“Беларусь — гэта лепшае, што ў мяне ёсць на душы...”

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Цяжкія шляхі і ростані Мікалая Пашкевіча, чый талент першым разгледзеў Казімір Малевіч

Вынесеныя ў загаловак словы Мікалай Пашкевіч вымавіў адразу пасля прыезду ў ліпені 1993 года ў Мінск. І дадаў: “Такога пейзажу, водару, цеплыні прыроды нідзе няма, нават у Літве, якая побач...”

А вось што казалі Мікалай Аляксандравіч і яго жонка Галіна Альфонсаўна Дакальская на наступны дзень пасля наведання Хатыні: “Такая ідэя, як званы, — гэта сусветная ідэя. Рэдкая ідэя... Уражанне — неверагодна вострае. Уся прырода звязана з тым трагічным выпадкам... Бачыце, мастацтва — квінтэсэнцыя ідэі. Мастацтва не ў тым, што вы расказваеце, а ў тым, што вы адчуваеце. Гісторыя — гэта не ёсць скульптура, гэта не ёсць жывапіс. І як толькі ўваходзіць што-небудзь апавядальнае — гэта ўжо літаратура. Гэта іншая галіна культуры. А вось званы ў полі... Як прыемна, што мемарыял стваралі таленавітыя людзі!”...

Старэйшыя нашы мастакі-аксакалы, канешне ж, памяталі гэтага таленавітага жывапісца, які, дарэчы, першым з дзеячаў беларускай выяўленчай культуры атрымаў напрыканцы 1930-х ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ён быў у авангардзе таго мастакоўскага племені, да якога належылі І.Ахрэмчык, З.Азгур, А.Бембель, А.Грубэ, В.Волкаў, Я.Зайцаў, В.Цвірка, П.Гаўрыленка, А.Шаўчэнка, А.Глебаў, Я.Мінін, Р.Семашкевіч, А.Тычына...

/i/content/pi/cult/425/8767/2-1.jpeg

Мікалай Пашкевіч у майстэрні. 1945 г.

Але калі па волі лёсу Мікалай Пашкевіч (разам з жонкай — мастачкай Галінай Дакальскай) у час Вялікай Айчыннай вайны апынуўся за мяжой, ягоная спадчына, як і ён сам, была цалкам выкраслена з гісторыі беларускага мастацтва: з кніг, энцыклапедый, падручнікаў, даведнікаў, альбомаў. Коратка кажучы — з памяці наогул. Дзякаваць богу, хоць шэраг жывапісных і графічных твораў мастака цудам захаваўся ў фондах Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, а мог бы быць адтуль проста выкінуты. Праўда, Галіне Дакальскай “пашанцавала” больш: ейная кароткая біяграфія ўвайшла ў 18-томную “Беларускую энцыклапедыю” (1998, т. 6, с. 12). Імя ж мастака Мікалая Пашкевіча — адсутнічае наогул… У рэшце рэшт, ён не згадваецца і ў фундаментальнай кнізе М.Арловай “Искусство Советской Белоруссии” (Масква, 1960, выд. Акадэміі мастацтваў СССР).

Самае цікавае, што нават у самым “аб’ектыўным” даведніку “Выставки советского изобразительного искусства 1933 — 1940-х годов” (Масква, “Советский художник”, 1967, т. 2), дзе даецца поўны пералік абсалютна ўсіх выставак СССР гэтага часу з указаннем удзельнікаў, імя Мікалая Пашкевіча (як і Г.Дакальскай) наогул не згадваецца! Канешне ж, выдавецтва тут ні пры чым: яно друкавала толькі тую хроніку мастацкага жыцця, якую яму прадстаўлялі рэспублікі (ад Беларусі такім “хранікёрам” тады быў супрацоўнік Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Раман Бадзін). Нават у часы, калі пасля смерці Сталіна мінула пятнаццаць гадоў, калі гістарычная “адліга” адчулася па краіне, “варожы вобраз” мастакоў-эмігрантаў яшчэ доўга лунаў у паветры…

Што і казаць, час быў такі: ніхто не спрабаваў аб’ектыўна разабрацца ў тым, што ж на самой справе здарылася ў вайну і пасля яе заканчэння з адным з вядучых ды паважаных мастакоў Савецкай Беларусі 1930-х. І толькі ў ліпені 1993 года, як кажуць, лёд крануўся…

…З далёкай Амерыкі, пасля паўвекавой адсутнасці, у Мінск са сваёй выстаўкай ды мастацкімі падарункамі прыехалі яны: Мікалай Пашкевіч, Галіна Дакальская і іхняя дачка Алія з мужам, доктарам Клэгам. У Мастацкім музеі іх вельмі цёпла сустрэлі вядомыя дзеячы культуры: тагачасны дырэктар установы Ю.Карачун, іхнія старыя сябры маладосці І.Давідовіч, Я.Ціхановіч, А.Гугель, пісьменнік С.Грахоўскі, а таксама мастацтвазнаўцы, журналісты, музейшчыкі, іншыя дзеячы культуры...

І першае інтэрв’ю з гасцямі тады для “Культуры” зрабіла журналістка Людміла Крушынская. А праз нейкі час два творы М.Пашкевіча — карціна “Вучоба” і малюнак свінцовым алоўкам “За чытаннем” — знайшлі сваё месца ў шыкоўным альбоме “Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацтва 1920 — 1950-х гадоў” (выдавецтва “Беларусь”). Зараз палатно “Вучоба” ўпрыгожвае беларускі аддзел Нацыянальнага мастацкага музея.

Акрамя таго, у музейных фондах знаходзіцца шэраг падораных мастаком “амерыканскіх” работ, а таксама велізарнае “алегарычнае”, па словах аўтара, палатно, пакуль што скручанае на барабане, пад назвай “Беларускія партызаны ў таварыша Сталіна ў Рэвваенсавеце Заходняга фронту”. Магчыма, калі-небудзь, пасля адпаведнай рэстаўрацыі, мы пабачым і гэты твор, выкананы ў духу дзяржаўнага “сацыялістычнага рэалізму”, але — з высокім прафесійным майстэрствам.

Карацей кажучы, надышоў “час збіраць камяні”. Дадзены матэрыял — першая спроба ў Беларусі прадставіць біяграфію і творчасць Мікалая Аляксандравіча Пашкевіча найбольш аб’ектыўна ды поўна па жыццёвай фактуры і, зразумела, з пэўнымі аўтарскімі суб’ектыўнымі ацэнкамі некаторых работ мастака, якія я бачыў і ў нашым музеі, і ў высакаякасным альбоме “Мікалай Пашкевіч” (“Nikolas Pashkevich”), выдадзеным у 1994 годзе ў штаце Ілінойс (ЗША) на англійскай мове (аўтар — літовец Альгімантас Кезіс). На беларускую ці рускую мову ён не перакладаўся.

/i/content/pi/cult/425/8767/2-2.jpeg

М.Пашкевіч. "Садавіна". 1956 г.

На шчасце, тады, у пачатку ліпеня 1993-га, мне ўдалося пагутарыць з Мікалаем Аляксандравічам і Галінай Альфонсаўнай пра сёе-тое, і тыя запісы я таксама выкарыстоўваю ў матэрыяле. Сёлета споўніцца роўна 10 гадоў, як мастак памёр, — акрамя ўсяго іншага, гэтае эсэ павінна стаць своеасаблівай памяццю пра чалавека, які, па волі лёсу страціўшы сваю духоўную радзіму, зрабіўся таленавітым мастаком. Аднак, падкрэслю, гэтую зямлю ён ніколі не забываў...

Мастак нарадзіўся 18 жніўня 1907 года ў Рызе ў сям’і галоўнага кандуктара пасажырскіх цягнікоў. Бацька — Аляксандр Осіпавіч Пашкевіч, беларус, родам з Баранавіч, шмат гадоў курсіраваў на цягніках паміж Рыгай і Арлом. Маці — Вікторыя Антонаўна Іваноўская, таксама з беларускімі каранямі: з вёскі Новы Свянчоніс, што каля Вільні. У 1900 годзе яны сустрэліся ў Рызе, пабраліся шлюбам і да пачатку Першай сусветнай вайны нарадзілі аж шэсць дзяцей. Міколка быў трэцім...

Ад таго часу засталіся ўспаміны мастака пра “цудоўны Рыжскі заліў”, пра “зялёны луг, на якім раслі хвоі”, пра “рознакаляровыя камяні, што ляжалі ў чыстай вадзе”, пра “шум матораў і рыпенне вагонных колаў”… Вучоба Міколкі пачыналася ў чыгуначнай школе, але калі пад час Першай сусветнай вайны немцы падышлі да Рыгі, усе чыгуначнікі з сем’ямі былі вымушаны пакінуць горад. Рашэнне было прынята бацькам імгненна: дабрацца да Віцебска, які знаходзіўся на паўшляху паміж Рыгай і Арлом. Так будучы мастак прадоўжыў вучобу ў тамтэйшай чыгуначнай школе. Бацька па-ранейшаму працаваў на цягніках, і так — да 1917-га, пакуль раптам не памёр…

І вось маці засталася адна з шасцю непаўналетнімі “гаўрыкамі”. А як іх пракарміць? Пайшоў дзесяцігадовы Коля працаваць пастухом у вёсцы пад Віцебскам: летам — каровы, козы і коні, у астатні час — школа. Што рабілі іншыя дзеці — не ведаю. Ну а Коля, зразумела, пасля працы праведнай, у асноўным вучыўся — сяк-так, затое па геаметрыі быў лепшым у класе. “Менавіта ў гэты час, — успамінае Пашкевіч, — я адчуў цягу да рысавання. З-за адсутнасці паперы ў вёсцы я рысаваў на бярозавай кары. Яе белізна і будова рабілі аловак больш цёмным і трошкі аксаміцістым. Галоўным чынам я рысаваў дрэвы і карані соснаў, якія было відаць у пясчаных абрывах…”

Аднойчы за гэтым заняткам яго заспеў незнаёмы мужчына. Ён уважліва паглядзеў на малюнкі юнака і тут жа, без усякіх роспытаў, параіў паступаць у “ягоны” Мастацка-практычны інстытут, які тады ўзначальвала Вера Міхайлаўна Ермалаева. Чалавек даў адрас, сказаўшы, каб хлопец у найбліжэйшы час прынёс яму, у інстытут, свае лепшыя работы. І адрэкамендаваўся: Казімір Севярынавіч Малевіч.

З успамінаў М.Пашкевіча: “Такім чынам, я пайшоў шукаць свой лёс. Малевіч паглядзеў мае творы і сказаў, што пасля экзаменоўкі можа прыняць мяне ў свой клас. Потым запрасіў у маленькі пакойчык, дзе было шмат студэнтаў: усе яны малявалі нацюрморт, які складаўся з цагліны, скрыпкі і старой дошкі. Ён уручыў мне мальберт, кардонку і пайшоў. Я паглядзеў па розных баках, жадаючы пабачыць, як малююць мае будучыя калегі. І вельмі здзівіўся: усе яны рысуюць штосьці зусім не падобнае на тыя прадметы, якія знаходзіліся перад імі. У поўнай збянтэжанасці я пачаў адлюстроўваць нацюрморт так, як я рысаваў карані соснаў…

Калі надышоў вечар, Малевіч прыйшоў у клас, падышоў да мяне і гучна сказаў: “Паслухайце, мой юны сябра, мне зусім не цікавы знешні від скрыпкі. Пакажыце мне, як яна выглядае знутры”, — і выйшаў з пакоя. Я быў проста агаломшаны: як можна, не бачачы скрыпку знутры, адлюстраваць яе? Нават ён, Малевіч, не можа гэта зрабіць, не маючы чалавечай здольнасці глядзець скрозь дрэва, унутр музычнага інструмента! Пасля доўгіх роздумаў я вырашыў, што павінен паказаць унутранае, адштурхоўваючыся ад вонкавай формы, якую бачу, гэта значыць — фантазіраваць. Менавіта гэта я і зрабіў у класе на наступны дзень. Казімір Севярынавіч падыйшоў да мяне, паглядзеў мой опус і, звяртаючыся да студэнтаў, абвясціў: “Вось, таварышы, прыклад таго, як вы павінны творча адлюстроўваць тое бачнае, якое не бачна”. Праз два дні мэтр падарыў мне поўны набор алейных фарбаў...”

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"