А для гэтага што толькі ні выкарыстоўваецца: самаробныя разныя дамкі-стэлажы, халадзільнікі, якія адпрацавалі свой век, нават — паркавыя лавы. Сядзі, выбірай кніжку па гусце і чытай у ахвотку. Выданне можна забраць дахаты: вулічныя “паліцы” наноў запаўняюцца неабыякавымі чытачамі, якім не шкада старой літаратуры. У выніку такога грамадскага руху расце колькасць аматараў друкаванай прадукцыі. Беларускія гарады і сёлы такім бібліятэчным самаабслугоўваннем у фармаце спрошчанага буккросінгу пахваліцца не могуць. А чаму? Падаецца, справа цікавая і для валанцёраў, і для бібліятэкараў.
Ала ДРАГАН, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ:
— Летась пад час Дня беларускага пісьменства мы правялі на плошчы райцэнтра акцыю “Вазьмі кнігу ў падарунак”. На стале было 170 экзэмпляраў класічнай літаратуры. Дык вось, размялі яе ўвобмірг! Я і не чакала такога выніку. Канешне ж, былі сярод карыстальнікаў той літаратуры і сапраўдныя аматары чытання, але, напэўна, знайшліся і ласыя на дармаўшчынку... Пескаўская бібліятэка рабіла ў чэрвені чытальныя лужайкі для дзяцей...
А вось ідэя стварэння маленькай вулічнай бібліятэкі з імправізавана змяняемым фондам, шчыра кажучы, на розум не прыходзіла. Мне асабіста такая ідэя вельмі падабаецца. 4 жніўня, пад час нашага традыцыйнага Свята выхаднога дня для дзяцей і іх бацькоў, паспрабуем яе ажыццявіць. Трэба будзе загадзя паклапаціцца пра рэкламу будучай акцыі з дапамогай мясцовых СМІ…
Вольга ПАЛУНЧАНКА, колішні бібліятэкар, сёння — “прафесійны” чытач з Віцебска:
— Калі ў Еўропе такая практыка прыжылася, дык, напэўна, варта і нам паспрабаваць — хаця б дзеля папулярызацыі чытання. Я, да прыкладу, адпачывала нядаўна ў Нясвіжы, шмат часу праводзіла ў парку Радзівілаў. І калі была б там гэткая паліца з літаратурай пра Нясвіж — чытала б гадзінамі, не адрываючыся... Але ж будучыня бібліятэк, па маім цвёрдым перакананні, — за інфармацыйнымі цэнтрамі. Цяпер у электрычках нават бабулі электронныя кнігі чытаюць. А імправізаванымі вулічнымі паліцамі для абменных кніг нашы бібліятэкі колькасць чытачоў не павялічаць. Так што змест бібліятэчнай справы змяняць трэба карэнным чынам. У іншым выпадку, зусім чытаць перастанем…