“Слуцкі ўспамін”. Пра будучыню

№ 24 (1047) 16.06.2012 - 23.06.2012 г

Дзяржаўны суверэнітэт — гэта не толькі незалежная палітыка, моцная эканоміка ды сацыяльная стабільнасць, але яшчэ і культурны складнік. Адбудаваныя замкі і палацы, адрэстаўраваныя храмы, нацыянальная гісторыя, увасобленая ў помніках героям і геніям, сучасны кантэкст традыцыйнай культуры і падтрыманыя дзяржавай творчыя эксперыменты, звернутыя ў будучыню, даюць нам падставы ганарыцца сваёй краінай. Справе ўмацавання культуры служыць ініцыятыва Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі па адраджэнні вытворчасці легендарных слуцкіх паясоў як сімвала гістарычнай спадчыны і нашага нацыянальнага брэнда. Першыя крокі па рэалізацыі гэтай ініцыятывы ўжо зроблены. Днямі ўзоры сувенірнай прадукцыі з матывамі слуцкага пояса, зробленыя на Барысаўскім камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А.Кішчанкі, былі зацверджаны мастацкай радай Беларускага саюза мастакоў і ў Дзяржаўным вытворча-гандлёвым аб’яднанні “Белмастпромыслы”. Камбінат гатовы запусціць узор у серыю.

"Слуцкі ўспамін" -

для кожнага

Пракаменціраваць падзею я прашу начальніка ткацкага цэха Барысаўскага камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Наталлю ШАСТУХІНУ.

 - Над тэмай слууцкіх паясоў мы задумаліся больш як год таму. Гаворка, канешне ж, не ішла пра адраджэнне слуцкіх паясоў як мастацкай з'явы - мы проста шукалі нешта такое, што было б запатрабавана на рынку і аказалася нам пад сілу як вытворцу. Так і выйшлі на слуцкі пояс. Падкрэслю, мы не замахваліся на тое, каб рабіць сапраўдныя слуцкія паясы, паводле гістарычных узораў і з каштоўных матэрыялаў. Рэальна на сваім абсталяванні мы здольныя адужаць дакладную імітацыю слуцкага пояса альбо ягонага фрагмента. Гэта мы сёння і робім малымі серыямі на вышывальнай машыне. Дарэчы, як толькі мы выйшлі на слуцкі пояс, нам адразу пачалі тэлефанаваць з іншых мастацкіх прадпрыемстваў: маўляў, што вы там прыдумалі? Я да таго, што нашы калегі адразу адчулі: справа гэтая - перспектыўная.

- Тканы слуцкі пояс робі/i/content/pi/cult/382/7529/2-1.jpegцца на вышывальнай машыне?

- Не слуцкі пояс, а - яго дакладная да апошняй кропкі копія, сувенір паводле гістарычнага ўзору. Зразумела, на сапраўдным слуцкім поясе малюнак павінен быць тканым. Мы ж вышываем яго на гатовай шаўковай тканіне, але так, каб непрафесіяналы не ведалі, як гэта зроблена.

- Дзе рэалізуецца прадукцыя, хто яе набывае?

- Наш твор называецца "Слуцкі ўспамін". Ён уяўляе з сябе кампазіцыю з двух пано, на якіх - фрагменты слуцкіх паясоў. Іх можна набыць у спецыяльных сувенірных крамах і галерэях традыцыйнага мастацтва. Купляюць іх звычайна дзяржаўныя ўстановы для прэзентацыйных мэт, у якасці падарункаў гасцям. Але цана падобных пано такая, што і кожны можа дазволіць сабе ўпрыгожыць "Слуцкім успамінам" свой дом. Дарэчы, пра ўсё, што мы робім (а ствараем невялікімі серыямі), можна сказаць: унікальнасць па даступнай цане.

- Чаго чакае Барысаўскі камбінат ад рэалізацыі праекта адраджэння слуцкага пояса?

- Слуцкі пояс, мяркую, і рабіць будуць у Слуцку. Наша справа ў дадзеным выпадку - сувеніры паводле гістарычных узораў. Прэзідэнт казаў пра тое, што слуцкі пояс мусіць быць у кожным доме. Калі кожны кабінет, кожную школу, дзіцячы садок, кожнае жытло ўпрыгожаць слуцкім поясам альбо яго імітацыяй, дык у нас будзе шмат працы!

Праграма адраджэння слуцкага пояса ў агульных рысах ужо фарміруецца. Найперш плануецца стварыць каталог усіх слуцкіх паясоў, потым вызначыцца адносна тэхналогіі і сыравіны, арганізаваць падрыхтоўку кадраў, стварыць уласнымі сіламі альбо набыць за мяжой неабходнае абсталяванне, парупіцца пра сувенірную прадукцыю і, урэшце, - вызначыць, хто мае права карыстацца брэндам "слуцкі пояс". Усё сведчыць за тое, што справай адраджэння слуцкага пояса заняліся ўсур'ёз. Значыць, і вынікі - будуць.

- А вы не думаеце, што гэтую ідэю перахопяць нашы колішнія суайчыннікі па Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай, каб зрабіць літоўскім і польскім брэндам?

- Хутчэй, усіх апярэдзіць Кітай, чые вытворцы надзвычайна тонка адчуваюць нават лакальную кан'юнктуру. Каб чагосьці падобнага не здарылася, трэба, мяркую, як хутчэй заканадаўча зацвердзіць слуцкі пояс як нацыянальны брэнд, як гандлёвы знак...

А як жа Слуцк?

Менавіта тут, на фабрыцы з гучным імем "Слуцкія паясы", і плануецца адраджаць беларускі цуд. Хто, як не случчане, мусіць быць зацікаўлены ў інфармацыйнай раскрутцы свайго гістарычнага брэнда? Аднак кіраўніцтва РУП "Слуцкія паясы" адмовілася пра што-небудзь гаварыць, пакуль не атрымае да выканання зацверджаны план дзеянняў. Зрэшты, пэўная логіка ў гэткай "скрытнасці" ёсць...

Прыемна, аднак, што брэнд ужо працуе. Вось прыклад: на радзіме славутых паясоў няма ніводнага іх асобніка - раней абышліся б, а зараз такая сітуацыя ўжо не лічыцца нармальнай. Таму кіраўніцтва раёна ўшчыльную падышло да вырашэння фінансавага боку пытання дзеля набыцця рарытэта. Раённы метадычны цэнтр народнай творчасці атрымаў ад Мінскага аблвыканкама грант на развіццё традыцыйнага мастацтва і рамёстваў - для набыцця, дарэчы, абсталявання для ткацкай майстэрні. Гэта не датычыцца праграмы адраджэння слуцкага пояса наўпрост, але спрыяе мясцоваму патрыятызму і павышае ўзровень агульнай культуры ў рэгіёне.

Гама эксклюзіву

На чарзе - адраджэнне ўласна пояса, дакладней, шырокай гамы слуцкіх паясоў самага рознага прызначэння: для аздобы сцэнічных касцюмаў, папаўнення музейных экспазіцый, для падарункаў ганаровым гасцям Беларусі і гэтак далей. Як хутка гэта можна здзейсніць? На якой тэхнічнай базе? Ці маем кадры адпаведнай кваліфікацыі? Гэтыя пытанні хвалююць усіх, хто не абыякавы да прэстыжу краіны./i/content/pi/cult/382/7529/2-2.jpeg

Наталля Сухаверкава, якая працяглы час узначальвала секцыю мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў, лічыць, што зараз галоўнае - вызначыцца, якім коштам, у якія тэрміны і для якіх мэт будзе адраджацца вытворчасць слуцкіх паясоў. "Гістарычны слуцкі пояс, - кажа яна, - гэта вельмі дарагая рэч. Іх называлі літымі, бо ткачы выкарыстоўвалі залатыя і сярэбраныя ніткі, а дакладней - тонкі дрот; гатовы ж пояс пракачваўся паміж валікаў, нібыта па ім прайшлі прасам. Унікальныя ўзоры для рэпрэзентатыўных мэт мусяць рабіцца так, як калісьці і рабіліся. Але для шырокага попыту патрэбна больш танная версія..."

Ала Непачыловіч, таксама спецыяліст дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сённяшняя старшыня секцыі мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў, на гэты конт кажа: "Слуцкі пояс - шэдэўр, а шэдэўры - непаўторныя паводле вызначэння. Можна толькі максімальна наблізіцца да той якасці выканання і мастацкай выразнасці..."

Беручы да увагі, што тэхналогія вытворчасці слуцкіх паясоў страчана, пачынаць, на думку Алы Непачыловіч, давядзецца з доследаў - з арганізацыі навукова-творчай лабараторыі, у штаце якой будуць гісторыкі мастацтва, тэхнолагі-мастакі, найбольш дасведчаныя ў гэтым пытанні. Калі вывучыць усё, што датычыцца слуцкіх паясоў, у нашых зборах і архівах, у блізкім замежжы, пажадана - у краінах Усходу, адкуль да нас прыйшлі залататканыя паясы, - дык нейкі вынік будзе абавязкова. І ўжо самі гэтыя доследы стануць здабыткам нашай навукі і культуры. "Але ў любым выпадку, - удакладняе Ала Непачыловіч, - штосьці давядзецца вынаходзіць наноў".

Яшчэ адно пытанне - кадры

На думку Алы Непачыловіч, калі вытворчасць будзе наладжана, ткаць паясы змогуць майстры з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Але на першай стадыі гэтым павінны займацца тыя, хто вывучаў ткацтва ў вышэйшых мастацкіх навучальных установах, ды яшчэ пасля дыплома прайшоў спецыяльную падрыхтоўку па тэме "Слуцкія паясы".

Паколькі спадарыня Ала сама выкладае ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, рыхтуе спецыялістаў па ткацтве, пытаюся, ці варта наладзіць падрыхтоўку кадраў для праекта адраджэння слуцкага пояса менавіта ў гэтай ВНУ.

"Пры неабходнасці - чаму ж не? Здолеем, - зазначае Ала Непачыловіч. - Справа ў тым, што ва Універсітэце мы працуем у рэчышчы народнай традыцыі і рыхтуем спецыялістаў, якія мусяць гэтую традыцыю доўжыць. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, на кафедры тэкстылю, - іншы ўхіл: там любяць эксперымент. Слуцкі пояс у гістарычным сэнсе - гэта традыцыя, але яго адраджэнне - творчы эксперымент. Галоўнае, каб будучыя майстры прайшлі адпаведны курс паслядыпломнага навучання і спецыялізацыі".

Як кажуць у такіх выпадках, адлік пайшоў. Сувенір, зроблены ў Барысаве, мае настальгічную назву "Слуцкі ўспамін". Цяпер можна ўпэўнена казаць, што гэта - "успамін пра будучыню"...

На здымках: узор сувенірнай прадукцыі з Барысава; узоры сапраўдных слуцкіх паясоў.

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"