Янка Купала ў гасцініцы "Масква". 1935 — 1938 гг.
4 красавіка ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы прэзентавалі каталог фота з выявай Песняра “Ты гэтых вачэй не забудзь…”.
Янка Купала і Якуб Колас. 1937 г.
Калі ўпершыню ўбачыў гэту кнігу, зробленую на высокім узроўні і з вялікай чалавечай цеплынёй ды любоўю да яе героя, мяне ахапіла павага да тых, хто рыхтаваў унікальныя фотаматэрыялы, каментарыі да іх, вытрымкі з купалаўскіх аўтографаў. І гэта — першая спроба навуковага апісання фатаграфій класіка. Кіраўнік праекта, ажыццёўленага пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры, — дырэктар музея Алена Ляшковіч, укладальнік — галоўны захавальнік фондаў Надзея Саевіч.
Янка Купала. 1930-я гг.
Вядома, што першым збіральнікам у тым ліку і фатаграфій паэта з’яўляецца Уладзіслава Луцэвіч, жонка Песняра. Яе справу працягнулі яе пераемніцы, сваячкі класіка — Ядвіга Раманоўская і Жанна Дапкюнас, а таксама іншыя супрацоўнікі музея, якія шукалі дакументы не толькі ў Беларусі, але і ў іншых рэспубліках былога СССР, у Польшчы ды Чэхіі. Сёння калекцыя здымкаў Купалы налічвае ў музеі больш за 340 адзінак.
Янка Купала. Уклейка ў зборнік "Творы 1918 — 1928" з факсіміле аўтографа паэта. 1930 г.
Янка Купала (справа) верагодна з Ігнатам Шыпілам за абедам у гасцініцы "Масква". 1938 г.
Матэрыял у альбоме размеркаваны па раздзелах партрэтаў і групавых здымкаў. А кожны складаецца з дзвюх частак: фота з аўтографамі паэта і без іх. Канешне ж, многія кадры вядомыя спецыялістам і тым, хто цікавіцца жыццём Песняра. Але тут прадстаўлены і такія, што раней не ведалі нават даследчыкі.
Купала з жокай у гасцях у Якуба Коласа. 1926 г. Ждановічы.
Янка Купала на палубе парахода ў час паездкі на магілу Т.Шаўчэнкі ў Канеў. 1939 г.
Вось фота трагічнага для Купалы 1930-га (зроблена для ўклейкі ў зборнік “Творы 1918 — 1928”, мабыць, у хуткім часе пасля даклада Лукаша Бэндэ, дзе той граміў творчасць Купалы, Коласа і Гартнага…). Затое зусім іншы настрой у паэта на здымку, дзе ён адпачывае ў нумары гасцініцы “Масква” — прыкладна ў сярэдзіне 1930-х. Іншыя кадры: са шчырай усмешкай, сканцэнтраваны, сабраны, задумлівы…
На адпачынку ў лесе. Злева направа: Янка Купала, Ігар Елісееў, Магдалена Елісеева, Уладзіслава Луцэвіч. 1930-я гг.
Групавыя фатаграфіі — асобная тэма, якая патрабуе аналізу. Каго тут толькі няма — Абрам Бразер, Пятрусь Броўка, Сяргей Гарадзецкі, Цішка Гартны, Пятро Глебка, Максім Горкі, Уладзімір Дубоўка, Кандрат Крапіва, Вацлаў Ластоўскі, Міхась Лынькоў, Павел Малчанаў, Аляксей Новікаў-Прыбой, Яніс Райніс, Кузьма Чорны, члены літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Полымя”, супрацоўнікі Інбелкульта, канешне ж, Уладзіслава Луцэвіч ды Якуб Колас…
Янка Купала і Міхась Лынькоў на дачы ў Ляўках. 1937 г.
Купала (на заднім сядзенні злева) на дачы ў Ляўках. 1937 г.
Што казаць? На здымках — фотасага жыцця вялікага чалавека…