Свой голас

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

Зварот не толькі да творчасці, але і да самой асобы Янкі Купалы ў тэатры, які носіць яго імя, — справа знакавая. У колішнім спектаклі “Сны аб Беларусі”, пастаўленым у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы сённяшнім мастацкім кіраўніком ТЮГа Уладзімірам Савіцкім, знанага паэта ўвасабляў заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Аляксандр Падабед. А проста Янку, пакуль яшчэ юнака, — Міхаіл ЗУЙ, каго мы і распыталі пра "ўжыванне ў вобраз" Купалы:

/i/content/pi/cult/385/7632/1-1.jpg- Ранняя творчасць Янкі Купалы - разнастайная. У цэнтры ягонай увагі апыналася сур'ёзная праблематыка: і ўласна сацыяльная, і нацыянальная. Яго верш "Мужык", які ведае, пэўна, кожны школьнік, - гэта сапраўдны крык душы, дзе ёсць усё: жудасны боль, горкая іронія, трагікамедыя, нават фантасмагорыя, памножаная на рэальныя "малюнкі з натуры". Але мне (можа, яшчэ і ў сілу ўзросту) бліжэй іншы Купала - лірык, трапяткі і пранікнёны./i/content/pi/cult/385/7632/1-2.jpg

Рыхтуючы спектакль, я не толькі ўчытваўся ў купалаўскія радкі, але і намагаўся знайсці тое, што дапамагло б адчуць яго і як чалавека. Ведаеце, у гэтым дапамагаў і сам тэатр, і тое, што ўсе мы, можна сказаць, носім яго імя, і нават сам будынак: Купала ж тут бываў, і неаднойчы, тут ставілі яго творы, што мелі потым розны сцэнічны лёс.

Працаваць над спектаклем было вельмі цікава. І справа не столькі ўласна ў рэжысуры ці ў драматургічным матэрыяле, ці ў чым-небудзь яшчэ. Справа - найперш, у асобе чалавека і паэта, дагэтуль не разгаданай. І ў творчасці, да якой вельмі карысна было дакрануцца наноў. У школе добрая палова з таго, што ён пісаў, папросту не ўспрымаецца.

І яшчэ. Мы звычайна разглядаем яго творчасць выключна ў рамках беларускай культуры. Але Купалу, думаю, трэба разглядаць у еўрапейскім кантэксце. Праз яго постаць таксама прасвечвае і Сярэбраны век рускай паэзіі, і сімвалізм. А распрацоўкі беларускай літаратурнай мовы, складзеныя на аснове народнай гаворкі, - ці ж не адпавядаў гэты працэс больш шырокай з'яве, якая закранула многія краіны? Пра ўсё гэта і многае іншае думалася ў час працы над спектаклем "Сны аб Беларусі". Можа, такія разважанні ўзнікалі яшчэ і таму, што мы не намагаліся абмежавацца адно вобразам Купалы. Хацелася выйсці на тое, што хвалюе кожнага. Фактычна, я іграў яшчэ і маладога паэта, які шукае свой голас.

Сталага Купалу ў тым спектаклі ўвасабляў Аляксандр Падабед. Ён вельмі дапамагаў мне, бо я павінен быў хаця б неяк арыентавацца на вобраз свайго героя "ў будучыні". І гэты дадатковы ход у драматургіі надаваў спектаклю адметнасць. Але ж ён патрабаваў і асаблівага пачуцця ансамбля, умення каардынаваць свае дзеянні быццам з часавай адлегласці і іншымі вачыма. З Аляксандрам Станіслававічам мы маглі нават не гаварыць і, тым больш, не абмяркоўваць кожную дробязь, бо гэта быў той узровень прафесійных стасункаў ды ўзаемаразумення, калі ўсе прыходзілі да згоды з паўслова, паўжэста, паўпозірку. Мы ў поўным сэнсе слова рэзаніравалі паміж сабой, і гэта, пэўна, дадавала вобразу Купалы той аб'ёмнасці, да якой мы і імкнуліся...

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"