Апошнія трынаццаць гадоў ён працаваў у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.
Пётр Рыгоравіч стаяў ля вытокаў станаўлення беларускай школы рэстаўрацыі тэмпернага жывапісу і паліхромнай скульптуры ў Беларусі. Вялікі ўнёсак ён зрабіў у рэстаўрацыю алтароў касцёла Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Пінску ды абразоў мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора.
Ікона "Хрыстос Уседзяржыцель" XVI cт., адрэстаўраваная Пятром Журбеем.
Пятра Рыгоравіча можна аднесці да катэгорыі “шчаслівых” рэстаўратараў. У 1992 годзе менавіта яму было даручана выканаць рэстаўрацыю Цудатворнай Мінскай іконы Прасвятой Багародзіцы XVI стагоддзя. Па бацькоўскай лініі ў яго ў радні былі іканапісцы, таму да рэстаўрацыі абразоў ён ставіўся з асаблівай цеплынёй, беражлівасцю і тактам. Пасля рэстаўрацыі ўнікальная цудатворная ікона была асвечана Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Філарэтам, і цяпер яна знаходзіцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы. Гэта святыня не толькі Мінска, але і ўсёй Беларусі.
Пятром Журбеем была адрэстаўравана, а значыць — вернута да жыцця значная колькасць унікальных экспанатаў-шэдэўраў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь (у тым ліку і “Спас Уседзяржыцель” XVI ст.) і “Пакланенне вешчуноў” XVI ст. з Музея старажытнабеларускай культуры пры Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь.
Майстэрства П.Журбея было запатрабавана не толькі на радзіме. Па лініі UNESCO Пётр Журбей навучаў спецыялістаў па рэстаўрацыі паліхромнай скульптуры ў Рэспубліцы Нікарагуа, быў куратарам у Польскім інстытуце кансервацыі помнікаў.
Рэстаўратар, як і мастак, не памірае — ён жыве ў вернутых народу духоўных святынях…
Надзея УСАВА, Таццяна ГАРАВЕЦ — ад імя калектыву Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь