Чатыры сенсацыйныя радкі…

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

У расійскім Яраслаўлі, дзе Максім Багдановіч жыў з 1908 па 1916 год, знойдзены невядомы аўтограф нашага класіка. Пра гэтую сенсацыю мы паведамілі ўжо ў мінулым нумары. Сёння ж — падрабязнасці! Падзея стала магчымай дзякуючы даследчай працы, якая вядзецца ў сталічным Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Пра пошукі і знаходку распавядае дырэктар установы Таццяна ШЭЛЯГОВІЧ:

— Пяць гадоў таму, калі адзначалася 95-годдзе з часу выхаду ў свет зборніка “Вянок”, мы вырашылі высветліць, колькі засталося асобнікаў кнігі і дзе яны знаходзяцца. Вацлаў Ластоўскі, кажучы пра наклад “Вянка”, называў лічбу 2 000. Сучасныя даследчыкі творчасці Багдановіча лічаць гэтую лічбу завышанай. Я таксама мяркую, што ён памыліўся на нуль. Калі зыходзіць з культурных рэалій пачатку ХХ стагоддзя, дык верагодная лічба — 200.

/i/content/pi/cult/425/8763/1-1.jpeg

Пяць гадоў таму мы высветлілі месцазнаходжанне 24-х асобнікаў “Вянка”. Сёння ведаем, дзе знаходзяцца 27. Сёлета “Вянку” — 100 гадоў. І мы зноў звярнуліся да асоб і ўстаноў з падобнымі запытамі. У прыватнасці — у Яраслаўскую абласную ўніверсальную навуковую бібліятэку. Адтуль прыйшоў адказ, што прыжыццёвых выданняў Максіма Багдановіча яны не маюць, але ў фондах бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта ёсць асобны адбітак надрукаванага ў часопісе “Украинская жизнь” у 1915 годзе артыкула Багдановіча “Белорусское возрождение” з дарчым надпісам аўтара.

Наш супрацоўнік Юлія Мацук паехала ў Яраслаўль, каб пабачыць гэты аўтограф і ўпэўніцца, што ён насамрэч належыць Максіму Багдановічу. Уласна кажучы, гэта была толькі частка яе камандзіровачнага задання: яшчэ яна мусіла абмеркаваць з яраслаўскімі калегамі ўмовы правядзення беларуска-расійскага конкурсу дзіцячага малюнка на тэмы творчасці Багдановіча.

У Юліі не ўзнікла сумневу адносна прыналежнасці аўтографа Максіму Багдановічу. Пасля мы звярнуліся да дырэктара бібліятэкі — спадара Маёрава — з просьбай перадаць гэты адбітак у наш музей і атрымалі папярэднюю згоду. Адно што — яраслаўцы выказалі пажаданне, каб перадача адбылася ва ўрачыстай атмасферы. Зараз гэтая акалічнасць — на стадыі абмеркавання…

Тое, што згаданы артыкул Багдановіча выйшаў ва ўкраінскім часопісе, можа сведчыць пра яго актуальнасць, запатрабаванасць у аўдыторыі, неабыякавай да нацыянальнага пытання. Артыкул на беларускую тэму, надрукаваны ва ўкраінскім часопісе, зацікавіў расійскіх чытачоў. Мабыць, невыпадкова. Падобна на тое, што Багдановіч здолеў выйсці праз беларускую канкрэтыку на ўніверсальны ўзровень.

Тэкст аўтографа — “Уважаемому Николаю Петровичу Дружинину от автора” — дазваляе нам пашырыць свае веды пра яраслаўскае акружэнне Максіма Багдановіча. Пра Дружыніна дагэтуль было вядома, што ён быў супрацоўнікам газеты “Голос”, у якой Багдановіч друкаваўся. Але магчыма, што Максім бачыў у ім аднадумца, з якім лічыў вартым падзяліцца важнымі меркаваннямі.

Дарэчы, яшчэ два аўтографы Багдановіча былі выяўлены не так даўно ў віленскіх архівах.

На здымку: той самы аўтограф з фондаў бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"