Непадобнае падабенства —

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Клубныя акцэнты і кантэнты Віцебшчыны

Культура і інвестар: грані сацыяльнага партнёрства

Гэтым разам Рэспубліканская камісія па вызначэнні лепшай аграгарадоцкай установы культуры выправілася ў Віцебскую вобласць. На атрыманне статуса “Клуб года” тут прэтэндуюць Лаўжанскі сельскі Цэнтр культуры і вольнага часу аграгарадка “Мікіціха” Шумілінскага раёна і Відзаўскі гарпасялковы дом культуры з Браслаўшчыны. Установы — яркія і цікавыя, але настолькі розныя па творчых ды матэрыяльна-фінансавых магчымасцях, што параўноўваць іх проста немагчыма. І непараўнальнасць гэтую дыктуе, як падаецца, геаграфічнае месцазнаходжанне рэгіёнаў: Шуміліншчына размешчана ў цэнтральнай частцы вобласці, Браслаўшчына ж ушчыльную мяжуе з Прыбалтыкай і, у параўнанні з Шумілінскім раёнам, мае ў тры разы больш азёраў. У першым рэгіёне — 5 аграсядзіб, у другім — 150...

/i/content/pi/cult/395/7956/1-1.jpeg

Шумілінскую зямлю інвестары-турысты толькі абжываюць, а браслаўскую даўно лічаць прывабным для адпачынку кутком. Натуральна, падобная раённая “дыспазіцыя” з дакладнасцю праецыруецца і на “дзеяздольнасць” клубаў.

Аднак і для пэўнага падабенства дзвюх устаноў культуры месца ўсё ж ёсць. І яно — не знешняе, а тактычна спрагназаванае ды рэалізаванае ў свой час высілкамі ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. Падабенства першае: абедзве ўстановы эфектыўна працуюць з праблемнымі падлеткамі і няпоўнымі сем’ямі, пра што “К” пісала неаднойчы. Другое: тут наладжана дзейснае сацыяльнае партнёрства, якое выходзіць далёка за межы абодвух сельсаветаў, на чыіх землях знаходзяцца аграгарадкі “Мікіціха” і “Відзы”. І трэцяе, што непарыўна звязана з папярэднім: супрацоўніцтва з раённымі дамамі рамёстваў, першынство стварэння якіх — неаспрэчная стратэгічная перавага Віцебшчыны, стала ўрадлівым грунтам для развіцця цікавай праектнай дзейнасці абодвух клубаў.

/i/content/pi/cult/395/7956/1-3.jpeg

А цяпер пра ўсе гэтыя падабенствы-непадабенствы больш паслядоўна і падрабязна.

Лаўжанскі сельскі цэнтр культуры і вольнага часу: зімовы сад і сістэмнасць узаемадзеянняў

Старшыня Лаўжанскага сельсавета Шумілінскага раёна Святлана Кійка тлумачыць, што клубная ўстанова хоць і мае аднайменную з сельвыканкамам назву, але знаходзіцца ў аграгарадку “Мікіціха”. Мясцовы Цэнтр культуры і вольнага часу — мадэльная ўстанова. Інакш кажучы — эксперыментальна-ўзорная, створаная ў адпаведнасці з мясцовым праектам укаранення інавацыйных механізмаў па развіцці сельскай культуры. Галоўны яе спонсар — сельгаспрадпрыемства “Лаўжанскае”, дырэктарам якога — Вячаслаў Доўгі. Доказ дзеяздольнасці гэтага ААТ — трактар МТЗ, якім гаспадарка была ўзнагароджана на нядаўніх “Дажынках-2012”.

Даўгабуд даўгабуду розніца

Так, будынак клубнай установы вёскі Мікіціха ўзводзіўся цягам ці не 20 гадоў. Па словах намесніка старшыні Шумілінскага райвыканкама Анатоля Зайцава, будаўніцтва актывізавалася з прыняццем Дзяржпраграмы па адраджэнні і развіцця сяла. З рамонтнымі “даводкамі” можна было б управіцца і ў 2007-м, калі вёска стала аграгарадком, але ўстанова ўжо тады была запланавана як мадэльная і шматпрофільная. Кіраўніцтва раёна вырашыла з гэтай прычыны, што якасць важнейшая за тэрміны. На сёння карысная плошча ўстановы — больш за паўтары тысячы квадратных метраў. Кошт аб’екта — 4,6 мільярда рублёў. Аддзелка шматлікіх міжпаверхавых пераходаў, дзе мяркуецца ўладкаваць і зімовы сад, і штосьці кшталту мастацкай галерэі, працягваецца і па сёння.

/i/content/pi/cult/395/7956/1-4.jpeg

Дык у чым жа мадэльнасць установы? У пашыраных творчых магчымасцях. І справа не толькі ў тым, што Цэнтр культуры стаў вядучай філарманічнай пляцоўкай (летась тут было зладжана 35 канцэртаў абласной філармоніі) ды пастаянным месцам правядзення навучальных раённых і абласных семінараў. Справа яшчэ і ў тым, што Цэнтр цяпер здольны абслугоўваць 17 населеных пунктаў. Па эфектыўнасці сваёй дзейнасці і выкарыстанні навацый СЦКіВЧ здолеў выйсці за мінулы год на другую групу па аплаце працы.

Клуб, які раней месціўся ў самых розных прыстасаваных памяшканнях, працаваў заўжды стабільна. Цяпер жа гэтая стабільнасць памножана на дадатковы “квадратны метр” гуртковай дзейнасці, на які, не сакрэт, у шэрагу іншых клубных устаноў — яўны і застарэлы дэфіцыт.

Гарант сацыяльнай бяспекі

Мадэльнасць Цэнтра культуры і ў тым, што ўсе творчыя структуры, якія ён сабраў пад сваім дахам, працуюць на адну мэту — выхаванне насельніцтва праз традыцыйную культуру. У бібліятэцы, да прыкладу, дзейнічае Цэнтр этнаграфіі і фальклору. У клубным фае пастаянна ладзіць выстаўкі Раённы дом рамёстваў. А мясцовы філіял ДШМ якасцю выкладчыцкага складу спрыяе росту прафесіяналізму тутэйшага народнага мастацтва... Словам, як пераконвае дырэктар СЦКіВЧ Ефрасіння Паліцан, кожная структура ўстановы суладна працуе на ўмацаванне сям’і, на развіццё творчай індывідуальнасці. І ў гэтым — таксама мадэльнасць (чытай: усеагульная значнасць) установы. Хтосьці запярэчыць: такое суладдзе творчых структур уласцівае ўсім нашым клубам. Так, але на выхадзе — далёка не заўжды ўнушальны вынік. А культработнікі “Мікіціхі” пастаянна спраўляюцца з планам па аказанні платных паслуг.

/i/content/pi/cult/395/7956/1-5.jpeg

Але хвалюе іх не толькі матэрыяльны бок. Народны сямейны ансамбль “Забава” і спявае без фальшу, і кадрылю на два дзясяткі каленяў выдае без цяжкасцей. Аднак я зараз — не столькі пра “Забаву”, колькі пра іншых выканаўцаў-салістаў Цэнтра, якіх давялося пачуць і пабачыць тым днём. Можа тое-сёе з іх сцэнічных выступленняў і не надта дакладна “трапляе ў ноты”, але шчырасць выканання пераконвае: яны жывуць мастацтвам, і такі лад жыцця прыносіць ім немалое задавальненне. Між тым, не сакрэт, што асобныя з гэтых артыстаў у мінулым не ва ўсім з’яўляліся прыкладам для аднавяскоўцаў...

Гадоў колькі таму пісаў пра адметнасці традыцыйнай культуры Шуміліншчыны, пра тое, што, да прыкладу, у раённым духавым аркестры (дзецішчы начальніка аддзела культуры Алега Мацвейчука) сабраны падлеткі, якія колісь нічога апрача галаўнога болю ў міліцыі ды ўлад не выклікалі. Цяпер жа выклікаюць толькі апладысменты. Так, правапарушэнні з “рэпертуару” заўзятых “духавікоў” на сёння цалкам выключаны. У гэткім жа кірунку фарміравання сацыяльнай бяспекі дзейнічаюць і ў аграгарадку “Мікіціха”. Намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Зайцаў, які па абавязках сваіх адказвае за лёсы цяжкіх падлеткаў, лічыць, што адзін з дзейсных сродкаў барацьбы з жыццёвым негатывам — выхаванне мастацтвам, сумеснай творчасцю... Сапраўды, чым адметны, скажам, сапраўдны хор? Суладнасцю яго выканаўцаў. Выканаўцаў з ярка выражанай індывідуальнасцю. І вы заўважылі, што на Беларусі такіх хароў стала недаравальна мала? Вось да такога суладнага “выканання” і імкнуцца ў СЦКіВЧ.

“Мікіціхінская глыбінка”

Цяпер больш падрабязна — пра навацыі. Лаўжанскі цэнтр культуры працягвае сваё станаўленне. Працы яшчэ вельмі шмат. Так, ёсць глядзельная зала на 250 месцаў, ёсць дыскатэчнае памяшканне з эстрадай, а таксама — грымёркі ды 30-мільённая музычная апаратура і пастаянная, хоць і не надта маштабная, спонсарская ўвага.

Але гэтага — мала, як перакананы начальнік аддзела культуры Алег Мацвяйчук. Якія ж “мадэльныя” перспектывы ва ўстановы? Найперш — у праектнай дзейнасці. Толькі гэтым і можна прывабіць інвестара. І з мінулага года адзін з такіх праектаў тут пачаў рэалізоўвацца.

Называецца ён “Мікіціхінская глыбінка”. Праект, як распавядае галоўны спецыяліст аддзела культуры Валянціна Навіцкая, прызначаны для далейшай папулярызацыі традыцыйнай народнай творчасці. Па меркаванні дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярыны Лабука, сацыяльнае партнёрства пры гэтым павінна выйсці на якасна новы ўзровень. Найперш актывізуюцца стасункі лаўжанскай установы з РДР.

Справа ў тым, што “Мікіціха” слаўная яшчэ і тым, што ў клубных сябрах тут — ветэран вайны Лука Ягоравіч Карпаў, віртуозны музыка і майстар па вырабе гармонікаў. Вось вакол гэтай асобы і завіраваў праект. На “Мікіціхінскую глыбінку” працуе і бібліятэка са сваёй этнаграфічнай спецыялізацыяй, і РДР, і сам клуб, дзе плануецца стварыць Музей гармоніка.

Асаблівае месца ў праекце адведзена “мабільнай” клубнай дзейнасці. Сацыяльныя партнёры ладзяць святы вёсак, выступаюць на фермах ды мехдварах... На мой погляд, праекту бракуе эксклюзіўнасці. Святы вёсак, да прыкладу, — з’ява ў рэспубліканскім маштабе досыць звыклая. Таму хацелася б, каб “...Глыбінка” набыла сапраўды мясцовы каларыт, няхай сабе і ў досыць стандартным фармаце. І пытанне гэтае, як падаецца, — выключна важнае, бо пэўны сцэнарны “дэфіцыт” уласцівы цяпер нават буйным рэспубліканскім акцыям. Вось каб глыбінка тут сапраўды задала тон!

Намінацыя —  “Дабрачыннасць”

Пра рэгіянальнае інвестарства ды спонсарства мы доўга разважалі з намеснікам начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Сідарэнкам. Так, буйныя інвестары ў сферы культуры ярка праяўляюць сябе пакуль толькі ў Мінску. Але прыклад банкіра Віктара Бабарыкі па падтрымцы тэатральных акцый і набыцці карпаратыўнай калекцыі твораў мастакоў Парыжскай школы падаўся прывабным і віцебскім прадпрымальнікам.

/i/content/pi/cult/395/7956/1-2.jpeg

Па словах намесніка начальніка ўпраўлення культуры, мецэнацтвам пачалі займацца член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу краіны, генеральны дырэктар СТАА “Марко” Мікалай Мартынаў, кіраўнік абласнога аддзялення аднаго з мабільных аператараў Уладзіслаў Андрэйчанка, кіраўнік прадпрыемства, скіраванага на працу з воднымі тэхналогіямі, Іван Пінчук... І зусім не выпадкова ў абласным конкурсе “Чалавек года” з’явілася намінацыя “Дабрачыннасць”.

Так, культуру аграгарадкоў “Мікіціха” і “Відзы” мецэнаты пакуль пад увагу не бяруць. Натуральна, бракуе тут часам менавіта мясцовай ініцыятывы. Інакш кажучы, пошук алгарытму сацыяльнага ўзаемадзеяння інвестара і работніка рэгіянальнай культуры — невычэрпная тэма для журналісцкага даследавання на бліжэйшыя гады.

Тым не менш, Анатоль Зайцаў тлумачыць, што спонсары, у тым ліку прадстаўнікі прыватнага бізнесу, цяпер усяляк спрыяюць узвядзенню ў райцэнтры праваслаўнага храма. Пасля гэтай дабрачыннай акцыі чарга дойдзе і да аб’ектаў культуры. Так што самы час абвяшчаць і раённы конкурс з абавязковай намінацыяй “Спонсар”.

Відзаўскі гарпасялковы дом культуры: азёрная самадастатковасць


Відзы — адна з перлін Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”. І гэтая турыстычная акалічнасць ды блізкасць да Прыбалтыкі ў пэўнай ступені сфарміравалі аблічча ўстановы культуры. Мае яна першую групу па аплаце працы, не адчувае недахопу ў трансгранічных грантах на развіццё сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы. Ды і сацыяльных партнёраў у гарпасялковых работнікаў культуры больш, чым у аграгарадку “Мікіціха”. А мясцовы касцёл — адзін з аб’ектаў, што нязменна прыцягвае ўвагу бясконцай турыстычнай плыні. І яшчэ адна адметнасць: шматнацыянальнасць і шматканфесійнасць відзаўскай зямлі. Палякі, татары, цыганы, стараверы нязменна дадаюць у мясцовую культуру свае яркія фарбы, што з вялікай карысцю выкарыстоўваюць мясцовыя работнікі сферы.

15 мільёнаў — на касцюмы

Старшыня Відзаўскага сельсавета Мар’ян Хадасевіч распавёў, што сельскі савет цягам ста кіламетраў мяжуе з Літоўскай Рэспублікай. Ёсць некалькі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Спонсарства з іхняга боку — “стандартнае”: дапамагаюць культуры транспартам, грашыма на набыццё конкурсных прызоў...

/i/content/pi/cult/395/7956/2-1.jpeg

Я запытаўся ў дырэктара ДК Ганны Павініч: “Ці ёсць у вас патрэба ў сур’ёзных ды сталых інвестарах-спонсарах?” І пачуў у адказ не скаргі на спрадвечнае безграшоўе, а цалкам аптымістычнае: “Пакуль упраўляемся самі!”. Давайце ж разбяромся з сістэмай гэтага “самаўпраўлення”. За мінулы год клубная ўстанова правяла больш за 170 мерапрыемстваў, большасць з іх — платныя. Пазабюджэт ДК папоўніўся амаль на 22 мільёны рублёў. Пэўная частка гэтых грошай пайшла на набыццё музычнай і светлавой апаратуры. У свой час з гэтай жа “скарбонкі” былі выдаткаваны сродкі на закупку японскіх швейных машынак для гуртка “Майстрыцы”. У выніку ўсе артыстычныя калектывы ўстановы займелі новыя канцэртныя касцюмы. На тканіну для гэтага пайшло каля 15 мільёнаў пазабюджэтных рублёў.

Я бачыў гэтыя касцюмы пад час канцэрта: яны, як і выканаўцы, — проста цудоўныя! Шчыра кажучы, не так часта даводзіцца сустракаць праявы вось такой, літаральна кажучы, творчай гаспадарлівасці...

/i/content/pi/cult/395/7956/2-2.jpeg

Высновы тут можна зрабіць наступныя. Прыгранічная “геапалітыка” аграгарадоцкай культуры дыктуе мясцовым творцам асаблівую тактыку штодзённай работы. Сутнасць яе ў тым, каб заўжды трымаць нос па ветры і заўжды заставацца канкурэнтаздольнымі. І шматлікія замежныя гастролі — своеасаблівая і дзейсная школа павышэння кваліфікацыі. Таму фальшывых нот і рухаў у Відзах не чутно і не бачна. Таму і карыстаюцца мясцовыя гурты павышаным попытам і ў нас, і за кардонам.

“Клубаўтваральнае” трыа

І заслуга ў гэтым, як падаецца, цалкам належыць Ганне Павініч, ейнаму мужу Аляксандру, кіраўніку народнага ансамбля народнай песні “Відзаўчанка”, і дачцэ Яне — салістцы Узорнай студыі эстраднай песні “Фартуна” ды пераможцы шматлікіх міжнародных конкурсаў маладзёжнай творчасці. Гэтае “трыа” — і душа, і сэрца ГДК... Банальна, але факт: ад кіраўніка ўстановы залежыць усё. Да прыкладу, тое, каб у пераліку платных паслуг з’явіліся клубная кінавіктарына ці, скажам, гурток “Аэрадызайн і твістынг”. Доўга высвятляў, што гэта такое. Аказваецца — творчы працэс па мадэляванні разнастайных фігур ці скульптур з паветраных шароў.

Застаецца дадаць, што Ганна і Аляксандр Павінічы маюць вышэйшую спецыяльную адукацыю, у сучасных культурных варунках пачуваюць сябе як рыбы ў вадзе. А вады гэтай наўкола — незлічона: пасёлак размешчаны на рэчцы Маруга, побач — возера з гэткай жа назвай. І ўся гэтая маляўнічая зямля-вада “агучваецца” пад час турыстычнага сезона сіламі ГДК.

Натуральна, сувязь падтрымліваецца і з уладальнікамі шматлікіх аграсядзіб. А вось што распавяла намеснік дырэктара мясцовага прафесійна-тэхнічнага каледжа Ніна Лабкоўская: “У нашым штаце няма педагога-арганізатара. Функцыю наладжвання самых розных культмасавых мерапрыемстваў у каледжы ўзялі на сябе работнікі ГДК”. Такое партнёрства і называюць сацыяльным...

/i/content/pi/cult/395/7956/2-3.jpeg

Шматканфесійнасць мясцовага насельніцтва — цудоўная нагода для мнагаграннага культуралагічнага сінтэзу. Таму бліжэйшая перспектыва ГДК — стварэнне клубнага Аб’яднання нацыянальных культур, якое зоймецца прапагандай рамесніцтва, кухні і мастацтва. Значыць, сацыяльныя кантакты будуць прадоўжаны і з Браслаўскім музейным аб’яднаннем, і з РДР...

Самыя шчыльныя стасункі наладжаны і з замежнымі сацыяльнымі партнёрамі. Гэта — Зарасайскі цэнтр культуры ў Літве, Даўгаўпілскі цэнтр культуры ў Латвіі.

Этнамузычны летнік і замежны грант

Як атрымаць замежны грант? Трэба пераканаць замежных калег у асабістай творчай незаменнасці ды ў непаўторнасці ўласнага культурнага праекта. І зрабіць гэта пажадана, да прыкладу, пад час рэалізацыі Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія — Літва — Беларусь”, калі ў Браславе сабраліся музыканты з трох краін... Дык вось, дзесяць дзён на базе мясцовай ДШМ працаваў Міжнародны этнамузычны летнік, удзельнікі якога засвойвалі ігру на народных інструментах... Акцыя падтрымлівалася адной з еўрасаюзаўскіх праграм. А ў арганізацыі і правядзенні яе бралі ўдзел прадстаўнікі Літоўскага рэспубліканскага народнага цэнтра культуры, Літоўскай акадэміі музыкі і тэатра, Зарасайскага цэнтра культуры. Ці ж варта паўтараць, што падлеткам і моладзі падарылі дзесяцідзённае свята сяброўства і музыкі...

І апошні штрых у размове пра “культурную” прафілактыку правапарушэнняў. Палова вучняў сярэдняй школы наведвае гурткі ДК. Аб сістэмнай сацыяльна-культурнай падтрымцы відзаўскага каледжа я ўжо казаў. Словам, пад сацыяльным кантролем Гарпасялковага дома культуры знаходзіцца ўвесь “залаты фонд” мясцовай моладзі.

Што будзе заўтра? (Замест заканчэння)

А начавалі мы на адной са 150 аграсядзіб Браслаўшчыны, ля возера Ельня. Начальнік аддзела культуры Браслаўскага райвыканкама Галіна Караткова распавяла, што стасункі з “азёрнымі” гаспадарамі — самыя шчыльныя, але збольшага яны датычацца арганізацыі пражывання тых або іншых афіцыйных дэлегацый.

Пра культурнае забеспячэнне аграсядзібнага адпачынку наша газета шмат пісала і столькі ж яшчэ напіша. А на сённяшні дзень застаецца канстатаваць: механізм узаемадзеяння культработніка і гаспадара сядзібы яшчэ не выпрацаваны. Хто да каго з іх павінен пайсці першым? Пытанне, па-мойму, не мае сэнсу. Пайсці яны павінны адначасова, каб сустрэцца акурат пасярэдзіне агульнага інтарэсу. Іншая справа — у чым гэты інтарэс? А хаця б у тым, каб сядзіба займела свайго “пазаштатнага” культарганізатара (згадайце досвед стасункавання відзаўскага каледжа і мясцовага ДК!), які б не толькі ля возера канцэрт наладзіў, але і распавёў, чаму яно так называецца, ці было на гары Маяк калісьці гарадзішча, чым яшчэ адметнае Беларускае Паазер’е... Толькі ж патрэбна дакладна распісаць свае прапановы, аргументавана ўпісаўшы іх у сумесны бізнес-план.

Тое ж, дарэчы, тычыцца і пашырэння сферы ўплыву “Мікіціхінскай глыбінкі” з Шуміліншчыны... Але гэта зусім іншы творчы і, варта падкрэсліць, прарыўны культурна-турыстычны праект. І “К” пра яго абавязкова напіша.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Шумілінскі раён — Браслаўскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"