Як “Е-мадэрну” трапіць у “пілотны праект” рэнавацый?

№ 7 (979) 12.02.2011 - 18.02.2011 г

Камандзіроўка з ліхтарыкам да мазырскіх дамінантаў

Неўзабаве пасля публікацыі календара "К" з заклікам да кожнага зрабіць свой унёсак у адраджэнне гісторыка-культурнай спадчыны прыйшоў ліст ад чытачкі з Мазыра Ганны Булаш. Бібліятэкар з 30-гадовым стажам і сапраўдны патрыёт свайго горада ўзнімае праблему канкрэтнага помніка мінуўшчыны, стан якога сёння выклікае небеспадстаўны неспакой.

Натуральна, адразу па атрыманні ліста карэспандэнту "К" была выпісана камандзіроўка ў Мазыр.

Першае, што кінулася ў вочы ля ўезда ў "горад нафтавікоў" - бігборд, які абвяшчае пра прэтэнзіі Мазыра на ролю сур'ёзнага турцэнтра. Наколькі яны матываваныя? Знаёмства з некаторымі гарадскімі адметнасцямі, захапляльныя расповеды краязнаўцаў, а таксама простыя шпацыры па стромкіх схілах ды беразе шырачэзнай Прыпяці дазволілі мне зрабіць сваю выснову "на правах простага карыстальніка". Зрэшты, высновы пакінем "на потым". Гэтага вымагаюць не толькі законы жанру.

Мазырская сецэсія - у стане дэкадансу

Людная вуліца Рыжкова, яркія вывескі крамаў, дагледжаныя фасады грамадскіх устаноў, навюткія жылыя дамы... Збочваю з яе літаральна на некалькі дзясяткаў метраў - і адразу трапляю ў вусцішнае валадарства запусцення. Вялізны стары будынак, які літаральна магнетызуе позірк сваім велічным выглядам і вытанчанасцю дэталей, сёння шчыльна аточаны купкамі смецця і цэлымі россыпамі бітага шкла.

Амаль усе шыбы - выбіты, і сям-там аконныя рамы ашчэраны вострымі аскепкамі. Зрэшты, на ніжнім паверсе тыя рамы ўвогуле адсутнічаюць - яўна не без дапамогі мясцовых жыхароў. Дзверы ў будынку - наросхрыст. Унутры - такая самая карціна заняпаду.

 Ганна Булаш ставіць сабе за мэту знайсці гістарычныя сведчанні даўнасці гэтай камяніцы і яе пачэснай мінуўшчыны. Даследуючы фактуру цэглы ды некаторыя архітэктурныя асаблівасці, яна праводзіць паралелі нават з Мірскім замкам. А таксама задаецца пытаннем: ці не быў гэты палац рэзідэнцыяй князёў Радзівілаў, якія доўгі час валадарылі ў Мазыры?

Галоўны спецыяліст райаддзела культуры Аляксандр Бобр, які ўжо не першае дзесяцігоддзе лічыцца карыфеем "мазыразнаўства", прытрымліваецца куды больш празаічнай версіі паходжання "палаца". Паводле яго слоў, гэта - павятовая бальніца, будаўніцтва якой было завершана ў 1913 годзе. Дарэчы, менавіта такую функцыю будынак выконваў літаральна да апошняга часу.

 І сапраўды, нават такі неспецыяліст, як я, здолеў разгледзець у архітэктуры камяніцы характэрны "почырк" пачатку ХХ стагоддзя - рысы стылю мадэрн, арганічна спалучаныя з элементамі неаготыкі. Але значнасць помніка спадчыны ад гэтага ані не змяншаецца. Яго архітэктар здолеў стварыць амаль што шэдэўр, адметны і сваёй нязвыклай Епадобнай планіроўкай, і цэлым россыпам густоўных дэталей - у якіх, уласна, і адчуваецца рука майстра. Прамых аналагаў гэтага будынка на Беларусі бачыць мне не даводзілася. А "пераблытаць" яго з сярэднявечным замкам і сапраўды досыць лёгка.

 Прычым талент архітэктара выявіўся не толькі ў самім будынку, але і ў яго прывязцы да ландшафту. Размешчаная на верхавіне вялізнага схіла, камяніца стварае выразную дамінанту адной з цэнтральных мазырскіх вуліц, якая цяпер мае назву Ленінская. Таму раней бальніца была ўпрыгожаннем усяго горада. Цяпер будынак таксама ніяк не абмінеш увагай: яго па-ранейшаму відаць нават здалёк. Але ж вока ён, зразумела, ужо не радуе.

Ганна Булаш яшчэ заспела той час, калі бальніцу атачаў шыкоўны парк. Сёння цэласнасць комплексу незваротна парушана: літаральна за некалькі дзясяткаў метраў ад будынка красуюцца навюткія дзевяціпавярхоўкі. А яшчэ даўней да "палаца" была прыроблена шэрая і нягеглая пабудова без усялякіх архітэктурных "изысков". Сёння, дарэчы, яна ў такім самым жаласным стане.

- Мне даводзілася ляжаць у гэтай бальніцы дзесьці ў 1975 годзе, - згадвае бібліятэкарка. - І мая палата была аздоблена такой шыкоўнай ляпнінай, якую мне болей нідзе бачыць не даводзілася, хаця на той час я паспела пабываць у многіх знакамітых палацах і музеях...

 Ці захавалася сёння тая ляпніна, праверыць не ўдалося. Некалькі пралётаў лесвіцы на другі паверх банальна адсутнічаюць. А ў адным з калідораў цурчыць вада - пасля нядаўніх дажджоў там ужо паспеў утварыцца цэлы басейн.

Акурат за дзень да майго прыезду была адліга, але метэаролагі неўзабаве абяцалі і новыя маразы. Зразумела, што капрызы беларускага надвор'я могуць прынесці будынку ў яго цяперашнім стане сур'ёзную шкоду. Тым болей, стрэлка тэрмометра ў гэтыя дні робіць ладныя скачкі нават на працягу сутак.

"Цяпер будынак стаіць безгаспадарны, нікому не патрэбны..." - пісала ў сваім лісце Ганна Булаш. На паверку ён менавіта такім і выглядае. Але... толькі дэ-факта, а не дэюрэ.

Пацікавіўшыся ў Аляксандра Бабра лёсам помніка спадчыны, даведаўся, што ён меўся быць вырашаны яшчэ некалькі гадоў таму. Закінуты будынак набыла на аўкцыёне мазырская фірма. Пасля капітальнага рамонту там планавалася зрабіць офісныя памяшканні, а таксама гатэль. Але пакуль яшчэ гэты праект знаходзіцца "на стадыі дакументацыі".

Такім чынам, карэспандэнт "К" мусіць прызнацца ў несанкцыянаваным пранікненні на тэрыторыю, якая з'яўляецца прыватнай уласнасцю. Але ў сваё апраўданне магу заўважыць адну акалічнасць. Я не мусіў ні пералазіць цераз агароджу, ні прытупляць пільнасць вартаўніка. Ні гэтых, ні якіх-кольвечы іншых спосабаў абмежаваць допуск на аб'ект старонніх асоб мною заўважана не было. Як, зрэшты, і нават простай ды зусім не дарагой шыльдачкі з надпісам "Небяспечная зона! Уваход забаронены!".

А знаходзіцца ўнутры будынка і сапраўды небяспечна. Чаго варты хаця б кавалак іржавых жалезных парэнчаў, які звісае "на адным валаску" над лесвічным пралётам ды гатовы грымнуцца долу пры першай жа аказіі!

Варта нагадаць: за якую паўсотню метраў ад закінутай бальніцы - жылыя дамы! Без сумневу, там нямала дзятвы з уласцівай для гэтага веку неразважлівай цікаўнасцю.

Аднак выносіць вердыкт адносна "легкадумнасці" новых уласнікаў старога будынка ўсё ж не выпадае. Бо ёсць факт, які робіць ім сапраўдны гонар.

На момант продажу з аўкцыёну камяніца не мела статуса гісторыкакультурнай каштоўнасці. У жніўні 2009 года гэтая несправядлівасць была выпраўлена. Для аматараў мазырскай даўніны - невялічкае свята, а непасрэдна для новага ўласніка - прычына галаўнога болю. Лішнія клопаты па ўзгадненні дакументацыі, датычнай нават найдрабнейшых архітэктурных змен, новыя абавязкі і, што самае важнае, істотны рост выдаткаў на праектныя і будаўнічыя работы, а таксама і на далейшае ўтрыманне аб'екта. Купіў "бросовый" будынак, а тут ён стаў помнікам спадчыны...

Адным словам, новы ўласнік старой бальніцы меў усе меркантыльныя падставы, каб трактаваць такія інавацыі як юрыдычны казус, а зусім не як уласны гонар. Але рэакцыя ўсё ж была іншай.

Аляксандр Бобр дэманструе мне ахоўныя абавязацельствы, дзе стаіць подпіс кіраўніка фірмы, ды распавядае, што рашэнне прыняць новы статус уласнікам было зроблена без ваганняў. І гэта - сапраўдны ўзор той адказнасці, якую патрабуе ад бізнесу грамадства. Ды, у той самы час, - сведчанне сур'ёзнасці намераў камерцыйнай арганізацыі.

Але перад тым, як з'явяцца магчымасці перайсці да амбітных планаў, ці не варта пачаць з малога? З таго ж паркана са звычайных дошак або элементарных супрацьаварыйных захадаў.

Між іншым, у падобным стане апынуўся і яшчэ адзін адметны помнік з рысамі мадэрна ў Мазыры - былы купецкі дом насупраць драмтэатра. Ён таксама перайшоў у прыватныя рукі, там пачаўся рамонт, але ў выніку... Гэтай зімой камяніца стаіць "размарожаная", без шыбаў і нармальнага даху. Грукату будаўнічых прылад на гэтым аб'екце я не пачуў.

 Як адзначыў са свайго досведу Аляксандр Бобр, з прыватнымі ўласнікамі помнікаў спадчыны паразуменне ўдаецца знайсці даволі лёгка: яны ахвотна звяртаюцца па кансультацыі і без прынукі адмаўляюцца ад тых архітэктурных фантазій, якія супярэчаць беларускаму заканадаўству. Але ж... не заўсёды маюць дастаткова рэсурсаў, каб увасобіць у жыццё свае добрыя намеры.

Пункціры "старога месца"

 У адным з інтэрнэт-даведнікаў аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны закінутая бальніца чамусьці называецца мужчынскай гімназіяй, а ў другім - наогул не згадваецца. Хаця там ёсць інфармацыя нават пра ледзь прыкметныя паркавыя прысады ў далёкіх вёсках. Дзіўная сітуацыя! Або водгулле спрадвечных праблем з "раскруткай"?

Ганна Булаш паказала мне і яшчэ адзін цікавы аб'ект, пра які і слова не знойдзеш ні ў турыстычных даведніках, ні нават ва ўсяведным Інтэрнэце. Прыземістая камяніца дзівоснай канструкцыі была збудавана яшчэ за царскім часам у якасці гарадской турмы і выконвала сваю першасную функцыю пры ўсіх уладах. Але ўжо пасля вайны яе "панізілі" да рангу выцвярэзніка.

 Попытам у мазыран гэтая "непачэсная" ўстанова, на шчасце, не карыстаецца - у той момант, калі мы прайшлі праз масіўныя дзверы, яна і наогул пуставала. А вось яе персанал аказаўся на дзіва абазнаным у гісторыі старадаўніх сцен. І - неабыякавым да іх будучыні. Між іншым, такія рысы мне давялося адзначыць ва ўсіх мазыран усіх прафесій, якіх давялося спаткаць у гэты дзень.

 Начальнік установы маёр міліцыі Аляксандр Палей зладзіў для нас своеасаблівую экскурсію, паказаўшы камеру для асабліва небяспечных злачынцаў, дзе яшчэ захаваліся моцныя краты і мудрагелістае прыстасаванне, якое наглуха блакіруе маленькую дзверцу. Сёння там - звычайная кладоўка, але каваны рыштунак - арыгінальны, з тых самых царскіх часоў. Арматура настолькі трывала ўмуравана ў сцены, што яе нават і пры патрэбе не заменіш. Адным словам - гатовы музей. Між іншым, не толькі ўнікальны для Беларусі ды проста цікавы, але і карысны - у прафілактычных мэтах.

 І таму можна зразумець супрацоўнікаў установы, якія са скрухай наракаюць на тое, што іх будынак не мае статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці. А ў горадзе тым часам ходзяць чуткі пра хуткі знос старой турмы...

 Зрэшты, як адзначыў Аляксандр Бобр, Закон аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны на гэты будынак усё ж распаўсюджваецца: ён уваходзіць у межы комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці "Гістарычны цэнтр Мазыра".

- Адпаведна, пра знос гэтага помніка спадчыны нават размовы не можа весціся, - запэўніў спецыяліст.

Можа, турма - гэта не той аб'ект, які ў нас зазвычай уключаюць у турыстычныя даведнікі. Але ж ён з'яўляецца часткай інфраструктуры горада стогадовай даўніны, сведкам многіх драматычных падзей. І - важным складнікам гістарычнага асяроддзя. А куды ж без яго турцэнтру?

У Мазыры гэтае асяроддзе захавалася толькі часткова. Але ж "пункціры" "старога месца" тут усё ж угадваюцца - чаго, на жаль, ужо не скажаш пра многія іншыя беларускія гарады. Сярод іншых знакавых у мінулым будынкаў варта прыгадаць колішнюю мужчынскую гімназію - помнік спадчыны ХVIII стагоддзя. У яго сценах набывалі веды многія пакаленні мазыран.

 - Бачыце тую вежачку на даху? - пытаецца Аляксандр Бобр. - Калісьці там быў звон, які біў штодня а шостай вечара ды разносіў свой гук па ўсім горадзе. І пасля гэтага гімназісты не мелі права выходзіць на вуліцу без суправаджэння бацькоў... Звон той ужо, вядома, не б'е. З развіццём асветы камяніца страціла свой "эксклюзіўны" статус, але... паранейшаму служыць справе адукацыі: сёння яна ўваходзіць у комплекс санаторнай школы-інтэрната для дзяцей. Апрача спартыўных залаў, у гістарычным будынку змешчаны і цудоўны музейчык палескай этнаграфіі.

- Усё пачалося з таго, што адзін мой прыяцель забраў да сябе ў горад маму з вёскі, - распавядае дырэктар школы Канстанцін Хамутоўскі. - І запытаў у мяне: куды можна падзець старыя рэчы з яе хаты? Я трохі падумаў... і так з'явілася ідэя музея. А потым быў эфект снежнага камяка: супрацоўнікі самі сталі прыносіць экспанаты ад сваіх бацькоў. Цяпер тут і экскурсіі праводзім, і ўрокі па Мележы...

Паказаць мне гэты помнік спадчыны дырэктар пагадзіўся ахвотна. Бо ведае, што там заўсёды пануе чысціня і парадак. Прычым гэты стан падтрымліваецца сіламі самой установы, а таксама за кошт спонсарскіх сродкаў. І ці не штогод яе супрацоўнікі ўласнаручна тынкуюць сцены старой камяніцы. Але... праходзіць зусім мала часу, як яны пачынаюць лупіцца.

 Канстанцін Хамутоўскі зусім не без падстаў мяркуе, што прычынай таму - неадпаведнасць звычайнай сучаснай тынкоўкі самім старым сценам, якія паўсталі ў дацэментную пару. І сапраўды, у падобных выпадках спецыялісты настойліва раяць выкарыстоўваць адмысловыя рэстаўрацыйныя сумесі. На звычайным будаўнічым рынку такія не знойдзеш, каштуюць яны значна даражэй за "стандартныя", а наносіць іх "метадам суботніка" наўрад ці мэтазгодна: праца патрабуе кваліфікацыі. А гэта ўсё - немалыя выдаткі. Санаторная школа іх сёння не можа сабе дазволіць.

Гісторыя ў двух экспанатах

Сустрэўшы нас у крыпце сабора Архістрытыга Міхаіла, епіскап Тураўскі і Мазырскі Стэфан распавёў пра новапраслаўленага святога епархіі - першага пасля Кірылы Тураўскага. Ім стаў звычайны местачковы святар Алексій Магільніцкі. Калісьці ён служыў у тым самым саборы, а потым - прыняў там пакутніцкую смерць. Касцёл бернардзінцаў, які ў царскія часы стаў праваслаўным храмам, у 30-я гады мінулага стагоддзя быў пераўтвораны ў абласную турму НКУС.

 - Былая фамільная крыпта фундатараў кляштара Аскеркаў у тыя гады была засыпана пяском, - распавядае загадчык канцылярыі епархіі Васіль Чарвякоў. - Пасля яго ачысткі былі выяўленыя чалавечыя астанкі, закапаныя ў вапну. На сённяшні дзень усе дыскусіі адносна іх паходжання ўжо можна лічыць завершанымі. Па няпоўных звестках, праз сцены турмы прайшло звыш сямі тысяч людзей, абсалютная большасць з якіх ні ў чым не вінаватая...

Напрыканцы мінулага года Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Філарэт у прысутнасці ўсіх членаў Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы асвяціў першы ў краіне храм-помнік у памяць пацярпелых ад сталінскіх рэпрэсій. Тады ж прагучаў заклік да ўсіх вернікаў, чые продкі пацярпелі ў той час, запальваць лампады Памяці. Першыя такія светачы былі ўсталяваны пад нізкай столлю крыпты акурат у дзень маёй камандзіроўкі.

- Майго прадзеда расстралялі без суда і следства за адну рэзкую фразу на пасяджэнні сельсавета, - кажа Уладыка Стэфан, па ініцыятыве якога ў зачыненай многія стагоддзі крыпце паўстаў гэты храм-помнік. - Кожны панядзелак я адпраўляю тут літургію, молячыся за ўсіх бязвінна пацярпелых...

 Храм быў вернуты Праваслаўнай Царкве яшчэ ў 1952 годзе, але прылеглы да яго кляштарны корпус быў перададзены значна пазней. Па словах Аляксандра Бобра, яго стан на той момант пакідаў жадаць лепшага. Сёння там працуе своеасаблівы музей епархіі. Ён размешчаны ўсяго ў адной зале, але... галоўнае тут не плошча, а напаўненне. У экспазіцыі прадстаўлены і старадрукі, і цудоўная калекцыя абразоў "народнай палескай школы" - ва ўсёй яе размаітасці... Прычым музей плануе пашырацца: людзі самі дадаюць у яго фонды рарытэты. Сярод іх - і манета чаканкі паўстанцкага ўрада 1831 года! Дзе яшчэ такое ўбачыш?

Запытаў, ці можа наведаць гэты музей кожны ахвотны. І даведаўся, што за мінулы год там пабывалі больш за сем тысяч толькі "арганізаваных" турыстаў. У дзень яго часам наведвае па пяць-шэсць груп.

Варта адзначыць цікавую акалічнасць: музей зусім не абмяжоўваецца праваслаўнай тэматыкай. У экспазіцыі можна ўбачыць і рэдкія грэка-каталіцкія літургічныя кнігі, і альбом партрэтаў князёў Радзівілаў, а стваральнікі музея аднавілі па старым фотаздымку партрэт аднаго з прадстаўнікоў мазырскай галіны роду Аскеркаў.

- Літаральна на мінулым тыдні атрымалі радасную навіну: знайшоўся яшчэ адзін партрэт з Нараўлянскага замка, які належыў гэтаму роду,- распавядае Васіль Чарвякоў. - Ён захоўваецца ў запасніках Вавельскага замка, і мы спадзяёмся зрабіць копію...

А ў крыпце, дарэчы, - некалькі магільных дошак фундатараў храма, якія цудам ацалелі праз усе перыпетыі яго гісторыі. Іх адрэстаўравалі менавіта пад час стварэння капліцыпомніка.

- Гісторыю нельга бачыць адно ў белых і чорных тонах, - кажа Васіль Чарвякоў. - Іначай гэта ўжо не гісторыя...

У музеі ёсць два экспанаты, якія лаканічна і сімвалічна выяўляюць усю гісторыю праваслаўя на Палессі ў савецкія часы. Першы - гэта ікона, на якой твары Багародзіцы і Немаўляці сцёрты нейкім бязбожнікам. А другі - капіе і дыскас, вырабленыя з гільз ад снарадаў. Гэтыя літургічныя прылады выкарыстоўваў пад час праскамідыі партызанскі святар.

Яшчэ адно характэрнае сведчанне нядаўняй гісторыі праваслаўя на гэтай зямлі - пакручастай, бы той схіл, дзе яно месціцца, - можна сустрэць наўпрост на мазырскай вуліцы. Напэўна, самы арыгінальны паводле сваёй архітэктуры храм у краіне знаходзіцца менавіта ў гэтым горадзе.

 У 1932 годзе на месцы зруйнаванай бязбожнікамі царквы Святога Мікалая Цудатворцы паўстаў канструктывісцкі будынак ДАСААФ - па словах Аляксандра Бобра, у выглядзе затвора вінтоўкі. Але новая змена эпох расставіла прыярытэты. Над "затворам" з'явіўся... царкоўны купал. Прычым гэта ці не адзінае істотнае "ўварванне" ў архітэктуру будынка: да спадчыны сваіх антаганістаў праваслаўныя паставіліся вельмі ашчадна.

Драўляныя гарматы цэляць трапна

Адна з дамінантаў Ленінскай - гэта былая бальніца. Але калі ісці ў адваротным кірунку, амаль заўсёды будзеш бачыць драўляныя вежы на старажытным замчышчы. Праект іх адбудовы ў свой час выклікаў крытыку сярод спецыялістаў. Прычына - адсутнасць у адноўленых з сучаснага бярвення канструкцый належнага навукова-метадычнага "падмурка". Часта гучала кплівае слова "муляж".

 Аляксандр Бобр ад гэтай характарыстыкі і не адмаўляецца. Тым болей, што "арыгінал" быў спалены яшчэ ў сярэдзіне XVII стагоддзя. Што да яго рэнавацыі на гістарычным грунце ды паводле "сур'ёзнай" методыкі...

- Нават адзін толькі архітэктурны праект каштаваў непад'ёмныя для горада грошы, - кажа галоўны спецыяліст аддзела культуры. - І менавіта таму было вырашана зрабіць тое, што зрабіць рэальна магчыма...

 Двух'ярусных гародняў на замчышчы турыст, на жаль, не пабачыць, а з шасці вежаў, якія там колісь былі, аднавілі ўсяго тры - і, зразумела, "у маштабе". Дый нават гарматы, што, як і раней, узіраюцца ў Прыпяць, зроблены з тандэтнага матэрыялу - дрэва. Як, між іншым, і шаблі ды мячы, прадстаўленыя ў экспазіцыі адной з вежаў.

Натуральна, атрыманы вынік не стаў узорным прыкладам увасаблення ў жыццё пастулатаў Рыжскай хартыі рэстаўратараў. Але затое "паспалітыя" мазыране, якія пра тую хартыю і адным вухам не чулі, атрымалі відочнае сведчанне даўняй мінуўшчыны свайго горада. Дарэчы, менавіта на іх ахвяраванні і быў адноўлены "макет" замка.

Яшчэ не так даўно гара Камунараў, якая раней называлася Замкавай, не рабіла Мазыру гонару: яна была засмечанай ды недагледжанай. Сёння тут - адзін з цэнтраў гарадскога жыцця, надзелены такім статусам самімі гараджанамі. А ў плане эфектыўнасці свайго выкарыстання ён дасць фору і многім "сапраўдным" помнікам спадчыны.

 Абгароджаная драўлянымі сценамі тэрыторыя рэгулярна выкарыстоўваецца як пляцоўка для самых розных масавых імпрэз. У адной з камяніц тут працуе музей, а ў другой - кавярня (ці, дакладней, карчма). Рыцарскі клуб, які ўзнік у Мазыры менавіта пасля адбудовы замка (!), прапануе наведаць своеасаблівы лучны цір. У цёплую пару года турысты могуць паназіраць за працай каваля і ганчара або купіць народны сувенір на адмысловым міні-кірмашыку.

 Інфрастурктура, якой максімальна, але не празмерна, насычаны замак, сама па сабе здатная зрабіць яго звышзапатрабаваным як мазыранамі, так і гасцямі. Вольнымі ды "незаангажаванымі" тут былі пакінуты толькі тыя зоны, дзе яшчэ плануецца правядзенне раскопак.

І асобным радком варта адзначыць тыпова палескі музейны крэатыў у адной з вежаў - стравы сярэднявечнага стала, вырабленыя... з саломкі. На гэтым фоне экскурсавод распавядае пра сустрэчу Міхаіла Глінскага з крымскім ханам МенгліГірэем, якая і сапраўды мела месца ў Мазыры.

 Адпаведна, "пілотны праект" па адраджэнні Мазырскага замка засведчыў поспех гэтай ініцыятывы. І ўжо хаця б таму хочацца чакаць працягу: скажам, гістарычнай рэканструкцыі тых самых гародняў. Бо прынцып "лепей так, чым ніяк" плён прыносіць толькі часова...

 ■ ■ ■

 Аляксандр Бобр можа распавядаць пра гісторыю свайго горада гадзінамі. Доўгія гады ягонай утрапёнай краязнаўчай працы былі багатымі на набыткі, ды і дзеліцца імі ён ахвотна і са смакам. Чаго варты хаця б сюжэт пра ці не самую арыгінальную мадыфікацыю таксі ў свеце, параўнальна з якой нават кітайскія рыкшы не цягнуць на экзотыку!

 Калісьці пасля залевы вуліцы Мазыра ператвараліся ў суцэльную багну: вада размывала шматлікія схілы, і селевае месіва сцякала долу. Таму шляхетнай паненцы трапіць у госці "на сваіх дзвюх" было бадай немагчыма. На дапамогу прыходзіў дужы мужчына, які садзіў яе на свае плечы і дастаўляў па ўказаным адрасе паводле вызначанага тарыфу.

Найважнейшая з гарадскіх адметнасцей - гэта, безумоўна, яго прыродны ландшафт. Такіх перападаў вышынь не сустрэнеш ні ў якім іншым беларускім горадзе. Жыхар Венецыі мусіць дабірацца з працы дахаты па вадзе, а мазыранін - па шматлікіх лесвіцах з нерэальнай для насельнікаў "раўніннай" мясцовасці колькасцю прыступак.

 І ўжо гэтая асаблівасць, падмацаваная экскурсам у гісторыю, можа стаць асновай турыстычнага іміджа. Тым болей, са схілаў адкрываюцца ашаламляльныя віды. Ды і толькі шпацыр па даўжэзным мосце праз Прыпяць у два бакі зойме добрую гадзіну. Што праўда, наталенню дзівоснымі пейзажамі перашкаджае неабходнасць пільна глядзець пад ногі: асфальт на пешаходнай зоне далёкі ад ідэальнага, асвятленне - таксама.

На жаль, для Мазыра гэта характэрна. І мой праменад уздоўж набярэжнай ды па тых самых лесвіцах адбываўся пры святле ліхтарыка. Адзначу таксама, што гэтую функцыю свайго мабільніка я асвоіў менавіта ў Мазыры. Іншыя буйныя беларускія гарады, дзе мне даводзілася пабываць апошнім часам, праблемы з асвятленнем ужо не маюць.

Зрэшты, гэта ўсё - часовыя дробязі. І калі Мазыр працягне рабіць рэальныя крокі па рэалізацыі свайго турыстычнага патэнцыялу (а ён, як самі бачыце, - невычэрпны!), тыя прыкрасці стануць такімі самымі здабыткамі краязнаўцаў, як і селі мінулых стагоддзяў.

Але, увасабляючы ў жыццё такую перспектыву, не выпадае грэбаваць ніводнай з адметнасцей. Ні такой спецыфічнай, як старая турма, ні, тым больш, дамінантай той вуліцы, якая можа стаць магістраллю турыстычных маршрутаў.

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Мазыр - Мінск

Фота аўтара