Людзі на зямлі

№ 36 (956) 04.09.2010 - 10.09.2010 г

Неад’емная частка Палесся: па Хойніччыне разам з... Іванам Мележам

/i/content/pi/cult/285/4594/pic_13.jpgСтаршыня Хойніцкага райвыканкама Аляксандр Бічан не памыляецца: хроніку Палесся пішуць не літаратурныя, а цалкам канкрэтныя героі гэтай слаўнай зямлі, урадлівай, спеўнай, маляўнічай... За кожным вобразам - лёс чалавека, а значыць - лёс Радзімы.

 

"Наш Палыч..."

Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў - аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп'істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.

Іван Мележ. "Людзі на балоце".

 

 Гэтак Іван Мележ піша ў рамане пра Курані. Але апісанне цалкам прыдатнае і для колішняга Глінішча. Як распавядае Соф'я Ліпніцкая - кіраўнік Дома-музея Івана Мележа ў Глінішчы і траюрадная пляменніца народнага пісьменніка, - з вёскі "ў свет" можна было выбрацца толькі ў моцныя маразы або спякотным летам. Цяпер ад балота засталіся хіба што ўспаміны. Па вуліцах - спрэс асфальт. У школцы - паўтары сотні дзяцей. З 2006-га вёска стала аграгарадком. На вуліцы Мележа - навюткія катэджы. У мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі, што таксама носіць імя аўтара "Палескай хронікі", з'явіліся новыя вытворчыя перспектывы. Тады ж былі якасна адрамантаваны школа (таксама названа ў гонар Мележа), СДК і бібліятэка...

/i/content/pi/cult/285/4594/pic_14.jpgПісьменнік увекавечыў і Глінішча, і тамтэйшых насельнікаў, бо многія сталі прататыпамі літаратурных герояў трылогіі. І пры любой нагодзе вырываўся Мележ са сталіцы на радзіму, бо тут заставалася ягоная душа. Застаецца і цяпер. Любы сталы вясковец, згадваючы з пяшчотай "нашага Палыча", пакажа госцю і рэшткі цагельні, ля якой і па сёння - самая ўрадлівая зямля (менавіта з-за яе тут біліся Васіль з Яўхімам), і старую грушу, пад якой Дзятлік чакаў спаткання з Чарнушкай... Дый не толькі сталыя ведаюць Мележа. Сваім ён спрадвек застанецца і для мясцовай дзятвы, бо жывуць і будуць жыць яны ў адмысловым асяродку, што без стомы нараджае людзей добрых і таленавітых. І садзейнічае гэтаму творчы саюз школы, музея, клуба і бібліятэкі, якія вядуць сумесную работу па насычэнні душы зместам і перспектывай. І кожны такі ўрок патрыятызму асветлены імем пісьменніка...

/i/content/pi/cult/285/4594/pic_15.jpgДарэчы, СДК і бібліятэкай у Глінішчах кіруюць маладыя спецыялісты Марына Ціток і Кацярына Кудрыцкая, абедзве - з Хойніцкага раёна. Словам, мележаўскае Глінішча з года ў год маладзее.

 

/i/content/pi/cult/285/4594/pic_16.jpgЗ роду Галаватых

Ганна была задаволена, калі ў хвіліну зацішку, які прыйшоў на змену рогату, Хадоська завяла: Шумяць вербы ў канцы грэблі, Што я пасадзіла... Галасок як быў нясмелы, кволы - здавалася, ён, лагодны, задуменна-журботны, з недарэчнай скаргай-крыўдай, вось-вось патоне ў выбуху рогату, але хвіля за хвіляй ішлі, а ён не тануў.

Іван Мележ. "Людзі на балоце".

 

Дом-музей Івана Мележа ў Глінішчы - на балансе аддзела культуры Хойніцкага райвыканкама. Установа была адкрыта ў 1983 годзе. У чатырох пакоях - рэчы хатняга ўжытку, нацыянальныя строі, фотаздымкі, жывапісныя палотны, пісьмовы стол, шафа, друкарская машынка, прывезеныя са сталічнага рабочага кабінета пісьменніка... У кнізе водгукаў - запісы на беларускай, украінскай, рускай, нямецкай, англійскай, літоўскай мовах.

Распавядае кіраўнік Дома-музея Соф'я Ліпніцкая:

- У нас прыкладна тысяча наведвальнікаў за год бывае: гэта члены Урада, пісьменнікі, вучні са студэнтамі, святары, а таксама спевакі, акцёры... Словам, наведвальнікаў "багато". Першы школьны ўрок па вывучэнні творчасці Івана Мележа абавязкова праводзіцца ў музеі і бібліятэцы, бо там таксама адпаведная экспазіцыя маецца. Пад час гэтых урокаў абавязкова гучаць мясцовыя песні, якія Іван Паўлавіч вельмі любіў, асабліва вось гэтую: "Шумяць вербы ў канцы грэблі..." Нашы дзяўчаты нават ў Мінск на 55-годдзе пісьменніка ездзілі, каб тую песню на юбілеі выканаць.../i/content/pi/cult/285/4594/pic_17.jpg

У час Вялікай Айчыннай наша сям'я была ў эвакуацыі на Тамбоўшчыне. А ў 1942-м Івана Паўлавіча цяжка параніла на фронце: плячо - як адсечанае было. Пасля выпіскі са шпіталя ён як інвалід трапляе ў тыл, і спецыяльна едзе ў Бугуруслан, каб у цэнтральным бюро даведак высветліць, дзе знаходзіцца ягоная сям'я. Пра бацькоў не дазнаўся, а адрас маёй маці знайшоў. Яна колькі жыла, столькі і радавалася: "Мяне Іван першы знайшоў!".

А быў ён па-паляшуцку просты і мудры. Калі ў Глінішча прыязджаў на "Волзе", дык абавязкова нас, дзяцей, у Мазыр вёз: па цукеркі. А пісьменнікам, я думаю, Іван Паўлавіч невыпадкова стаў... Бацьку, Паўла Фёдаравіча, у вёсцы называлі "Павел Галавач" або "Галаваты". Павел Фёдаравіч па тым часе быў адукаваным (царкоўна-прыхадскую школу скончыў, меў неблагую бібліятэку) і сына да навукі прывучыў.

 

Як тая рабіна...

І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, неабыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: "Глядзі ты!.."

Іван Мележ. "Людзі на балоце".

/i/content/pi/cult/285/4594/pic_18.jpgА цяпер з глінішчанскіх вуліц давайце перанясёмся на хойніцкія вуліцы і пляцы. Менавіта тут Мележ чатыры гады вучыцца ў сярэдняй школе, шмат чытае, усведамляе сябе неад'емнай часткай бясконцага сусвету пад назвай "Літаратура". Заўтра, у Дзень беларускага пісьменства, пра гэта абавязкова згадаюць і госці свята, і землякі майстра слова. Але гэта будзе заўтра, а сёння давайце завітаем у Хойніцкі цэнтр культуры і спорту, што адкрыўся пасля рамонту паўгода таму, у якім працуе родная пляменніца Івана Мележа Лілія Краўчанка.

Яна нарадзілася ў Глінішчы, у той жа хаце, дзе і брат ейнай маці, Іван Мележ. "У мяне былі цудоўныя дзядуля з бабуляй, - згадвае Лілія Уладзіміраўна. - Я і па сёння памятаю, як пахне хлеб, спечаны Марыяй Дзянісаўнай, як Павел Фёдаравіч гнуў абручы на бочкі. А маці Юлія Паўлаўна была цудоўнай спявачкай, грала на розных інструментах, кіравала мастацкімі самадзейнымі калектывамі ў раёне, стварыла ў Глінішчы першы хор і сама спявала ў хоры Цітовіча".

Так што стаць работнікам культуры Ліліі Уладзіміраўне было наканавана лёсам. Яна не толькі кіруе народным ансамблем "Спадчына", але і цудоўныя вершы піша. Вось то-лькі некалькі радкоў: "Мы - з сінявокай Беларусі, // Самай цудоўнай зямлі. // У нас ёсць Ганны і ёсць Марусі, // Яўхімы ёсць і Васілі. // Расцём мы хутка, без супынку, // Імкліва так ляцяць гады. // Івана Мележа сцяжынкі // Нашымі сталі назаўжды".

На пытанне "А якім быў Мележ?" ягоная пляменніца адказвае:

- Цудоўны сем'янін, прыемны чалавек... Калі мая мама хварэла і лекі знайсці было немагчыма, Іван Паўлавіч зрабіў усё, каб выратаваць сястру... А ён ужо тады быў не Іванкам з Глінішча, а народным пісьменнікам Беларусі Іванам Мележам, але ўсё роўна застаўся сціплым, шчырым і тактоўным... У сям'і нас пяцёра было, дык дзядзька з Мінска заўжды пасылкамі падтрымліваў; неслі мы іх з пошты і ад шчасця трымцелі, слінкі глыталі. У Глінішчы з яго дапамогай школу ўзвялі. Ён імкнуўся /i/content/pi/cult/285/4594/pic_19.jpgдапамагчы ўсім, да тае пары, пакуль сэрца білася...

Па меркаванні начальніка аддзела культуры Хойніцкага райвыканкама Валянціна Баранава, Лілія Краўчанка - спецыяліст у сферы культуры ад Бога, і пявуння, і паэтка, і арганізатар цудоўны.

Больш за 20 гадоў жыцця звязала з ансамблем "Спадчына", у рэпертуары якога - спрэс мясцовая аўтэнтыка. З Ліліяй Уладзіміраўнай мы знаёмыя не першы год. І калі б літаратурная Ганна Чарнушка ажыла, я дакладна ведаю, на каго яна была б падобная... Так, шмат рабін цвіце на Хойніччыне.

 

Самы галоўны рэжысёр

Бацька стаяў увесь час моўчкі, назіраў за Ганнай так, як бы траціў яе назаўсёды. Глядзеў і не мог наглядзецца... Рыхтуючыся развітвацца, страціць, ён нібы ўпершыню ўбачыў яе ва ўсім харастве, і захапленне, і гордасць за яе на момант запоўнілі яго душу, выналі ўсе іншыя пачуцці.

Іван Мележ. "Людзі на балоце" .

 /i/content/pi/cult/285/4594/pic_20.jpg

Калі я сустрэў яго ўпершыню некалькі гадоў таму, падумаў: вось ён, хрэстаматыйны паляшук з Хойніччыны. Аказалася, не: Аляксей Сярмяжка родам з Барысава. Шмат гадоў таму скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральнамастацкі інстытут, стаў дыпламаваным рэжысёрам і па размеркаванні трапіў у Хойнікі, дзе працуе і па сёння. З 1973 года ўзначаліў тэатральны калектыў, які тады існаваў як драматычны гурток пры Хойніцкім РДК... З таго часу Сярмяжка і ўлюбіўся ў Палессе, якое зрабіла з яго сапраўднага палешука. Ад такой узаемнай любові і нарадзіўся Хойніцкі народны тэатр.

Цікава назіраць, з якой пашанай вітаюцца з Сярмяжкам гараджане. А на пытанне "Чаму ў свой час у сталіцы не застаўся?" ён нязменна адказвае: "У Мінску я - адзін з многіх, а ў родных ужо Хойніках - проста адзіны". З гэтага "проста" і бярэ пачатак прафесійная годнасць спецыяліста, за чыімі плячыма - без малога дваццаць прэм'ер. Кожная з іх прайшла ў РДК з аншлагам. Першым быў "Трыбунал" Макаёнка, а напярэдадні Дня беларускага пісьменства народны тэатр паказаў інсцэніроўку "Людзей на балоце": той эпізод рамана, дзе Васіль - у канфлікце з Яўхімам з-за Ганны, а дзяўчына вырашае пабрацца шлюбам з апошнім. Прывабілі канфлікт, дзея, любоў і каханне... Сам Аляксей Сярмяжка сыграў бацьку Ганны, што падаўся 60-гадоваму рэжысёру шчымлівым і шчырым у сваёй сямейнай бядзе чалавекам.

Дарэчы, інсцэніроўку гэтую без прамаруджванняў даслалі рэжысёру сталічныя калегі-купалаўцы. Маўляў, які ў Хойніках Дзень пісьменства без мележаўскай пастаноўкі? Застаецца дадаць, што ў трупе на сёння - 18 чалавек: рабочыя, служачыя, работнікі культуры, педагогі... А адзін з галоўных "тэатральных крытыкаў" - унук Сярмяжкі, васьмігадовы Арцём, які не прапускае ніводнай рэпетыцыі.

/i/content/pi/cult/285/4594/pic_21.jpgДнямі, пасля рамонту, у Хойніках распачаў дзейнасць РДК. Народны тэатр, што часова працаваў у Цэнтры культуры і спорту, вярнуўся ў родныя "пенаты". Для Сярмяжкі гэта - чарговы крок наперад, бо Раённы дом культуры за час падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства займеў шыкоўную светлавую і гукаўзмацняльную апаратуру. Нават студыя гуказапісу з'явілася. Натуральна, творчая прастора для далейшых сцэнічна-тэатральных эксперыментаў павялічыцца значна.

 

Пейзажна-галерэйны эксклюзіў

Ішоў жнівень. Дні плылі спякотныя, неба глыбілася нязмерна высокае, неабсяжнае, сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Трава на вільготных узлессях, купы і купкі хмызняку на падсохлых узболатках, асіны каля цагельні буялі, былі ў пары самага росквіту. Узлессі, палянкі поўніў неўтаймоўны, руплівы гул, звон незлічоных дробных насельнікаў добра ўвагрэтай зямлі.

Іван Мележ. "Людзі на балоце".

- Вельмі люблю вясковыя пейзажы, - распавядае бранскі мастак Уладзімір Алдошын, удзельнік Міжнароднага славянскага пленэру, што праходзіў днямі на хойніцкай зямлі. - На Беларусі я ўпершыню, і вельмі ўражаны яе сцішанай і велічнай прыгажосцю... Нас тут 14 мастакоў. Цягам амаль двух тыдняў мы выязджалі штодня на эцюды, працавалі ля вёсак Рудакоў, Барысаўшчына.../i/content/pi/cult/285/4594/pic_22.jpg

Як тлумачыць старшыня Праўлення гомельскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Роберт Ландарскі, славянскія пленэры з удзелам творцаў з Беларусі, Расіі і Украіны ладзяцца штогод. І Хойніцкі раён, натуральна, абраны для мерапрыемства невыпадкова. Да Дня беларускага пісьменства, як вядома, прымеркавана ўрачыстае адкрыццё Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея, які займеў новы будынак - колішні сядзібны дом паноў Аўраамавых у гарадскім парку. Дык вось, у музеі ёсць мастацкая галерэя і да дня адкрыцця яна папоўніцца пейзажамі ўдзельнікаў пленэру. Хіба ж трэба тлумачыць важнасць раённай карціннай галерэі, дзе прадстаўлены прафесійныя творы мастакоў з Мінска, Гомеля, Белгарада, Бранска, Чарнігава?

Выконваючы абавязкі дырэктара Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея /i/content/pi/cult/285/4594/pic_23.jpgАндрэй Эсауленка цудоўна разумее, якую раскошу займеў.

- У былым маёнтку Аўраамавых мы размясцілі экспазіцыйныя залы. Агульная плошча - 500 квадратных метраў. Экспанаты распавядаюць пра гісторыю сядзібы, горада, раёна, пра культуру і этнаграфію, усенародны Подзвіг пад час Вялікай Айчыннай вайны. Хапіла месца і для фондаў, а ўсіх музейных прадметаў - каля дзвюх тысяч. Ёсць у музеі і канферэнц-зала. А музейнае абсталяванне - самае сучаснае...

Уражвае не толькі музейны будынак, але і прылеглая тэрыторыя. Газоны, кветкі, амфітэатр, ратонда - усё зроблена па-еўрапейску. А пасярод гэтага святочнага пейзажу - скульптурная кампазіцыя мележаўскіх герояў работы скульптара Валерыя Кандраценкі. І выглядае помнік не як "дадатак" да прасторы, а нібы ягоная неад'емная частка, бо ўшаноўвае герояў, "спісаных" Мележам з рэальнага жыцця, герояў, нашчадкі якіх і па сёння жывуць і працуюць у Глінішчы, Хойніках, іншых вёсках і паселішчах раёна.

Фота Юрыя ІВАНОВА

 Мінск - Хойнікі - Глінішча - Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"