Сустрэча ў майстэрні

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

У дні 70-годдзя перамогі ў Сталінградскай бітве майстэрню вядомага беларускага мастака, ураджэнца Украіны, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Тараса Паражняка наведалі прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары ў Беларусі і пастаянны паўнамоцны прадстаўнік Украіны пры каардынацыйных інстытутах СНД Іван Бунечка.

Яны павіншавалі Тараса Мікалаевіча, які ваяваў у Сталінградзе і быў там паранены, са слаўнай гадавінай. Іван Бунечка ўручыў мастаку ад імя Украінскага прадстаўніцтва пры СНД віншавальную грамату і шэраг сувеніраў. Потым адбылася сяброўская гутарка.

/i/content/pi/cult/411/8418/2-1.jpeg

Тарас Паражняк прыгадваў сваю ваенную маладосць, эпізоды славутай бітвы, падрабязна распавёў пра бой, у якім ён страціў руку. Бяда не зламала гэтага мужнага чалавека. Пасля вайны ён атрымаў у Маскве вышэйшую мастацкую адукацыю, потым выкладаў у Львоўскім інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва і Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, дагэтуль плённа працуе як кераміст.

/i/content/pi/cult/411/8418/2-2.jpeg

Тарас Мікалаевіч расказаў гасцям пра свае творчыя планы. У наступным годзе яму спаўняецца 90. Ягоны асабісты юбілей супадае з 70-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецкіх акупантаў. Мастак рыхтуе персанальную выстаўку і манументальных памераў керамічны твор для новай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

П.В.