Старшыня Хойніцкага райвыканкама Аляксандр Бічан не памыляецца: хроніку Палесся пішуць не літаратурныя, а цалкам канкрэтныя героі гэтай слаўнай зямлі, урадлівай, спеўнай, маляўнічай... За кожным вобразам - лёс чалавека, а значыць - лёс Радзімы.
"Наш Палыч..."
Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў - аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп'істая дрыгва ды моклі панурыя лясы.
Іван Мележ. "Людзі на балоце".
Гэтак Іван Мележ піша ў рамане пра Курані. Але апісанне цалкам прыдатнае і для колішняга Глінішча. Як распавядае Соф'я Ліпніцкая - кіраўнік Дома-музея Івана Мележа ў Глінішчы і траюрадная пляменніца народнага пісьменніка, - з вёскі "ў свет" можна было выбрацца толькі ў моцныя маразы або спякотным летам. Цяпер ад балота засталіся хіба што ўспаміны. Па вуліцах - спрэс асфальт. У школцы - паўтары сотні дзяцей. З 2006-га вёска стала аграгарадком. На вуліцы Мележа - навюткія катэджы. У мясцовай сельскагаспадарчай арганізацыі, што таксама носіць імя аўтара "Палескай хронікі", з'явіліся новыя вытворчыя перспектывы. Тады ж былі якасна адрамантаваны школа (таксама названа ў гонар Мележа), СДК і бібліятэка...
Пісьменнік увекавечыў і Глінішча, і тамтэйшых насельнікаў, бо многія сталі прататыпамі літаратурных герояў трылогіі. І пры любой нагодзе вырываўся Мележ са сталіцы на радзіму, бо тут заставалася ягоная душа. Застаецца і цяпер. Любы сталы вясковец, згадваючы з пяшчотай "нашага Палыча", пакажа госцю і рэшткі цагельні, ля якой і па сёння - самая ўрадлівая зямля (менавіта з-за яе тут біліся Васіль з Яўхімам), і старую грушу, пад якой Дзятлік чакаў спаткання з Чарнушкай... Дый не толькі сталыя ведаюць Мележа. Сваім ён спрадвек застанецца і для мясцовай дзятвы, бо жывуць і будуць жыць яны ў адмысловым асяродку, што без стомы нараджае людзей добрых і таленавітых. І садзейнічае гэтаму творчы саюз школы, музея, клуба і бібліятэкі, якія вядуць сумесную работу па насычэнні душы зместам і перспектывай. І кожны такі ўрок патрыятызму асветлены імем пісьменніка...
Дарэчы, СДК і бібліятэкай у Глінішчах кіруюць маладыя спецыялісты Марына Ціток і Кацярына Кудрыцкая, абедзве - з Хойніцкага раёна. Словам, мележаўскае Глінішча з года ў год маладзее.
З роду Галаватых
Ганна была задаволена, калі ў хвіліну зацішку, які прыйшоў на змену рогату, Хадоська завяла: Шумяць вербы ў канцы грэблі, Што я пасадзіла... Галасок як быў нясмелы, кволы - здавалася, ён, лагодны, задуменна-журботны, з недарэчнай скаргай-крыўдай, вось-вось патоне ў выбуху рогату, але хвіля за хвіляй ішлі, а ён не тануў.
Іван Мележ. "Людзі на балоце".
Дом-музей Івана Мележа ў Глінішчы - на балансе аддзела культуры Хойніцкага райвыканкама. Установа была адкрыта ў 1983 годзе. У чатырох пакоях - рэчы хатняга ўжытку, нацыянальныя строі, фотаздымкі, жывапісныя палотны, пісьмовы стол, шафа, друкарская машынка, прывезеныя са сталічнага рабочага кабінета пісьменніка... У кнізе водгукаў - запісы на беларускай, украінскай, рускай, нямецкай, англійскай, літоўскай мовах.
Распавядае кіраўнік Дома-музея Соф'я Ліпніцкая:
- У нас прыкладна тысяча наведвальнікаў за год бывае: гэта члены Урада, пісьменнікі, вучні са студэнтамі, святары, а таксама спевакі, акцёры... Словам, наведвальнікаў "багато". Першы школьны ўрок па вывучэнні творчасці Івана Мележа абавязкова праводзіцца ў музеі і бібліятэцы, бо там таксама адпаведная экспазіцыя маецца. Пад час гэтых урокаў абавязкова гучаць мясцовыя песні, якія Іван Паўлавіч вельмі любіў, асабліва вось гэтую: "Шумяць вербы ў канцы грэблі..." Нашы дзяўчаты нават ў Мінск на 55-годдзе пісьменніка ездзілі, каб тую песню на юбілеі выканаць...
У час Вялікай Айчыннай наша сям'я была ў эвакуацыі на Тамбоўшчыне. А ў 1942-м Івана Паўлавіча цяжка параніла на фронце: плячо - як адсечанае было. Пасля выпіскі са шпіталя ён як інвалід трапляе ў тыл, і спецыяльна едзе ў Бугуруслан, каб у цэнтральным бюро даведак высветліць, дзе знаходзіцца ягоная сям'я. Пра бацькоў не дазнаўся, а адрас маёй маці знайшоў. Яна колькі жыла, столькі і радавалася: "Мяне Іван першы знайшоў!".
А быў ён па-паляшуцку просты і мудры. Калі ў Глінішча прыязджаў на "Волзе", дык абавязкова нас, дзяцей, у Мазыр вёз: па цукеркі. А пісьменнікам, я думаю, Іван Паўлавіч невыпадкова стаў... Бацьку, Паўла Фёдаравіча, у вёсцы называлі "Павел Галавач" або "Галаваты". Павел Фёдаравіч па тым часе быў адукаваным (царкоўна-прыхадскую школу скончыў, меў неблагую бібліятэку) і сына да навукі прывучыў.
Як тая рабіна...
І неспадзявана адбылося незвычайнае: ціхая, нявідная, у жнівеньскім росквіце рабіна заружавела, зазырчэла яркім, кідкім хараством, гарачым полымем агністых гронак. І не адны вочы, неабыякавыя, не ачарсцвелыя ў жыццёвых пакутах да хараства, глядзелі здзіўлена, зачаравана: "Глядзі ты!.."
Іван Мележ. "Людзі на балоце".
А цяпер з глінішчанскіх вуліц давайце перанясёмся на хойніцкія вуліцы і пляцы. Менавіта тут Мележ чатыры гады вучыцца ў сярэдняй школе, шмат чытае, усведамляе сябе неад'емнай часткай бясконцага сусвету пад назвай "Літаратура". Заўтра, у Дзень беларускага пісьменства, пра гэта абавязкова згадаюць і госці свята, і землякі майстра слова. Але гэта будзе заўтра, а сёння давайце завітаем у Хойніцкі цэнтр культуры і спорту, што адкрыўся пасля рамонту паўгода таму, у якім працуе родная пляменніца Івана Мележа Лілія Краўчанка.
Яна нарадзілася ў Глінішчы, у той жа хаце, дзе і брат ейнай маці, Іван Мележ. "У мяне былі цудоўныя дзядуля з бабуляй, - згадвае Лілія Уладзіміраўна. - Я і па сёння памятаю, як пахне хлеб, спечаны Марыяй Дзянісаўнай, як Павел Фёдаравіч гнуў абручы на бочкі. А маці Юлія Паўлаўна была цудоўнай спявачкай, грала на розных інструментах, кіравала мастацкімі самадзейнымі калектывамі ў раёне, стварыла ў Глінішчы першы хор і сама спявала ў хоры Цітовіча".
Так што стаць работнікам культуры Ліліі Уладзіміраўне было наканавана лёсам. Яна не толькі кіруе народным ансамблем "Спадчына", але і цудоўныя вершы піша. Вось то-лькі некалькі радкоў: "Мы - з сінявокай Беларусі, // Самай цудоўнай зямлі. // У нас ёсць Ганны і ёсць Марусі, // Яўхімы ёсць і Васілі. // Расцём мы хутка, без супынку, // Імкліва так ляцяць гады. // Івана Мележа сцяжынкі // Нашымі сталі назаўжды".
На пытанне "А якім быў Мележ?" ягоная пляменніца адказвае:
- Цудоўны сем'янін, прыемны чалавек... Калі мая мама хварэла і лекі знайсці было немагчыма, Іван Паўлавіч зрабіў усё, каб выратаваць сястру... А ён ужо тады быў не Іванкам з Глінішча, а народным пісьменнікам Беларусі Іванам Мележам, але ўсё роўна застаўся сціплым, шчырым і тактоўным... У сям'і нас пяцёра было, дык дзядзька з Мінска заўжды пасылкамі падтрымліваў; неслі мы іх з пошты і ад шчасця трымцелі, слінкі глыталі. У Глінішчы з яго дапамогай школу ўзвялі. Ён імкнуўся дапамагчы ўсім, да тае пары, пакуль сэрца білася...
Па меркаванні начальніка аддзела культуры Хойніцкага райвыканкама Валянціна Баранава, Лілія Краўчанка - спецыяліст у сферы культуры ад Бога, і пявуння, і паэтка, і арганізатар цудоўны.
Больш за 20 гадоў жыцця звязала з ансамблем "Спадчына", у рэпертуары якога - спрэс мясцовая аўтэнтыка. З Ліліяй Уладзіміраўнай мы знаёмыя не першы год. І калі б літаратурная Ганна Чарнушка ажыла, я дакладна ведаю, на каго яна была б падобная... Так, шмат рабін цвіце на Хойніччыне.
Самы галоўны рэжысёр
Бацька стаяў увесь час моўчкі, назіраў за Ганнай так, як бы траціў яе назаўсёды. Глядзеў і не мог наглядзецца... Рыхтуючыся развітвацца, страціць, ён нібы ўпершыню ўбачыў яе ва ўсім харастве, і захапленне, і гордасць за яе на момант запоўнілі яго душу, выналі ўсе іншыя пачуцці.
Іван Мележ. "Людзі на балоце" .
Калі я сустрэў яго ўпершыню некалькі гадоў таму, падумаў: вось ён, хрэстаматыйны паляшук з Хойніччыны. Аказалася, не: Аляксей Сярмяжка родам з Барысава. Шмат гадоў таму скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральнамастацкі інстытут, стаў дыпламаваным рэжысёрам і па размеркаванні трапіў у Хойнікі, дзе працуе і па сёння. З 1973 года ўзначаліў тэатральны калектыў, які тады існаваў як драматычны гурток пры Хойніцкім РДК... З таго часу Сярмяжка і ўлюбіўся ў Палессе, якое зрабіла з яго сапраўднага палешука. Ад такой узаемнай любові і нарадзіўся Хойніцкі народны тэатр.
Цікава назіраць, з якой пашанай вітаюцца з Сярмяжкам гараджане. А на пытанне "Чаму ў свой час у сталіцы не застаўся?" ён нязменна адказвае: "У Мінску я - адзін з многіх, а ў родных ужо Хойніках - проста адзіны". З гэтага "проста" і бярэ пачатак прафесійная годнасць спецыяліста, за чыімі плячыма - без малога дваццаць прэм'ер. Кожная з іх прайшла ў РДК з аншлагам. Першым быў "Трыбунал" Макаёнка, а напярэдадні Дня беларускага пісьменства народны тэатр паказаў інсцэніроўку "Людзей на балоце": той эпізод рамана, дзе Васіль - у канфлікце з Яўхімам з-за Ганны, а дзяўчына вырашае пабрацца шлюбам з апошнім. Прывабілі канфлікт, дзея, любоў і каханне... Сам Аляксей Сярмяжка сыграў бацьку Ганны, што падаўся 60-гадоваму рэжысёру шчымлівым і шчырым у сваёй сямейнай бядзе чалавекам.
Дарэчы, інсцэніроўку гэтую без прамаруджванняў даслалі рэжысёру сталічныя калегі-купалаўцы. Маўляў, які ў Хойніках Дзень пісьменства без мележаўскай пастаноўкі? Застаецца дадаць, што ў трупе на сёння - 18 чалавек: рабочыя, служачыя, работнікі культуры, педагогі... А адзін з галоўных "тэатральных крытыкаў" - унук Сярмяжкі, васьмігадовы Арцём, які не прапускае ніводнай рэпетыцыі.
Днямі, пасля рамонту, у Хойніках распачаў дзейнасць РДК. Народны тэатр, што часова працаваў у Цэнтры культуры і спорту, вярнуўся ў родныя "пенаты". Для Сярмяжкі гэта - чарговы крок наперад, бо Раённы дом культуры за час падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства займеў шыкоўную светлавую і гукаўзмацняльную апаратуру. Нават студыя гуказапісу з'явілася. Натуральна, творчая прастора для далейшых сцэнічна-тэатральных эксперыментаў павялічыцца значна.
Пейзажна-галерэйны эксклюзіў
Ішоў жнівень. Дні плылі спякотныя, неба глыбілася нязмерна высокае, неабсяжнае, сонца зіхацела нясцерпна іскрыстым кругам. Трава на вільготных узлессях, купы і купкі хмызняку на падсохлых узболатках, асіны каля цагельні буялі, былі ў пары самага росквіту. Узлессі, палянкі поўніў неўтаймоўны, руплівы гул, звон незлічоных дробных насельнікаў добра ўвагрэтай зямлі.
Іван Мележ. "Людзі на балоце".
- Вельмі люблю вясковыя пейзажы, - распавядае бранскі мастак Уладзімір Алдошын, удзельнік Міжнароднага славянскага пленэру, што праходзіў днямі на хойніцкай зямлі. - На Беларусі я ўпершыню, і вельмі ўражаны яе сцішанай і велічнай прыгажосцю... Нас тут 14 мастакоў. Цягам амаль двух тыдняў мы выязджалі штодня на эцюды, працавалі ля вёсак Рудакоў, Барысаўшчына...
Як тлумачыць старшыня Праўлення гомельскай арганізацыі Беларускага саюза мастакоў Роберт Ландарскі, славянскія пленэры з удзелам творцаў з Беларусі, Расіі і Украіны ладзяцца штогод. І Хойніцкі раён, натуральна, абраны для мерапрыемства невыпадкова. Да Дня беларускага пісьменства, як вядома, прымеркавана ўрачыстае адкрыццё Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея, які займеў новы будынак - колішні сядзібны дом паноў Аўраамавых у гарадскім парку. Дык вось, у музеі ёсць мастацкая галерэя і да дня адкрыцця яна папоўніцца пейзажамі ўдзельнікаў пленэру. Хіба ж трэба тлумачыць важнасць раённай карціннай галерэі, дзе прадстаўлены прафесійныя творы мастакоў з Мінска, Гомеля, Белгарада, Бранска, Чарнігава?
Выконваючы абавязкі дырэктара Хойніцкага гісторыка-краязнаўчага музея Андрэй Эсауленка цудоўна разумее, якую раскошу займеў.
- У былым маёнтку Аўраамавых мы размясцілі экспазіцыйныя залы. Агульная плошча - 500 квадратных метраў. Экспанаты распавядаюць пра гісторыю сядзібы, горада, раёна, пра культуру і этнаграфію, усенародны Подзвіг пад час Вялікай Айчыннай вайны. Хапіла месца і для фондаў, а ўсіх музейных прадметаў - каля дзвюх тысяч. Ёсць у музеі і канферэнц-зала. А музейнае абсталяванне - самае сучаснае...
Уражвае не толькі музейны будынак, але і прылеглая тэрыторыя. Газоны, кветкі, амфітэатр, ратонда - усё зроблена па-еўрапейску. А пасярод гэтага святочнага пейзажу - скульптурная кампазіцыя мележаўскіх герояў работы скульптара Валерыя Кандраценкі. І выглядае помнік не як "дадатак" да прасторы, а нібы ягоная неад'емная частка, бо ўшаноўвае герояў, "спісаных" Мележам з рэальнага жыцця, герояў, нашчадкі якіх і па сёння жывуць і працуюць у Глінішчы, Хойніках, іншых вёсках і паселішчах раёна.
Фота Юрыя ІВАНОВА
Мінск - Хойнікі - Глінішча - Мінск