Міжнародны фестываль народнай творчасці "Вянок дружбы" чарговы раз прадэманстраваў, як пры дапамозе стасункаў на ўзроўні адміністрацый гарадоў з розных краін свету, а таксама пры дапамозе творчых кантактаў можна павышаць статус форуму.
Сёлета ўдзел у фэсце прынялі калектывы і выканаўцы з Аўстрыі, Азербайджана, Венесуэлы, Ірана, КНР, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славакіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Эстоніі.
Літаральна летась сваё мастацтва ўпершыню прадэманстравалі творцы з таго ж Ірана, а сёлета яны - ужо ў ліку гасцей, якіх ведаюць і чакаюць. Варта спадзявацца, што гэткае ж жаданне пабываць на "Вянку..." зноў выкажуць і аўстрыйцы, азербайджанцы, венесуэльцы ды французы: яны дэбютавалі на сцэнах Бабруйска.
Фестываль набыў у 2011-м яшчэ некалькі цікавых адметнасцей. Як зазначыў на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый старшыня гарвыканкама Дзмітрый Бонахаў, "...дзякуючы форуму мы прырастаем новымі эканамічнымі сувязямі: ужо заключылі пагадненні аб супрацоўніцтве з Новамаскоўскам Тульскай вобласці, турэцкім Сідэ, на падыходзе пагадненні- з іншымі гарадамі". У рамках фэсту правялі і пасяджэнне Кансультатыўнага Савета прафсаюзаў работнікаў культуры незалежных дзяржаў.
Відавочнае і памкненне фестывалю да выкрышталізацыі абноўленай канцэпцыі. "Вянок дружбы", які зазвычай папярэднічаў "Славянскаму базару ў Віцебску", сёлета ішоў амаль паралельна яшчэ і з іншым маштабным фэстам, што праводзіла Магілёўшчына, - "Александрыя збірае сяброў". Таму той самы парк на мясцовай плошчы Перамогі цалкам "перадаў правы" на "Горад майстроў" суседняй пешаходнай вуліцы - раней жа вырабы ўмельцаў прэзентавалі абедзве пляцоўкі. Падаецца, такая лакалізацыя выглядала куды больш кампактна і стварала сапраўдны кірмашовы настрой. Акцэнт жа сёлетняга фэсту змясціўся на буйныя дзеі на вуліцах і гала-канцэрты ў "Бабруйск-Арэне". А ўвечары цэнтр горада і ўвогуле быў аддадзены канцэрту мясцовых рок-гуртоў... ...
Рэчышча форуму засталося ранейшым, а вось плынь - у працэсе абнаўлення. Чакаем чарговай кветкі ў "Вянку..."!
На здымках: цэнтр форуму - "Бабруйск-Арэна".