Вятрак чакае “млынара”

№ 25 (1099) 22.06.2013 - 29.06.2013 г

Рэальнасць рэгіянальнай культуры: “жывыя” двары і ненароджаныя ідэі

Акцыя “К”: журналісцкі аўтапрабег па СДК і не толькі

За першы дзень аўтавандроўкі рэгіянальная культура паказала нам і станоўча-ўзорнае, і занядбана-адмоўнае. Вось такая яна, наша беларуская вёска — розная, стракатая, супярэчлівая і не вельмі багатая на жыхароў. Вось такая яна, рэгіянальная культура. Часам — яркая, уражальная ды эфектыўная, а іншым разам, на вялікі жаль, — бедная на ідэі і не надта ўплывовая на душы ды сэрцы... Расповед у сённяшнім артыкуле — пра ўстановы культуры Міншчыны і Брэстчыны.

Саска Ліпка — брэнд?

Напрыканцы першага дня ў Нясвіжскім раёне мы здолелі пазнаёміцца толькі з вёскай Саска Ліпка. Самая што ні ёсць брэндавая назва. Аказваецца, мясцовы пан калісьці захапляўся ліпавымі алеямі і называў іх, быццам бы, “цацкамі”. Літары і гукі згладзіў-змяніў час. Як і ўсё астатняе. Калісьці мясцовая сельгасарганізацыя была вельмі заможнай. Пра гэта з упэўненасцю можна меркаваць па выглядзе будынка, дзе знаходзяцца клуб, бібліятэка, а на другім паверсе колісь размяшчалася кантора гаспадаркі.

Больш за паўстагоддзя таму быў будынак шыкоўным (поўная аналогія з пампезным гмахам у Вішняўцы на Стаўбцоўшчыне), але ці не палову тых гадоў не рамантаваўся. Выключэнне — другі паверх, дзе нават шклопакеты ёсць. Але знікла ў вёсцы школа (вучыцца дзяцей возяць за пяць кіламетраў у аграгарадок “Карцэвічы”). Знікла ў выніку аб’яднання і сельгасбрыгада. Кантора (са шклопакетамі) пустуе, а клуб з бібліятэкай гібеюць без рамонту…

Кіруюць апошнімі дзве Галіны — бібліятэкар Вальчык і клубнік Воўчык. Бягучы рамонт робяць сваімі рукамі, чакаюць блізкай пенсіі і спадзяюцца, што Саска Ліпка зноў ператворыцца ў “Цацку”. Прабылі мы тут з гадзіну. У бібліятэку так ніхто і не завітаў. Яно і не дзіва, бо ў 1982 годзе, калі Галіна Вальчык прыступіла да працы, фонд складаў 17 000 выданняў, а цяпер не дацягвае і да сямі (поўная адрознасць ад Баравога на Дзяржыншчыне). Літаратура збольшага — праграмная. Саска Ліпка — не аграгарадок, камп’ютара ў бібліятэцы няма. Яшчэ адна прычына бязлюддзя.

/i/content/pi/cult/432/8969/2-1.jpeg

Наталля Кузіна цяпер выконвае абавязкі дырэктара РЦР у Русіно.

У Галіны Воўчык сітуацыя з клубам — прыкладна тая ж. Апаратура (за выключэннем мікшарнага пульта) — старэнькая. Моладзь аддае перавагу камерцыйнаму забаўляльнаму цэнтру ў цэнтры вёскі. Прынамсі, там можна прабавіць на дыскатэцы ўсю ноч. І “сухога” закону не існуе. Так што змрочны будынак (няхай і са шклопакетамі) да вясковага брэнда не дацягвае і будучыню мае самую непрадказальную. А шкада.

Сярэдзіна, але залатая

Перасякалі мяжу Брэсцкай вобласці і разважалі пры гэтым, што графік працы клубнай установы ў дзённы час — не догма. Галоўнае, каб з максімальнай нагрузкай працавала яна ў самы “бюджэтаўтваральны” — вячэрні — час. Патрабаванні да бібліятэк, вядома, больш жорсткія. Тут, як падаецца, нявыхад да рабочага месца не надта апраўдаеш загадкавымі запіскамі-абвесткамі кшталту “Сышла па неадкладных справах” — у адваротным выпадку, і без таго дэфіцытнага чытача можна згубіць...

Так разважаючы і не заўважылі, як дарога прывяла нас у аграгарадок “Жарабковічы”, што ў Ляхавіцкім раёне. Перад нашым візітам тут выпала столькі граду, што ў мясцовых мальцаў з’явіўся шчаслівы шанец пагуляць летам у снежкі. Але ўразілі не гэтыя дзівосы. А тое, што ў крамах, на вуліцах Жарабковічаў нам з ахвотаю распавядалі пра актыўнасць клуба. Некалькі разоў нават запрашалі там патанчыць гэтым вечарам. Да слова, у іншых вёсках асобныя мінакі проста не ведалі, дзе іхні клуб знаходзіцца...

Недзе а 17-й гадзіне мы ўваходзілі ў СДК. Фае запоўнена моладдзю, працуе спартыўны гурток па настольным тэнісе. Людна ў бібліятэцы. На твары дырэктара клубнай установы Яніны Кузняцовай — спакой і ўпэўненасць. А чаго хвалявацца? План па аказанні платных паслуг — выконваецца. Сельсавет дапамагае з набыццём канцэртных строяў. Прыватная прадпрымальніца Зінаіда Буевіч фінансава падтрымлівае любую клубную акцыю. Мясцовыя гурткоўцы сістэмна займаюцца краязнаўствам і мясцовым фальклорам. У клубе ёсць ноўтбук, прэтэнзій не выклікае і гукаўзмацняльная апаратура... У сферы культуры Яніна Кузняцова — два дзясяткі гадоў. Па ўсім бачна, што яна — добры гаспадар і арганізатар. Так, не мае творчых праектаў кшталту выкарыстання паветранага шара для аглядавых экскурсій. Затое мае значна большае — стабільнасць у працы і аўтарытэт сярод насельніцтва. Словам, залатая клубная сярэдзіна.

Яркі творчы праект асобна ўзятай сельскай установы — справа цудоўная. Але ці мала такіх праектаў, упакаваных у прыгожыя вокладкі, пакрылася пылам часу і незапатрабаванасці ў жыхароў? І галоўным у сельскай клубнай дзейнасці падаецца не ўменне пускаць гэты пыл у вочы, а жаданне застацца ў віхуры аптымізацыі на плаву. Да гэтага жадання дадаць бы яшчэ і памкненне кіраўніцтва рэспубліканскіх ды абласных курсаў павышэння кваліфікацыі сапраўды навучыць сельскія кадры праектнай дзейнасці, што за мяжой даўно стала нормай творчага жыцця. Час і нам пра гэтую норму паклапаціцца.

Ужо ўвечары ў вёсцы Зубялевічы, якую падзяляе ўздоўж шаша на Баранавічы, упершыню за вандроўку пабачылі работу аўтакрамы і рознаўзроставую немалую чаргу да яе. А наперадзе — вёска Русіно, дзе нас чакаў начлег.

Ганчарства, пчалярства, вясельны абрад…

Раённы цэнтр рамёстваў (галоўны і галаўны ў Баранавіцкім раёне) месціцца менавіта ў Русіно. У леташнім рэспубліканскім конкурсе сельскіх устаноў культуры прызавога месца ён не заняў. Была б наша воля, мы гэтае месца РЦР у Русіно прысудзілі б абавязкова. Познім вечарам пераканаліся, што алеі парку, дзе працуе ўстанова, не пустуюць: тут прагульваюцца мамы з дзецьмі, юнакі з дзяўчатамі. Такога ажыўленага вясковага парку ў Беларусі мы не бачылі. Брэнд? Самы ён! Але ж тут і апрача парка ёсць на што паглядзець ды над чым задумацца.

/i/content/pi/cult/432/8969/2-2.jpeg

Васіль Лаўрыновіч ля сядзібы Катлубея.

Ды спачатку — перадгісторыя. З канца 1930-х цягам дзесяцігоддзяў у будынку РЦР была школка. У свой час ёй кіравала Людміла Антыховіч-Валынец. Менавіта яна і дала нам начны прытулак ды распавяла, што дзверы ды вокны музея і адміністрацыі Дома рамёстваў з таго часу не замяняліся, бо добра захаваліся. Як зрэшты, захаваліся і традыцыі шанавання даўніны.

Музей узнік у выніку шчыравання руплівага краязнаўцы Міхася Берната і ў нечым падобны да Музея народнай архітэктуры і побыту. Абодва аб’екты знаходзяцца ў сельскай мясцовасці ды, разам з тым, у крокавай даступнасці ад горада. Ды і сам Цэнтр рамёстваў нагадвае, хутчэй, музейны комплекс. На яго тэрыторыі акрамя цудоўнай экспазіцыі — аб’екты старадаўняга народнага побыту: аўтэнтычны млын, паветка з атрыбутамі сялянскага жыцця, кузня... Вядома ж, баранавіцкі аб’ект не можа параўнацца маштабамі са сталічным комплексам (ды ў яго і зусім іншыя мэты). Тым не менш, ён мае шэраг пераваг. Гэта, найперш, майстры, якія не толькі займаюцца сувенірнай вытворчасцю, але і вучаць свайму рамяству. Нас уразілі работы, прысвечаныя айчыннай міфалогіі, гліняныя вырабы, а таксама дзіцячыя ўзоры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з элементамі арнаментаў слуцкіх паясоў — як-ніяк, сапраўдным трэндам апошняга часу сферы культуры.

Раней у некаторых гуртках займаліся не толькі дзеці ды падлеткі, але і дарослыя. На жаль, сёння прывабіць сталага чалавека ў такім адукацыйна-пазнаваўчым фармаце вельмі цяжка. Ды і вялікага натоўпу моладзі, ахвочай да спазнання народных рамёстваў, пакуль не назіраецца. Магчыма, з-за таго, што асноўны кантынгент навучэнцаў — выключна мясцовая моладзь. Па словах навуковага супрацоўніка РЦР Наталлі Кузінай, якая зараз выконвае абавязкі дырэктара ўстановы, з Баранавіч на заняткі ў Цэнтр некаторыя дзеці ходзяць толькі ўлетку, пад час гасцявання ў сваякоў на канікулах.

А вось на экскурсію прыязджаюць школьнікі не толькі з усяго раёна, але і нават з Гродзеншчыны. Праўда, і ў гэтым выпадку казаць пра паўнавартасную маркетынгавую стратэгію раённага аддзела культуры не выпадае. На сайце райвыканкама пра Цэнтр змешчана вельмі сціслая інфармацыя. А таму ратуе сітуацыю непасрэдны кантакт супрацоўнікаў РЦР з турфірмамі, а таксама публікацыі з анонсамі мерапрыемстваў у мясцовай прэсе. Што і казаць, ці не галоўны атрыбут любой саліднай установы сёння — паўнавартасная персанальная старонка Цэнтра ў Інтэрнэце — пакуль толькі ў планах.

І калі тыя планы збольшага віртуальныя, дык мэта, пастаўленая кіраўніцтвам раёна, — зарабіць 16 мільёнаў цягам года — рэальная. А чаму б і не? Тая ж магчымасць правядзення інтэрактыўных карпаратываў у Цэнтра маецца добрая. Балазе тэрыторыя амаль у два гектары дазваляе вылучыць месца для рэкрэацыйнай зоны. Праблема ў іншым: дазволу раёна на арганізацыю мерапрыемстваў такога кшталту няма…

Яшчэ адзін пункт магчымага заробку — правядзенне традыцыйнага вяселля. Ідэальнае месца для гэтага — Дом абрадаў, узвядзенне якога завяршаецца які год. Між тым, увосень плануецца актыўна яго выкарыстоўваць: тут будуць праводзіцца і народныя абрады земляробчага календара, і пастаноўкі батлейкі…

Што ж да вяселляў, то, па словах Наталлі Кузінай, зусім нядаўна ў Цэнтры адбыліся два “пробныя” абрады, якія атрымалі станоўчыя водгукі. Кошт "пытання" разам з фотасесіяй і экскурсіяй — 300 тысяч беларускіх рублёў. У рамках “праграмы” маладым трэба прайсці самыя розныя выпрабаванні. Да прыкладу, жаніх павінен змалоць муку на жорнах, а нявеста — сплесці паясок. Пасля ўсіх “пакут” маладыя атрымліваюць сувеніры: неразлучнікаў, дзесяціручку і багача — адметныя лялькі-абярэгі.

/i/content/pi/cult/432/8969/2-4.jpeg

Каларытны вятрак у Русіно.

Як кажуць супрацоўнікі РЦР, мясцовы “hand made” карыстаецца попытам. Думаецца, лёгка павялічыць апошні можна было б праз разнастайныя фестывалі. Як-ніяк, пчолы — ёсць, мёд — таксама, а вось адпаведнага свята пакуль няма. Праўда, без асваення новых плошчаў не абысціся: асноўная пляцоўка дазваляе прыняць толькі блізу 200 чалавек. Дапаможа выправіць сітуацыю новая ідэя супрацоўнікаў РЦР: плануецца зрабіць дзіцячую пляцоўку з гульнямі.

І ўсё ж разам са стварэннем новых аб’ектаў інфраструктуры Цэнтра рамёстваў варта ўпарадкаваць і старыя, аўтэнтычныя. Узяць, да прыкладу, той жа вятрак, які быў перавезены з Ляхавіцкага раёна ў 2004 годзе і ў якім дзейнічае экспазіцыя па земляробстве. Пад час нашага візіту на млыне не было электрычнасці. Як высветлілася, гэтая праблема застаецца нявырашанай ужо колькі тыдняў. Патрабуе рамонту і лесвіца, што вядзе на вятрак. Страха на аб’екце таксама чакае неадкладных работ: снежныя сумёты і дажджы не спрыяюць захаванасці млына і яго экспазіцыі. Які год супрацоўнікаў музея цешаць абяцанкамі, а рамонту так і няма…

Асабіста для мяне вяселле ў нацыянальных традыцыях — не толькі модны трэнд, але і даніна павагі продкам, нацыянальнай культуры. Да таго ж, такое вяселле — цікавая ды запамінальная дзея як для маладых, так і для шматлікіх гасцей. А калі так, чаму ж не выкарыстоўваць гэтую зацікаўленасць? Тым больш, цяпер месца рэгістрацыі шлюбу не рэгламентуецца “прапіскай”, а таму тыя ж дамы культуры і цэнтры рамёстваў могуць смела “змагацца” за “вясельнага кліента”.

Маёнтак Катлубея гібее

Наступны пункт вандроўкі па Баранавіччыне — вёска Цюхневічы. Сустрэчная бабуля здзіўляецца нашым пытанням: “Які там клуб?! Да нас часам і аўтакрама не дабіраецца! А што ж вы хочаце: у вёсцы толькі васямнаццаць “жывых” двароў засталося”. Напэўна, мы хочам многага. Дацяміць, да прыкладу, чаму бабуля нічога не ведае пра аўтаклуб ды бібліобус. Мо з хаты рэдка выходзіць і таму не чуе зазыўных песень аддзела культуры?

Пытанні такога ж кшталту не раз узнікалі і пры аглядзе маёнтка Катлубея ў вёсцы Ястрамбель. Цягам апошніх гадоў “К” перыядычна піша пра цікавую будыніну і мае магчымасць доказна сцвярджаць: сядзібны дом XIX ст. гібее на вачах.

Так атрымалася, што будынак сапраўды казачнай архітэктуры ў свой час не быў занесены ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Кіраўніцтва аддзела культуры Баранавіцкага райвыканкама змяняецца так часта, што цяпер, напэўна, і не знайсці канцоў праблемы пад агульнай назвай “А каму гэта было выгадна?”. У 1987-м тут, па словах мясцовага краязнаўцы Васіля Лаўрыновіча, жылі інтэрнацкія дзеці. Потым дом выкарыстоўваўся для гурткоў. І ўсе гады плынь “неарганізаваных” турыстаў да яго не спынялася. Лёс архітэктурнай цікавосткі прадвызначыўся тады, калі пры нейкіх экскаватарных работах былі парушаны ўсе камунікацыйныя сеткі. Пра рамонт і не падумалі. Дадзены артыкул, па аналогіі з папярэднім, можна было б назваць “Няма маёнтка — няма праблемы”. Але не будзем паўтарацца. Хоць недарэчныя аналогіі змушаюць адшукваць ва ўсіх хваравітых пытаннях аднолькавыя вытокі...

/i/content/pi/cult/432/8969/2-3.jpeg

Яніна Кузняцова.

Дык вось, інтэрната ў Ястрамбелі ўжо няма. Ёсць абласное кадэцкае вучылішча — на яго балансе дом Катлубея і знаходзіцца. Дарэчы, Васіль Лаўрыновіч кіруе ў вучылішчы музеем, дзе сабраны ўнікальныя рэчы, што распавядаюць пра лепшыя часіны маёнтка. Пра сённяшнія распавёў Васіль Лаўрыновіч. Маўляў, унікальны будынак выстаўлены на аўкцыён, а нейкі расіянін быццам адважыўся яго займець ды ўтварыць з маёнтка і ўнікальнага парку з возерам перспектыўную аграсядзібу. Але падобнае мы ўжо праходзілі, і не раз. Час мінае, зацікаўленага ўласніка няма, на даху сядзібнага дома ў ахвотку растуць дрэўцы, над усім гэтым, як над могілкамі, кружляюць гурганы, а дзяржава беззваротна губляе пашанотную колісь мінуўшчыну. Ці не занадта дарагая страта?..

Не хацелася б усё зводзіць да банальнай высновы: “Калі работнік культуры — асоба, дык яго ўстанова імкнецца да самадастатковасці”. Не хацелася б, але факт застаецца фактам: толькі ў такім выпадку клуб, бібліятэка ці Дом рамёстваў не знікаюць нават без належнай падтрымкі аддзела культуры. Абыякавасць нараджае супрацьлеглы эфект: парасткі культурнай нівы пераўтвараюцца ў пустазелле, над якім толькі і кружляць гурганам. І яшчэ адзін праблемны момант. Толькі ў Русіно за два дні вандроўкі мы пабачылі майстроў-рамеснікаў. Мёртвымі становяцца не толькі вёскі, але і традыцыйныя рамёствы…

Яўген РАГІН і Кастусь АНТАНОВІЧ, нашы спецыяльныя карэспандэнты

Мінск — Мінская вобласць — Брэсцкая вобласць —

Гродзенская вобласць — Мінск

Фота аўтараў

P.S. Наступныя артыкулы нашага аўтапрабегу будуць прысвечаны развіццю сельскіх устаноў культуры Брэстчыны і Гродзеншчыны.