Роберт Фальк у Віцебску: “Я ўбачыў у глыбіні пейзажу чырвоную рабіну…”

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

…Паводле маёй версіі, якраз у гэты час Фальк надумаў разыходзіцца са сваёй другой жонкай — Кірай Канстанцінавай-Аляксеевай (дачкой К.С. Станіслаўскага) з намерам звязаць жыццё з 26-гадовай студэнткай-пераросткам Віцебскай народнай мастацкай школы Раісай Ідэльсон, з якой ён пазнаёміўся яшчэ ў Маскве з лёгкай рукі вядомага мастацкага крытыка Абрама Эфраса. Раней, перад рэвалюцыяй, яна вучылася ў Юдаля Пэна і пастаянна жыла ў Віцебску, хаця часта ездзіла і ў Петраград, наведваючы Школу падтрымкі мастакоў пры Акадэміі мастацтваў ды прыватную студыю Я.Гольдблата, так бы мовіць, павышала сваю прафесійную кваліфікацыю. Некаторы час брала ўрокі нават у Кузьмы Пятрова-Водкіна…

(Працяг. Пачатак у № 40)

Пазней Фальк перацягнуў яе ва ВХУТЕМАС, і ў 1922 годзе пабраўся з ёю шлюбам. Колькі слоў пра гэтую жанчыну, якая адыграла вельмі важную ролю ў сярэдзіне жыцця мастака. Трэба аддаць належнае ўдаве мастака А.Шчокінай-Кротавай: тая заўсёды вельмі добра адгукалася аб Раісе Ідэльсон (1894 — 1972 гг.): “…Яна была чалавек вельмі неспакойнага сэрца, таленавітая і разумная, але ўся ейная энергія выходзіла на клопат пра любімых людзей. Так што яна амаль нічога не зрабіла са сваёй незвычайнай адоранасці, бо прысвяціла ўсю сябе не столькі служэнню сваім блізкім (і служэнню, канешне ж, таксама), колькі бязмежнаму трапяткому клопату пра іх. Я не памятаю яе ў спакойным стане. Яна пастаяна гарэла, гарэла ў хваляванні. Толькі іншым разам, калі сканцэнтроўвалася на карцінах, рабілася надзвычай ціхай… Яна так умела глядзець жывапіс, як рэдка хто можа: проста ўваходзіла ў карціну цалкам, і тады на яе твары можна было прачытаць абсалютнае шчасце, як у святых. Больш за ўсіх жывапіс Фалька разумела яна, Раіса Веніямінаўна, а зараз — я...”

Такім чынам, Віцебск. Акрамя жадання правесці з Раісай Ідэльсон “мядовы год” у гэтым горадзе, Роберт Рафаілавіч меў тут і іншыя мэты. На пачатку лістапада 1919-га Віцебскі пададдзел выяўленчых мастацтваў у клубе Борахава арганізаваў Першую Дзяржаўную мастацкую выстаўку карцін мясцовых і маскоўскіх мастакоў, у якой, разам з 41 жывапісцам, прыняў удзел і Р.Фальк. Склад удзельнікаў быў проста фантастычны: Н.Альтман, Д.Бурлюк, С.Герасімаў, В.Кандзінскі, І.Клюн, П.Канчалоўскі, А.Купрын, П.Кузняцоў, А.Лентулаў, А.Шаўчэнка, В.Розанава, А.Родчанка, В.Ражджэсцвенскі, А.Экстэр, М.Ле-Данцю, тагачасныя віцябчане М.Шагал, Л.Лісіцкі, С.Юдовін, Ю.Пэн, К.Малевіч, А.Бразер, А.Ром, Л.Хідэкель ды іншыя, а таксама яшчэ тагачасная жонка Фалька — Л.Пацехіна...

/i/content/pi/cult/395/7965/2-1.jpeg

Зараз, калі бачыш гэтыя імёны, вядомыя ўсяму культурнаму свету, — разбягаюцца вочы: не такім “правінцыйным і патрыярхальным” горадам быў тады Віцебск, калі так моцна прыцягваў “зорак” жывапісу першай чвэрці ХХ стагоддзя! І, трэба сказаць, Фальк як чарадзей пэндзля, на мой погляд, быў у першай пяцёрцы тагачасных вялікіх майстроў. Акрамя таго, прыкладна ў гэты час тут ужо пабывалі як мастакі і педагогі, так і старыя таварышы Фалька па выставачнай дзейнасці: ад М.Шагала да М.Дабужынскага, ад І.Пуні ды К.Багуслаўскай да К.Малевіча. Чаму ж яму, Фальку, не выкладаць у той школе, якая толькі што атрымала гордую і мнагазначную назву “Мастацка-практычны інстытут” (яго ўзначаліла нястомная “жалезная” маладая “лэдзі”, былая дваранка Вера Ермалаева, якую Фальк таксама ведаў яшчэ па Петраградзе)?

Ёсць яшчэ і трэцяя версія з нагоды прыезду Фалька ў Віцебск, што непасрэдна звязана з папярэдняй, “любоўнай”. Паслухаем вучня мастака — Саламона Гершава, ураджэнца колішняга Дзвінска (сёння — Даўгаўпілс, Латвія): “…Справа ў тым, што пасля рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны ў цэнтры Расіі, у дзвюх яе сталіцах — Петраградзе і Маскве, — проста не было чаго есці. А вось у Віцебску, які адносіўся да беларускай зямлі, голаду не было. Нават наадварот: багацце сельскагаспадарчых прадуктаў было настолькі вялікае, што з’явіліся велізарныя базары, якія расцягваліся ў даўжыню ледзь не на кіламетр. Там чалавек мог купіць сабе ўсё, пачынаючы ад жывой казы, жывога пеўня і заканчваючы багаццем агародніны і садавіны…”

/i/content/pi/cult/395/7965/2-2.jpeg

Тое сапраўды так. Па вялікім рахунку, гэта ўсё таксама было адной з прычын таго, што адносна мірны Віцебск, калі навокал ішла грамадзянская вайна, стаў месцам прыцягнення мастакоў з розных гарадоў не толькі ўласна Расіі. А калі на пачатку 1920-х і ў Віцебск прыйшла харчовая разруха, што адбілася і на жыццёвым стане мастакоў ды педагогаў, большасць з іх пакінула горад, насельніцтва якога, да таго ж, усё больш станавілася, мякка кажучы, не вельмі гасцінным менавіта для “левых” рэфарматараў новага мастацтва.

Фальк пратрымаўся ў Віцебску некалькі месяцаў. Калі ён з’явіўся ў горадзе, Шагала тут ужо не было — замест яго Інстытутам кіравала Вера Ермалаева, аднак аўтарытэт Малевіча сярод студэнтаў і настаўнікаў быў па-ранейшаму вялікі і бясспрэчны. Цяжка дакладна сказаць, як “фігуратыўны” Фальк ставіўся да супрэматызму і ўласна да “беспрадметнага” Малевіча. Мабыць, больш з разуменнем, чым з адмаўленнем. Ён заўсёды лічыў сябе “моцным рэалістам”, казаў, што рэалізм — гэта правільная фарба, якая пакладзена на правільным месцы. Аднак яго, як і Малевіча, доўгія гады абвінавачвалі… у фармалізме. Так, Фальк сцвярджаў у мастацтве іншыя правілы, чым Малевіч, і не быў прыхільнікам дыктату. Тым не менш, абодвух звязвала калі не блізкае сяброўства, то добрыя ўзаемаадносіны. Казімір Севярынавіч з цікавасцю вывучаў пластычную манеру Фалька і нават праводзіў яе разгляд з вучнямі сваёй майстэрні. Ды і віцебская майстэрня Фалька папаўнялася маладымі людзьмі, якія да таго атрымалі школьныя азы ці то ў Пэна, ці то ў Шагала, ці то ў самога Малевіча. Хаця ўсё ішло не так гладка, як можа падацца на першы погляд. Але гэта — тэма для асобнай гутаркі.

Што і казаць, Фальку пашчасіла пабачыць тут амаль усіх “капітанаў” тагачаснага мастацкага карабля. Мабыць, 1921 год быў вяршыняй таго стракатага царавання мастацтва, дзе лінія, пабудаваная цэнтрабежнымі высілкамі Пэна і Шагала, Дабужынскага і Юдовіна, Якерсона і Цілберга, Малевіча і Лісіцкага, Ермалаевай і Суэціна, Пуні і Багуслаўскай, Коган і Бразера, цягнулася няроўна і нервова, як, уласна кажучы, і належыць крывой, што адлюстроўвае час перамог і страт, ап’янення і пахмелля, час чакання і час безнадзейнасці. Здавалася, усе мастацкія стылі ды напрамкі, якія існавалі тады ў Расіі, з’ядналіся ў адно згодна з воляй Творцы менавіта ў нашым Віцебску. Бедныя вучні! Іх нясталыя, маладыя душы рваліся, сапраўды, ад аднаго педагога да другога. Ад такога стракатага педагагічнага складу цяжка было чакаць стройнай сістэмы, мэтанакіраванага навучальнага працэсу.

/i/content/pi/cult/395/7965/2-3.jpeg

У адрозненне ад Шагала, у якога не было стройнай, зладжанай педагагічнай сістэмы, які сам фарміраваўся насуперак усялякім сістэмам, у адрозненне ад Малевіча, чые мастацка-педагагічныя прынцыпы ў Віцебску ператварыліся ў прадуманую жорсткую сістэму, Фальк сумяшчаў дакладнае разуменне мастацкіх задач з улікам індывідуальных схільнасцей сваіх вучняў. Па ўспамінах вхутэмасаўца Сямёна Чуйкова, Фальк размаўляў са сваімі студэнтамі “не як настаўнік, які “нацягвае” сваіх падапечных, а як мастак, як артыст”. І ўсё ж, як кажа Чуйкоў, Фальк быў дастаткова жорсткім педагогам, у нейкай ступені нават нецярпімым. Дзе б мастак ні настаўнічаў, ён мэтанакіравана дапамагаў развівацца індывідуальнасці, адначасова прымушаючы маляваць менавіта ў адпаведнасці з уласнымі ўяўленнямі пра жывапіс, што давала вучням “дабраякасную” школу.

А.Шчокіна-Кротава распавядае (са слоў Фалька, канешне ж): “…Студыя Малевіча была нечым накшталт секты. Усе змрочныя. Малевіч размаўляў занадта красамоўна: пра прастору, пра тое, як яе трэба рэзаць. Спачатку Фальк і Малевіч спрачаліся да хрыпаты, амаль не спалі цэлы тыдзень. Да згоды не прыйшлі. Тады Фальк у суседнім з Малевічам класе зладзіў сваю невялікую майстэрню. Паставіў бутэльку, глечык, паклаў лусту хлеба і сказаў, як знайсці правільныя прапорцыі і размеркаваць прастору. Гэта падалося такім прымітыўным, такім зразумелым, што некаторыя збеглі ад Малевіча да Фалька, а потым паехалі з ім з Віцебска ў Маскву ва ВХУТЕМАС…”.

Ізноў не зусім дакладна: мабыць, падвяла аберацыя памяці ці то ўдавы мастака, ці то самога Фалька. Сапраўды, вучні “бегалі” ад Малевіча да Фалька, але “бегалі” і наадварот — ад Фалька да Малевіча. І, дарэчы, большасць вучняў Малевіча з’ехала са сваім настаўнікам з Віцебска ў Петраград. А што да тых, хто адправіўся з Робертам Рафаілавічам ва ВХУТЕМАС, дык мне вядома толькі адно імя (не лічачы Раісы Ідэльсон) — Леў Зевін. Вельмі таленавіты мастак. Ураджэнец Віцебска. Вучыўся спачатку ў Пэна, потым — у віцебскай майстэрні ў Фалька. Ва ВХУТЕМАСе, у таго ж Фалька, прадоўжыў сваю адукацыю, між іншым, разам з земляком Міхасём Філіповічам. Загінуў Зевін на фронце ў час Вялікай Айчыннай вайны.

М.Абрамскі, які навучаўся тады ў Віцебскай мастацкай школе, таксама узгадваў: “…Адзінай школы і адзінага напрамку не было. Навучэнцы кідаліся ад Пэна да Шагала, ад Дабужынскага да Малевіча, ад Фалька да Пуні. Мы хутка запальваліся і гэтак сама хутка ахалоджваліся…” Падкрэслю, што калі Фальк прыехаў у Віцебск, Івана Пуні там даўно ўжо не было: ён разам з жонкай Ксеніяй Багуслаўскай з’ехаў у Петраград, а адтуль — у эміграцыю. Ды і Мсціслаў Дабужынскі пакінуў Віцебск яшчэ да прыезду Малевіча. Так што да любых успамінаў і мемуараў сучаснікаў заўсёды трэба ставіцца асцярожна ды цвяроза...

(Заканчэнне будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"