“Кландайк” турызму, напаўз’едзены шашалем

№ 41 (1063) 13.10.2012 - 20.10.2012 г

Музей Мікалая Тарасюка: гатовыя формулы не спрацуюць

Феномен інсітнай творчасці Мікалая Тарасюка наўрад ці можна назваць “нераскрытым” або незапатрабаваным. Разьбяр па дрэве сёлета меў паспяховую персанальную выстаўку на прэстыжнай мінскай пляцоўцы — у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Прысвечаная яму стужка “Драўляны народ” аўтарства знанага дакументаліста Віктара Аслюка акурат надоечы атрымала Гран-пры Фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Magnificat-2012”. Публікацыі ў СМІ, даследаванні, захапленне творчай эліты — усё гэта ёсць. Пірасмані б такой увазе пазайздросціў!

Мікалай Тарасюк — народны майстар Беларусі (у графе “Нумар” адпаведнага пасведчання — лічба 5!), лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Творчасць самабытнага скульптара першай на Брэстчыне набыла статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці…

/i/content/pi/cult/395/7943/1-1.jpeg

Пералік разнастайных рэгалій можна было б яшчэ доўжыць, але... Замест гэтага варта канстатаваць: вядомасць майстра, чыя аўтарская практыка афіцыйна (і справядліва) прызнана нацыянальным здабыткам, пакуль ніяк не паўплывала на лёс справы яго жыцця — саматужнага музейчыка з красамоўнай назвай “Успаміны Бацькаўшчыны” ў вёсцы Стойлы, што на ўскрайку Пружанскага раёна.

Няўмольная хада часу рызыкуе не пакінуць ад малой Радзімы творцы (для нас — малой, а для яго — бязмежнай) нават і ўспамінаў. І толькі ўдумлівае чалавечае ўмяшальніцтва здатнае спыніць гэты натуральны бег падзей. Як менавіта? Адказ тут няпросты. Але шукаць яго неабходна.

“Пакуль я жывы, застануся тут”

Дарогу ў вёску Стойлы знайсці не так і лёгка, ды і праедзе па ёй не кожны легкавік: апошнія пару кіламетраў даводзіцца трэсціся па выбоінах ды пяску. Адразу адчуваеш, што прырода (знакамітая Пушча!) спакваля адваёўвае ў чалавека захопленыя ім некалі абшары.

Некалі ў вёсцы было з паўсотні дамоў. Ад большасці з іх і слядоў ужо не засталося. Аднак неўзабаве паабапал дарогі ўсё ж з’яўляюцца колькі хат — некаторыя зусім занядбаныя і яўна не жылыя, некаторыя — нішто сабе. Але гэта не дамы, а лецішчы. Насамрэч, вёскі Стойлы, лічы, ужо не існуе. У ёй жыве ўсяго адзін чалавек, ён інвалід другой групы і яму сёлета споўнілася 80 гадоў.

/i/content/pi/cult/395/7943/1-2.jpeg

Народны майстар — у шляхетным капелюшы ды пры гальштуку — быў заспеты намі за штодзённымі гаспадарчымі клопатамі: карміў сваіх індыкоў ды гусей. Але як пабачыў гасцей, дык адразу кінуў гэты занятак і, шчыра абняўшы кожнага, сходу пачаў экскурсію.

Музей месціцца ў маленькай парэпанай хацінцы, якую ад падлогі да столі насяляюць драўляныя жыхары. Колькі іх — нават цяжка і падлічыць. Вось яно, каралеўства Мікалая Тарасюка, ягоная маленькая дзяржава! І ён з гонарам называе сябе яе дэміургам і кіраўніком, надзеленым правам караць і мілаваць.

Сюжэты вясковага жыцця перамяжоўваюцца ў яго творчасці з тымі, што прыйшлі з “вялікага свету” — праз “блакітнае акно”, якое сёння ёсць у кожнай вясковай хаце. Але галоўнай крыніцай інфармацыі для майстра застаецца ягоны асабісты візіянерскі досвед — менавіта ён падказвае разьбяру новыя хрысціянскія сюжэты. Вытачаныя з дрэва сцэнкі і блізка не знойдзеш не толькі ў кананічным Пісанні, але нават і ва ўсіх вядомых навуцы апокрыфах.

Экскурсія доўжыцца больш за гадзіну (што зусім не рэкорд), і я слухаю майстра не перапыняючы і не задаючы ніякіх пытанняў. Яны тут проста недарэчы. Слухаю, нават нягледзячы на тое, што мае канечнасці літаральна здранцвелі ад холаду: ацяплення ў музеі не прадугледжана, ды і адна з шыбін ужо адсутнічае.

Але галоўная бяда — гэта не холад і вільгаць, а шашаль. Жук-паразіт паступова і няўмольна ператраўляе інсітныя шэдэўры, і адужаць яго ўласнымі сіламі майстар, вядома, не можа. Тут без спецыялістаў ніяк не абысціся.

/i/content/pi/cult/395/7943/1-3.jpeg

Ва ўласнай хаце разьбяра таксама ні намёку на еўрарамонт: абстаноўка, мякка кажучы, спартанская, і падлога сям-там правальваецца. Гаспадар падзяляе лёс тых “апошніх з магікан”, якія захоўваюць кволы агменьчык жыцця ў “неперспектыўных” вёсках, дзе побыт ды ўмовы працы мала змяніліся за апошняе стагоддзе. Але ў выпадку з Мікалаем Тарасюком гэта — свядомы выбар.

Майстар распавядае пра тое, як некалі яму прапаноўвалі кватэру за дзяржаўны кошт з усімі выгодамі ў любым беларускім горадзе. Ён выбраў Пружаны і... не паехаў туды! Не так даўно раённыя ўлады зноў прапанавалі яму перабрацца “бліжэй да цывілізацыі”, падшукалі ў горадзе неблагі варыянт жытла ў спалучэнні з майстэрняй. А там ужо, глядзіш, і да персанальнага музея недалёка — у саміх Пружанах. Але...

— Пакуль я жывы, дык застануся тут, у Стойлах, — не стамляецца паўтараць майстар. — І мой драўляны народ таксама нікуды адсюль не з’едзе. А потым ужо — рабіце што хочаце…

/i/content/pi/cult/395/7943/1-4.jpeg

Мабыць, ні ў кога язык не павернецца патлумачыць такую катэгарычную пазіцыю нейкай беспадстаўнай упартасцю. Больш за тое: справа нават і не ў псіхалагічных бар’ерах. Так, вясковаму жыхару шчыра няўцям усе гэтыя гарадскія парадкі: маўляў, заспяваеш на вуліцы ў добрым гуморы, а на цябе ўжо глядзяць, бы на вар'ята. Але ўсё ж справа ў іншым — у самой Бацькаўшчыне, пра якую засталіся пакуль што хаця б успаміны.

Выгоды для “інтурыста”

Казаць пра тое, што пажылы майстар пакінуты ў сваіх Стойлах на волю лёсу, таксама не выпадае. Дапамагаюць яму і дзеці (тут Бог яго не абдзяліў), і сацыяльная работніца з суседняй вёсцы прыходзіць, і нават абласное ўпраўленне МНС узяло шэфства. Пажарныя то траву пакосяць, то падрамантуюць нешта...

Хаця, вядома, інфраструктура тут... экзатычная, і развіваецца яна ў няспешным вясковым рытме. Не так даўно вось з’явілася нагода зрабіць хаця б больш-менш прыстойную “шпакоўню”: да Мікалая Тарасюка завітала цэлая дэлегацыя майстроў са Швецыі.

— Трапіўшы ў гэты музей, адзін з замежных гасцей, мужчына ўжо сталага веку, ажно з твару змяніўся, ледзь не заплакаў! — распавядае загадчык аддзела традыцыйнай культуры Брэсцкага абласнога грамадска-культурнага цэнтра Ларыса Быцко. — Мы, прызнацца, нават спалохаліся: а раптам чалавеку зблажэла! Але ён патлумачыў: я не магу стрымаць слёз ад шчасця, што здолеў на ўласныя вочы ўбачыць такі цуд!..

 

/i/content/pi/cult/395/7943/1-5.jpeg

Неўзабаве пасля гэтага ў салідным шведскім часопісе, прысвечаным народным умельствам, з’явілася вялікая публікацыя пра творчасць майстра. Ларыса Быцко, якая ўжо шмат гадоў апякуе разьбяра, “на грамадскіх пачатках” выконваючы ролю яго своеасаблівага арт-менеджара, пераканана, што менавіта ў такія месцы, як гэтае, і трэба вазіць цікаўных замежных турыстаў. І з ёй папраўдзе цяжка не пагадзіцца.

Саматужны музей Мікалая Тарасюка ўжо які год працуе як своеасаблівы тураб’ект. Разьбяр гасцінна прымае ўсіх, хто стукаецца да яго ў сенцы, і білецікі, вядома ж, не прадае. Але стукаюцца да яго людзі розныя. Былі, напрыклад, спакуслівыя прапановы “забраць усё” ды адкрыць новы музей, ды не ў нас, а ў суседняй краіне. Што за імі тоіцца? Хто яго ведае... Аднак несумненна адно: жыццёвы даробак майстра, пры ўдалай яго капіталізацыі, здатны прынесці неблагія даходы. Балазе сусветная мода на інсітнае мастацтва трывае ўжо не першае дзесяцігоддзе. А дзе грошы, там і ахвотнікі іх зарабіць…

Дачка разьбяра Лідзія Мікалаеўна намаўляе бацьку ніколі не дарыць і не прадаваць свае творы нейкім выпадковым людзям, нават насуперак душэўным памкненням. Бо іначай — “распаўзуцца” па свеце, і слядоў потым не знойдзеш. Іншая справа — перадача работ у дзяржаўныя музеі, дзе кожны прадмет — на ўліку: там скульптурныя кампазіцыі будуць гарантавана захоўвацца.

Найбольшая калекцыя твораў майстра — каля ста — знаходзіцца ў фондах Музея-сядзібы “Пружанскі палацык”. Неўзабаве Мікалай Тарасюк плануе перадаць у яе фонды яшчэ некалькі работ. Сёе-тое можна ўбачыць і ў пастаяннай экспазіцыі. Дырэктар установы Юрый Зялевіч шукае магчымасць і астатнія творы паказаць як мага большай колькасці публікі — прыкладам, праз выставачнае турнэ па розных музейных пляцоўках.

Але замяніць тую сціплую хацінку ў Стойлах ніводзін палац не здолее. Творчасць майстра моцна ўкаранёная ў родную глебу, і “перасадзіць” такую дзівосную расліну на іншае месца без страт бадай немагчыма. У гарадскіх выставачных залах уражанне ад гэтых работ, як ні круці, крышачку “не тое”.

Туратракцыя ў выглядзе плуга

Думкі пра стварэнне ўласнага музея майстра даўно лунаюць у паветры. Яны заканамерныя. Пра гэта дбаюць і ягоныя дзеці, і афіцыйныя асобы з раёна ды вобласці. Варыянты разглядаюцца самыя розныя, часам нават даволі дзіўныя. Хаця самы лагічны з іх — больш чым відавочны: захоўваць той музей, які ўласнаручна стварыў сам Мікалай Тарасюк.

Пытанне, што ляжыць на паверхні: чаму б не пераўтварыць прыватны музей, скажам, у філіял таго ж “Пружанскага палацыка”? Балазе падобныя прэцэдэнты ўжо ёсць — згадайма хаця б плён працы святой памяці айца Ёзаса Булькі ў Мосары. Комплекс, створаны ягонай руплівасцю, з нядаўняга часу мае статус філіяла Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея. Гэты варыянт дазволіў бы раённым уладам укладаць у той аб’ект сякія-такія сродкі.

— Тым больш, і трэба іх зусім небагата, — кажа дырэктар Пружанскага РМЦ Аксана Кавалевіч. — Ці шмат будзе каштаваць рамонт той невялічкай хаткі?..

Юрый Зялевіч — за такі варыянт. Ён і цяпер ужо, па меры магчымасцей, апякуе музейчык у Стойлах — няхай сабе і ледзь не на “валанцёрскіх пачатках”. Але… Тут немінуча ўзнікае безліч практычных пытанняў. Напрыклад: хто ў гэтым філіяле будзе працаваць? Тым больш, спусцелая вёска знаходзіцца за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад райцэнтра. Паспрабуй даехаць штодня да 9-й раніцы!

/i/content/pi/cult/395/7943/1-6.jpeg

Адпаведна, “прапрацаваныя” формулы ў дадзеным выпадку, на жаль, не пасуюць: іх аўтаматычнае ўкараненне вельмі праблематычнае. Значыць, музейныя “ноу-хау” тут, бадай, непазбежныя.

— Мы даўно думалі на гэты конт, і таму пэўныя ідэі ўжо аформіліся. — кажа Ларыса Быцко. — Як падаецца, Стойлы маглі б пераўтварыцца ў своеасаблівы міні-скансен. Зірніце, якое тут шыкоўнае наваколле!..

Чалавеку, які пару гадзін таму вырваўся з “каменнага меху” сталіцы, з гэтым цяжка не пагадзіцца. І тут згадваеш вядомую прымаўку пра два бакі медаля. Сапраўды, аддаленасць гэтага кутка ад цывілізацыі нельга лічыць толькі праблемай: гэта таксама і вельмі значная перавага. Прынамсі, для шараговага турыста, які звычайна прапісаны менавіта ў буйных гарадах.

— Абсалютна перакананы ў тым, што такі вясковы музей абавязкова павінен утрымліваць элементы агратурызму, — дадае Юрый Зялевіч. — Гэты скансен не мусіць пуставаць, у ім павінны стала жыць людзі, гадаваць жывёлу, вырошчваць бульбу ды буракі… А ахвотныя здолеюць і заначаваць. І менавіта ў такім фармаце ўстанова здолее стаць, прынамсі, самаакупнай…

Вось і вырашэнне кадравага пытання. А заадно і вырашэнне лёсу вёскі Стойлы.

Мікалай Тарасюк — упарты апалагет каштоўнасцей і самога ладу жыцця свайго пакалення. Яго шчыра абурае, што цяперашняя моладзь захапляецца спортам замест таго, каб з ранку да ночы араць зямлю. І сапраўды, у традыцыйных вёсках фітнэс-клубаў не існавала: у іх проста не было патрэбы.

Але парадокс жыцця заключаецца менавіта ў тым, што акурат цяперашнія варункі постіндустрыяльнага грамадства могуць уратаваць традыцыйны вясковы лад — няхай сабе і крыху яго перайначыўшы. Хадзіць за плугам для стойлаўскага хлопца няма ніякай эканамічнай падставы, і таму ён даўно ўжо з’ехаў у горад. Але ягоны сын (унук), які сядзіць у офісе за маніторам, мае зусім іншыя погляды на сялянскі побыт. Для яго апошняе — экзотыка. А таму і магчымая атракцыя — у вольны час ды сабе ў задавальненне. Дарэчы, вы памятаеце гісторыю пра Тома Соера і фарбаванне паркану?

— Ідэя ворыва, каня, плуга ў творах Тарасюка займае асаблівае месца, — кажа Ларыса Быцко. — І менавіта на ёй можна было б пабудаваць канцэпцыю музейна-турыстычнага комплексу. Наладзіць своеасаблівыя майстар-класы і атракцыі для людзей, якія нават не ведаюць, што гэта такое (а сярод гараджан іх большасць), каб турысты маглі не толькі пакаштаваць хлеб з печы, але і паўдзельнічаць у працэсе яго стварэння. Наколькі мне вядома, аналагаў такога музея няма ні ў нас, ні нават у блізкім замежжы. Думаю, гэта сапраўдны Кландайк для нашага турызму…

Колькі гадоў таму давялося гутарыць са знакамітым пінскім краязнаўцам і экскурсаводам, светлай памяці Аляксеем Дуброўскім. Седзячы на беразе Прыпяці, ён трапна сфармуляваў вынік сваіх шматгадовых назіранняў. Турыста з Заходняй Еўропы, які прыязджае на Беларусь, не цікавяць нейкія забаўляльныя цэнтры або сучасныя аб’екты інфраструктуры, і нават да архітэктурнай спадчыны ён застаецца збольшага абыякавы: усё гэта ён у дастатку мае і ў сябе на радзіме. У нас яго прывабліваюць перадусім дзве рэчы: некранутая цывілізацыяй прырода ды самабытныя праявы народнай культуры, якія “звышцывілізаваны” заходні свет ужо даўно страціў.

“Бесперспектыўныя” Стойлы цалкам маглі б падзяліцца абодвума з гэтых набыткаў з жыхаром прамыслова развітага Штутгарта. Ды, зрэшты, і Мінска таксама.

Мімаходам Ларыса Быцко падзялілася радаснай навіной: агратурыстычны “дадатак” да слыннага “Бездзежскага фартушка”, які мы анансавалі ўжо гады тры таму, нарэшце запрацаваў! Цяпер там можна нават заначаваць, хаця яшчэ нядаўна гэтыя перспектывы ўяўляліся проста фантастыкай праз розныя бюракратычныя прычыны. Ахвотнікі, безумоўна, знойдуцца: Бездзежскі музей разам са сваім “старэйшым братам” у суседнім Моталі ўжо стаў сапраўдным нацыянальным брэндам. Хаця варта нагадаць, што ў свой час гэтыя наватарскія ўстановы таксама “нараджаліся ў пакутах”.

Сказаць, што гэтага руху наперад патрабуе сам час, будзе проста банальшчынай.

У нашай дыскусіі, якая неяк сама па сабе разгарэлася па дарозе назад у Пружаны, абмяркоўвалася пытанне: дык якім павінен быць той музейна-турыстычны комплекс — дзяржаўным або прыватным? Перакананы, што ў дадзеным выпадку поспех можа забяспечыць толькі спалучэнне гэтых двух фактараў у адно. Дзяржаўны музей, зроблены ў рэчышчы палітыкі, акрэсленай Прэзідэнтам краіны, і вытрыманы паводле ўсіх прадугледжаных дзяржавай нарматываў. Бо музеефікаваць тут — ёсць што! І прыватная агратурыстычная інфраструктура — з каровамі і атракцыёнам па снопавязанні, — якая не толькі забяспечвае гэты аб’ект дадатковымі “опцыямі” для наведвальніка, але і падтрымлівае яго “на плыву”.

Застаецца адно пытанне: з чаго пачынаць? Бо ясна, што прагматычны прыватнік у Стойлы пакуль не пойдзе: надта шмат клопатаў. Гэта — с’est la vie. Першым ён не будзе. Але справа тут — не ў прагматызме.

Нагадаем, што Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка ў сваіх выступленнях неаднойчы звяртаў асаблівую ўвагу на падтрымку менавіта самабытнай народнай культуры. Той самай, сялянскай і праз доўгія стагоддзі нібы прыніжанай. Культура нашай шляхты ўпісвала Беларусь у агульнаеўрапейскую парадыгму — застаючыся, у той самы час, пераважна другаснай. А вось шчырыя самародкі накшталт Мікалая Тарасюка, чый выраз “Я заўсёды быў за сялянскі народ” дзякуючы журналістам і кіношнікам стаў ужо бадай хрэстаматытыйным, актыўна бяруць рэванш праз сваю ўнікальнасць.

Адсюль і адказ на пытанне.

— Самае важнае, што трэба зрабіць зараз — абараніць творы Мікалая Тарасюка ад шашалю, — вярнула нас з эмпірэяў Ларыса Быцко. — Іначай яны проста знікнуць…

І тады ўжо будзе не да культуралагічных выкладак ды турыстычных перспектыў. Ды і адказнасць размяжоўваць не давядзецца.

Дарэчы

Тут жыў майстар

Як правіла, жытло народнага мастака нібыта само сабою становіцца ягоным музеем. Застаецца толькі яго захоўваць. Летась у Івянцы быў адкрыты Дом-музей знакамітага разьбяра па дрэве і мастака Апалінарыя Пупко.

Інтэр’еры старадаўняй местачковай хаты (калі верыць гісторыкам, у ёй, яшчэ да рэвалюцыі, спыняўся Міхаіл Фрунзэ) аздоблены самім майстрам, якога няма з намі вось ужо васямнаццаць гадоў. Многія работы вывезці папросту немагчыма: яны выкананы на саміх сценах. Вялікае шчасце, што дачка самародка Сафія Варатніцкая дбайна захавала набыткі бацькі. Менавіта яна стала ініцыятаркай адкрыцця ўнікальнага музея, які дазваляе трапіць ва ўнутраны свет мастака.

Між іншым, Дом-музей мае афіцыйны статус аграсядзібы — звышліберальнае заканадаўства ў гэтай галіне турызму дазволіла гаспадарам пазбегнуць юрыдычных фармальнасцей. Без сумневу, такі аб’ект не стане лішнім на турыстычнай карце Валожыншчыны, хаця яна і без таго насычана разнастайнымі турпрынадамі.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Стойлы — Мінск

Фота аўтара