Большасць здымкаў гэтай фотасесіі "Песняроў" дакладна ніколі не была ў друку. Словам- сапраўдны эксклюзіў. Як кажуць, перагортваючы альбом (а дакладней- камп'ютарныя папкі) высветлілася: зроблены ён акурат 25 гадоў таму - 1 мая 1986-га.
Асаблівай нагоды для сустрэчы з "Песнярамі" не было. Проста, не адзін дзень і нават месяц дамаўляліся зрабіць з Уладзімірам Мулявіным серыю свежых кадраў ансамбля, тым больш, склад яго "амаладзіўся" акурат пасля праграмы "Праз усю вайну", якую і спявалі, збольшага, у 1984-м - 1986-м.
Прыкладна цягам тыдня ў красавіку "Песняры" выступалі ў Кіеве. У мясцовым Палацы спорту музыканты далі каля паўтара дзясятка канцэртаў (па два на дзень), выконваючы, акрамя аддзялення з улюбёных публікай шлягераў, ваенныя нумары і "першыя ластаўкі" да праграмы на вершы Маякоўскага, якая загучыць "на ўвесь голас" у 1987-м. І вось "фортка" ў графіку калектыву прыпала акурат на 1 мая.
Можна ўявіць сабе здзіўленне шматлікіх мінакоў, хто пасля першамайскай дэманстрацыі апынуўся паблізу ад Траецкага прадмесця або ў скверы імя Янкі Купалы. "Песняры" ў поўным складзе, у густоўных беласнежных гарнітурах, якія пасля стануць афіцыйнымі касцюмамі для "маякоўскага" цыкла... Відовішча, дый годзе!
Таксама за час першамайскага шпацыру зрабілі і той самы знакаміты кадр: "Песняры" асядлалі волат-БелАЗ непадалёк ад ВДНГ- цяперашняга комплексу "БелЭКСПА", дзе 4 мая сустрэнемся з вамі, шаноўныя чытачы, на XV Міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "СМІ ў Беларусі".
На здымках: "Песняры" ў Траецкім прадмесці і ў Купалаўскім скверы.
Фота Юрыя ІВАНОВА