Чаго чакае арт-рынак Кітая?

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Пра фарміраванне калекцый і пошук партнёраў Музеем еўрапейскага мастацтва з Цяньцзіня

У супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Кітаем апошнім часам назіраецца відавочная дынаміка, у тым ліку — у сферы культуры. Яскравае сведчанне таму — візіт у Нацыянальны мастацкі музей, Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, іншыя ўстановы культуры дэлегацыі з Цяньцзіня — аднаго з найбуйнейшых гарадоў Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Гэты горад стаў сімвалам яднання кітайскай і еўрапейскай культурных традыцый. У Цяньцзіні, дзе пражывае больш як 14 мільёнаў чалавек, дзейнічае некалькі дзясяткаў музеяў і галерэй. Толькі ў цэнтральным Цяньцзінскім музеі, размешчаным у звышсучасным будынку, на пяці паверхах прадстаўлена амаль дзвесце тысяч старадаўніх прадметаў кітайскага мастацтва і побыту. А знакаміты раён пяці праспектаў аб’яднаў больш за дзве тысячы архітэктурных будынкаў, узведзеных у розных еўрапейскіх архітэктурных стылях.

Днямі ж адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве па рэалізацыі сумесных праектаў паміж Нацыянальным мастацкім музеем нашай краіны і Музеем еўрапейскага жывапісу (Western Art Museum) г. Цяньцзіня. Напярэдадні цырымоніі падпісання папер карэспандэнт “К” пагутарыў з дырэктарам Музея еўрапейскага мастацтва г. Цяньцзіня, мастаком Лі СЯНАМ.

/i/content/pi/cult/425/8761/2-1.jpeg

— Якім чынам вы даведаліся пра нашу краіну і вырашылі наладзіць супрацоўніцтва з беларускімі музеямі?

— Летась, да 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін, паміж нашымі краінамі ў музеі была арганізавана фотавыстаўка былога Пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь — спадара Джэн Ці. Мы ўбачылі прыгажосць вашай краіны, зразумелі, што Беларусь багатая на таленты, а таму адразу ж на адкрыцці выставачнага праекта і было вырашана актывізаваць наша супрацоўніцтва ў музейнай сферы. Пад час кароткатэрміновага візіту мы жадаем больш падрабязна пазнаёміцца з музейнай супольнасцю Беларусі, вашымі мастакамі, архітэктарамі, а неўзабаве — адкрыць жывапісную выстаўку беларускіх творцаў у сценах Музея еўрапейскага жывапісу Цяньцзіня. Зараз разглядаецца магчымасць арганізацыі калектыўнай або аўтарскай экспазіцыі.

Паверце, мы працуем на будучыню, а таму вельмі зацікаўлены ў абмене выстаўкамі з беларускім бокам, у стажыроўках музейных супрацоўнікаў, а таксама ў навучанні ў беларускіх ВНУ кітайскіх студэнтаў-мастацтвазнаўцаў.

— У чым адметнасць вашай установы і якім чынам адбываецца папаўненне калекцыі Музея еўрапейскага жывапісу?

— Музей еўрапейскага мастацтва ў Цяньцзіні быў створаны зусім нядаўна: у снежні 2008 года. Ён размяшчаецца ў будынку, узведзеным у 1921-м, які мае адметныя элементы стылю французскага барока. Наш музей — гэта дзесяць выставачных залаў, агульная плошча якіх складае 1 300 квадратных метраў.

Стваральнікі музея паставілі перад намі галоўную мэту: збіраць цікавыя ўзоры сучаснага еўрапейскага мастацтва — як у Кітаі, так і далёка за яго межамі. Акрамя таго, нашы супрацоўнікі займаюцца навуковымі даследаваннямі, ладзяць разнастайныя інтэрактыўныя прэзентацыі, словам, робяць усё магчымае для садзейнічання развіццю мастацтва ў Кітаі. А таму за апошнія гады наш музей наладзіў добрыя і плённыя стасункі з замежнымі партнёрамі, у тым ліку як з музеямі, так і непасрэдна з самімі мастакамі. Што да папаўнення нашых фондаў, то мы дзейнічаем па такім прынцыпе: спачатку арганізоўваем выстаўкі сучасных творцаў, а ўжо пасля, усё ўзважыўшы, набываем частку карцін для сваёй калекцыі.

/i/content/pi/cult/425/8761/2-2.jpeg

Да таго ж, калі беларускія мастакі пагодзяцца, мы можам дапамагчы знайсці пакупніка для іх работ на нашым велізарным рынку. Пры нашым музеі створана адмысловая кампанія, якая займаецца продажам твораў мастацтва праз аўкцыён. Нягледзячы на тое, што наш музей з’яўляецца дзяржаўным, дзякуючы камерцыйнай дзейнасці мы маем фінансавыя магчымасці для арганізацыі выставак, у тым ліку беларускіх партнёраў.

— Наколькі істотная дзяржаўная падтрымка вашай установы? Ці маюцца ў Музея еўрапейскага мастацтва буйныя спонсары?

— Музей еўрапейскага мастацтва сёння на ўздыме менавіта дзякуючы падтрымцы муніцыпальных улад і Міністэрства культуры. Апошняе на працягу двух гадоў паслядоўна фінансава падтрымлівае ўсе нашы праекты. Акрамя таго, вялікую дапамогу ў фарміраванні бібліятэчнага фонду музея аказаў Цэнтр развіцця культуры г. Цяньцзіня. А вось з буйнымі спонсарамі мы пакуль не працуем.

— Наколькі запатрабаваны сучасны еўрапейскі жывапіс у Кітаі?

— Існаванне нашага музея — яскравае сведчанне вялікай цікавасці жыхароў Кітая да еўрапейскага мастацтва, асабліва сучаснага. У нас з вялікім поспехам прайшлі выстаўкі заходнееўрапейскіх, расійскіх мастакоў. Не сумняваюся, што нашай публіцы вельмі спадабаюцца і лепшыя ўзоры сучаснай беларускай культуры. Што да музейнай аўдыторыі, то нашу ўстанову актыўна наведваюць як мясцовыя самабытныя мастакі, так і аматары мастацтва, а таксама шмат студэнцкай моладзі Цяньцзіня…

Фота Юрыя ІВАНОВА

На здымках: будынак Музея еўрапейскага мастацтва ў Цяньцзіні; дырэктары кітайскага музея Лі Сян і нашага Нацыянальнага мастацкага Уладзімір Пракапцоў пасля падпісання пагаднення паміж установамі.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"