Канстатацыя пераважала над аналізам?

№ 8 (1031) 25.02.2012 - 03.03.2012 г

21 лютага ў сталічнай ратушы адбылося пасяджэнне выніковай калегіі ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама “Аб выніках дзейнасці ўстаноў культуры Мінска ў 2011 годзе і задачах на 2012 год”.

 

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка, крытычна аналізуючы леташнюю работу гарадской сферы культуры, адзначыў напрыканцы пасяджэння, што сталічным структурам часам бракуе ініцыятывы. Так, зазначыў ён, сістэма - працуе, але ў новых умовах гаспадарання кожны кіраўнік установы культуры павінен быць, у тым ліку, і менеджарам, каб скіроўваць усе высілкі ў рацыянальнае рэчышча з абавязковым эканамічным эфектам. За прыклад была прыведзена ратуша, якая пакуль не стала аб'ектам пільнай турысцкай увагі. Сапраўды, стварэнне ў ратушы бібліятэкі з выстаўкай кніг, што перамаглі на Мінскай міжнароднай выстаўцы-кірмашы "Кнігі Беларусі", падаецца больш прыдатным для перспектыўнага развіцця сталічнага Музейнага квартала, у якім праз час можа з'явіцца, скажам, вуліца "саматужных паслуг" пазамінулага веку, дзе турысты могуць наведаць і фотаатэлье, і бібліятэку, і майстэрню па рамонце абутку. Ратуша ж, на мой журналісцкі погляд, мае стаць гэткім адмысловым канцэнтратам менавіта сталічных брэндаў, у тым ліку, натуральна, і мастацкіх ... Словам, пасяджэнне калегіі сканцэнтравала шэраг праблем, ад вырашэння якіх, па словах начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталіны Рудзікавай, залежыць сённяшняе аблічча сталічнай культуры.

Па ўстановах культуры і мастацтва Мінска за мінулы год не дасягнутым застаўся толькі адзін паказчык: тэмпы росту экспарту і імпарту паслуг. І кожная арганізацыя, па словах Віталіны Рудзікавай, неадкладна павінна распрацаваць план дзеянняў па актывізацыі гастрольна-канцэртнай дзейнасці. І тут без сістэмнага менеджарства (згадайма словы намесніка сталічнага мэра) проста не абысціся.

Праведзена 200 культурна-масавых мерапрыемстваў, у 2010 годзе - 120. Дзве траціны мінчан задаволены іх якасцю. У гарадскіх тэатрах адбылося 25 новых пастановак, запаўняльнасць залаў - больш за 80 працэнтаў. Са станоўчага боку адзначаўся Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр, дырэктар якога, Аляксандр Пятровіч, казаў пра тэрміновую распрацоўку стратэгіі па павелічэнні валютнай аддачы ад тэатральнай дзейнасці. Аматары музеяў маглі наведаць сто выставак і паўдзельнічаць у 140 культурна-асветніцкіх музейных мерапрыемствах, а колькасць наведвальнікаў гэтых устаноў перавысіла 60-тысячны паказчык. За парушэнні заканадаўства ў справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны складзены шэраг пратаколаў. Новымі формамі работы вызначыліся сталічныя бібліятэкі... Канстатацыя ў выніковай прамове, як падаецца, месцамі пераважала над заглыбленым аналізам. Але сітуацыю ў пэўнай ступені кампенсавалі выступленні ў спрэчках.

Перспектыву музея як прасторы для рэалізацыі сацыяльна-культурных праектаў акрэсліла дырэктар Музея-майстэрні З.І. Азгура Аксана Багданава. Пра тое, што сёлета не прадугледжаны бюджэтныя асігнаванні на далейшае ўзвядзенне Спартыўна-культурнага цэнтра побач з БДУКіМ, распавяла начальнік аддзела культуры адміністрацыі Акцябрскага раёна сталіцы Ларыса Непачаловіч. Начальнік аддзела культурна-масавай і спартыўнай работы ўнітарнага прадпрыемства "Гарадскія паркі Мінскзеленбуда" Лідзія Вежнавец зазначыла, што хоць паркі і рэканструююцца, але аб'екты культуры на паркавых тэрыторыях застаюцца састарэлымі.

Рысу выніковай калегіі падвялі выступленні намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Віктара Кураша і намесніка старшыні Мінгарвыканкама Ігара Карпенкі. Апошні вельмі пераканаўча казаў пра недаравальна слабое інфармацыйнае суправаджэнне дзейнасці сталічных устаноў культуры. Маўляў, рэкламы казіно - шмат, а што робіцца ў сталічных музеях - збольшага невядома. Нельга не пагадзіцца і са словамі пра тое, што сённяшняя моладзь амаль не выходзіць з віртуальнай прасторы, дзе таксама мінімум прывабных і заўважных анонсаў культурна-мастацкіх акцый. І вярнуць моладзь у адухоўленую рэальнасць - задача з найпершых.

Напрыканцы пасяджэння быў узнагароджаны шэраг мінскіх работнікаў культуры і дзеячаў мастацтва.

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"