Праект з экспедыцый

№ 17 (988) 23.04.2011 - 29.04.2011 г

Экспазіцыя памяці

Убачыць калекцыю прадметаў, што адлюстроўваюць гісторыка-культурную спадчыну тэрыторый, найбольш пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, можна ў рамках праекта "Беларусь. 25 гадоў пасля Чарнобыля", што адкрыўся ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Прэзентацыя яго адбылася ў адпаведнасці з Рэспубліканскім планам мерапрыемстваў да 25-й гадавіны гэтай катастрофы. Як паведамілі ва ўстанове, каштоўныя для музея прадметы былі сабраны ў 90-я гг. ХХ ст. дзяржэкспедыцыяй, якая працавала ў раёнах адсялення. Да таго ж, сярод экспанатаў выстаўкі прадстаўлены і выданні чарнобыльскай тэматыкі, а таксама кампазіцыя тэматычных фотаматэрыялаў з суправаджальнай інфармацыяй аб наступствах чарнобыльскай катастрофы для Беларусі, дзейнасці дзяржавы па асноўных кірунках пераадольвання наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у тым ліку - па міжнародным супрацоўніцтве.

Адметна, што на выстаўцы дэманструюцца работы і вядомых айчынных творцаў, у тым ліку народнага мастака СССР, народнага мастака Беларусі Міхаіла Савіцкага, прысвечаныя катастрофе.

Мяркуецца, што моцны эмацыйны эфект на пачуцці гасцей музея зробяць і відэафільмы чарнобыльскай тэматыкі. Паказ іх запланаваны ў межах праекта.