Адкрыццё… сучаснікаў

№ 6 (1080) 09.02.2013 - 16.02.2013 г

Постфактум да фестывалю “Заслаўе-2013”

Беларускай літаратурнай класіцы моцна пашанцавала ў параўнанні з музычнай: яе вывучаюць на ўроках. Хтосьці проста “праходзіць”, але некаторыя і спыняюцца — надоўга ці нават назаўсёды. А вось набыткі акадэмічнай кампазітарскай школы застаюцца збольшага менавіта ў “пасіўным” выглядзе, па-за межамі канцэртных залаў ды адукацыйнага працэсу.

“Стырнавы” Нацыянальнага канцэртнага аркестра маэстра Міхаіл Фінберг вось ужо які год імкнецца выправіць сітуацыю. У геаграфіі фестываляў Нацыянальнага канцэртнага аркестра (а толькі сёлета іх будзе 17!) старадаўняе Заслаўе мае адмысловае месца. У старажытным горадзе гучыць не беларуская музычная спадчына “сівой даўніны”, але творы, фактычна, нашых сучаснікаў — тых кампазітараў, росквіт якіх адбыўся ўжо ў паваенны час. Зрабіўшы экскурс у гэты культурны пласт, “крэатыўнае ядро” аркестра хутка прыйшло да высновы, што адкрываць ды адраджаць яго гэтак сама складана, як і вяртаць да жыцця тыя айчынныя творы, якія цудам адшукаліся ў нетрах замежных архіваў.

/i/content/pi/cult/411/8415/1-1.jpeg

— Так, мы робім усё, каб захаваць музыку сучасных беларускіх кампазітараў, — адзначыў за хвіліну да пачатку імпрэзы маэстра Фінберг. — І робім гэта нават не столькі “для гісторыі”, колькі, перадусім, з іншай, вельмі простай прычыны: яны пісалі вельмі добрую музыку!..

Сапраўды, аркестр паспяхова ў гэтым пераконвае! Гэтым разам у сюжэтах навін усіх вядучых тэлеканалаў краіны прагучала прозвішча знакамітага кампазітара Анатоля Багатырова, 100-годдзе з дня нараджэння якога мы сёлета адзначаем. Ці кожны выпускнік музычнай школы пра яго ведае?

Гучалі творы як самога майстра, так і ягоных, не менш знакамітых, вучняў: Яўгена Глебава, Генрыха Вагнера, Эдзі Тырманд... Музыколаг і нязменная вядучая камерных праграм фестываляў аркестра, доктар навук Вольга Дадзіёмава — не толькі дбайны даследчык музычнай спадчыны, але і надзвычай удалы яе папулярызатар. І ейны выкшталцоны канферанс здатны зацікавіць набыткамі кампазітарскай школы нават тых, хто класіку “па жыцці” ніколі не слухае — не кажучы ўжо пра беларускую...

Пісаць пра тое, што камерныя калектывы аркестра бездакорна справіліся са сваёй задачай, будзе нават лішнім. Усім вядома: Нацыянальны канцэртны заўсёды і ва ўсіх сваіх праявах вызначаецца перфекцыянізмам. Традыцыяй ужо стала і тое, што на кожнай з фестывальных праграм гучаць прэм’еры, прычым творы часам зведваюць даволі смелую ды працаёмкую інтэрпрэтацыю, прымушаючы ўвасабляць закладзеную ў іх музычную ідэю з дапамогай зусім іншых інструментаў, чым тыя, што прадугледжваў сам аўтар.

/i/content/pi/cult/411/8415/1-4.jpeg

Канцэрт скончыўся, апладысменты гучалі доўга, але... пытанні засталіся. Ці здолее пачуць гэтыя творы кожны ахвотны? У запісе альбо — што нават лепш — у канцэртнай зале? Міхаіл Якаўлевіч у такіх выпадках адзначае: падобныя пытанні — не да яго. І сапраўды, недарэмна булгакаўскі прафесар Праабражэнскі называў сябе “прыхільнікам падзелу працы”. Дый нават лішне казаць, што кіраўнік аркестра выконвае сваю функцыю папулярызацыі спадчыны на ўсе 500%.

 — Звычайна Міхаіл Якаўлевіч тэлефануе мне прыкладна на пачатку восьмай — ужо са свайго офіса, — распавяла Вольга Дадзіёмава. — З’явілася новая цікавая ідэя, новы паварот у канцэпцыі фестывалю, які трэба тэрмінова абмеркаваць... Увогуле, “драматургія” кожнай такой імпрэзы выбудоўваецца надзвычай даткліва, і гэты творчы працэс можа доўжыцца ледзь не бясконца.

— На жаль, больш гэтыя канцэрты нідзе не ладзяцца, не гучаць па радыё. Але... Мы робім тое, што можам, — кажа сам Міхаіл Якаўлевіч.

Па словах Вольгі Дадзіёмавай, менавіта радыё знаёміла слухачоў яе пакалення з творамі беларускіх кампазітараў. І таму гэты рэсурс па-ранейшаму надзвычай важны — хаця ўявіць творы таго ж Багатырова ў плэй-лісце нейкай FM-станцыі было б папраўдзе фантастыкай, а моладзь аддае перавагу менавіта ім, а не радыёкропкам.

Зрэшты, нямала прадстаўнікоў будучага пакалення меламанаў усё ж да класікі неабыякавыя. Пра гэта сведчыць вялізны працэнт ахопу музычнымі школамі, што назіраецца па ўсёй краіне. І такі інструмент папулярызацыі нацыянальнай кампазітарскай спадчыны падаецца асабліва эфектыўным. “Ноу-хау” тут, зноў жа, належыць маэстра Фінбергу. Вось ужо ў які раз у рамках фестывалю ладзіцца конкурс для навучэнцаў музычных школ. Галоўная ўмова ўдзелу — выкананне твораў беларускіх аўтараў.

— Конкурс прайшоў надзвычай цікава і пакінуў у мяне выключна станоўчыя ўражанні, — распавёў Міхаіл Якаўлевіч. — Сёлета ў цэнтры нашай увагі знаходзіліся струнныя інструменты, наступным разам будуць ужо духавыя... Сярод удзельнікаў былі нават падрыхтоўчыя класы! Самае галоўнае, што дзеткі ад пачатку засвойваюць творы нашых цудоўных кампазітараў. Вядома, у гэтым вялікая заслуга педагогаў музычных школ, якія праявілі сур’ёзны ды адказны падыход...

...Заслаўскі фэст адметны яшчэ і тым, што менавіта ён адкрывае сёлетні каляндар разнастайных падобных імпрэз аркестра. Іх лік год ад года толькі множыцца. Гэтым разам, упершыню, фестываль пройдзе ў Любані. І паколькі “ніва багатая, а работнікаў мала”, застаецца хіба пажадаць маэстра і ягонаму калектыву ладнай колькасці шчырых паплечнікаў і аднадумцаў. А яшчэ лепш — стварэння вакол фестываляў цэлай інфраструктуры, здатнай павялічыць іх адукацыйны (а ў перспектыве, можа, і камерцыйны?) патэнцыял…

Тым часам

Наш "Мінскі джаз" і яго "мены"

Паводле традыцыі, тры дні ў пачатку лютага праходзяць у сталіцы пад знакам музычнага праекта “Мінскі джаз”, галоўнай "дзеючай асобай" якога з’яўляецца Біг-бэнд Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга.

/i/content/pi/cult/411/8415/1-2.jpeg

Сёлета такі фестываль быў ужо 24-м. Як заўсёды, ён праходзіў пад эгідай Міністэрства культуры Беларусі, асноўная ж арганізацыйная падтрымка зыходзіла ад Мінгарвыканкама. Шмат пытанняў вырашаў і сам аркестр — пры падтрымцы фундатараў. І свята атрымалася яскравым! Пра гэта падрабязней — у адным з наступных нумароў .

/i/content/pi/cult/411/8415/1-3.jpeg

Пакуль жа паведамім, што лепшымі джазменамі года сталі сёлета двое саксафаністаў: Раман Арцем’еў (на фота справа), які ўжо цягам дзесяцігоддзя грае ў нашым аркестры, і Сяргей Чэбан з 19-гадовым стажам у “фінбергаўцаў”.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Заслаўе — Мінск

Фота Юрыя ІВАНОВА