Застанецца зоркай у небе беларускім...

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Пайшоў з жыцця мастак Сяргей ЦІМОХАЎ. Яму было пяцьдзясят два гады — час сталасці: ужо ёсць мудрасць, і яшчэ ёсць сілы. Жыццёвы ды творчы досвед ужо дазваляе цвяроза ацэньваць рэчаіснасць, ды яшчэ не знікла памкненне змяніць штосьці ў самім сабе альбо ў навакольным свеце ў лепшы бок…

Тыя, хто ведаў блізка ведаў Сяргея ў апошні час, кажуць, што гэты жыццярадасны, надзвычай працаздольны і творча актыўны чалавек “згарэў” літаральна за некалькі месяцаў…

/i/content/pi/cult/395/7964/1-7.jpeg

Калі падводзіцца рыса зямнога існавання, усё другаснае і выпадковае адыходзіць у цень, а высвятляецца галоўнае, істотнае, вызначальнае. У асобе Цімохава вызначальным было тое, што “жыццё” і “творчасць” былі для яго сінонімамі. Мастаком ён быў не толькі ў майстэрні, але і ў побыце, і ў справах грамадскіх. Асобна варта адзначыць, што ягоныя работы, прасякнутыя марай пра гармонію, нараджаліся на рубяжы эпох. Гісторыкі мастацтва не абмінуць увагай тую акалічнасць, што Цімохаў здолеў спалучыць у сваіх творах адвечнае і надзённае.

Падаецца, у ягонай асобе было нешта ад “вечнага вандроўніка” Язэпа Драздовіча. Гэта і чыста вонкавае — нарадзіўся на Гомельшчыне, жыў і працаваў у Полацку, потым у Мінску, — але найперш сутнаснае: цвёрда стоячы на зямлі, ён глядзеў у неба, трымаючы ў думках беларускі космас. У гэтым небе гарэць яму зоркай…

“Культура”ўцы