Алена ЛЯШКОВІЧ, дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
1. Паглядзім трывізар
3D-тэхналогія прадстаўлена ў экспазіцыі. У другой чарзе новай экспазіцыі мы таксама плануем выкарыстоўваць яе ў тэатральнай зале. У наведвальнікаў з’явіцца магчымасць праглядаць у гэтым фармаце запісы купалаўскіх спектакляў. У тэатральнай зале неўзабаве будзе ўстаноўлены і трывізар, які дасць магчымасць пабачыць выявы музейных прадметаў (да прыкладу, тэатральныя касцюмы) з кожнага боку і без 3D-акуляраў.
2. А што там у філіялах?
У нашым інфакіёску можна зрабіць віртуальны агляд выставак нашых філіялаў. Вельмі добрая рэклама. Пасля Мінска наведвальнік скіроўваецца, скажам, у Ляўкі. Мяркуем зладзіць віртуальную выстаўку новай экспазіцыі на музейным сайце. Інтэрнэт-карыстальнікаў вельмі шмат, і не варта забывацца, што ўсе яны — нашы патэнцыйныя наведвальнікі.
3. Сацыяльныя сеткі — рэклама
Для рэкламы выкарыстоўваем і сацыяльныя сеткі, хоць, відаць, і не напоўніцу. Займаюцца гэтым ці не ўсе супрацоўнікі музея, распаўсюджваючы інфармацыю праз свае ўласныя старонкі... Зараз ствараем музейныя старонкі адразу ў некалькіх сацыяльных сетках.
4. Калі рукапіс не гарыць
Алічбавалі вельмі шмат музейных прадметаў. Ёсць, да прыкладу, электронны каталог аўтографаў першага народнага паэта Беларусі. Самы ранні аўтограф датуецца 1911 годам. Папера ж не можа захоўвацца вечна, а “лічба” дае ўпэўненасць, што і нашы далёкія нашчадкі ўбачаць спадчыну Купалы.
5. Электронны банк
Плануем стварыць відэаахоўны банк усёй нашай музейнай калекцыі. Безумоўна, гэта патрабуе часу, але мы займаліся і будзем займацца дадзенай справай. Алічбоўка, скажам, рукапісу будзе гарантаваць не толькі яго вечнае захаванне, але і стане доказам таго, што прадмет належыць менавіта нашаму музею.