Вясна і Масленка ў разрэзе артэфактаў

№ 10 (982) 05.03.2011 - 11.03.2011 г

Біфштэкс з маманта, калі ласка!, або Пра Свіслач, якая славілася асятрамі

/i/content/pi/cult/312/5417/pic_23.jpgУ нашу эру хуткага харчавання цяжка ўявіць, што і як елі нашы продкі стагоддзі таму, не кажучы ўжо пра тысячагоддзі. Тым не менш, дзякуючы археалагічным раскопкам айчынных гісторыкаў, а таксама архіўным матэрыялам, пэўныя звесткі пра гастранамічныя перавагі тагачасных жыхароў нашай зямлі ўсё ж можна знайсці.

У прыватнасці, на стаянцы першабытнага чалавека ў вёсцы Бердыж Гомельскай вобласці, дзе жылі людзі больш за 20 тысяч гадоў таму, былі знойдзены косткі маманта, паўночнага аленя, шарсцістага насарога. Што цікава, да гэтага часу не сціхаюць спрэчкі з нагоды ўжывання ў ежу мяса маманта. Спецыялісты адзначаюць, што яно заставалася занадта цвёрдым нават пасля працяглай варкі. Магчыма, у нашых прашчураў былі свае рэцэпты яго прыгатавання, бо менавіта косткі апошняга сустракаюцца на старажытных стаянках найчасцей. З выміраннем маманта нашы продкі палявалі на больш дробных звяроў, таго ж зайца, барсука, сусліка. Рэшткі іх былі знойдзены ў больш позніх неалітычных стаянках першабытнага чалавека, як і зубра, лася, высакароднага аленя, бурага мядзведзя.

Вядома, да мяса звычайна падаецца і гарнір. Гэтая традыцыя, відавочна, мелася і ў глыбокай старажытнасці. Як адзначыў кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі, гэтую функцыю маглі адыгрываць лясныя і вадзяныя арэхі, чыё шкарлупінне знойдзена пры раскопках, а таксама жалуды. Па звестках гісторыка, у ІV - пачатку ІІ тысячагоддзя да нашай эры на беларускіх землях пачалі разводзіць свойскую жывёлу, а таму смак малака казы ці каровы ведалі ўжо тады. А вось грыбы, па словах Эдварда Зайкоўскага, заснаваных на даных раскопак,першабытнаму чалавеку, хутчэй за ўсё, былі не па смаку.

Але калі нашы прашчуры магчыма і /i/content/pi/cult/312/5417/pic_24.jpgне салілі грыбы, дык ужо ад смачнага агурка адмовіцца дакладна не маглі, прынамсі з часоў Сярэднявечча. У прыватнасці, у Полацку ў пласце ХІІ ст. было знойдзена дно бочкі з прыліплым зернем агурка. У гэты час, па звестках Эдварда Зайкоўскага, сеялі і адпаведна ўжывалі жыта, ячмень, авёс, пшаніцу, проса, боб, каноплі і лён. З апошніх дзвюх згаданых сельскагаспадарчых культур здабывалі алей.

Для таго каб паласавацца балтыйскім асятром і ласосем, яго не трэба было купляць у заморскіх купцоў. Багата гэтай рыбы вадзілася ў нашых рэках літаральна яшчэ некалькі стагоддзяў таму. Вядомы беларускі этнограф Павел Шпілеўскі 160 гадоў таму, знаходзячыся ў Мінску, напісаў: "Свіслач славіцца сваімі асятрамі".

А вось замест цукерак нашы продкі ўжывалі сушаныя лясныя яблыкі і плады дзікай слівы, абгарэлыя грушы і, вядома ж, мёд, з якога, да таго ж, рабілі разнастайныя напоі.

І калі сёння існуе мода сачыць, каб не было ў стравах зашмат халестэрыну, то ў часы Рэчы Паспалітай пра гэта нават не задумваліся - шляхецкая кухня была занадта тлуснай і вострай. Па апісанні замежных падарожнікаў, разнастайныя прыправы дадавалі без меры. На думку суразмоўцы "К", ужыванне спецый лічылася прыкметай заможнасці. Аднак, па словах гісторыка, асабліва ў сялянскім асяроддзі, з цягам часу зза прыродных фактараў у рацыёне тагачаснага беларуса змяншалася роля дзічыны. У першую чаргу, да стала падаваліся вараныя кашы з круп, у першую чаргу, з ячных. Цікава, што да XVIII ст. была вельмі пашырана і такая дзікарастучая расліна, як маннік плывучы, які нават экспартаваўся за мяжу.

/i/content/pi/cult/312/5417/pic_25.jpgБагата страў было звязана з рэлігійнымі ўяўленнямі нашых продкаў. У прыватнасці, згодна хрысціянскай традыцыі, забаранялася ўжываць у ежу каніну, а таксама мяса задушанай жывёлы, што трапіла ў сіло. Да таго ж, да пэўных святаў былі і адметныя стравы. У ваколіцах Бягомля да свята Камаедзіцы, звязанага з абуджэннем мядзведзяў ад зімовага сну і выхадам з бярлогі, гатавалі абрадавыя стравы, у тым ліку ежу з сушанага рэпніку, аўсяны кісель, а таксама гарохавыя камы. На вясновае свята Дабравешчанне ў народзе выпякалі галёпы з пшанічнай мукі, якія мелі форму бусла.

З напояў жа найбольш пашыраны на нашай зямлі быў бярозавік. Пры гэтым, па звестках Эдварда Зайкоўскага, у іншых краінах ён, у адрозненне ад медавухі, распаўсюджанай ці не па ўсёй Еўропе, быў практычна невядомы. А таму бярозавік, як і шэраг іншых страў, мае ўсе шанцы стаць сапраўдным кулінарным брэндам нашай краіны і ўжывацца поруч з той жа колай на розных кантынентах.

На здымках:

святкаванне прыходу Масленкі ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.

Фота Ларысы САЛОДКІНАЙ

 

З кулінарнай калекцыі Эдварда Зайкоўскага

Раўгеня (напой, вядомы яшчэ ў Полацкім княстве)

Жытнюю муку размяшаць з халоднай вадой і паставіць у печ парыцца і саладжаць. Потым пераліць у хлебную дзежку, каб укісла. Як раўгеня ўкісне ("паходзіць"), ужываць як квас. Калі занадта густая, можна развесці вадой. Больш густую раўгеню ўжывалі як кісламалочную страву.

Дэсерт з лімонам на смятане (на 10 чалавек)

Узяць два лімоны, восем лотаў цукру, дзесяць жаўткоў, дзве драўляныя лыжкі мукі, кварту свежай густой смятаны. Цукар пацерці аб цытрыну (лімон), а пасля выціснуць з яе сок. Змяшаць цукар паслядоўна з жаўткамі, мукой і смятанай, моцна расціраючы пасля ўкладання кожнага інгрэдыенту. Уліць добра ўзбітыя на пену бялкі, асцярожна вымешаць, выліць у форму і запячы ў цёплай печы.


 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"