“Роля” капрадукцыі

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” разам з расійскімі (у тым ліку славутым “Ленфильмом”), фінскімі, нямецкімі партнёрамі прыняла ўдзел у стварэнні карціны Канстанціна Лапушанскага “Роля”. На мінулым тыдні новы кінатвор расійскага рэжысёра, прызёра дзясяткаў міжнародных кінафестываляў, вучня Андрэя Таркоўскага, быў прадэманстраваны прадстаўнікам прэсы.

Адны з самых вядомых стужак Канстанціна Лапушанскага — “Лісты мёртвага чалавека” і “Гадкія лебедзі”, створаныя пры ўдзеле сцэнарыста і пісьменніка-фантаста Вячаслава Рыбакова ды славутага Барыса Стругацкага. Філасофская антыўтопія — той жанр, што звязваецца з імем расійскага музыканта, мастака і рэжысёра. Яго работы — прыклад таго самага аўтарскага кінематографа, які стаіць на пазіцыях глыбокага роздуму, даследавання душы чалавека, і жанр тут часам не адыгрывае істотнай ролі.

Сюжэт "Ролі" можна вызначыць некалькімі сказамі. Выбітны акцёр Мікалай Яўлахаў, што жыве ў эміграцыі ў Фінляндыі, прагне сыграць у сваім жыцці самую важную ролю — рэальна існуючага чалавека — чырвонага камандзіра Ігната Плотнікава. Пад час уцёкаў з савецкай Расіі акцёр сутыкнуўся з камандзірам на станцыі Рытва і, убачыўшы, што яны з ім — двайнікі, задумаўся над прадастаўленай яму магчымасцю. Што можа быць вяршыняй яго акцёрскага майстэрства, як не “роля” Плотнікава — захапляльная звышзадача ўвасобіць свайго героя на “сцэне” рэальнага жыцця? Дзеля яе выканання акцёр гатовы перабрацца (і перабіраецца) ў савецкую Расію.

/i/content/pi/cult/411/8416/1-5.jpeg

Але, вядома, соль стужкі не толькі і не столькі ў сюжэце. Перад намі — твор цалкам мадэрнісцкі, які існуе па сваіх законах. “Роля” — кіно пра перамяшчэнне чалавека не толькі ў прасторы, але ў часе. Пра зрушэнне рэальнасцей — выдуманай і сапраўднай. Пра “ісціну маскі”, як казаў Аскар Уайльд. Пра рэальнасць мастацтва і ўмоўнасць жыцця… Пра парадоксы гісторыі…

Фільм зроблены ў чорна-белым фармаце, на кінаплёнцы 35 мм, эстэтыкай выявы нагадвае некалі бачаны ды забыты сон. Зіма, чыгуначныя станцыі, дым паравозаў, мітусня завеі, няўцямныя натоўпы людзей… — ключавыя сцэны адбываюцца менавіта на чыгуначных прыпынках, у цягніку, у змрочных пакоях. Варта адзначыць майстэрства беларускіх мастакоў-пастаноўшчыкаў Алены Жукавай і Андрэя Тоўсціка ды расійскага аператара Дзмітрыя Маса, якім удалося стварыць аскетычную і, разам з тым, “насычаную” прастору дзеяння, што можна ахарактарызаваць, як “дзесьці паміж мрояй і рэальнасцю”, умоўна пазначанай каардынатамі Расіі 1920-х.

З акцёрскіх работ, як і заўжды, бездакорная ігра Леаніда Мазгавога. Свежым і запамінальным тварам у стужцы стала Настасся Шавялёва. Выканаўцы галоўнай ролі акцёра Яўлахава і чырвонаармейца Плотнікава — Максіму Суханаву — дасталася задача не з простых, але ж ён з ёй спраўляецца. На жаль, беларускія акцёры задзейнічаны ў стужцы мінімальна.

Хочацца звярнуць увагу, што асаблівая магія “Ролі” — і ў культуры выявы, якая адсылае да лепшых кінатвораў “Ленфильма”.

Як паведаміў на прэзентацыі стужкі начальнік аддзела рэалізацыі і рэкламы кінастудыі “Беларусьфільм” Міхаіл Кацюшэнка, фільм Канстанціна Лапушанскага плануецца заявіць на прэстыжныя міжнародныя кінафестывалі. “Пабачым “Ролю” і на Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад”, — адзначыў ён. І ў гэтых выпадках стужка будзе дэманстравацца, па магчымасці, на плёнцы, заверыў Кацюшэнка.

У рэпертуары беларускіх кінатэатраў новая карціна Канстанціна Лапушанскага з’явіцца ў сярэдзіне бягучага года. Прэм’ера стужкі знанага рэжысёра  — добры пачын поўнаметражных навінак Нацыянальнай кінастудыі ў 2013-м, але, спадзяёмся, што ў гэтым пераліку мы ўбачым і творы беларускіх майстроў-рэжысёраў.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"