Адзенне як арт-аб'ект

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Прынт на восень-зіму

У рамках Беларускага тыдня моды сезона восень — зіма 2013-2014 адбыўся фінал конкурсу маладых дызайнераў, якія прадставілі работы на адной пляцоўцы з вядомымі майстрамі і атрымалі магчымасць знайсці працадаўцаў. Гэтым разам хлопцы і дзяўчаты змагаліся за магчымасць супрацы са "Світанкам" і "Купалінкай", дзе пераможца створыць новую калекцыю для продажу.

/i/content/pi/cult/425/8757/1-2.jpg

Мадэль з калекцыі Aida KaumeNOVA.

Сёлета такім выдатным шанцам скарысталася студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Ганна Мікола-Мікольская. Яе калекцыя паўсядзённага адзення для юнакоў пад назвай “Mon Vintage” адразу скарыла ўсіх членаў журы сваёй прастатой і арыгінальнасцю. Насычаныя колеры, лёгкія тканіны, прынты на спартыўную тэму, уяўная нядбайнасць — усё гэта падкрэслівае дынаміку і стыль сучаснай моладзі, яе імкненне адначасова і да прыгажосці, і да камфорту ў адзенні.

Калекцыя Ганны “Mon Vintage” настолькі спадабалася прадстаўнікам прадпрыемстваў “Купалінка” і “Світанак”, што было вырашана запрасіць мадэльера для працы адначасова з дзвюма кампаніямі. А вынікі хаўрусу ў хуткім часе моднікі і модніцы ўбачаць не толькі ў крамах, але і на наступным Беларускім тыдні моды, дзе Ганна Мікола-Мікольская прадставіць новыя лініі адзення ўжо не ў якасці канкурсанта, а як удзельнік паказаў.

Па словах дырэктара ААТ “Світанак” Іны Маліноўскай, такое супрацоўніцтва не толькі адкрывае дзверы перад маладымі дызайнерамі, але і дазваляе прадпрыемству па вырабе адзення рухацца наперад, быць цікавым для моладзі.

Астатнія ўдзельнікі конкурсу таксама прадэманстравалі высокі ўзровень свайго майстэрства. Напрыклад, дызайнер Юлія Аляксандрава з калекцыяй “Складаная простасць” для афармлення сукенак і касцюмаў выкарыстала тэхніку арыгамі, што ў спалучэнні з чорна-белай гамай адзення надае таму яшчэ больш лаканічны і, адначасова, арыгінальны выгляд.

/i/content/pi/cult/425/8757/1-3.jpg

Мадэль з калекцыі Ірыны Бойцік.

Многія лініі канкурсантаў, на думку Іны Маліноўскай і генеральнага дырэктара ААТ “Купалінка” Мікалая Яфімчыка, можна адразу запускаць у вытворчасць. Так, работы Аляксандры Еўтуховіч пад агульнай назвай “Рафінад”, выкананыя з яркага трыкатажу, з лёгкасцю ўпішуцца ў гардэроб як студэнткі, так і бізнес-лэдзі. Калекцыя Аліны Зіновіч “Royal Action” спалучае ў сабе лепшыя элементы моды эпохі барока ды сучасны гарадскі стыль. Кожная дэталь гарманічна ўпісваецца ў агульны вобраз, а дызайнерскія ўпрыгожанні ручной работы яшчэ больш падкрэсліваюць арыгінальнасць і самабытнасць погляду.

— Некаторыя лініі адзення канкурсантаў патрабуюць пэўнай дапрацоўкі, — дадае дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, кандыдат мастацтвазнаўства Галіна Мяшкова. — Але, у асноўным, калекцыі гэтага сезона — дастаткова высокага ўзроўню і па кампазіцыі, і па пашыве, і па дызайне. Для многіх удзельнікаў конкурс “New Names BFW” стане пляцоўкай для новых дасягненняў, для перспектыўнага супрацоўніцтва з вядомымі кампаніямі і мадэльерамі. Напрыклад, хачу адзначыць маладога дызайнера Валянціну Няборскую, якая летась на конкурсе прадставіла калекцыю мужчынскага адзення з ільну пад назвай “Жан”, ператварыўшы нашых хлопцаў з дапамогай традыцыйнага беларускага матэрыялу ў сапраўдных французаў. За сваю выдатную задуму Валянціна атрымала Гран-пры, што адкрыла для яе шлях на “Млын моды” і на Тыдзень высокай моды ў Маскве.

Гэты BFW атрымаўся вельмі дынамічным і яркім. Вельмі арыгінальную і па-юнацку смелую калекцыю пад назвай “40-73” паказала Дар’я Лучанкова, вучаніца карыфея беларускай моды Людмілы Тараканавай. Лінія адзення “40-73” (што, дарэчы, азначае геаграфічныя каардынаты Нью-Ёрка) уключае ў сябе ўсе якасці, неабходныя для выжывання ў вялікім горадзе: запал, энергію, чароўнасць і лёгкі цынізм.

/i/content/pi/cult/425/8757/1-1.jpeg

Мадэль з калекцыі Historia Naturalis.

Наташа Цуран у аснову сваёй калекцыі “Grimm” пакалала сюжэт вядомага фільма “Беласнежка і Паляўнічы”. Кожны ансамбль можна было разглядаць адначасова і як арт-аб’ект, і як адзенне для паўсядзённага жыцця. Уся лінія адзення ўяўляе з сябе адлюстраванне барацьбы дабра і зла, светлых і цёмных сіл. Лускаватая фактура пад назвай “скураное дражэ” супрацьстаіць арнаментальнаму кветкаваму прынту, жорсткасць ліній — відавочнай мяккасці тканіны.

Брэнд Historia Naturalis прэзентаваў калекцыю “Сярод сонца і бетону”, лаканічнасць якой разам з шэрай, сіне-зялёнай, сонечна-жоўтай гамай падкрэслівае і ўзмацняе агульны ўрбаністычны настрой лініі. А кожная сукенка выканана з натуральных тканін, што супрацьпастаўляецца футурыстычнаму стылю калекцыі.

Закрывала шосты сезон Беларускага тыдня моды запрошаны ўкраінскі дызайнер Раксалана Багуцкая. Прадстаўленыя работы Раксаланы ўяўляюць з сябе спалучэнне рэтра- і этнаматываў з сучаснымі дынамічнымі кампазіцыйнымі рытмамі. Натуральныя тканіны — шоўк, шэрсць, кашэмір, традыцыйны арнамент, перанесены з вышыванак Цэнтральнай Украіны, казацкай вышыўкі, чорная, цёмна-сіняя, бардовая гама — усё гэта падкрэслівае самабытнасць, элегантнасць калекцыі.

— Раксалана — сапраўдны майстар сваёй справы, — кажа Галіна Мяшкова. — Тое, як яна працуе са скурай, з мехам, з вышыўкай, сапраўды ўражвае. Візітоўка кожнай яе калекцыі — уменне змешваць фактуры, стылі і пры гэтым заўжды захоўваць гармонію і цэласнасць…

Фота Канстанціна СУХОЦКАГА

і Мурата ТУРАШОВА