“Мне б яшчэ дзясятак гадоў, каб закончыць свае карціны…”

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Жыццё не спыніць. Смерць, на жаль, таксама. Пайшоў з жыцця заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Пётр Данэлія. Пры жыцці я называў яго, канешне ж, з імем па бацьку — Пётр Аляксеевіч, хаця мы сябравалі шмат гадоў. Дыстанцыю адчуваў заўсёды. І прычынай таму была не толькі значная розніца ва ўзросце: проста, ён быў выдатны мастак, прычым сапраўдны, і належыў да пакалення тых “апошніх з магікан”, хто стаяў ля вытокаў пасляваеннага беларускага пейзажнага жывапісу.

Данэлія не быў падобны да пустэльніка, які працаваў у адасабленні над сваімі творчымі думкамі, — ён знаходзіўся ў авангардзе бурлівага і напружанага мастацкага жыцця. Яго заўсёды акружала шмат людзей — сяброў, калег і вучняў, ён быў прыроджаным лідарам, які шукаў новыя шляхі ў мастацтве ды грамадскай дзейнасці. Асабіста для мяне ён стаўся блізкім сэрцу чалавекам і творцам. І сёння, калі Пятра Аляксеевіча не стала, мастак застаецца ў памяці маёй жывым, вясёлым, патрэбным, самадастатковым і прынцыповым, калі гаворка ішла ўласна пра жывапіс…

/i/content/pi/cult/395/7963/1-5.jpeg

Для Пятра Данэліі, ураджэнца Махачкалы і даваеннага вучня Маскоўскага мастацкага вучылішча Памяці 1905 года, горад Брэст стаў родным домам адразу ж пасля Перамогі. А да гэтага былі ўдзел у баях з белафінамі ў той самай “незнакамітай вайне”, а потым — смяротныя бітвы чэрвеня 1941-га пад Бабруйскам і фашысцкі палон…

Калі ж прыйшла Перамога, 25-гадовы Данэлія ўжо ведаў, што і якім чынам хоча расказаць людзям. І распавёў мовай пэндзля пра сваю шчырую любоў да мірнай прыроды, да той блаславёнай беларускай зямлі, якая яго прытуліла як роднага сына і зрабіла нашым выдатным мастаком.

Практычна ўсе ягоныя вобразы эпічных ды лірычных палотнаў звязаны з Брэстчынай. І, зразумела, не толькі сюжэтамі, тэмамі, але і ўсімі адценнямі душэўных, шчырых, перажыванняў. Высокі прафесіяналізм, каларыстычная дасканаласць, мажорная колерамузыка, уменне бачыць Вечнасць у “бутоне кветкі” заўсёды вызначалі творы Пятра Аляксеевіча, чалавека з душой незамутнёнай, чыстай, бы тая беларуская наша прырода, якую ён так натхнёна любіў…

А з якой радасцю ён успамінаў сваіх вучняў па мастацкай студыі ў Брэсце, якія потым сталі выдатнымі мастакамі, у тым ліку М.Селешчука, І.Рэя, П.Свентахоўскага, Л.Алімава! Таксама ўзгадваў і тыя даўно мінулыя гады, калі ён, Пётр Аляксеевіч, арганізаваў з сябрамі Брэсцкае аддзяленне Саюза мастакоў БССР, калі быў галоўным мастаком горада, дэпутатам гарсавета, калі цягам амаль дзесяці гадоў паспяхова ўзначальваў мясцовы Саюз мастакоў… Так, ён быў ні да каго не падобны. Цэласны. Часам жорсткі, калі трэба было змагацца з нясправядлівасцю.

Вось ужо, здавалася б, такі чалавек сто гадоў пражыве! І марыў ён пра гэта. На адкрыцці сваёй апошняй выстаўкі ў Брэсце — у гонар свайго 90-годдзя — ён сказаў: “Мне б яшчэ дзясятак гадоў, каб закончыць свае карціны: іх у мяне ў майстэрні, пачатых, шмат…” Але не дажыў тры з паловай месяцы да 93-годдзя…

Што тут сказаць? Адно суцяшэнне: мастак не памірае — ён застаецца жыць у сваіх палотнах, “аўтапартрэтах чалавечай душы”. Застаецца жыць для людзей. І — працягвае радаваць іх чыстым святлом чароўных фарбаў. Мы будзем памятаць Пятра Аляксеевіча, сапраўды нацыянальнага жывапісца і добрага, спагадлівага чалавека, які цалкам аддаў жыццё высокаму мастацтву…

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"