Багна для Смалян

№ 18 (1092) 04.05.2013 - 11.05.2013 г

Надзейны рэцэпт пераўтварэння турыстычных дамінант у друз

Як паведамляла ўжо "К", не так даўно ў вёсцы Смаляны на Аршаншчыне меў месца інцыдэнт, так ці іначай звязаны з тэмай гісторыка-культурнай спадчыны: мясцовая гаспадарка распачала знос будынка непадалёк ад касцёла Найсвяцейшай Дзевы Марыі, палічыўшы яго ўсяго толькі "помнікам калгаснаму ладу" — машынна-трактарнымі майстэрнямі. Аршанскія актывісты ў сферы аховы спадчыны маюць іншае меркаванне: на іх думку, "пад бульдозер" трапіў корпус дамініканскага кляштара, які толькі праз недарэчнасць не мае статуса помніка.
Рэакцыя "інтэрнэт-грамадскасці" не прымусіла сябе чакаць, і была яна, як звычайна ў такіх выпадках, даволі эмацыйнай. Некаторыя водгукі проста "дастаўлялі": прыкладам, нехта прапанаваў патэлефанаваць з такой нагоды Папу Рымскаму. Але, як выявілася, траціцца на міжнародныя перамовы не было патрэбы. Неабыякавыя людзі набралі нумар Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь — рэакцыя яго супрацоўнікаў была аператыўнай, і на будаўніча-руйнавальныя работы ўжо праз лічаныя хвіліны наклалі вета.

Што і нядзіўна. Як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ленкоў, тыя работы пачаліся з грубага парушэння заканадаўства. Бо хаця спаруда сама па сабе і не мае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, яна знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці (на вока — метраў восем!) ад муроў выбітнага помніка рэспубліканскага значэння — таго самага касцёла. Безумоўна, гэтая тэрыторыя трапіла б у межы ахоўнай зоны, калі б мясцовыя ўлады парупіліся пра распрацоўку яе праекта. А пакуль няма зоны аховы, не можа быць і ніякіх будаўнічых работ — такі ў нас закон. Пагатоў, у дадзеным выпадку справа зусім не ў фармальнасці: спецыяльная тэхніка, патрэбная пры дэмантажы, можа незнарок пашкодзіць як суседні помнік, так і патэнцыйна багаты на знаходкі археалагічны слой.

/i/content/pi/cult/425/8750/2.jpg

На першы раз Міністэрства культуры краіны вырашыла абмежавацца простым папярэджаннем. Аднак Аляксандр Ленкоў запэўніў, што калі здарыцца "рэцыдыў", прадугледжаныя заканадаўствам меры будуць прыняты неадкладна.

— Мы трымаем сітуацыю на кантролі, і работы без адпаведнага ўзгаднення ні ў якім выпадку не адновяцца, — запэўніла начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама Ганна Святлова.

Праблема ідэнтыфікацыі

Аператыўна выправіўшыся ў Смаляны, карэспандэнт "К" пераканаўся ў тым, што работы і сапраўды замарожаны. Занядбаны ды непрыглядны будынак часткова пераўтварыўся ў ірваную руіну, а непадалёк ад яго быў заўважаны санлівы бульдозер, пакінуты сваім экіпажам на полі бою. У вёску, дзе хоць-якія будаўнічыя работы ладзяцца не так і часта, ізноў вярнуліся спакой ды цішыня.

Якім будзе далейшае развіццё падзей, пакуль можна толькі гадаць. Грамадскія актывісты з Беларускага бюро ICOMOS падалі заяўку на ўключэнне будынка ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. 2 мая прапанову разгледзелі на пасяджэнні Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады. Вынік пакуль "нічыйны". Як паведаміў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ігар Чарняўскі, мясцовым уладам было рэкамендавана пакуль устрымацца ад зносу, а грамадскім актывістам — распрацаваць канцэпцыю далейшага захавання напаўзруйнаванага будынка.

Часавая адтэрміноўка патрэбна і на яго дэталёвае вывучэнне. Да прыняцця ўзважанага ды канчатковага вердыкта папярэдне неабходна вырашыць вельмі няпростую праблему ідэнтыфікацыі, бо на сённяшні момант ніхто дакладна не ведае, што ж за будынак пачалі зносіць. Паўторымся: варыянтаў адказу на гэтае пытанне, прынамсі, два: корпус дамініканскага кляштара ХVIII стагоддзя, перабудаваны ў 30-я гады ХХ-га ў машынна-трактарную майстэрню, альбо МТМ, пабудаваная на месцы кляштарнага корпуса. Напэўна, без правядзення комплексных даследванняў вызначыцца з лёсам гаротнай будыніны будзе немагчыма.

Дарэчы, падобная праблема ідэнтыфікацыі актуальная і для яшчэ аднаго смалянскага аб’екта — былога навучальнага корпуса тамтэйшага каледжа. У інтэрнэт-энцыклапедыі "Глобус Беларусі" сцвярджаецца, што той дом з’явіўся яшчэ да рэвалюцыі, але, паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, у вайну ён згарэў ды быў адноўлены ўжо пазней.

Уласна, гэта мы да таго, што загадак ды розных супярэчнасцей у Смалянах яшчэ поўны кош. Адпаведна, музейшчыкі ды краязнаўцы Аршаншчыны маюць добрую ніву для працы.

На сённяшні дзень "звычайная" вёска Смаляны ўжо прадстаўлена ў Дзяржспісе ажно чатырма пазіцыямі, прычым тры з гэтых помнікаў маюць рэспубліканскае значэнне! Ёсць і пара-тройка патэнцыйных кандыдатаў — скажам, ацалелыя старасвецкія дамкі ці магіла Тамаша Зана. Але, нягледзячы на такі аргумент, пакуль што гэтае месца падаецца нібы забытым. Усімі, апрача рэдкіх турыстаў.

Замак, непрыступны для турыстаў

Патрыярхальную ціш вёскі парушыў рык магутнага матацыкла. На пустэльную смалянскую плошчу няспешна ўехаў... сапраўдны байкер! Прыпыніўся каля руін касцёла і дастаў фотаапарат.

Вадзім жыве ў Падмаскоўі, і ў вольны час выправіўся ў мотатрып па Беларусі. Завітаў і сюды. Балазе зручна: ад трасы М1 — усяго якія дзесяць кіламетраў. У турдаведніках пра Смаляны згадваюць нячаста, "карычневых" указальнікаў на пад’ездах не ўбачыш, але ёсць жа Інтэрнэт ды GPS.

— Нават не верыцца, што ў маленькай вёсцы — столькі адметнасцей! — здзівіўся ён, аглядаючы маляўнічыя краявіды.

І сапраўды, Смаляны заслугоўваюць першага месца ў рэйтынгу найбагацейшых на гісторыка-культурную спадчыну вёсак па ўсёй Беларусі! Канкурэнцыю тут могуць скласці хіба Гальшаны, з іх замкам, кляштаром і г. д. Але гэты тапонім пастаянна "на слыху", турпаломніцтва туды не сціхае, аб’екты інфраструктуры з’яўляюцца адзін за адным, рыцарскія фэсты ладзяцца штогод, а неўзабаве вось і рэстаўрацыйныя работы распачнуцца.

А ў Смалянах — па-ранейшаму ціха. Уся турінфраструктура прадстаўлена хіба банальным гастраномам. Зрэшты, пачынаць, напэўна, трэба не з яе.

Велічныя руіны касцёла — найважнейшая візуальная дамінанта вёскі, пагатоў, і месціцца ён у самым цэнтры. Бачачы гэтыя ўзнёслыя вежы, прыходзіш да думкі, што часам культура нібыта рэабілітуе сваю эпоху. Прыкладам, другая палова XVIII стагоддзя не выклікае ў нас ніякіх добрых асацыяцый: шляхецкія раздраі, атмасфера заняпаду, паланізацыя... Але, у той самы час, менавіта гэты перыяд спарадзіў такую самабытную з’яву, як віленскае барока — сапраўдны архітэктурны "брэнд" нашай краіны, параўнальны паводле важнасці са Слуцкімі паясамі, рэчыўны доказ права "людзьмі звацца"...

Аднак калі ты трапляеш унутр занядбанага храма, думкі прымаюць зусім іншы характар. Так, відавочна, што нехта тут прыбірае. Няма ні расліннасці, ні нават шкілета ад "запарожца", які быў апісаны ўжо не адным падарожнікам. Але ўжо назапасілася купка пляшак ад "недарагога добрага віна". Відавочна, мясцовыя жыхары завітваюць у храм зусім не з духоўнымі патрэбамі. А вось і адзін з жыхароў тут жа спраўдзіў такую здагадку.

Не ведаю, ці спыніла б яго усведамленне сакральнай ды культурнай важнасці гэтай пабудовы. Але падазраю, што нават шаблонная шыльда, якую патрабуе заканадаўства, магла б мець нейкі псіхалагічны эфект — не кажучы ўжо пра інфармацыйны шчыт. Ды ніхто пра тое не парупіўся...

У велічныя руіны даўно пераўтварылася і царква Святога Аляксея. Пабудаваны ў ХІХ стагоддзі храм — тыповы для свайго часу ўзор рэтраспектыўнага стылю, або, па-народнаму, "мураўёўка". Аднак побач з ім бачыш капліцу-пахавальню нязвыклай пірамідальнай формы. Мабыць, гэта далёкая "сваячка" тых самых егіпецкіх пірамід: падобныя рэплікі гадоў сто таму зрэдку рабіліся ў нашых краях. Але... Думкі зноў прымаюць непажаданы характар. Унутр піраміды лепш не заходзіць: настрой будзе сапсаваны!

Ад выпівохаў абаранілася хіба галоўная адметнасць вёскі — руіны замка Сангушак. Таямнічы "Белы Ковель" аддзяляе ад сённяшніх Смалян не толькі часавая дыстанцыя, але і фізічная перашкода: будаваўся ён, лічы, на выспе... Тая кладачка, якую пару гадоў таму зладзілі мясцовыя жыхары, каб цікаўным гасцям не трэба было мачыць ногі, ужо паспела прагніць, ды і вада ўвесну паднялася, абкружыўшы замак балотам... Таму ён стаў папраўдзе непрыступным — прынамсі, для турыстаў.

Дзяржпраграма "Замкі Беларусі" прадугледжвае кансервацыю руін "Белага Ковеля" за кошт муніцыпальных бюджэтаў, але — толькі праз некалькі гадоў. Па словах Ганны Святловай, планы застаюцца ў сіле, аднак іх рэалізацыя пакуль не распачалася.

/i/content/pi/cult/425/8750/1-2.jpeg

Адзіны дзеючы храм былога мястэчка — Спаса-Праабражэнская царква — выклікае прыемны кантраст з атмасферай усеагульнага дэкадансу. Царкоўны падворак стаў самым прыгожым і дагледжаным кутком ва ўсёй вёсцы, а ў ролі ландшафтных дызайнераў выступілі настаяцель ды адносна нешматлікія прыхаджане. Але адна справа — добраўпарадкаванне, а іншая — рэстаўрацыя. Патрэба ў апошняй наспела ўжо даўно. Аднак магчымасці сціплага прыхода зусім не адпавядаюць каштарысам работ у гэтай сферы. Таму нават і добра, што яны не пачаліся саматужна: гэта зусім не той узровень для папраўдзе ўнікальнага помніка спадчыны XVIII стагоддзя, які спалучыў у сваім абліччы "высокае" з "нізкім" — павевы шляхетнага барока з "сармацкім" адценнем і традыцыі драўлянай народнай архітэктуры.

Унікальны ён з некалькіх прычын. Па-першае, з нейкай і дасюль таямнічай матывацыяй, замест аднаго храма нашы продкі збудавалі "два ў адным": другая царква размешчана пад першай, на падземным ярусе. А па-другое — выявы ўсіх дванаццаці апосталаў на купале згаданы ў Дзяржспісе асобным радком. Падобных помнікаў народнага сакральнага жывапісу на Беларусі больш няма!

Сёння дошкі з фарбай больш як двусотгадовай даўніны адслойваюцца адна за адной. Нават беглага позірку дастаткова, каб прыйсці да высновы: гэты роспіс трэба ратаваць неадкладна!

Наведаў і яшчэ адну адметнасць Смалян — млын. Завітаў туды выключна для праформы, ні на што цікавае, прызнацца, не спадзеючыся. Але, бесперашкодна пранікнуўшы ўнутр праз дзверы наросхрыст, у чарговы раз здзівіўся. Як выявілася, мудрагелістыя механізмы збольшага ацалелі — хоць зараз музей рабі. Аднак ніхто, здаецца, з гэтым не спяшаецца, а дах ужо, між тым, мае прарэхі...

Экскурсію, якая нават у цяперашнім "дзікім варыянце" зойме гадзіны паўтары, можна завяршыць на старым каталіцкім пагосце, дзе разам з жонкай і сынам пахаваны знакаміты філамат Тамаш Зан. Тым больш, з узгорку адкрываецца ці не найлепшы від на ўсе чатыры архітэктурныя і гістарычныя дамінанты Смалян.

Даказваць, што гэтая сціплая вёска мае ўсе перспектывы пераўтварэння ў магутны турцэнтр, як падаецца, нават залішне. Пагатоў, знаходзіцца яна ва Усходняй Беларусі, дзе гістарычных цікавостак захавалася зусім мала. Вось і "Белы Ковель" — адзіны замак на Віцебшчыне, які ацалеў хаця б часткова!

Больш за тое... Турыстызацыя Смалян дазволіла б турагенцтвам планаваць новыя маршруты, уключыўшы туды і суседнюю Оршу, і Талачын, дзе ёсць яшчэ адзін шэдэўр віленскага барока. Пакуль гэтыя гарады — "белыя плямы" на турыстычнай карце Беларусі.

Падаецца, турысты Смалянам патрэбны нават больш, чым Смаляны — турыстам. Былое мястэчка сёння перажывае яўна не лепшыя свае часы: сто гадоў таму ў ім налічвалася дзве з паловай тысячы жыхароў, а цяпер — добра калі шэсцьсот чалавек набярэцца!..

Прывабнасць руін

Не так даўно ў СМІ ды Інтэрнэце ўжо ў які раз прайшла хваля дыскусій: а ці патрэбна нам рэстаўрацыя? Маўляў, пакрываючыся свежай тынкоўкай, гістарычныя помнікі немінуча губляюць каліва сваёй аўтэнтычнасці. Тым больш, і рэстаўрацыя ў нас нейкая "няправільная": вунь нават цэглу не могуць падабраць такую, каб не адрознівалася ад арыгінальнай.

І хаця візуальнага адрознення новаўвядзенняў ад арыгінала, насамрэч, патрабуюць міжнародныя нормы, такія сцвярджэнні, безумоўна, праўдзівыя. А калі яшчэ ставіцца задача прыстасавання аб’екта пад сучасныя патрэбы, дык і пагатоў. Легендарны савецкі рэстаўратар Пётр Бараноўскі лічыў сваю прафесію немінучым злом з добрым намерам: уратаваць помнік ад куды большага, незваротнага зла.

Вядома, можна (і трэба!) адстойваць кампетэнтнасць айчынных спецыялістаў у галіне рэстаўрацыі, тлумачачы, што большасць прэтэнзій на іх адрас — не што іншае, як чыясьці густаўшчына, якая не мае нічога агульнага з метадалогіяй. Але... Як падаецца, спрэчка ў выніку будзе ўсё адно бессэнсоўнай, бо справа — менавіта ў густах, а пра іх акурат не спрачаюцца. Натуральна, большасці падабаюцца такія эфектныя помнікі спадчыны, як Мірскі і Нясвіжскі замкі. А вось байкер Вадзім, які таксама наведаў іх "дзеля ветлівасці", сказаў, што Смаляны яго ўразілі куды больш. І няма тут нічога дзіўнага. Проста, ён — прыхільнік альтэрнатыўнага турызму. Ёсць такая з’ява, якая шырыцца ва ўсім свеце.

Са смалянскімі руінамі ясна толькі адно: прыстасоўваць іх проста няма пад што. Нават у аптымістычнай перспектыве. Але і гэта не бяда — няхай сабе стаяць, натхняючы на філасофскія думкі пра няўмольны бег часу, ды сведчачы пра глыбінныя пласты мінуўшчыны "звычайнай" вёскі. Пагатоў, пры належнай раскрутцы попыт забяспечаны: экскурсанты валам валяць не толькі ў Нясвіж, але і ў тыя ж Гальшаны ці Навагрудак.

Адно маленькае ўдакладненне: папярэдне тыя руіны неабходна зрабіць "трывалымі" і дагледжанымі, а лепш і часткова музеефікаванымі. Бо калі бачыш шчыліну па ўсёй вышыні апсіды ў дамініканскім касцёле, і табе падаецца, што ён вось-вось разваліцца напалам... Тут ужо не да рамантыкі.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Аршанскі раён — Мінск

Фота аўтара