Райвыканкамаўская "лятучка" з "К"
Новы этап развіцця сяла: самадастатковасць аддзела культуры
На адным з пасяджэнняў Слуцкага райвыканкама было разгледжана пытанне аб укараненні ўстановамі культуры эфектыўных форм абслугоўвання жыхароў аграгарадкоў. Начальнік аддзела культуры Алена Камоцкая агучыла шмат станоўчых фактаў і лічбаў, але падкрэсліла і тое, што мастацка-эстэтычны ўзровень культурна-масавых мерапрыемстваў пакідае жадаць лепшага, недастаткова набыта дыскатэчнага абсталявання, музычных інструментаў і сцэнічных касцюмаў. Патрабуюць абнаўлення кніжныя фонды. Не ўсе ўстановы культуры (а менавіта: Лядненская, Гацукоўская бібліятэкі і Лянькоўскі СДК) укамплектаваны спецыялістамі з профільнай адукацыяй... За гады журналісцкай працы пераканаўся: той аддзел, які здольны сам сябе крытыкаваць, - самы баяздольны і лёгкі на творчы ўздым. Прынамсі, работнікі культуры Случчыны, маючы ў жыхароў раёна і яго кіраўніцтва заўжды высокі аўтарытэт, нязменна даказваюць гэта канкрэтнай і выніковай працай.
Народ пытаецца і прапануе
"Чаго не стае для клубнай стратэгіі?"
Аляксандр, старшакласнік, горад Слуцк:
- Маладзёжны цэнтр у Слуцку працуе, на мой погляд, выдатна. Але гурткоў, як падаецца, там магло б быць і больш...
Вольга, служачая, аграгарадок "Лучнікі":
- Па абавязку службы бываю ў многіх вёсках раёна. І вось з якой сітуацыяй сутыкаюся: у бібліятэках збольшага ёсць камп'ютары, у клубах жа - няма. А цяпер у кожнай сучаснай установе такая тэхніка павінна быць абавязкова. Калі ж сітуацыя адваротная, пра якую стратэгію клубнага развіцця можна весці гаворку?..
Свае карэктывы ў сталы фармат дадзенай "лятучкі" ўнёс выпадак: начальнік мясцовага аддзела культуры Алена Камоцкая, старшыня райвыканкама Уладзімір Даманеўскі і ягоны намеснік па пытаннях сацыяльнай сферы і ідэалагічнай працы Пётр Даўгучыц сустрэцца з карэспандэнтам "К" не здолелі з-за нечаканых змен у і без таго шчыльным рабочым графіку. Таму ў "лятучцы" прымалі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ і галоўны спецыяліст мясцовага аддзела культуры Мікалай ГАЛАДОК.
Яўген РАГІН:
- Пытанне да Ларысы Генадзьеўны. Мы не так часта вядзём гаворку пра ўзаемадзеянне райвыканкамаўскіх аддзелаў. Дык вось, як ідэалагічная структура ўплывае на поспех агульнай справы развіцця рэгіёна?
Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ:
- Наш аддзел надзвычай шчыльна супрацоўнічае з усімі райвыканкамаўскімі структурамі і службамі. Натуральна, не выключэнне - і работнікі культуры Случчыны. Без іх удзелу фактычна ніводнае мерапрыемства ў раёне не адбываецца. Цудоўны прыклад узаемадзеяння - сістэмная праца па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Задзейнічаны тут і медыцына, і спорт, і аддзелы па справах моладзі, культуры. Любая дыскатэка - тэматычная, і ў распрацоўцы тэм прымаюць удзел усе зацікаўленыя спецыялісты раёна.
Яўген РАГІН:
- У аддзела культуры, напэўна, проста іншага выйсця няма. Без згаданага ўзаемадзеяння такі план па аказанні платных паслуг не выканаеш.
Мікалай ГАЛАДОК:
- Сёлета план гэты склаў 1 мільярд 100 мільёнаў рублёў. На сёння нашы ўстановы культуры зарабілі ўжо 800 мільёнаў.
Яўген РАГІН:
- З аднаго боку, такі план - прызнанне таго, што аддзел культуры баяздольны, з іншага ж - гэта вялізная адказнасць і штодзённая напружанасць... Ці ёсць тут яшчэ нявыкарыстаныя рэзервы і нейкія падставы для крытыкі раённых творцаў?
Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ:
- Лічу, што культура наша выкарыстоўвае ўсе рэзервы. У нас пастаянна выступаюць зоркі беларускай эстрады, і не толькі ў горадзе, але і на сяле.
Мікалай ГАЛАДОК:
- У кожным з 16 аграгарадкоў ёсць прыстойныя канцэртныя залы з сучаснай апаратурай, якія выкарыстоўваюцца максімальна.
Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ:
- Нашы самадзейныя артысты - таксама пастаянныя ўдзельнікі ўсіх канцэртных мерапрыемстваў на сяле. Мы пастаянна практыкуем сумесныя формы працы, ідэалагічная служба разам з работнікамі культуры таксама рэгулярна выязджае ў вёскі, у тым ліку і аддаленыя, маланаселеныя. Вядзём гутаркі з насельніцтвам па самых актуальных пытаннях. У пэўных паселішчах ёсць дамы сацыяльных паслуг - выкарыстоўваем і гэты рэзерв... Словам, наша культура - у пастаяннай працы. І самае галоўнае - яна запатрабавана насельніцтвам. Канешне ж, свой патэнцыял трэба нарошчваць, бо няма мяжы дасканаласці.
Мікалай ГАЛАДОК:
- Пытанне абслугоўвання аддаленых і маланаселеных вёсак разглядалася на пасяджэнні райвыканкама. У кабінет да Ларысы Дабравольскай зазірнула дырэктар Раённага цэнтра народнай творчасці Таццяна Іванова. Гэтым пятнічным днём планавалася святкаванне 40-годдзя Грэскай дзіцячай школы мастацтваў, і трэба было ўзгадніць змест і форму прывітальнага адраса. Словам, уцягнулі ў размову і кіраўніка РЦНТ.
Таццяна ІВАНОВА:
- Сёлета, па ініцыятыве начальніка аддзела культуры Алены Камоцкай, зрабілі абслугоўванне нашых вёсак сістэмным. Работу вядзём комплексна: выязджаюць гандаль, медыцына, ідэалагічныя і сацыяльныя работнікі, бібліобус. Натуральна, адразу адгукнуліся старшыні сельскіх саветаў, пачалі арганізоўваць транспарт і выдаткоўваць грошы на сувеніры ды падарункі... Станоўчы розгалас прайшоў па ўсім раёне...
Яўген РАГІН:
- Словам, абмеркаванне згаданага злабадзённага пытання на пасяджэнні райвыканкама падштурхнула да канкрэтных дзеянняў?
Мікалай ГАЛАДОК:
- Можна і так сказаць.
Таццяна ІВАНОВА:
- Мы падрыхтавалі пашпарты ўсіх вёсак з указаннем носьбітаў традыцыйнага мастацтва. Таму выязныя выстаўкі народнай творчасці сталі ўжо нормай. У раённым клубе майстроў - звыш 60 удзельнікаў.
Мікалай ГАЛАДОК:
- Сёння аддзел культуры рыхтуе буклет аб мясцовым ручніку пазамінулага стагоддзя. Мы даследавалі Клецк, Капыль, Салігорск, Слуцк, Нясвіж, сабралі здымкі больш чым 200 узораў ткацтва.
Таццяна ІВАНОВА:
- А працу распачалі менавіта ў рэчышчы больш грунтоўнага абслугоўвання нашых аддаленых паселішчаў.
Мікалай ГАЛАДОК:
- Летась упершыню быў распрацаваны і ўкаранёны ў практыку новы праект Слуцкага раёна "Культура сельскага савета". Як бачыце, менавіта на ўзроўні рэгіёна і вырашаецца шэраг праблем рэгіянальнай культуры...
Яўген РАГІН:
- І дзякуючы апошняму, безумоўна, расце давер да сельскіх работнікаў сферы. Работнік культуры - ідэолаг?
Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ:
- Натуральна, ён з'яўляецца правадніком дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры. Маю на ўвазе і захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, і мэтанакіраваную дзейнасць па духоўным выхаванні моладзі, і многае іншае...
Яўген РАГІН:
- Ці ёсць прэтэнзіі да якасці падрыхтоўкі кадраў?
Мікалай ГАЛАДОК:
- У нашых аграгарадках, да прыкладу, у 16 установах культуры - 114 спецыялістаў. Трыццаць працэнтаў маюць вышэйшую адукацыю, 61 - сярэднюю спецыяльную.
Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ:
- Тут вось яшчэ які момант ёсць. Работнікі культуры на сяле - людзі аўтарытэтныя, ім вераць. А клубнікі і бібліятэкары, у сваю чаргу, цудоўна ведаюць запыты вяскоўцаў, дапамагаюць вырашаць надзённыя праблемы. Многія з'яўляюцца дэпутатамі мясцовых саветаў, займаюцца актыўнай грамадскай дзейнасцю. І гэта - таксама ідэалогія.
Яўген РАГІН:
- У раёне насельніцтва даўно прызвычаілася плаціць за культурныя паслугі. "К" неаднаразова пісала пра пазабюджэтныя здабыткі Случчыны. Такая стратэгічная "калькуляцыя" творчасці стала ўрокам для іншых аддзелаў культуры. У вас, ведаю, ёсць Маладзёжны цэнтр са сваім сайтам і "пазабюджэтнымі" стаўкамі...
Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ:
- Асабіста я не буду чапаць фінансава-гаспадарчую дзейнасць гэтай установы. Распавяду пра культурны бок справы. Маладзёжны цэнтр - адзін са сталых культурных брэндаў Слуцка...
Таццяна ІВАНОВА:
- Вас мо насцярожвае наяўнасць "пазабюджэтных" ставак?
Яўген РАГІН:
- Наадварот! У гэтым, як лічу, - доказ пэўнай самадастатковасці, і фінансавай, і творчай...
Таццяна ІВАНОВА:
- І - паказчык якасці працы. Ніхто не будзе плаціць за сумніўную паслугу. А, скажам, у эстраднай студыі "Зоркапад" цяпер - больш за 60 удзельнікаў самых розных узростаў (дзеці нават з раёна прыязджаюць). І такой студыі цяпер падуладнае правядзенне любой тэматычнай дыскатэкі, самага маштабнага свята для кожнай з 12 агульнаадукацыйных школ... Стаўка кіраўніка ў свой час была ўведзена па ініцыятыве нашага аддзела культуры за кошт заробленых сродкаў. І нездарма: "Зоркапад" на сёння - узорны дзіцячы калектыў... А перспектывы ў Маладзёжнага цэнтра - вельмі акрэсленыя: рух наперад у адпаведнасці з запытамі моладзі. Вы ведаеце, абмеркаванне працы ўстановы, і сённяшняй і заўтрашняй, пастаянна вядзецца на інтэрнэтаўскім форуме...
Мікалай ГАЛАДОК:
- Бадай, адзіны недахоп Маладзёжнага цэнтра - адсутнасць дадатковай плошчы для гуртковай дзейнасці: гэта ж колішні кінатэатр...
Яўген РАГІН:
- А якія тут прыкідкі на перспектыву?
Таццяна ІВАНОВА:
- Ёсць у нас колішні Дом афіцэраў, там цяпер - Цэнтр традыцыйнай культуры. На трох яго паверхах праводзяцца гуртковыя заняткі.
Яўген РАГІН:
- Шмат сказана сёння было і пра абавязковасць камп'ютарызацыі клубнай сістэмы. Я разумею, у асобных раённых аддзелах пра гэта толькі мараць, а ў вас ужо пэўныя зрухі ёсць...
Мікалай ГАЛАДОК:
- Мы за дзевяць месяцаў бягучага года зарабілі 800 мільёнаў пазабюджэтных рублёў. Натуральна, пэўная колькасць сродкаў пойдзе і на далейшае набыццё кам'ютарнай тэхнікі.
Таццяна ІВАНОВА:
- Дарэчы, клубы самі яе купляюць.
Яўген РАГІН:
- У якім напрамку, на ваш погляд, Ларыса Генадзьеўна, павінна рухацца цяпер рэгіянальная культура?
Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ:
- Створаны аграгарадкі, за якія, паверце, не сорамна, на парадку дня - аднаўленне ці ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы звычайных вёсак., Што самае галоўнае - мы ўстановы культуры не скарачаем, а дбаем пра іх рамонт.
Яўген РАГІН:
- За кошт раённага бюджэту?
Мікола ГАЛАДОК:
- Так, але і самі, як бачыце, няблага зарабляем.
Таццяна ІВАНОВА:
- У кожнай установы, натуральна, свой пазабюджэтны план: ад 50 да 3 мільёнаў (для сельскага клуба, напрыклад) рублёў.
Яўген РАГІН:
- Дэпрэміраванні за невыкананне былі?
Таццяна ІВАНОВА:
- Былі і такія выпадкі. Усё ад кіраўніка залежыць. Цікавыя сітуацыі ўзнікаюць: клубная ўстанова, нібыта, на рамонце, а мерапрыемствы (на вуліцы, іншых канцэртных пляцоўках) усё адно ладзяцца, і план з поспехам выконваецца, а там, дзе з базай усё як быццам няблага, якраз і не спраўляюцца з пазабюджэтным заданнем.
Мікола ГАЛАДОК:
- Старая як свет ісціна: усё ў нашай сферы трымаецца на ініцыятыве.
Яўген РАГІН:
- І тое, што 92 працэнты спецыялістаў маюць спецыяльную адукацыю, урэшце, не з'яўляецца вырашальным паказчыкам той ініцыятывы?
Таццяна ІВАНОВА:
- Пра гэта і гаворка. Але кадравы касцяк раёна, лічу, здольны на многае.
Яўген РАГІН:
- Я ў гэтым пераканаўся, калі наведаў Цэнтральную бібліятэку: тамтэйшаму крэатыву пазайздросцяць у многіх аналагічных установах краіны... Ларыса Генадзьеўна, вярнуся да матэрыяльнай базы. У раёне на сяле шмат дыхтоўных дамоў культуры, маштабна ўзведзеных яшчэ за савецкім часам. А ці ёсць на Случчыне, багатай на вытворчасць, актыўныя спонсары-інвестары для фінансавання далейшага развіцця сяла?
Таццяна ІВАНОВА:
- Вось яркі прыклад: пашыў сцэнічных касцюмаў для Бароцкага сельскага клуба-бібліятэкі аплачвае сыркамбінат. Яго кіраўнік папрысутнічаў на канцэрце мясцовай самадзейнасці і зазначыў: "Цудоўнае выкананне, і вы дастойныя таго, каб вам замянілі канцэртныя строі". І не проста зазначыў, а - выдаткаваў 10 мільёнаў.
Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ:
- Гэткае ж стаўленне да развіцця рэгіянальнай культуры - у кіраўніцтва цукровага і мясакамбінатаў. Таленавітыя дзеткі з музычнай школы і школы мастацтваў пастаянна выязджаюць на міжнародныя выстаўкі ды фестывалі не без падтрымкі мясцовых інвестараў... Словам, паводле спрадвечнай беларускай традыцыі, імкнёмся пашыраць культурны ўплыў усім светам. У выніку пры краязнаўчым музеі, напрыклад, адкрыўся Музей этнаграфіі. Маем у Цэнтральнай бібліятэцы факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля...
Таццяна ІВАНОВА:
- Прэзентавалі яго случчанам у час Ночы музеяў: зрабілі цудоўную тэатралізацыю. Дарэчы, пры садзейнічанні Нацыянальнага мастацкага музея ладзілі ў свой час і Ноч Слуцкага пояса.
Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ:
- І на гэтых адметных мерапрыемствах нязменна было вельмі шмат наведвальнікаў... Я што хачу падкрэсліць: Случчына багатая традыцыямі, якія пастаянна развіваюцца. Самае галоўнае - у нас ёсць пераемнасць гэтых традыцый. І за кроснамі можна ўбачыць не толькі бабулю, але і дзяўчынку... Невыпадкова ў Слуцку праводзіўся абласны, другі па ліку, Фестываль беларускай лялькі. Наш Цэнтр рамёстваў даўно і плённа займаецца гэтым відам традыцыйнага мастацтва...
Яўген РАГІН:
- Невыпадкова і тое, што на гербе Случчыны адлюстраваны Пегас - сімвал неўтаймоўнага творчага натхнення... Ларыса Генадзьеўна, вы на раёне часта бываеце, якія заўвагі выказваеце работнікам культуры паводле гэтых паездак?
Ларыса ДАБРАВОЛЬСКАЯ:
- Крэдыт даверу ў іх - нязменна высокі. Так што заўвага - адзіная: набранага тэмпу не зніжаць... Мы пастаянна наведваем культурныя мерапрыемствы, што ладзяцца і ў горадзе, і на сяле, кантактуем з жыхарамі, высвятляем іх запыты, запатрабаванасць устаноў культуры. У выніку пашыраецца колькасць гурткоў, з'яўляюцца новыя формы работы. Скажам, у ГДК пачалі дзейнічаць рыцарскі клуб, аб'яднанні маладзёжнай альтэрнатыўнай культуры. Усё пачыналася з маніторынгу, з сацыяльных апытанняў самых розных узроставых катэгорый...
Дэталь да агульнай карціны
Ноч у бібліятэцы - праект з перспектывай
Галоўны бібліятэкар Дзіцячай бібліятэкі Валянціна Цэгалка пераканала мяне, што яе ўстанова - не проста месца, дзе можна кніжку выбраць.
Сапраўды, гэта своеасаблівая творчая лабараторыя. Тут дзейнічае ажно пяць аб'яднанняў: лялечны тэатр, літаратурна-музычны салон, экалагічная студыя, духоўнаасветніцкі і дыскусійны клубы. А летась ва ўстанове, дзе месціцца і ЦРБ, на Дзень бібліятэк прайшла першая Ноч у бібліятэцы.
Дзейнічаў "спа-салон": фея чытала кніжкі дзеткам, якія ўладкоўваліся ў спальніках на ноч. Але ніхто да 23.00 не заснуў, бо наўкола было выключна цікава. Да прыкладу, праз звычайную шафу можна было трапіць у Пакой... літаратурных жахаў. А бацькі бавілі чытацкую ноч у дарослай бібліятэцы. Па словах дырэктара ЦБС Людмілы Гурыновіч, тут працавалі кавярня, кніжны кірмаш, выстаўка-продаж вырабаў народных умельцаў Квасыніцкага цэнтра рамёстваў, выстаўка-продаж выдавецкай бібліятэчнай прадукцыі, а таксама прадастаўляўся бясплатны доступ у Інтэрнэт. Можна было сустрэцца з Астапам Бендэрам, завітаць у бібліярэстаран "Смачная кніга"...
Кажуць, чарговая Ноч бібліятэк будзе не менш цікавая. Прынамсі, у Слуцку яе вельмі чакаюць.
Рэзюмэ кіраўніка раёна
Заўвага - адзіная...
Я ўсё ж звязаўся з Уладзімірам ДАМАНЕЎСКІМ па тэлефоне. Надта ўжо цікавіла ягонае стаўленне да стану спраў у культурнай сферы роднага рэгіёна, перспектыўнае бачанне яе далейшага развіцця...
- Калі казаць пра нейкі негатыў у дачыненні да нашай культуры, дык у мяне тут, бадай, толькі адзіная заўвага: мы не заўжды аддзячваем сваім мастацкім самадзейным калектывам, супрацоўнікам аддзела культуры за іхні важкі высокапрафесійны ўклад у штодзённае духоўнае жыццё Случчыны... Пастаянна паляпшаем матэрыяльную базу клубных і бібліятэчных устаноў, набываем сучасную апаратуру, тэхніку, касцюмы, але не забыцца б за ўсім гэтым неадкладным клопатам пра людзей... Між тым, у нас 30 калектываў маюць званні "народны" і "ўзорны", а гэта больш чым красамоўны паказчык выніковай дзейнасці аддзела культуры. І часта на пасяджэннях выканкамаў, калі абмяркоўваем, якіх жа зорак запрасіць у Слуцк на чарговы канцэрт, прыходзім да высновы, што свае, мясцовыя, артысты случчанам больш даспадобы. Гэта давер, дасягнуты карпатлівай самаахвярнай працай. Так яно, па сутнасці, і павінна быць.
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск - Слуцкі раён - Мінск
Фота аўтара