Новая “карцінка” фестывалю

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

“Славянскі базар...” імкнецца здзіўляць. І не толькі чыстым гукам

"Славянскі базар..." імкнецца здзіўляць. І ў гэтым — адна з канцэпцый Міжнароднага фестывалю мастацтваў. Прынамсі, яго новы дырэктар Аляксандр СІДАРЭНКА (колішні намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама) упэўнены, што гледачы канцэртных праграм не знойдуць падстаў для суму. А сума грашовых прыбыткаў ад пяцідзённай творчай дзеі, як плануецца, перавысіць леташнюю...

“Фестываліць” Віцебск будзе з 11 па 15 ліпеня. Жыхары абласнога цэнтра ў чарговы раз займеюць магчымасць сцвердзіць з законным гонарам: “Дваццаць два гады запар горад збірае ў Амфітэатры ці не ўвесь мастацкі свет, і дваццаць два гады, насуперак віцебскім залевам, ззяе пад валошкавым небам Шагала святло сяброўства і дабрыні!” Напэўна, ніхто не аспрэчыць такую выснову. Але любое ўсенароднае свята вымагае адпаведнай падрыхтоўкі. Пра гэта і гутарка з кіраўніком Цэнтра культуры “Віцебск” і дырэктарам “Славянскага базару...”.

— Аляксандр Пятровіч, новыя пасады — новыя цяжкасці і праблемы?

/i/content/pi/cult/432/8970/1-1.jpeg

— Руліць такой махінай, як “Славянскі базар...”, натуральна, няпроста. Праблем, адпаведна, — шмат. І нельга вылучыць з іх нейкія галоўныя ці другарадныя. Усё звязана з тым, каб унікнуць у кожны нюанс, усё арганізаваць і на высокім ўзроўні правесці фестываль. Нягледзячы на тое, што асноўны аб’ём падрыхтовачных работ выкананы, штодня ўзнікае мора пытанняў... Карацей, нармальны бесперапынны рабочы рэжым, якога вымагаюць фестывальныя маштабы.

— Каманду захавалі?

— Маю працу значна спрашчае тое, што людзі, якія больш за дваццаць гадоў стваралі ды ўвасаблялі фестываль у жыццё, у асноўным і засталіся. І кожны цудоўна ведае сваю дзялянку шчыраванняў. Многаму вучуся ў такіх прафесіяналаў. Не пачынаю з нуля, а каардыную працэс, уношу свае прапановы, з іх дзейснай дапамогай рэалізоўваю ўласныя ідэі... Напоўніцу заняты ў фестывальнай падрыхтоўцы і супрацоўнікі Цэнтра культуры “Віцебск”. І ўвогуле, на базе кожнага нашага філіяла (Цэнтр культуры “Віцебск”, Дырэкцыя фестывалю, Летні амФфітэатр, Канцэртная зала “Віцебск”, выставачная зала “Духаўскі круглік”, комплекс адпачынку імя Савецкай Арміі) будуць праходзіць тыя або іншыя фестывальныя мерапрыемствы.... Карацей, усе мы цяпер жывём “Славянскім базарам...”.

— Дык што канкрэтна зроблена для таго, каб выбіць глебу з-пад ног у тых, хто прызвычаіўся крытыкаваць фестываль за пэўную аднастайнасць?

— Крытыка крытыкай, але як скінеш з рахункаў тое, што глядач нязменна чакае “Славянскі базар...” і з ахвотай галасуе за яго ўласным рублём, набываючы білеты на канцэрты… Так што папулярнасць фестываль не страчвае, што даказваюць вялізныя чэргі ў касы з першага дня продажу. Я перакананы: у нашага форуму быў, ёсць і павінен заставацца канцэптуальны структурны “стрыжань”... Несумненна і тое, што час дыктуе пэўныя штогадовыя фестывальныя змены. І гэта таксама правільна... Сёлета ў нас не будзе асобных гала-канцэртаў майстроў мастацтваў Беларусі, Расіі, Украіны — усе яны сабраны ў адзіным канцэрце “Саюзная дзяржава запрашае”, удзел у якім прымуць таксама выканаўцы з Казахстана, Латвіі, Літвы, Харватыі... Такое рашэнне аказалася правільным. Білеты былі цалкам рэалізаваны за першыя лічаныя дні.

— Камерцыйны бок фестывалю — асноватворны?

— Прынамсі, ігнараваць яго мы не збіраемся. Лічым кожны рубель. Але не забывайце пра яшчэ адну фестывальную традыцыю, звязаную з пастаяннай дэмакратычнасцю білетных цэн, што якасна адрозніваюцца ад цэн сусветных фестываляў у Еўропе. Нават у Мінску сольныя канцэрты — значна даражэйшыя...

— Ці стаў “Славянскі базар...” самаакупным?

— Паступова, крок за крокам, мы да гэтага набліжаемся. Сёлета, у параўнанні з мінулым годам, таксама мяркуем павялічыць фестывальныя даходы.

— Якія яшчэ фестывальныя ідэі цяпер рэалізоўваеце?

— Адсачылі, што назіраецца тэндэнцыя зніжэння глядацкай цікавасці да конкурсных мерапрыемстваў “Славянскага базару...” Вырашылі на канцэрце адкрыцця фестывалю зрабіць яркую прэзентацыю канкурсантаў. А ўзнагароджваць іх будзем пад час заключнага канцэрта. Для гэтага распрацаваны арыгінальныя рэжысёрскія ідэі (рэжысёры — Ірына Коўлена і Марына Раманоўская, супрацоўнікі ЦК “Віцебск”).

— Колькі слоў пра тэхнічную “эвалюцыю” Амфітэатра.

— Апаратура тут пастаянна ўдасканальваецца, бо тэхнічныя райдары многіх артыстаў таксама штогод змяняюцца... Нешта дадаткова бяром у арэнду, нешта набываем... Я казаў ужо пра тое, што сцэнаграфія будзе прынцыпова новай і заснаванай на вялізнай колькасці святлодыёдных экранаў ды сетак. Для асноўных мерапрыемстваў распрацоўваецца арыгінальны відэакантэнт: кожны нумар мяркуем суправаджаць сваёй “карцінкай”. Упершыню ў гісторыі правядзення “Славянскага базару ў Віцебску” на планшэце сцэны з’явіцца святлодыёдны подыум, спецыяльна распрацаваны па тэхналогіі “LED-floor”. Гэты элемент дэкарацыі збіраецца са святлодыёдных кубоў, што маюць празрыстую паверхню, па якой могуць перамяшчацца артысты і дэкарацыі. Для ўзмацнення відовішчнасці і эмацыйнасці кожны сцэнічны нумар будзе арганічна дапоўнены спецыяльна распрацаванымі слайд-матэрыяламі і відэафутажамі для экранаў і падлогі. Усё робіцца і для таго, каб якасным заставалася і тэлевізійнае адлюстраванне канцэртаў. З гэтай прычыны сцэнаграфія — не тэатральная, а разлічаная на кідкасць менавіта тэлевізійных версій.

— Каго з зорак чакаеце?

— Іх будзе як мінімум некалькі дзясяткаў. Сярод іх — расіяне Агуцін, Варум, Праснякоў, Падольская, Ваенга, Малінін, Арбакайтэ... Чакаем вядучых расійскіх гумарыстаў. Мяркуецца зборны канцэрт італьянскіх эстрадных зорак. Ларыса Доліна выступіць з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Аматарам больш жорсткай музыкі прапаноўваецца канцэрт “Рок-панарама”. У Канцэртнай зале “Віцебск” выступіць з новай праграмай Прэзідэнцкі аркестр Рэспублікі Беларусь, іншыя сусветна вядомыя выканаўцы. Гледачоў чакае і тэатральная праграма...

— На Плошчы Зорак заззяе новая?

— Гэта будзе зорка Эдзіты П’ехі.

Фота Сяргея СЕРАБРО

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"