Каб пайшоў на лад сённяшні штатны расклад

№ 29 (949) 17.07.2010 - 23.07.2010 г

Райвыканкамаўская "лятучка" з "К": канцэпцыя каардынацыі намаганняў у Касцюковічах Летась аддзел культуры Касцюковіцкага райвыканкама стаў лепшым на Магілёўшчыне: фінансаванне сферы ў пераліку на жыхара раёна склала 3,8 базавай велічыні пры нарматыве сацыяльнага стандарту - 1,5; план аказання платных паслуг выкананы ў супастаўных цэнах на 120 працэнтаў... Дынаміка росту прасочваецца ў фінансава-эканамічных, матэрыяльна-тэхнічных і творчых паказчыках. У раёне пятнаццаць творчых калектываў маюць званні "народны" і "ўзорны". А кінавідэацэнтр стане неўзабаве асновай для стварэння рэгіянальнага тэлебачання...Канстатацыя фактаў - невыпадковая. Іх шматзначнасць пераконвае: начальнік мясцовага аддзела культуры Мікалай Тыманюк ясна бачыць перспектывы развіцця, а значыць - і праблемы, якія замінаюць гэтаму руху ў рэгіёне. Не першы год у раёне выношваецца ідэя стварэння ў Касцюковічах філіяла Магілёўскага каледжа мастацтваў, што стане сапраўдным кадравым выратаваннем для шэрагу ўсходніх рэгіёнаў Беларусі. Стрымліваюць выніковасць працы і тыпавыя штаты, якія даўно маральна састарэлі і не адпавядаюць сённяшнім патрабаванням эканамічна-творчай мэтазгоднасці. Неадкладнасць вырашэння гэтых і іншых пытанняў сталі галоўнай тэмай гутаркі на райвыканкамаўскай "лятучцы" з "К".

Народ пытаецца і прапануе

Як зладзіць шпацыр па вуліцы Культуры

Галоўную гарадскую вуліцу - Леніна - жыхары Касцюковічаў небеспадстаўна называюць вуліцай Культуры.Менавіта тут размешчаны Маладзёжны культурны цэнтр "Юнацтва", раённы Дом рамёстваў, бібліятэка, Дзіцячая школа мастацтваў, краязнаўчы музей, раённы Цэнтр культуры, летні амфітэатр... Дарэчы, на гэтай вуліцы знаходзіцца і не самы апошні будынак для любога камандзіровачнага - навюткая чатырохпавярховая гасцініца з шыкоўнымі нумарамі і... ліфтам (шчыра кажучы, такіх у райцэнтрах Магілёўшчыны бачыць не даводзілася). Але гаворка - не пра супергатэль, а пра тое, што на "культурнай" вуліцы райцэнтра ўвечары заўжды людна. Тут і паспрабаваў правесці экспрэс-апытанне.

Таццяна Іванаўна, служачая з Касцюковічаў:

- Гасцініца сапраўды шыкоўная. А вось раённы Цэнтр культуры размешчаны ў будынку, узведзеным у 1930-х гадах. Таму і знаходзіцца ён у аварыйным стане, як зрэшты, і ягоны равеснік - будынак райбібліятэкі...

Аляксандр, старшакласнік:

- Да культурнага "насычэння" райцэнтра ў мяне - ніякіх прэтэнзій. Дыскатэкі ў "Юнацтве" - проста цудоўныя! А вось гарадскі старасвецкі парк, была б мая воля, я "ажывіў" бы: і атракцыёнамі, і тэатральнымі дзеямі...

Надзея, маладая маці:

- Цікава было б даведацца пра перспектывы развіцця нашага кінавідэацэнтра. Чула, праз час ператворыцца ён у гарадское тэлебачанне. Ці сапраўды гэта рэальна, і колькі грошай вымагае рэалізацыя падобнага праекта?..

 

/i/content/pi/cult/277/4333/Clip_43.jpgНачальнік аддзела культуры Мікалай ТЫМАНЮК працуе ў цеснай творча-арганізаванай звязцы са старшынёй райвыканкама Міхаілам БАРЫСАВЫМ. Таму аніякіх праблем з наладжваннем райвыканкамаўскай лятучкі, ініцыяванай рэдакцыяй нашай газеты, не было. Гутарка з самага пачатку набыла характар аналітычнага абмеркавання таго, што ў сферы раённай культуры было, ёсць і будзе...

Яўген РАГІН:

- Міхаіл Рыгоравіч, што, на ваш погляд, замінае развіццю культуры, у шырокім сэнсе?

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Мусіць, фармалізм падыходаў.

Мікалай ТЫМАНЮК:

- А неабходнасць рэформ у сферы рэгіянальнай культуры настойліва дыктуе сённяшні час. Патрабаванні да кожнага з аддзелаў культуры - немалыя і растуць няўхільна, а выверанага абгрунтавання гэтаму іншым разам проста не стае.

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Заробак культработнікаў трэба павышаць, у тым ліку і за кошт грошай, заробленых імі.

Яўген РАГІН:

- Дарэчы, колькі раённых фінансавых сродкаў укладзена апошнім часам у развіццё культуры?

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Летась 600 мільёнаў пайшло толькі на рамонтныя работы, 300 мільёнаў - на набыццё тэхналагічнага абсталявання. 250 мільёнаў далі  нашы прадпрыемствы, якія пастанна спансіруюць культуру.

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- І гэта, збольшага, - раённыя грошы. І штогод іх укладанні ў сферу культуры імкнёмся павялічваць.

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Якіх пяць гадоў таму раённае фінансаванне нашага аддзела было меншым амаль у чатыры разы.

Яўген РАГІН:

- Наколькі ведаю, рэспубліканскі паказчык раённых адлічэнняў у культуру вагаецца недзе на мяжы трох працэнтаў; у вас жа гэты паказчык - удвая большы...

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- У мяне тут пазіцыя - адназначная: паколькі культура наўпрост уплывае на эфектыўнасць сельскай гаспадаркі, прамысловасці, дык і стаўленне да яе павінна быць адпаведным... Я бачыў вочы механізатараў, ушанаваных пад час канцэрта на нашых дажынках. Вочы тыя такім гонарам за аказаную павагу свяціліся! Так што прафесійныя клубнікі, бібліятэкары, музейшчыкі не толькі творцы, яны - праваднікі дзяржаўнай палітыкі, людзі, якія працуюць у рэчышчы светапогляднага "надвор'я" ў раёне.

Яўген РАГІН:

- На жаль, Міхаіл Рыгоравіч, далёка не ва ўсіх райвыканкамах Беларусі можна пачуць такія словы...

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Мы сёння ў райцэнтры ладзім высакаякасныя канцэрты сіламі самадзейных артыстаў з сельскіх і гарадскіх працоўных калектываў. Лічу, гэта - найвялікшае наша дасягненне... Да прыкладу, начальнік мясцовай перасовачнай механізаванай калоны заўжды кажа, што не будзе плаціць заезджым зоркам за канцэрты, бо нецікава, а нашым - калі ласка. І гэта, пагадзіцеся, - паказчык.

Яўген РАГІН:

- Словам, сваю патрэбнасць вы даказалі... А колькі на сёння зарабляе работнік культуры ў раёне?

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Наколькі ведаю, самы высокі штомесячны заробак у вобласці - менавіта ў нашых культасветнікаў.

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Проста, заўжды ёсць для гэтага рэзерв. Пры дапамозе райвыканкама здолелі ўзняць тарыфныя стаўкі. Наш заробак перавысіў зарплату нават у сістэме адукацыі: на сёння  гэта - больш за 700 тысяч рублёў.

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Як людзі працуюць, так і атрымліваць павінны. Заробак у культуры і надалей будзе павышацца.

Яўген РАГІН:

- Як, Міхаіл Рыгоравіч, кантралюеце сферу культуры?

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Вельмі патрабавальна. Ведаю, па якім напружаным графіку дзейнічаюць раённы Цэнтр культуры, Маладзёжны культурны цэнтр "Юнацтва", Дом рамёстваў, сельскія ўстановы...

Яўген РАГІН:

- І што, усё так бясхмарна?

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Хмары тады з'яўляюцца, калі за справу дылетант бярэцца.

Мікалай ТЫМАНЮК:

- У нас, калі ў РЦК дзяўчаты на працу прыходзяць, дык адразу страйнеюць, бо працы - да краю... Дарэчы, звальненняў за парушэнне дысцыпліны ў нашай сістэме апошнім часам не было.

Яўген РАГІН:

- Мікалай Андрэевіч, аддзел культуры стаў летась лепшым на Магілёўшчыне. Пра пазабюджэтна-творчую дзейнасць я ўжо сёе-тое ведаю. А як справы з эканоміяй паліўна-энергетычных рэсурсаў? Ці няма і тут, на ваш погляд, праблем?

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Заданне было - 9 працэнтаў, зэканомілі - 11... Натуральна, праблема - ёсць, і мяне тут кожны начальнік аддзела культуры падтрымае. Эканомія ў нашай сферы - гэта змяншэнне цяпла і асвятлення. Названае заданне дзесяць гадоў запар выконваем, але прыйшлося скараціць за гэты час у 1,2 раза абагрэў бібліятэчных і клубных памяшканняў.

Яўген РАГІН:

- Раён ваш - "постчарнобыльскі", таму не паверу, што з кадрамі ўсё так добра...

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Прынамсі, робім многае для таго, каб прывабіць маладых спецыялістаў і заробкам, і жыллём.

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- У аддзела культуры, да слова, свой інтэрнат ёсць. Аддалі пад яго ў свой час будынак былога бальнічнага дзіцячага аддзялення.

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Натуральна, вакансіі ў нас ёсць, і гэта - праблема кожнага "чарнобыльскага" раёна. Але я перакананы, што яе, урэшце, можна з поспехам вырашыць. Павінны быць, па-першае, больш істотныя льготы для тых маладых спецыялістаў, што размяркоўваюцца ў пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС рэгіёны. Па-другое, мэтазгодна стварыць у нас філіял каледжа мастацтваў. Сюды будуць паступаць, у першую чаргу, сяльчане з навакольных раёнаў, якія не прагнуць сталічнага хлеба. Падаецца, вельмі рацыянальная прапанова, а рэалізацыя яе не патрабуе надзвычай вялікіх грашовых выдаткаў.

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Ідэі гэтай, якую цалкам падтрымліваю, шмат ужо гадоў, але яна даволі доўгі тэрмін знаходзіцца ў стадыі разгляду. Шкада, бо вельмі прывабны для нас і карысны для ўсіх праект...

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Усё, што залежыць ад раённых улад, робіцца для развіцця нашай сферы... Пяць двухпавярховых будынкаў у райцэнтры перададзены на баланс аддзела культуры. Мы адкрылі ў іх Дзіцячую школу мастацкіх рамёстваў, Школу мастацтваў, Дом рамёстваў... У кожным аграгарадку (а іх восем) адкрылі філіялы ДШМ, школы рамёстваў... Навучэнцаў стала ўдвая болей. Але, безумоўна, ёсць шэраг пытанняў, вырашэнне якіх ад нас ніяк не залежыць.

Яўген РАГІН:

- У тым ліку, напэўна, - і будаўніцтва новага Палаца культуры ў Касцюковічах? Ад жыхароў райцэнтра я пачуў сёння шмат нараканняў на стары будынак РЦК, што знаходзіцца ў аварыйным стане...

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Якраз тут вобласць нам абяцала падтрымку. У наступным годзе будзе складзена праектна-каштарысная дакументацыя, а ў 2012-м распачнецца ўзвядзенне Палаца культуры. Гэта самы першачарговы наш праект. Стары РЦК проста не ўмяшчае ўсе нашы народныя і ўзорныя калектывы. Хіба ж справа?

Яўген РАГІН:

- Ведаю, што і раённая бібліятэка даўно чакае пярэбараў...

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Так, сённяшні будынак установы беззваротна састарэў. Цяпер колішняя стаматалагічная паліклініка прыстасоўваецца пад райбібліятэку. Але для завяршэння рэканструкцыі неабходна выдаткаваць недзе 600 мільёнаў рублёў. Сума, пагадзіцеся, немалая. Так што тэрмін здачы гэтага выключна важнага для раёна аб'екта досыць няпэўны.

Яўген РАГІН:

- Не надта задаволены гараджане і культурным "насычэннем" старасвецкага парку: маўляў, адпачынак у ім мог бы быць больш цікавы...

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Натуральна, і ў гэтым кірунку будзем развівацца. База для гэтага ёсць, і добрая прынада для турыстаў існуе. Ёсць у парку плошча Героя Савецкага Саюза Васілія Маргелава, які ў свой час стаў першым кіраўніком Паветрана-дэсантных войскаў. Легендарная асоба...

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Мы цяпер распрацоўваем праграму развіцця сферы культуры раёна на 2011 - 2015 гады. У праекце - кардынальныя зрухі па ўсіх накірунках культурнага развіцця. Плануем адкрыць Музей культуры, Цэнтр этнаграфіі і фальклору, раённую філармонію...

Яўген РАГІН:

- У свой час, наколькі ведаю, такім кардынальным зрухам стала адкрыццё Маладзёжнага культурнага цэнтра "Юнацтва"...

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Ён пабудаваны, па сутнасці, за кошт грошай, заробленых гараджанамі на суботніках. 300 мільёнаў рублёў спатрэбілася, каб з'явілася "Юнацтва". 400 юнакоў і дзяўчат цяпер там могуць і танчыць, і кавай частавацца, і песні спяваць. 150 мільёнаў выдаткавалі Міністэрства культуры і абласное ўпраўленне культуры.

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Гады два таму ўстанова была прызнана лепшай на Магілёўшчыне ў намінацыі "Клуб года".

Яўген РАГІН:

- Самы час пра штатны расклад пагутарыць. Справа ў тым, што аналагічны маладзёжны цэнтр у Слуцку, напрыклад, таксама няблага зарабляе на платных паслугах і за кошт уласнага пазабюджэту здолеў пашырыць кола супрацоўнікаў...

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Мы таксама за кошт уласных сродкаў утрымліваем у раёне паўсотні штатных адзінак.

Яўген РАГІН:

- Шмат у якіх раёнах Беларусі наракаюць на недасканаласць заканадаўчых дакументаў, што замінае, так бы мовіць, ставіць творчыя эксперыменты, глядзець з упэўненасцю ў заўтрашні дзень рэгіянальнай культуры. Што замінае канкрэтна вам?

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Тое, да прыкладу, што мы не можам у поўным аб'ёме распараджацца пазабюджэтнымі грашыма. Наступнае. Большасць начальнікаў аддзелаў культуры не бачыла праект новых тыпавых штатаў. Варта, каб мы, практыкі, бралі актыўны ўдзел у іх абмеркаванні. Насцярожвае і тое, што ўстановы культуры "раз'ядноўваюцца" пасля набыцця імі статуса юрыдычных асоб. Раздзяляюцца сродкі, транспарт. Нядаўняя фінансавая праверка засведчыла нямэтавае выкарыстанне аўтамабіля, што аддзелам быў прадастаўлены ДШМ для правядзення выязнога платнага канцэрта. А ў школы ж, як вядома, увогуле транспарту няма. Атрымліваецца, я ў межах сферы ўплыву ўласнага аддзела не маю права рацыянальна выкарыстоўваць свае ж транспартныя магчымасці...

Яўген РАГІН:

- Цікава, а якія адзінкі вы хацелі б бачыць у новым штатным раскладзе?

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Да прыкладу, гукааператара, відэаінжынера...

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Тым больш, існуе ў нас кінавідэацэнтр, на аснове якога мяркуем наладзіць работу раённага кабельнага тэлебачання. Так што спецыялісты такія нам ужо цяпер надта патрэбныя...

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Што такое крэатыў? Гэта не толькі здольнасць перспектыўнага мыслення, а і - самае галоўнае! - праца на апярэджанне часу. Так, мы стварылі за апошнія пяць гадоў сем новых устаноў культуры новага тыпу, палажэння ж па іх дзейнасці  пакуль няма, а час ідзе няспынна..

Яўген РАГІН:

- Але, да прыкладу, бібліятэкі-музеі ледзь не паўсюдна на Беларусі існуюць...

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Вясковая бібліятэка-музей як патрэба часу даўно стала адукацыйна-летапісным цэнтрам беларускага паселішча... Усё натуральна: ствараюцца новыя тыпы ўстаноў, значыць - пашыраюцца функцыянальныя магчымасці кадраў... Гэта і ёсць перспектыўнае развіццё, якое нельга спыніць.

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Калі пачаў дзейнічаць кінавідэацэнтр, фінансавае ўпраўленне аблвыканкама з год нам паўтарала, што такой установы няма ў тыпавых штатах... У штатах - няма, наяве - дзейнічае, і без яе творчасці не абыходзяцца ніводная райвыканкамаўская планёрка, ніводны семінар.

Яўген РАГІН:

- Але, Міхаіл Рыгоравіч, існуе Закон аб мясцовым самакіраванні. Інакш кажучы, як вырашыце - так запланаванае і рэалізуеце...

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Ды толькі гэтай магчымасцю і ратуемся. Усе рашэнні праводзяцца райвыканкамам і зацвярджаюцца на сесіі Раённага савета дэпутатаў. Актыў - 150 чалавек - аднадушна галасуе за перспектыву горада і раёна.

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Але гэта не значыць, што новыя законы нам не патрэбны. Да прыкладу, даўно ўжо наспела патрэба плаціць невялічкі заробак, камандзіровачныя самадзейным артыстам, якія выязджаюць на канцэрты. У нас за год з раённага бюджэту было выкарыстана 20 мільёнаў на гэтыя мэты, заахвочваем іх, натуральна, і за кошт свайго пазабюджэту.

Яўген РАГІН:

- Цяжка не пагадзіцца: у творцы павінны быць і матэрыяльны стымул, і самапавага, якая падштурхоўвае да скарэння новых вяршынь.. Дзяржпраграму адраджэння і развіцця сяла вы таксама выканалі з апярэджаннем: восем вёсак даўно набылі статус аграгарадкоў. Што тут, Міхаіл Рыгоравіч, вылучалі на першы план?

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Прэстыжнасць вясковага жытла і якасць культурнага забеспячэння. Гарачая вада - норма для кожнага аграгарадка, як, зрэшты, і якаснае масавае мерапрыемства ў СДК, бібліятэцы, філіяле ДШМ або Школы рамёстваў.

Мікалай ТЫМАНЮК:

- Паколькі мы гаворым пра якасць мерапрыемстваў, не магу не вярнуцца да кадравай праблемы. Так, мяне не заўжды задавальняе падрыхтаванасць нашых сельскіх спецыялістаў. А нашы навучальныя ўстановы кампенсаваць хранічны недахоп прафесіяналаў пакуль не здольныя. 30 працэнтаў выпускнікоў не працуюць па выбранай спецыяльнасці. А гэта разбазарванне дзяржаўных грошай.

Міхаіл БАРЫСАЎ:

- Напрыканцы нашай гаворкі не магу не зазначыць, што мы ведаем нашы недахопы, ганарымся здабыткамі і, самае важнае, бачым, як і куды нам развівацца ў сферы культуры. І нездарма мы з Мікалаем Андрэевічам працуем у цеснай звязцы, праблемы вырашаем, як я кажу, адзіным "кулаком", бо нас аднолькава хвалюе канчатковы вынік.

 

Дэталь да агульнай карціны

Аграгарадоцкая аптымізацыя

Установы культуры ў пяці аграгарадках раёна размешчаны ў будынках колішніх дзіцячых садкоў. Гэткая змушаная, але з даволі ўнушальным канчатковым вынікам аптымізацыя.У кожным такім будынку шчыльна сканцэнтраваны дом культуры, бібліятэка, філіялы Школы мастацтваў і Школы рамёстваў, кінаўстаноўка і філарманічная пляцоўка. Не дзіва, што колькасць культурна-забаўляльных мерапрыемстваў на сяле павялічылася і дасягнула ў мінулым годзе ледзь не пяцітысячнага рубяжу.

Адна з перспектыў развіцця сельскай культуры - стварэнне бібліятэк-музеяў. Па перакананні начальніка аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкама Мікалая Тыманюка, такая структура з'явіцца своеасаблівым працягам дзейнасці раённага краязнаўчага музея, але ў лакальным, сельскім маштабе. Бібліятэкі-музеі стануць цэнтрамі этнаграфічных даследаванняў, скіраваных на захаванне культуры і гісторыі кожнага населенага пункта раёна.Першая такая ўстанова адкрылася летась у Крапівіне. Неўзабаве музейна-бібліятэчныя летапісныя цэнтры з'явяцца ў Бароньках, Шарэйках і Сялецкай.Па меркаванні начальніка адзела культуры, кожны аграгарадок раёна павінен займець не проста музейную экспазіцыю, а адметны творчы імідж, які спрыяў бы захаванню традыцыйнай народнай спадчыны. Безумоўна, клопату ў вясковых бібліятэкараў значна более, але ж пашырыцца сфера ўплыву на чытача.

 

 

Дэталь да агульнай карціны

Убачыць "Святло"

Касцюковіцкі кінавідэацэнтр называецца "Святло". Існуе ён два гады. У штаце апрача дырэктара - рэдактар, відэа- і гукаінжынер, аператар. Усе, зразумела, без спецыяльнай падрыхтоўкі.

Як распавядае начальнік аддзела культуры Мікалай Тыманюк, "Святло" аказалася выключна запатрабаваным і ў кіраўніцтва, і ў жыхароў раёна.Здымачная група кінавідэацэнтра рыхтуе фільмы, дзе адлюстраваны ход спраў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы. Гэтыя стужкі  - з сюжэтам і станоўчым, і негатыўным - пракручваюцца на кожнай райвыканкамаўскай планёрцы.Для жыхароў раёна працуе відэасалон, аказваецца шэраг платных паслуг па фота- і відэаздымках. План установа выконвае.Тэлевізійныя перспектывы "Святла" - самыя рэальныя. За кошт райбюджэту закуплены відэакамеры, камп'ютэрная тэхніка, дыктафон, фотаапарат. Не хапае мантажнай апаратуры. Камплект яе каштуе недзе 200 мільёнаў рублёў. Частку грошай на набыццё патрэбнай тэхнікі сёлета выдаткавала ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама. Мясцовае тэлебачанне, у сетцы праграм якога знойдзецца месца не толькі для здабыткаў культуры, будзе "кантактаваць" з гледачом праз кабельныя сеткі.Адзін з апошніх рэалізаваных "Святлом" праектаў - відэафільм аб развіцці мясцовай культуры за апошнія пяць гадоў. Спадзяёмся, перадачы такой тэматыкі займеюць пастаяннае месца ў праграме мясцовага тэлеканала. Зрэшты, гэта могуць быць не толькі дакументальныя стужкі, але і партрэты творчых калектываў, работнікаў культуры. Значнай можа аказацца роля "Святла" і ў фіксацыі захаваных абрадаў і традыцый Касцюковіччыны.А месціцца "Святло" ўсё на той жа знакамітай вуліцы Леніна, у былым будынку РАУС.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"