаноў і аграгарадоцкіх мо і не варта адрозніваць, бо іншым разам яна ў аграгарадках — больш грунтоўная. А вось дзеці ў гарадах ды сёлах — розныя. З гэтай нагоды і варта ўдасканаліць праграмы па сальфеджыа, музычнай літаратуры... Сённяшнія разлічаны на вельмі адораных дзяцей, якія збіраюцца працягваць музычную адукацыю і надалей... Не падумай, што ў нас такіх няма. Прафарыентаваныя групы мы па выніках іспытаў мэтанакіравана вядзём ад другога класа. І паступаемасць у нас — неблагая і сярод “музыкантаў”, і сярод “мастакоў”.

— Згодны, дзеці, арыентаваныя на агульную музычную адукацыю, могуць і не “загружацца” ў такіх памерах сальфеджыа. Для мяне, дылетанта, галоўнае ў тым, што падлеткі, выхаванне якіх палягае ў прасторы эстэтызацыі, не стаяць на ўліку ў камісіях па справах непаўналетніх. Яны — будучыя “прафесійныя” гледачы, слухачы і чытачы...

— Падобная эстэтызацыя павінна быць нормай і для агульнаадукацыйных школ. Уражанне часам такое, што мы выхоўваем прагматыкаў, а не асоб, здольных самастойна думаць і суперажываць, — вось гэта праблема з праблем. Таму, я думаю, у краіне іншым разам пустуюць кінатэатры, музеі ды бібліятэкі.

— Мы паглядзелі на школьныя цымбалы і гітары, зробленыя гродзенскім майстрам па замове... Якім чынам у раёне дамагліся вырашэння праблемы са зношанымі інструментамі?

— Я падаю заяўку ў аддзел культуры — заяўка задавальняецца. Гэтак жа робяць і калегі па раёне. У выніку ў нас амаль няма зношанага інструментарыя... І не забывай, што чым старэйшы баян, тым якасней ён зроблены. Майстроў з Мінска запрашаем штогод. Хапае інструментаў і для конкурсаў.

— Тры камп’ютары для сельскай ДШМ. Ці не замнога?

— Ну вось вырашылі спрасціць такім чынам выкладанне тэарэтычных дысцыплін. І гэта не “фішка” аграгарадка “Абухава”, а патрэба часу, як мне падаецца. Аддзел культуры тут ізноў пайшоў насустрач. Камп’ютарныя класы павінны быць для аграгарадкоў нормай. Натуральна, карыстаюцца сучаснай тэхнікай не толькі вучні, але і выкладчыкі. Інтэрнэт — невычэрпная крыніца метадычнай дапамогі.

На здымку: дырэктар Абухаўскай ДШМ Яўген Яськоў.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"