Форум у горадзе-музеі

№ 20 (1043) 19.05.2012 - 26.05.2012 г

У большасці беларускіх гарадоў старажытныя будынкі глядзяцца як экзатычныя выспы пасярод бетоннага мора сучаснай забудовы. Гродна — шчаслівае выключэнне. Калі якое паселішча ў Беларусі і заслугоўвае назвы “горад-музей”, дык гэта Гродна. Сёлета ў кастрычніку менавіта там запланавана правесці Нацыянальны форум “Музеі Беларусі”. Пра падрыхтоўку да падзеі наш карэспандэнт распытаў галоўнага спецыяліста ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алену КЛІМОВІЧ, што адказвае за музеі і ахову спадчыны.

Паважаныя супрацоўнікі музеяў!

Шчыра віншую вас з прафесійным святам — Міжнародным днём музеяў!

Гэтае свята прысвечана тым, хто абраў музей сваёй прафесіяй, людзям творчым — усім, хто робіць наша жыццё і духоўную сферу грамадства прыгожымі, багатымі, змястоўнымі і ўсебаковымі.

Мае віншаванні — даніна глыбокай павагі людзям, збіраючым і зберагаючым унікальныя помнікі культуры.

Прыміце словы ўдзячнасці за штодзённую працу, за бясконцую адданасць абранай справе.

Новых вам поспехаў у працы і ў ажыццяўленні ўсяго задуманага!

Няхай свята пройдзе ў атмасферы цеплыні, узаемаразумення, утульнасці і спакою!

Шчасця і радасці вам, здароўя, дабрабыту, аптымізму!

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел ЛАТУШКА

- Што будзе ўяўляць з сябе гродзенскі музейны форум?

 - Тэма форуму - "Музеі Беларусі - трэцяму тысячагоддзю". Ён будзе доўжыцца тры дні. Пад форум задзейнічана пляцоўка плошчай у дзве тысячы квадратных метраў. Палова гэтай прасторы стане экспазіцыйнай. На дадзены момант пра свой удзел паведамілі сто дваццаць тры музеі. Кожны з іх будзе рабіць свой раздзел як "візітоўку", якая дасць уяўленне пра канцэпцыю экспазіцыі, багацце фондаў, прынцыпы працы з наведвальнікамі, асаблівасці рэкламы і гэтак далей.

 - Што канкрэтна прадставіць на форуме Гродна і Гродзеншчына?

 - У Гродне Міністэрству культуры падпарадкоўваюцца толькі тры музеі. Астатнія - ведамасныя, школьныя... Нібыта, няшмат. Але горад-музей - увесь Гродна. У яго гістарычнай частцы статус помніка архітэктуры маюць больш як сто восемдзесят будынкаў. Таму не будзе памылкай сказаць, што Гродна прадставіць на форуме сам сябе. Дарэчы, адна з тэм, якую плануецца абмеркаваць на форуме, - гэта як зрабіць музеі часткай турыстычнай індустрыі. А ў Гродна якраз добры турыстычны патэнцыял.

 - Замежных гасцей чакаеце?

 - Так. Найперш, гэта блізкія суседзі - Расія, Украіна, Польшча, Літва, - а таксама Чэхія, Германія, Аўстрыя, Іспанія. Запрошана пятнаццаць міжнародных экспертаў. Папярэдняя дамоўленасць ёсць з Э.Крэспа Барнэха (Барселона, Музей навукі і тэхнікі), П.Фрытцам (Палац Шалабург), В.Далінскасам (Вільнюс, Музей вялікіх князёў літоўскіх), М.Гнядоўскім (Масква, Інстытут культурнай палітыкі), М.Піятроўскім (Санкт-Пецярбург, Эрмітаж), С.Архангелавым (Масква, Музей сучаснай палітычнай гісторыі).

Акрамя навукоўцаў, у форуме чакаецца ўдзел вытворцаў выставачнага абсталявання. Ну і, зразумела, прадстаўнікоў турагенцтваў. Бо, ізноў нагадаю, Нацыянальны форум "Музеі Беларусі" мае паспрыяць прыцягненню цікавасці да нашых збораў, да айчыннай спадчыны. І, урэшце, да нашай краіны.

 - А чаго чакаюць ад форуму самі музейшчыкі?

 - У кожнага музея - свая спецыфіка, таму цяжка казаць за ўсіх. Але, мабыць, усе зацікаўлены ў шчырай размове пра свае праблемы і клопаты, у абмене вопытам. Гэтай мэце паслужаць практычныя семінары, "круглыя сталы". Спадзяюся, што для музейных работнікаў форум стане чымсьці накшталт курсаў павышэння кваліфікацыі. Форум - гэта падвядзенне вынікаў і магчымасць вызначыць лепшых у музейнай справе. Адбудуцца конкурсы па шэрагу намінацый. Сярод іх - "Лепшае навуковае праектаванне экспазіцыі", "Лепшая арганізацыя міжнароднай выстаўкі", "Лепшая работа рэстаўратара" і гэтак далей.

 - А ці будзе цікава на форуме тым, хто не мае непасрэднага дачынення да музейнай сферы?

 - Мы плануем форум не як вузка спецыялізаванае мерапрыемства, але як свята для горада: каб прыемныя ўражанні атрымалі ўсе - і ўдзельнікі, і гледачы, каб цікава было і дарослым, і дзецям. Для гэтага складаецца забаўляльная праграма, тэатралізаваныя дзеі. Але гэтая праграма будзе мець і асветніцкі чыннік: паспрыяе папулярызацыі нашых гістарычных і культурных каштоўнасцей.

 - Мабыць, форум стане для гродзенцаў падставай іншымі вачыма паглядзець на ўласны горад?

- Спадзяюся, гродзенцы лішні раз адчуюць, што іх горад  - гэта дыямент Беларусі, наша нацыянальная каштоўнасць.

Тым часам

На прэс-канферэнцыі да Міжнароднага дня музеяў журналістаў найбольш зацікавіла інфармацыя пра тое, што ў самым хуткім часе для наведвальнікаў адкрыецца Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Як падкрэсліла намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры краіны Святлана Гаўрылава, два гады таму ён пачынаўся, лічы, з нуля, а сёння ў ягоных фондах — 4000 экспанатаў, якія адлюстроўваюць станаўленне нашай суверэннай дзяржавы ва ўсіх галінах: палітыцы, эканоміцы, культуры, спорце. Гэты музей, як мяркуецца, адкрые свае дзверы ў чэрвені бягучага года.

Усяго ж, нагадала Святлана Гаўрылава, у 2011-м з музейнымі экспазіцыямі азнаёмілася пяць мільёнаў наведвальнікаў.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Гродна - Мінск

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"