МІНЯНКОВА Маргарыта Сяргееўна

№ 23 (1097) 08.06.2013 - 15.06.2013 г

4 чэрвеня 2013 г. пайшоў з жыцця вядомы беларускі музыказнаўца і педагог, заслужаны работнік культуры СССР і БССР МІНЯНКОВА Маргарыта Сяргееўна.

Маргарыта Сяргееўна пражыла вялікае, плённае на здзяйсненні жыццё, насычанае клопатамі руплівага педагога. Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны, М.С. Мінянкова была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай Вайны ІІ ступені, шматлікімі медалямі, у тым ліку "Партызану Вялікай Айчыннай вайны" І ступені. У 1950 г. М.С. Мінянкова скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Больш за 35 гадоў, з 1946-га па 1983-і, працавала выкладчыкам музычна-тэарэтычных дысцыплін у Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Белдзяржкансерваторыі імя А.В. Луначарскага (зараз — Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі), у Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя М.І. Глінкі, Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага. За гады працоўнай дзейнасці яна выхавала некалькі пакаленняў музыкантаў, сярод якіх — плеяда вядомых беларускіх кампазітараў, кандыдаты і дактары мастацтвазнаўства, буйныя музычныя дзеячы і педагогі. М.С. Мінянкова з’яўляецца аўтарам навуковых і метадычных работ, якія выкарыстоўваюцца ў класах сальфеджыа і гармоніі музычных навучальных устаноў рознага ўзроўню.

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, вучні і калегі Маргарыты Сяргееўны смуткуюць з прычыны яе смерці і выказваюць спачуванне ейным родным і блізкім.