Беларусы ідуць! Ці сыходзяць ад нас?..

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Case для case, або Прарыў на адным фронце

У расійскай фестывальнай праграме “Russian case”, што праводзіцца ў рамках Нацыянальнай тэатральнай прэміі “Залатая маска” і прызначана для замежных гасцей і прадзюсараў, сёлета было прадстаўлена адразу некалькі п’ес... маладога беларускага драматурга Паўла Пражко ў пастаноўцы маладога пецярбургскага рэжысёра Дзмітрыя Валкастрэлава. Сенсацыя? Ці, можа, заканамернасць? Пра гэта мы разважаем з вядомым тэатральным крытыкам, галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва” Людмілай ГРАМЫКА, якая днямі вярнулася з Масквы.

/i/content/pi/cult/425/8751/2-1.jpeg

— Тое, з якой моцай і запалам падтрымліваюцца там новыя імёны, для нас незвычайна, — кажа Людміла Аляксееўна. — Але сёлета акцэнты “Russian case” змясціліся менавіта ў гэты бок: было менш буйной формы, затое больш — маладых рэжысёраў. Маўляў, глядзіце, хто прыйшоў! Вядома, вялікую ролю ў фарміраванні праграмы “Russian case” адыгрывае яе куратар. Яны кожны год розныя, але паказальна, што на гэтую пазіцыю вылучаюцца дасведчаныя тэатральныя крытыкі. Сёлета куратарам была Крысціна Матвіенка. Увогуле, пазіцыя маскоўскай крытыкі — нікому не дадзім прапасці, знікнуць. Пры гэтым, натуральна, водгукі могуць быць самымі рознымі, часта супрацьлеглымі, але гэта і стварае вакол кожнай з’явы шырокі розгалас, прыцягвае грамадскую ўвагу. Дадам, што эксперыментальныя пастаноўкі ўзнікаюць не толькі як нейкая альтэрнатыва, не прызнаная масцітымі творцамі. Нашумелы маскоўскі рэжысёр Канстанцін Багамолаў, якому крыху больш за трыццаць, працуе “пад крылом” Алега Табакова. Той сам іграе ў ягонай пастаноўцы “Год, калі я не нарадзіўся” паводле “Гнязда глушца” Віктара Розава.

— Публіка ідзе на імя Табакова?

— Чаму ж? Тэатральная Масква зараз перажывае наступства малых форм, абжыванне камерных залаў, часта не прыстасаваных, у нечаканых месцах — тых жа падвалах. Шырока практыкуюцца спектаклі-праекты, узнімаюцца сацыяльныя праблемы, блізкія моладзі. Глядач ведае, на што ідзе, ён — розны. Сабраць публіку можна на ўсё. Не абавязкова ж у тысячныя залы! Гледачоў 40 — 60 для такіх эксперыментаў — норма.

— У нас, пэўна, малых залаў не стае?

— Ды не, ёсць і малыя сцэны, і маладыя рэжысёры. Але няма адчування, што гэта патрэбна нашаму тэатру. У нас запатрабаваны крыналіны, знешняя прыгожасць (не блытаць з прыгажосцю). Так, для такога амаль двухмільённага горада, як Мінск, у нас мала тэатраў. У Расіі назіраецца паварот да канцэпцыйных спектакляў, куды рухаюцца тэатры як малых, так і вялікіх формаў. У нас жа такую эстэтыку падтрымліваюць хіба лялечнікі, якія больш бываюць у замежжы і спрычыняюцца да сучасных еўрапейскіх тэндэнцый. У Беларусі, на жаль, усё яшчэ не разумеюць, навошта патрэбна крытыка. Дый мы самі часам не даём нашаму тэатру шансаў развівацца, бо не даруем яму крокаў на шляху да сваёй мэты. Але нават пры такім раскладзе нельга сказаць, што ў нас таго ж Паўла Пражко не ведаюць. Праўда, ведаюць хіба спецыялісты, бо яго творы запатрабаваны ў зоне чытак п’ес, а не ўласна на сцэне. Не ўсе яны поўнафарматныя, а іх увасабленне патрабуе шчыльных творчых кантактаў з такімі ж маладымі рэжысёрамі, поўнымі новых ідэй.

— Раскажыце больш падрабязна пра спектаклі Пражко і Валкастрэлава?

— Менавіта на іх быў зроблены акцэнт у сёлетняй праграме “Russian case”. Першы спектакль — “Злая дзяўчына” Паўла Пражко, увасоблены як сумесны праект двух тэатраў: ТЮГа імя Бранцава і Тэатра “Post” з Санкт-Пецярбурга. Гэта цікавая спроба асэнсаваць псіхалогію “хіпстараў” і маладых маргіналаў, якія не ведаюць, куды прыкласці свае здольнасці і намаганні. Драматургія вельмі таленавітая, у ёй няма фальшу, яна дае разуменне таго, пра што гаворыць маладое пакаленне, якое не знаходзіць сябе ў гэтым жыцці.

Другі спектакль — “Салдат” пастаўлены сумесна маскоўскім “Тэатрам.doc” і пецярбургскім “Post”. Ён мог бы, пэўна, увайсці ў Кнігу рэкордаў Гінеса як самы кароткі: усяго дзесяць хвілін. На крэсле ляжыць вайсковая форма; чуваць, як ліецца вада: чалавек мыецца пад душам. А потым ён выходзіць, захінуты ў ручнік (ніякай аголенай натуры), і кажа: “Салдат прыйшоў на пабыўку. Салдат у армію больш не вярнуўся”.

А далей — абмеркаванне. І гледачы менавіта дзеля гэтага прыходзяць, каб у нефармальнай абстаноўцы разам абмеркаваць убачанае.

Нарэшце, трэці эксперымент — “Я вольны” Тэатра “Post”. Прыблізна цягам гадзіны нам паказваюць аматарскія фота, зробленыя ў Беларусі. Атрымліваецца гэткае слайд-шоу — нешта накшталт думак у час дрэннага надвор’я. Самае, бадай, адметнае — усё гэта мае сапраўды надзвычай тонкую тэатральную прыроду, разуменне, што такое сучасны тэатр. Так што ў нашых творцаў, заўважаных у Маскве, — вялікая будучыня…

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"