“Прыступкі” фота да мастацтва

№ 8 (1082) 23.02.2013 - 02.03.2013 г

Менавіта такі шлях цяпер актуальны для нашай фатаграфіі?

Фотавыстаўкай “Ступені” ў сталічнай галерэі “Універсітэт культуры” адкрыўся Першы Мінскі фестываль фатаграфіі. Пяць экспазіцый на розных пляцоўках беларускай сталіцы, Міжнародная канферэнцыя “Фатаграфія ў краінах Усходняга партнёрства: праблемы і вырашэнні” ў Інстытуце журналістыкі БДУ — першы форум, зладжаны Беларускім грамадскім аб’яднаннем “Фотамастацтва” прапаноўвае шэраг ініцыятыў з мэтай адлюстравання сучаснага стану беларускай фатаграфіі.

/i/content/pi/cult/415/8475/1-6.jpeg

Першая фотавыстаўка — “Ступені” — на думку старшыні БГА “Фотамастацтва” Сяргея Плыткевіча, з’яўляецца адным з найбольш знакавых мерапрыемстваў. “Яна ўвойдзе ў гісторыю. Менавіта з ёю будуць параўноўваць усе наступныя фотапраекты нашага аб’яднання”, — падкрэсліў ён, адзначыўшы і колькасць прадстаўленых на ёй работ (больш за сто пяцьдзясят), і колькасць аўтараў, якія прынялі ўдзел у выстаўцы, (пяцьдзясят два).

Усім членам “Фотамастацтва” было прапанавана даслаць лепшыя, на іх думку, уласныя серыі работ у Савет аб’яднання, і апошні з той тысячнай колькасці здымкаў выбраў фатаграфіі, што прадстаўлены зараз у экспазіцыі.

/i/content/pi/cult/415/8475/1-4.jpeg

Што ж, урэшце, можа ўбачыць наведвальнік на “Ступенях”?

Фатаграфію — у самых разных яе жанрах і формах: street, пастановачную, рэпартажную, фэшн… Іранічныя замалёўкі Уладзіміра Шарнікава, фатаграфічныя фантазіі (часам па-іншаму і не скажаш) Валерыя Вядрэнкі, чорна-белую “класіку” Вадзіма Качана, палароідныя “ўнутраныя фіксацыі” Міхаіла Гаруса, студыйны перформанс Аляксандра Жарнасека, урбаністычныя эцюды Надзеі Дзегцяровай… Прызнацца, прылічаць аўтараў да пэўных плыняў і кірункаў — справа бадай заўсёды няўдзячная. Аднак у чым нельга папракнуць арганізатараў выстаўкі, дык гэта — у тым самым стылявым ці жанравым абмежаванні. Тым не менш, тая разнастайнасць спрацавала не лепшым чынам: пэўныя серыі работ побач з “яскравымі” суседзямі відавочна “губляліся”, хоць, насамрэч, менавіта яны былі вартыя асобнай увагі. Эклектычны падыход да пабудовы экспазіцыі зрабіў дзіўную рэч: спарадзіў адчуванне “ўежнага абеду”, але — без ясных успамінаў пра тое, чым менавіта ўдалося паласавацца. А між тым, пэўныя серыі хочацца адзначыць асобна: “Госці” Віктара Сядых, “Людзі і абліччы” Вадзіма Качана, “Чарнобыльскі сон” Сяргея Плыткевіча, “Вёска, якая знікае” Сяргея Кавалёва, “Гарады і мястэчкі” Юрыя Васільева, “Дарога дадому” Марыі Бацюковай, “Пра адзіноту” Ганны Крыловай… Аднак замест уцямнага выказвання атрымаўся “вольны набор”, і ў выніку “Ступені” нагадалі, хутчэй, яскравую справаздачу аб’яднання, чым дакладна выбудаваную выстаўку, якая дапамагла б сфармуляваць, куды ж, урэшце, рухаецца сёння беларуская фатаграфія.

/i/content/pi/cult/415/8475/1-3.jpeg

Але, як падкрэсліў Сяргей Плыткевіч, на наступны год падыход да стварэння галоўнай выстаўкі фестывалю будзе іншы: за права стаць яе куратарам будуць спаборнічаць. “Адзін фатограф прапануе свой варыянт, другі — іншае бачанне, узнікне канкурэнцыя, і такім чынам мы можам узняць узровень нашых мерапрыемстваў”, — сказаў старшыня “Фотамастацтва”.

Пакуль жа праграма сёлетняга Мінскага фестывалю фатаграфіі толькі распачалася. Літаральна ўчора адкрыліся рэтраспектыўная выстаўка Міхаіла Жылінскага “Крокі ў цішыні” ў галерэі “TUT.BY” і выстаўка “Глядзельная памяць гісторыі. Беларуская фатаграфія 60-х і 70-х з фондаў народнага фотаклуба “Мінск” у Музеі гісторыі горада Мінска. Наперадзе — персанальная фотаэкспазіцыя Марыі Бацюковай “Каля нуля” ў фотаклубе “Мінск” і выстаўка беларускіх фотарэпарцёраў “Калі фотажурналістыка становіцца мастацтвам” у Галерэі Міхаіла Савіцкага. А папярэднічаць апошняй, нагадаем, будзе міжнародная канферэнцыя з удзелам фатографаў Украіны, Грузіі, Малдовы і Азербайджана.

/i/content/pi/cult/415/8475/1-5.jpeg

У цэлым, планаў, што інтрыгуюць, у аб’яднання “Фотамастацтва” мноства.

— У рамках буйнога міжнароднага праекта ўжо запланаваны сумесныя фотапленэры, — увёў у падрабязнасці далейшага супрацоўніцтва з партнёрамі “Фотамастацтва” Сяргей Плыткевіч. — Ідзе гаворка ў далейшым і пра стварэнне агульнай выстаўкі па выніках пленэраў, пра адкрыццё міжнароднай фоташколы на адмыслова створаным фотапартале…

Такім чынам, нягледзячы на пэўныя заўвагі, можам павіншаваць фатаграфічнае аб’яднанне з цікавым пачаткам падзейнага года. Галоўнае — каб фота стала-такі мастацтвам…

Фота Сяргея Плыткевіча з серыі "Чарнобыльскі сон", Валерыя Вядрэнкі з серыі "Паклон Гаўдзі", Вадзіма Качана з серыі "Людзі і абліччы"

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"